Вы тут

Што сапраўды застаецца



На хвалі часу, у плыні жыцця

Праект Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, часопіса «Маладосць»


Што сапраўды застаецца

12 лістапада ў галерэі “Лабірынт” Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі прайшоў вечар “Кругі лёсу Яна Скрыгана”, прысвечаны 115-годдзю пісьменніка, сябра літаб’яднання “Маладняк” і…

… і — галоўнае (галоўнае, што можна і трэба было зразумець, наведаўшы мерапрыемства) — цудоўнага чалавека.

Мы прывыклі глядзець на пісьменнікаў (асабліва тых, хто “застаўся”, чые юбілеі адзначаюцца не толькі сямейным колам) як на… Як на пісьменнікаў: нас цікавіць, што яны напісалі і чым заслужылі вядомасць. Пры гэтым памяць, ды і проста ўяўленне пра пісьменніка як чалавека застаецца недзе “па-за”: па-за старонкамі яго кніг, па-за тэкстамі артыкулаў па яго творчасці, па-за звесткамі энцыклапедый, па-за ўрокамі літаратуры, па-за, па-за, па-за… А трэба іначай: трэба, каб школьнік пачуў ад настаўніцы, што пісьменнік такі-та ішоў такім-та днём такой-та вулкай, сустрэў таго і таго, гаварылі пра тое і тое. Трэба, каб бацькі ці бабулі-дзядулі, мінаючы з унукамі помнік паэту, спыняліся і прачытвалі верш. Трэба, каб хадзіла ў паветры: паэт такі-та (заслужаны і народны) сам квасіў капусту (і пажадана прывесці рэцэпт), у паэткі такой-та любімымі цукеркамі былі такія-та (і шырока разрэкламаваць, і ў крамах на цэнніках указаць — хай паэты купляюць), празаічка такая-та, дарма што феміністкай слыла і дэмакраткай была, вязала кручком сурвэткі і засушвала кветкі. Калі ўжо мы будзем так дбаць пра свае агульнанацыянальныя здабыткі, каб замілоўвацца імі як уласнымі дзецьмі і хваліцца, як аўтамабілямі ды смартфонамі? Калі будзем, тады ўсё будзе інакш…

Ага, дык жа вечар 12 лістапада. Хто быў. Адкрыў мерапрыемства Алесь Суша, нагадаўшы прысутным пра наш агульны праект да 100-годдзя “Маладняка” і павітаўшы ганаровую госцю — дачку Яна Скрыгана Галіну Іванаўну Скрыган. Таццяна Лаўрык, аўтар ідэі праекта “На хвалі часу, у плыні жыцця” і адна з самых непасрэдных яго рэалізатараў, прэзентавала віртуальны раздзел праекта, напоўнены “алічбаванымі” матэрыяламі: кнігамі, фотаздымкамі, выявамі асабістых рэчаў, рукапісамі і іншымі прадметамі, праз якія, зноў жа, хоць і “віртуальна”, можна бачыць чалавека і знаёміцца з ім як жывым. Варта падкрэсліць яшчэ раз тое, што кожны раз пры чарговай прэзентацыі чарговага віртуальнага раздзела, прысвечанага чарговаму юбіляру “Маладняка”, падкрэсліваецца: любы наведвальнік сайта Нацыяналкі можа карыстацца, і абсалютна бясплатна, усімі матэрыяламі такіх баз, паўнатэкставымі і паўнавартаснымі, у любы час і, што вельмі каштоўна, з любога камп’ютара, то бок, нават не выходзячы з дому. Фонды пісьменніка, яго асабісты архіў, увесь яго набытак, напісанае ім і пра яго — з дастаўкай у любую кропку краіны, так бы мовіць. Трэба вітаць такі падыход, цаніць намаганні і важнасць, а галоўнае — карыснасць праробленай працы. Гэта і ёсць, сярод іншага, тое, што перакрочвае мяжу, узведзеную шматлікімі “па-за”, згаданымі і незгаданымі.

Цэнтрам увагі вечара стала, канечне, Галіна Скрыган. Бываюць розныя дзеці пісьменнікаў, іх унукі і іншыя сваякі, і па-рознаму яны паводзяць сябе ў дачыненні да юбілеяў вядомых продкаў. Нехта толькі наведвае мерапрыемствы і дзякуе за памяць, нехта іх увогуле ігнаруе, на запрашэнні не рэагуе, нехта становіцца адным з арганізатараў ці, прынамсі, цэнтральным звяном самой юбілейнай праграмы, а то і ўвогуле арганізатарам. Галіна Іванаўна Скрыган прадстаўляе тых, хто і цэнтр увагі, і арганізатар. Вядома, што 28 лістапада ў бібліятэцы № 3 імя Уладзіміра Маякоўскага адбудзецца вечарына, арганізаваная непасрэдна ёю. Ну, а 12 лістапада ў Нацыянальнай бібліятэцы Галіна Іванаўна прадстаўляла кнігі, якія яна падрыхтавала і якія выходзілі ў розныя юбілейныя для яе бацькі гады. У тым ліку і фотаальбом — сапраўдны дамашні фотаальбом, толькі ў выглядзе кнігі. Гэты фаліянт Галіна Іванаўна падарыла бібліятэцы.

Услед за Галінай Скрыган выступіў Ян Скрыган. Так, так, малодшы Ян Скрыган, вядомы ў розных краінах як гітарыст. Ён выступіў з відэазваротам і сыграў на гітары мелодыю лістапада. Прыгожа, вельмі прыгожа яна гучала…

Цікавую гісторыю знаёмства з сям’ёй Яна Скрыгана ў сваёй настаўніцкай маладосці на Случчыне расказаў Кастусь Аляксеевіч Цвірка. Кастуся Цвірку ўвогуле трэба слухаць і слухаць, прыходзячы на такія вось вечарыны нават толькі дзеля яго аднаго…

Жыццё любога чалавека, пісьменнік ён ці касманаўт, складаецца з імгненняў. З мірыядаў імгненняў. Нечым жа яны поўняцца… Вельмі важна пра іх гаварыць.

Святлана ВОЦІНАВА, “М”

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як кадравыя агенцтвы падманваюць даверлівых грамадзян

Як кадравыя агенцтвы падманваюць даверлівых грамадзян

Калі ў кадравым агенцтве вам прапануюць заплаціць грошы і гарантуюць стапрацэнтнае працаўладкаванне, смела разварочвайцеся і сыходзьце: перад вамі, напэўна, ашуканцы.

Грамадства

Прыродныя антыбіётыкі: Лекі, якія дапамагаюць перамагчы інфекцыю і ўмацоўваюць ахоўныя ўласцівасці арганізма

Прыродныя антыбіётыкі: Лекі, якія дапамагаюць перамагчы інфекцыю і ўмацоўваюць ахоўныя ўласцівасці арганізма

У адрозненне ад «хімічных антыбіётыкаў», прыродныя лекі не толькі дапамагаюць перамагчы інфекцыю, але і ўмацоўваюць ахоўныя ўласцівасці арганізма.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

СКАРПІЁН. На гэтым тыдні традыцыйны падыход да вырашэння праблем не заўсёды будзе ўдалы.

Грамадства

Як дзейнічалі партызаны ва Усакінскім лесе на Клічаўшчыне

Як дзейнічалі партызаны ва Усакінскім лесе на Клічаўшчыне

Піша сын аднаго з партызан Генадзь Сахрай.