Вы тут

Радыелагічны корпус анкалагічнага дыспансера ў сталіцы прымае першых пацыентаў


Тут размясціліся реанімацыйнае, два радыелагічныя аддзяленні, хірургічны аперацыйны блок, а таксама палаты. У будынку сканцэнтраваны самыя перадавыя магчымасці сучаснай медыцыны ў галіне анкалогіі. Штогод тут змогуць праводзіць да 15 тысяч аперацый. Кошт новага корпуса з абсталяваннем — каля 75 мільёнаў долараў.


Сучасны аперацыйны блок

Першую яго палову на чатырох ніжніх паверхах здалі яшчэ ў 2017-м. Цяпер жа дароблены і абсталяваны яшчэ пяць. На пятым і шостым паверхах размешчаны стацыянары радыелагічных аддзяленняў, сёмы і восьмы — хірургічнае аддзяленне. Палаты аснашчаны сучаснымі санвузламі, кандыцыянерамі, экстраннай сувяззю з медыцынскім пастом. Дзявяты паверх — аперацыйныя блокі з высокатэхналагічным абсталяваннем. Яго ўзровень дазваляе праводзіць нават найскладанейшую перасадку касцявой тканкі. Акрамя таго, прадугледжана магчымасць выхаду ў анлайн для кансультацыі. «Карцінкай» можна будзе дзяліцца з калегамі з любой краіны.

— Новы аперацыйны блок разлічаны на пяць сталоў. Такім чынам, у клініцы іх будзе 18. Яны ізаляваныя адзін ад аднаго, аснашчаныя эндаскапічным абсталяваннем. Па сутнасці, яны могуць дзейнічаць круглыя суткі, — адзначае галоўны ўрач Гарадскога клінічнага анкалагічнага дыспансера Віктар Кандратовіч.

Дарэчы, да ўводу корпуса ў клініцы выконвалася да 12 тысяч аперацый у год, цяпер гатовыя праводзіць да 15 тысяч. Яшчэ дзесяць гадоў таму такіх умяшанняў рабілі ў два разы менш. Зрэшты, хірургія яшчэ ў чаканні свайго часу. Зараз у дыспансеры завяршаюць тонкую наладку абсталявання. А вось іншае высокатэхналагічнае абсталяванне ўжо задзейнічана ў дыягностыцы і лячэнні.

Лінейныя паскаральнікі дазволяць ліквідаваць чаргу

Асаблівасць гэтага корпуса — чатыры новыя лінейныя паскаральнікі для прамянёвай тэрапіі пацыентаў. Дадзеныя мадэлі — з новай на прасторы СНД сістэмай, якая дазваляе максімальна дакладна наводзіць пучок выпраменьвання на праблемныя ўчасткі і такім чынам захоўваць здаровыя органы некранутымі. Кошт кожнага з паскаральнікаў — каля 10 мільёнаў рублёў. Дзякуючы гэтаму цалкам будзе знятая праблема з правядзеннем прамянёвай тэрапіі.

— У нас былі два лінейныя паскаральнікі, цяпер — шэсць. На тэрыторыі СНД наўрад ці знойдзецца лячэбная ўстанова, якая мела б супастаўны з нашым радыялагічны складнік, як у гэтым корпусе. Увядзенне корпуса дазволіць задаволіць патрэбу горада ў прамянёвай тэрапіі. Калі дагэтуль яшчэ існавала чарга для аказання такога віду дапамогі, з увядзеннем корпуса ў найбліжэйшыя месяцы, калі цалкам наладзім работу, мы ліквідуем чэргі, — абяцае Віктар Кандратовіч.

І для гэтага тут гатовы працаваць у некалькі змен. Больш за тое, прымаць будуць не толькі мінчан.

Асаблівы гонар — тамограф беларускай вытворчасці ад кампаніі «Адані». Спачатку на ім змогуць правяраць да 20 чалавек у дзень.

— У нашым анкадыспансеры было два камп'ютарныя тамографы, а стала пяць. Колькасць магнітна-рэзанансных тамографаў узрасла з аднаго да двух, — дзеліцца навінамі галоўны ўрач.

Палаты на 1-2 пацыентаў

З адкрыццём новага корпуса ложкавы фонд анкадыспансера павялічыўся ўсяго на 20 месцаў, аднак, як заўважыў Віктар Кандратовіч, умовы знаходжання пацыентаў істотна палепшыліся.

— Цяпер мы можам размяшчаць пацыентаў не па 4-5 чалавек у палаце, а па 1-2, — сказаў галоўны ўрач.

Віктар Кандратовіч дадаў і крыху станоўчай статыстыкі:

— У Мінску ў 2000 годзе каля 40 % анкапацыентаў паміралі цягам года і прыкладна столькі ж жылі пяць гадоў і больш. У 2019-м 56 % анкалагічных хворых жывуць больш за пяць гадоў і 18 % сышлі з жыцця на працягу года.

На ўліку ў анкадыспансеры знаходзіцца амаль 70 тысяч мінчан. Штогод тут аказваюць дапамогу больш чым 36 тысячам пацыентаў, выконваецца каля 11 тысяч аперацый. Больш за 22 тысячы чалавек праходзіць хіміятэрапію, амаль тры тысячы — розныя віды прамянёвай тэрапіі.

Алена КРАВЕЦ

Фота Яна ХВЕДЧЫНА

Загаловак у газеце: Новыя магчымасці

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».