Вы тут

Слушныя прапановы ўносяць жыхары Міншчыны ў грамадскія прыёмныя


У Мінскай вобласці аднавілі работу грамадскія прыёмныя, якія займаюцца зборам прапаноў ад грамадзян па паляпшэнні заканадаўчай базы, развіцці розных сфер грамадства і якасці жыцця людзей.


Барысаў і Бярэзіна. Фота: ex-press.by

У Барысаўскім раёне грамадская прыёмная размясцілася ў цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Каладзеева. Гэта дастаткова папулярная ўстанова, пра якую добра ведаюць жыхары горада і раёна. Таму ранейшае месца дыслакацыі грамадскай прыёмнай не сталі мяняць.

Яе 11 лістапада правялі член Савета Рэспублікі ад Мінскай вобласці, старшыня Барысаўскага раённага аб'яднання арганізацый прафсаюзаў Алена Зяблікава, першы сакратар Барысаўскага раённага камітэта «БРСМ» Уладзіслава Крагілева, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Барысаўскага райвыканкама Яўген Яначкін.

У грамадскую прыёмную звярнулася некалькі чалавек.

Ала Іванаўна выказала свае прапановы па ўдасканаленні Зямельнага кодэкса. А менавіта, на яе думку, неабходна перагледзець сумы ўзносаў для членаў садовых таварыстваў.

Жанчына валодае зямельным участкам у адным з іх. У кожнага члена таварыства, расказала яна, розныя па плошчы ўчасткі. Акрамя таго, на дачы яны жывуць розны перыяд часу. Хтосьці — тыдзень-два, а нехта і некалькі месяцаў. Разам з тым членскія ўзносы ўсе плацяць у аднолькавым памеры.

Індывідуальны прадпрымальнік Наталля пацікавілася пытаннем, як можна стварыць пярвічную прафсаюзную арганізацыю ў будаўнічай фірме мужа. Яе папрасіў даведацца аб гэтым сужэнец, паколькі сам не змог прыйсці з прычыны занятасці. Дарэчы, у кампаніі бізнес-лэдзі «пярвічка» працуе ўжо год. Яна падкрэсліла, што прафсаюзная ячэйка для занятых тут людзей — рэальная маральная і матэрыяльная падтрымка шляхам забеспячэння сацыяльных ільгот і гарантый, абароны іх інтарэсаў. У прыватнасці, яе работнікі і іх дзеці маюць права паправіць здароўе і адпачыць у санаторыях з 25 %-най зніжкай.

Фірма Наталлі ўваходзіць у прафсаюз фінансавых і банкаўскіх работнікаў, таму і муж хоча, каб там была і яго кампанія. Алена Зяблікава запэўніла, што запросіць на сустрэчу з калектывам спецыялістаў гэтага прафсаюза, якія дадуць больш падрабязную інфармацыю аб умовах уступлення, ільготах і гарантыях.

— Прафсаюзная арганізацыя можа стварацца ў колькасці ад трох чалавек. Што датычыцца суб'ектаў гаспадарання прыватнага бізнесу, то раней яны ўваходзілі ў аб'яднанне «Садружнасць». Цяпер — гэта аб'яднаная прафсаюзная арганізацыя, якая ўваходзіць у прафсаюз гандлю. Калі раней мы працавалі па галіновай прыналежнасці, то цяпер чалавек можа ўвайсці ў любое аб'яднанне, тое, якое яму бліжэй,— дадала Алена Алегаўна.

Дарэчы, у Барысаўскім раёне больш як 53 тысячы членаў прафсаюза. У асноўным — на дзяржаўных прадпрыемствах. Прыватных — не так шмат. «Пярвічкі» ствараюцца штогод. Летась з'явілася 37 новых, сёлета —12. «У банку даных каля 46 арганізацый, з якімі мы вядзём размову», — падкрэсліла Алена Зяблікава.

Грамадскія прыёмныя прайшлі і ў іншых раёнах Міншчыны. У Чэрвені жыхароў выслухалі прадстаўнікі прафсаюзных арганізацый, жыллёва-камунальнай гаспадаркі і аддзела землеўпарадкавання. Адна са слушных прапаноў, якая прагучала, — павышэнне ролі мясцовага самакіравання.

У Лагойску прапановы жыхароў прымалі старшыня раённага аб'яднання прафсаюзаў Уладзімір Жданеня і загадчык юрыдычнага сектара райвыканкама Аляксандр Суцько. Адзін з гараджан прапанаваў унесці змяненні ў закон «Аб зваротах грамадзян» з тым, каб «прывязаць» звароты да месца рэгістрацыі і пастаяннага пражывання чалавека.

Усе ідэі і прапановы фіксуюцца. Яны стануць асновай для падрыхтоўкі да Усебеларускага народнага сходу.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?