Вы тут

Грамадская прыёмная пры Гомельскім аблвыканкаме пачала прымаць прапановы


Грамадская прыёмная пры Гомельскім аблвыканкаме пачала прымаць прапановы жыхароў рэгіёна па ўдасканаленні нацыянальнага заканадаўства. Першы прыём правяла Галіна Цярэшчанка.


Фота: gp.by

Да старшыні Гомельскай абласной арганізацыі РГА «Белая Русь», дырэктара Гомельскага філіяла РУП «Белпошта» грамадзяне звярталіся па тэлефоне. Такое рашэнне абумоўлена неспрыяльнай эпідэміялагічнай абстаноўкай. Тэму распаўсюджвання каранавіруснай інфекцыі адразу ўзняў і пенсіянер, які звярнуўся ў грамадскую прыёмную. Віктар Леанідавіч Котаў звярнуў увагу на не заўсёды добрасумленнае стаўленне грамадзян да ўласнай бяспекі:

— Літаральна на днях у Гомельскай вобласці ўвялі абавязковы масачны рэжым. Але выйдзіце ў горад, зайдзіце ў транспарт, у крамы і паглядзіце: маскі носяць у лепшым выпадку 3-4 чалавекі з дзесяці. Астатніх зусім не хвалюе тое, што яны падвяргаюць небяспецы іншых людзей, асабліва пажылых. Я, напрыклад, надзяваю маску як толькі выходжу з дому. Але мяне гэта не ўратуе да таго часу, пакуль дакладна гэтак жа не будуць рабіць астатнія. Лічу, што трэба ўводзіць штрафы за невыкананне масачнага рэжыму пры пэўных абставінах. Толькі тады ён пачне працаваць. І гэта павінна быць прапісана ў законе.

Другі жыхар Гомельшчыны — Дзмітрый Кунін — палічыў важным узняць тэму пэўных аспектаў прадпрымальніцкай дзейнасці. Мужчына лічыць занадта складаным механізм працэдуры банкруцтва, які дзейнічае цяпер. Шляхі яго ўдасканалення маглі б стаць прадметам дыялогу паміж зацікаўленымі ведамствамі — прадстаўнікамі эканамічнага суда, падатковай інспекцыі, органаў улады, банкаўскай сферы і іншымі.

Старшыня Гомельскай абласной арганізацыі РГА «Белая Русь» адзначыла актуальнасць падобных ініцыятыў:

— Абяцаю далучыцца да закранутай вамі праблемы і як мінімум арганізаваць на працягу месяца правядзенне «круглага стала». Магчыма, на базе Гомельскай абласной арганізацыі РГА «Белая Русь». Трэба вырашыць толькі тэхнічныя пытанні, звязаныя зноў жа са складаным эпідэміялагічным становішчам.

Гамяльчанін Юрый Мікалаевіч звярнуўся ў грамадскую прыёмную, каб узняць шэраг экалагічных пытанняў:

— Мне бачыцца так, што ў новай Канстытуцыі і іншых нарматыўных актах трэба выразней і шырэй пазначыць правы і абавязкі ў плане аховы навакольнага асяроддзя. Павінен быць механізм, які абавяжа прамысловых гігантаў займацца прадухіленнем экалагічных праблем. Асабліва гэта датычыцца шкодных выкідаў у атмасферу, праз якія пакутуюць жыхары навакольных населеных пунктаў. Такія сітуацыі выклікаюць канфлікты і незадаволенасць работай мясцовых улад. Пры гэтым тут жа з'яўляюцца «трэція сілы», якія выкарыстоўваюць сітуацыю ў сваіх інтарэсах і надаюць ім палітычную афарбоўку. У эпоху інтэрнэту зрабіць гэта нескладана.

Гэтыя прапановы будуць абмеркаваныя ў хуткім часе. Між тым чарговыя звароты чакаюць у грамадскай прыёмнай пры Гомельскім абласным выканаўчым камітэце ў аўторак і чацвер з 16.00 да 18.00 гадзін. Прыём прапаноў у такім фармаце працягнецца да 21 студзеня 2021 года.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Загаловак у газеце: Адкрыты для канструктыўных думак

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?