Вы тут

Чаму 14 лістапада варта лічыць днём яднання?


З прапанаваных для абмеркавання дат, адна з якіх можа стаць Днём народнага адзінства — 14 лістапада. Што адбывалася ў гэты дзень у 1939 годзе, чаму яго сапраўды варта лічыць днём яднання — у нашай публікацыі.

Прызнайцеся, калі сёння хтосьці ў вас спытае, якая значная для Беларусі падзея адбылася роўна 81 год таму, наўрад ці ўдасца штосьці хутка ўспомніць. А між тым гэту дату варта ведаць. 14 лістапада 1939 года Вярхоўны Савет БССР на пазачарговай сесіі прыняў Закон «Аб прыняцці Заходняй Беларусі ў склад БССР». Такім чынам аб'яднанне Беларусі было аформлена юрыдычна. Мы пра гэта зусім мала ведаем, праўда? Як і пра тое, што папярэднічала прыняццю гэтага дакумента, якія палітычныя, сацыяльныя працэсы адбываліся на заходнебеларускіх землях, дзе людзі перасталі быць насельніцтвам «крэсаў усходніх» і атрымалі права звацца беларусамі. Цікава? Мы сёння крыху раскажам вам пра гэта разам з Валянцінам МАЗЕЦАМ, кандыдатам гістарычных навук, супрацоўнікам аддзела навейшай гісторыі Беларусі Інстытута гісторыі НАН.


— Валянцін Генрыхавіч, калі дата 17 верасня 1939 года больш-менш вядомая беларусам, дык 14 лістапада 1939-га згадаюць зусім нямногія. Я ўжо не кажу аб прамежку часу паміж гэтымі датамі — ён увогуле для сучаснікаў застаецца белай плямай. А між тым у гэтыя два месяцы адбываліся вельмі значныя для беларускай дзяржавы падзеі...

— 17 верасня 1939 года Чырвоная Армія толькі распачала свой паход з мэтай, як гаварылася ў адпаведным загадзе, «узяць пад ахову ад ворага» землі Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны. Праўда, хто быў вораг, у загадзе не ўдакладнялася. Ужо 19 верасня 1939 года камандуючы войскамі Беларускага фронту Міхаіл Кавалёў апублікаваў загад, у адпаведнасці з якім на вызваленых тэрыторыях мясцовае насельніцтва заклікалася да ўдзелу ў фарміраванні новых органаў улады. У мястэчках і гарадах ствараліся Часовыя ўпраўленні, у вёсках — сялянскія камітэты, якія павінны былі дзейнічаць да канчатковага ўсталявання на гэтых тэрыторыях савецкай улады. Неабходна адзначыць, што ўстанаўленне новай улады, уз'яднанне Заходняй Беларусі з БССР не было нейкай аднамомантнай падзеяй, гэта быў працэс, які заняў амаль два месяцы.

— Два месяцы — тэрмін для гэтага зусім не вялікі. Гэтага часу хапіла?

— Так, бо значная частка насельніцтва Заходняй Беларусі сапраўды цярпела з боку польскага кіраўніцтва і нацыянальна-культурны, і эканамічны прыгнёт цягам васямнаццаці гадоў. І людзі былі пазітыўна настроены на прапанаваныя новай уладай змены, на тое, каб беларускі народ быў з'яднаны ў межах адной дзяржавы. І гэта адыграла ключавую ролю ў вырашэнні ў тым ліку і арганізацыйных пытанняў. Разам са стварэннем органаў часовай улады ствараліся і ўзброеныя атрады Рабочай гвардыі. Менавіта яны дапамагалі часцям Чырвонай Арміі ажыццяўляць ахову прадпрыемстваў, чыгуначных вузлоў, мастоў, лавіць у лясах дыверсантаў. Атрады Рабочай гвардыі арганізоўваліся на сходах буйных прадпрыемстваў і местачковых рабочых. Кандыдатура кожнага, хто ўступаў у яе шэрагі, абмяркоўвалася, а кіраўнікамі гэтых атрадаў былі члены Кампартыі Заходняй Беларусі, прафсаюзныя і камсамольскія актывісты. Рабочая гвардыя карысталася ў мясцовага насельніцтва немалой падтрымкай. Ужо за першы тыдзень з пачатку яе фарміравання ў Беластоку ў яе атрады ўступіла 397 чалавек, у Кобрыне — 120. На 1 кастрычніка 1939 года ў Пінску ў складзе Рабочай гвардыі было каля 400 байцоў. Народ імкнуўся да самаарганізацыі, да вырашэння свайго лёсу.

— А з чаго пачынаўся працэс юрыдычнага афармлення ўз'яднання беларускіх зямель?

— 1 кастрычніка 1939 года была прынята Пастанова Бюро ЦК Усесаюзнай камуністычнай партыі бальшавікоў «Пытанні і Заходняй Украіны і Заходняй Беларусі». Яна налічвала 33 пункты, і першы з іх абавязваў правесці Народны сход у Беластоку з выбраных дэлегатаў з усёй тэрыторыі былых Беластоцкага, Віленскага, Навагрудскага і Палескага ваяводстваў і аналагічны Народны сход у Львове з прадстаўнікоў вызваленых украінскіх тэрыторый. Працэс далучэння пачынаўся менавіта з выказвання волі мясцовага насельніцтва. А 2 кастрычніка тым жа бюро былі зацверджаны старшыні Часовых упраўленняў. Беластоцкага — ураджэнец Гомеля Уладзімір Гайсін, Віленскага — Якаў Жылянін, Палескага — Пётр Калінін, Навагрудскага — Пётр Бандарэнка...

— Прозвішчы непадобныя на беларускія. «Спецыялісты з Масквы»?

— Не, гэта былі людзі, якіх накіравалі з БССР. Так, старшыня Беластоцкага часовага ўпраўлення Уладзімір Гайсін быў ураджэнцам Гомеля, Пётр Калінін нарадзіўся на хутары Альховікі на Віцебшчыне, а Якаў Жылянін — у вёсцы Гайна на Лагойшчыне. Увогуле было прынята рашэнне накіраваць у Заходнюю Беларусь 700 камуністаў і камсамольцаў.

— А дзе ж былі заходнебеларускія камуністы, той жа Сяргей Прытыцкі?

— Яны ўваходзілі ў склад Часовых упраўленняў на месцах, вялі рэй на Народным сходзе. Працэдура падрыхтоўкі і правядзення выбараў дэлегатаў на Народны сход заняла амаль тры тыдні, і 22 кастрычніка яны адбыліся. Першапачаткова планавалі правесці сход 26-га, але ён быў перанесены і пачаў работу толькі 28 кастрычніка. На парадку дня на сходзе былі чатыры важныя пытанні, па кожным з якіх па выніку сходу былі прынятыя асобныя дэкларацыі: «Аб дзяржаўнай уладзе», «Аб уваходжанні Заходняй Беларусі ў склад БССР», «Аб канфіскацыі памешчыцкіх зямель», «Аб нацыяналізацыі банкаў і буйной прамысловасці». Па выніках сходу на тэрыторыі Заходняй Беларусі была абвешчана савецкая ўлада — атрымліваецца, больш чым праз месяц пасля 17 верасня.

Назаўтра пасля пазачарговай сесіі ўвесь нумар «Звязды» быў прысвечаны гэтай падзеі. Па кліку на фота адкрыецца PDF-версія нумара.

— Сярод дэлегатаў Народнага сходу былі, напэўна, больш актывісты-камуністы?

— Канешне, былі і актывісты. Піліп Пестрак, Сяргей Прытыцкі, Уладзімір Царук. У якасці ганаровых гасцей запрасілі Янку Купалу і Якуба Коласа. Але ўсё ж удзельнічалі людзі з месцаў, сапраўды з народа. Мяркуйце самі. Сярод прысутных былі 563 прадстаўнікі сялянства, 197 рабочых, 112 прадстаўнікоў інтэлігенцыі, 29 служачых, 25 саматужнікаў. Па нацыянальным складзе (дарэчы, паводле аналізу даследчыкаў, яго суадносіны на сходзе адпавядаюць рэальнай тагачаснай сітуацыі) — 621 беларус, 128 палякаў, 72 яўрэі, 52 украінцы, 43 рускія і 10 прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцяў. Сяргей Восіпавіч Прытыцкі зрабіў ключавы даклад, паводле якога была прынятая дэкларацыя «Аб дзяржаўнай уладзе». А вось адкрываў сход самы старэйшы дэлегат — 68-гадовы селянін з вёскі Маісеевічы Ваўкавыскага павета Сцяпан Францавіч Струг. Вельмі прачула прагучалі падчас адкрыцця сходу ягоныя словы: «Я сам селянін-бядняк. Пры польскай уладзе я не меў ніякіх правоў, а цяпер дэпутат свайго народа і адкрываю наш сход»...

— Атрымліваецца, ключавыя юрыдычныя рашэнні аб уз'яднанні Заходняй Беларусі з БССР былі прынятыя на гэтым сходзе?

— Можна сказаць, што на сходзе быў пакладзены пачатак юрыдычнай працэдуры ўз'яднання. Народны сход прыняў рашэнне звярнуцца да Вярхоўнага Савета СССР з просьбай прыняць Заходнюю Беларусь у склад спачатку СССР, а пасля БССР — такая была працэдура — «тым самым з'яднаць беларускі народ у адзіную дзяржаву і пакласці канец раз'яднанню беларускага народа». Паўнамоцная камісія Народнага сходу, створаная паводле дэкларацыі «Аб уваходжанні Заходняй Беларусі ў склад БССР», 30 кастрычніка прыняла рашэнне накіраваць сваіх прадстаўнікоў у Маскву — завезці гэту дакументальна аформленую просьбу. Дэлегацыя была немалая — 66 чалавек...

— Але яшчэ да рашэння ў Маскве і Мінску было зразумела, што ўлада на вызваленых тэрыторыях будзе савецкая і ніякая іншая...

— У першай прынятай па выніках Народнага сходу дэкларацыі — «Аб дзяржаўнай уладзе» — гаварылася: «Беларускі народны сход, які выказвае непахісную волю і жаданне народаў Заходняй Беларусі (заўважце, менавіта «народаў» — гэткае сцверджанне поліэтнічнасці гэтай зямлі) абвяшчае на ўсёй тэрыторыі Заходняй Беларусі ўстанаўленне савецкай улады».

Дарэчы, пра поліэтнічнасць. Неабходна адзначыць, што навучанне ў школах пасля ўз'яднання праводзілася не толькі на беларускай мове, але і на рускай, польскай, яўрэйскай і літоўскай, выходзілі газеты на польскай мове.

А каб зразумець значнасць сходу, варта працытаваць толькі адну фразу з дэкларацыі аб далучэнні — «Воля народа ёсць найвышэйшы закон»...

— Смелыя словы для 1939-га...

— Яшчэ адна цікавая дэталь з Народнага сходу — на ім было прынята рашэнне абвясціць 17 верасня днём вызвалення працоўных Заходняй Беларусі ад прыгнёту буржуазіі і памешчыкаў. Па прапанове Уладзіміра Царука прынялі рашэнне аб устанаўленні ў Беластоку помніка загінуўшым змагарам за вызваленне беларускага народа. Але да вайны гэта зрабіць не паспелі, а пасля вайны Беласток аддалі Польшчы.

— Вяртаючыся да працэдуры аб'яднання. 14 лістапада 1939 года яна, атрымліваецца, завяршылася?

— Хутчэй завяршылася яе юрыдычнае афармленне. 2 лістапада было прынята адпаведнае рашэнне Вярхоўнага Савета СССР, а 14 лістапада трэцяя пазачарговая сесія Вярхоўнага Савета БССР прымае Закон «Аб прыняцці Заходняй Беларусі ў склад БССР». У законе віталася рашэнне, прынятае ў Маскве, аб уключэнні Заходняй Беларусі ў склад СССР, а таксама гаварылася: «Прыняць Заходнюю Беларусь у склад БССР і ўз'яднаць тым самым вялікі беларускі народ у адзінай беларускай дзяржаве». Менавіта тады гэта прагучала ўпершыню — «вялікі беларускі народ»... Дарэчы, у выніку ўз'яднання Заходняй Беларусі з БССР колькасць насельніцтва рэспублікі павялічылася з 5,6 млн да 10,3 млн чалавек.

Але на гэтым працэс уз'яднання Заходняй Беларусі з БССР нельга лічыць завершаным, бо не былі канчаткова сфарміраваны органы вышэйшай улады. У тым жа Законе ад 14 лістапада 1939 года даручалася прэзідыуму Вярхоўнага Савета прызначыць на далучаных тэрыторыях дзень выбараў дэпутатаў ад Заходняй Беларусі. У выніку Вярхоўны Савет БССР з прадстаўнікамі ўсёй аб'яднанай рэспублікі быў сфарміраваны толькі ў 1940 годзе...

Абумоўлена гэта было ў значнай ступені працэсам уніфікацыі адміністрацыйна-тэрытарыяльнага ўладкавання. Так, 15 студзеня 1938 года ў БССР было створана пяць абласцей — Мінская, Віцебская, Гомельская, Магілёўская і Палеская. Новае адміністрацыйна-тэрытарыяльнае ўладкаванне ўз'яднанай з БССР тэрыторыі Заходняй Беларусі было прадугледжана тым жа Законам ад 14 лістапада 1939 года. Ужо ў снежні былі створаны Баранавіцкая, Беластоцкая, Брэсцкая, Вілейская і Пінская вобласці. Першыя выбары ў мясцовыя Саветы, якія праходзілі ў пяці абласцях усходняй Беларусі у тым жа снежні 1939-га, у заходніх абласцях у 1939 годзе не адбыліся. Іх правялі асобна толькі праз год, калі тут адбыліся чарговыя змены ў адміністрацыйна-тэрытарыяльным уладкаванні — замест існаваўшых паветаў былі створаны раёны.

У нумары «Звязды» за 16 лістапада 1939 года, які захаваўся ў Нацыянальнай бібліятэцы, Закон «Аб прыняцці Заходняй Беларусі ў састаў БССР» быў апублікаваны на самым бачным месцы — на першай старонцы побач з «шапкай». Па кліку на фота адкрыецца PDF-версія нумара.

— Раёны пакінулі ў межах паветаў?

— 15 студзеня 1940 года Прэзідыум Вярхоўнага Савета БССР выдаў указ аб стварэнні раёнаў у названых абласцях. Фактычна яны замянілі паветы, але раёнаў стала больш (усяго 109) і яны былі меншыя за паветы па плошчы займаемай тэрыторыі.

— Калі ж працэс фарміравання органаў Савецкай улады ў Заходняй Беларусі завяршыўся?

— Можна сказаць, што дзесьці ў сярэдзіне 1940 года. 24 сакавіка гэтага года ў заходніх абласцях прайшлі выбары ў Вярхоўныя Саветы СССР і БССР.

— Нейкі час дату 14 лістапада ў Беларусі адзначалі як свята. Пасля, каб не хваляваць партнёраў па сацыялістычным лагеры з ПНР, гэту дату далікатна забыліся. У сучасных палітычных варунках ужо не першы год вядзецца размова аб тым, каб дзень яднання беларускага народа зрабіць святам на ўзроўні дзяржаўнага. На ваш погляд, дата 14 лістапада для гэтага падыходзіць? Ці ўсё-ткі лепш 17 верасня, якое больш на слыху?

— Пытанне ўвогуле вельмі неадназначнае, на мой погляд. Растлумачу, чаму. Паводле дагавора паміж урадамі СССР і Літоўскай Рэспублікі ад 10 кастрычніка 1939 года. Вільня і Віленская вобласць агульнай плошчай 6900 км2, дзе большасць насельніцтва складалі беларусы, былі перададзены Літве. Такім чынам, фактычна адбыліся дзеянні, якія прывялі да чарговага раз'яднання беларускага народа. 27 ліпеня 1944 года ў Маскве Молатаў і старшыня Польскага камітэта нацыянальнага вызвалення Асубка-Мараўскі падпісалі пагадненне аб савецка-польскай мяжы, у адпаведнасці з якім Польшчы быў аддадзены Беласток — той самы Беласток, дзе Народны сход прымаў рашэнне аб аб'яднанні народаў Заходняй Беларусі з БССР, дзе збіраліся паставіць помнік тым, хто аддаў жыццё за вызваленне. Зыходзячы з гэтых фактаў, весці гутарку пра тое, каб адзначаць дзень яднання беларускага народа 17 верасня або 14 лістапада, на нашу думку, не зусім правільна. Увогуле для нас — беларусаў — яднанне, захаванне адзінства — гэта не нейкая падзея ў гісторыі, не дата — гэта пастаянны працэс — працэс нацыянальнай кансалідацыі. Бо на працягу некалькіх стагоддзяў ворагамі нашага народа рабіліся спробы працэс нацыянальнай кансалідацыі перапыніць, а нашу родную старонку — захапіць і падзяліць. І толькі нам самім, і нікому іншаму, патрэбна наша адзінства. Як пісаў Купала: «Самы найлепшы прыяцель, самы найлепшы збаўца наш ад нашага ліхалецця — гэта мы самі». Больш як сто гадоў назад гэтыя словы напісаныя, а і сёння актуальныя.

Гутарыла Алена ЛЯЎКОВІЧ

Фота Яна Хведчына

PDF-версіі архіўных нумароў «Звязды» прадастаўленыя Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі

Загаловак у газеце: «Вялікі беларускі народ у адзінай беларускай дзяржаве»

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.