Вы тут

Прыёмная дачка К. П. Арлоўскага распавядае пра тое, які ён быў у жыцці


Валянціна Рудакова і цяпер жыве ў Мышкавічах Кіраўскага раёна, у тым доме, дзе калісьці яна дзяліла дах разам са сваёй цёткай і яе легендарным мужам. Потым яны пабудавалі яшчэ адзін дом, больш прасторны і мураваны — па суседстве. Той самы, дзе цяпер вісіць памятная шыльда. Але там гаспадараць ужо зусім іншыя людзі. І цікавасць да былой маёмасці Арлоўскага іх нават раздражняе. Малады чалавек, які выйшаў высветліць, у чым справа, растлумачыў, што будынак купілі гадоў 18 таму і ўсё ўнутры перарабілі. А хутка паставяць яшчэ і вялікую агароджу — маюць права, прыватная ўласнасць. Цікава, а шыльда застанецца?


Жывая легенда

Дом, дзе Кiрыла Арлоўскi правёў апошнiя гады свайго жыцця.

Пра адважнага разведчыка, які потым стаў славутым на увесь Савецкі Саюз старшынёй калгаса, сказана і напісана шмат. Менавіта ён з'яўляецца прататыпам Ягора Трубнікава — галоўнага героя фільма «Старшыня», якога сыграў таленавіты акцёр Міхаіл Ульянаў. Стужка пра франтавіка-інваліда, які пасля ваеннай разрухі аднаўляе калгаснае жыццё ў савецкай вёсцы, уразіла многіх, фільм атрымаў Ленінскую прэмію. Кажуць, акцёр не адразу ўвайшоў у вобраз. Толькі калі ўбачыў у часопісе «Огонёк» фота Кірылы Арлоўскага і прачытаў пра яго, усё атрымалася. Кірыла Пракопавіч наогул натхняў сваім жыццёвым стрыжнем многіх. Той жа Юрый Нагібін, калі ствараў сцэнарый да фільма «Старшыня», таксама спісваў вобраз з Арлоўскага. Адважны разведчык стаў і героем рамана Эрнэста Хемінгуэя «Па кім звоніць звон». У 1937 годзе ён быў у нелегальнай камандзіроўцы ў Іспаніі ў якасці камандзіра дыверсантаў. Яго група выконвала самыя складаныя аперацыі, а камандзір лічыўся чалавекам выключнай адвагі. Там жа, у Іспаніі, ён тыдзень жыў у мадрыдскай гасцініцы, дзе і пазнаёміўся з Хемінгуэем. З кастрычніка 1942-га да жніўня 1943-га Кірыла Арлоўскі паспяхова кіраваў буйным партызанскім атрадам «Сокалы», які дзейнічаў на тэрыторыі Баранавіцкай вобласці. У лютым 1943-га атрад пад яго камандаваннем здзейсніў напад на канвой Генеральнага камісара Беларусі Вільгельма Кубэ. Але Кубэ сярод немцаў не аказалася. І хоць з атрада Арлоўскага ніхто не загінуў, сам ён быў цяжка паранены — у руках разарвалася звязка толу. Прыйшлося ў палявых умовах ампутаваць правую руку і чатыры пальцы на левай. Рэзалі пілой па жывым, замест анестэзіі даўшы шклянку самагону. Узрывам камандзіру моцна пашкодзіла яшчэ і слыхавы нерв. Да баявой службы Арлоўскі быў ужо непрыгодны, і ў жніўні 1943-га яго адклікалі ў Маскву.

Цётка забрала на выхаванне

Валянціна Рудакова перажыла ўсе няшчасці ваеннага ліхалецця: голад, холад, страту любімай маці. Тая памерла ў самым пачатку вайны, пакінуўшы чацвярых дзяцей на бацьку. Пасляваенны перыяд быў вельмі цяжкі. Дом у Цейкавічах, дзе да вайны жыла сям'я, згарэў. Жылі дзе прыйдзецца. Неўзабаве бацька памёр, і 16-гадовую Валянціну забрала да сябе цётка Таццяна, жонка Арлоўскага.

— Так я стала прыёмнай дачкой Кірылы Арлоўскага, — усміхаецца Валянціна Кірылаўна. — Цётка гандлявала, у Бабруйску быў кіёск ад калгаса, і ёй прыходзілася ездзіць туды. Я ж была памочніцай. Дапамагала Кірылу Пракопавічу апранацца, давала паесці. Ён вельмі рана ўставаў і адпраўляўся правяраць, як там на фермах. У абед прыходзіў, снедаў і каля гадзіны адпачываў. Потым зноў адпраўляўся па калгасных справах. Арлоўскі клапаціўся пра мяне як пра родную. І адзявалі мяне як каралеву. Сукенкі былі нават з пан-аксаміту — з Масквы. Я ў іх жыла да таго часу, пакуль замуж не выйшла. Вяселле гулялі ў гэтым жа доме. Цётка з Арлоўскім пабудавалі сабе другі дом, што па суседстве. А гэты перааформілі на мяне, я яшчэ сімвалічную плату за яго ўносіла, такі быў парадак.

Пра маскоўскую сям'ю Кірылы Пракопавіча ў Мышкавічах усе добра ведалі. Некалькі разоў у вёску прыязджалі дзве яго дачкі. І нават першая жонка Наталля.

— Цётка Таццяна сказала ёй, што, калі тая захоча пераехаць да яго, то яна сыдзе, — успамінае Валянціна Кірылаўна. — Але масквічка адказала, што тут яна жыць не стане. Больш яна ў Мышкавічы не прыязджала. Адносіны цёткі і Кірылы Пракопавіча склаліся самі сабой. Спачатку ён здымаў у яе куток, а аднойчы прыйшоў, узяў за руку і — у чым яна была — павёў у загс. Без усякіх рамантычных прызнанняў і кветак. Кірыла Пракопавіч наогул быў чалавек рашучы.

На прыём у крамлёўскую бальніцу

Арлоўскі хоць не быў сентыментальны, але Валянціна заўсёды адчувала на сабе яго клопат.

— Калгас вельмі актыўна развіваўся, — успамінае жанчына. — Па загадзе Сталіна нам прыслалі цялят аж з Кастрамы. А я працавала на ферме цялятніцай. Так перажывала за сваю работу, што ў 25 гадоў у мяне нечакана забалела сэрца. 35 маленькіх цялятак былі на маёй адказнасці. Паіла іх з соскі, потым вучыла з вядра піць. Працавала нават у выхадныя. Вось сэрца і падкачала. Было так, што сядзіш, нічога не робіш, а яно як заб'ецца, аж з грудзей выскоквае. Арлоўскі мяне і ў Бабруйск вазіў, і ў Мінск — у лячэбную камісіі. Усюды ставілі парок сэрца і нічым дапамагчы не маглі. І тады Арлоўскі павёз мяне ў Маскву ў крамлёўскую бальніцу. Там мяне цалкам абследавалі і выявілі, што ў мяне не парок, а неўроз сэрца. Выпісалі лекі і адправілі дадому. Як прапіла ўсе тыя таблеткі, пракалола ўколы і жыву па сённяшні дзень — ніякіх праблем з сэрцам. 13 лістапада 90 гадоў адзначыла!

Кiрыле Арлоўскаму пiсалi з усiх канцоў свету.

Кірыла Пракопавіч наогул вельмі ўважлівы быў. Пасля таго, як я сэрца сваё падлячыла, ездзіла з ім і з цёткай у санаторый на Каўказ. Адпачывалі 23 дні. Там табе і ванны, і мінеральная вада, і паветра крыштальнае.

Памёр Арлоўскі ў 1968 годзе ад раку страўніка. А пачалося ўсё з таго, што аднойчы, калі ён паказваў чарговаму высокаму начальству ферму, аднекуль выскачыў бык і моцна ўдарыў яго пад грудзі.

— Кірыла Пракопавіч упаў у каляіну ад трактара, яго гэта тады выратавала ад немінучай гібелі, — кажа Валянціна Кірылаўна. — Але пасля развілася цяжкая хвароба. Ён яшчэ некалькі гадоў пражыў пасля гэтага. Сканаў за сталом, не дажыўшы некалькі дзён да свайго дня нараджэння.

Арлоўскi апiсаў, як зрабiць добры калгас.

На пахаванне з Мінска прыехала шмат розных чыноў. У тым ліку і Пётр Машэраў. Ён вельмі перажываў смерць свайго сябра, да якога неаднойчы прыязджаў пры жыцці.

— Наогул Кірыла Пракопавіч быў вельмі паважаны чалавек, — кажа Валянціна Рудакова. — Мог наўпрост звярнуцца да Сталіна. Пісаў яму, прасіў грошы на будаўніцтва і ўзводзіў канюшні, фермы, дамы. Арлоўскі сваё слова стрымаў, яго калгас стаў мільянерам і грымеў на ўвесь Савецкі Саюз.

А вось на памяць аб Арлоўскім у жанчыны нічога не засталося. Калі не лічыць цётчынай іконы, што стаіць у чырвоным куце. Старшыня хоць і не быў набожны чалавек, але ікону не чапаў.

З дзяцінства марыў пра яблыневы сад

У аграгарадку Мышкавічы шмат што напамінае пра славутага ўраджэнца. Наогул і сама вёска, дзякуючы намаганням валявога старшыні, пераўтварылася ў прыгожы, я нават сказала б — гарадскога тыпу населены пункт. Уздоўж вуліцы, якая носіць яго імя, стаяць двухпавярховікі, пабудаваныя яшчэ пры яго жыцці. На жаль, дабудаваць Дом культуры, які і сёння ўражвае сваімі памерамі, у Арлоўскага не атрымалася. Хоць гэта была менавіта яго ініцыятыва. Там усё па вышэйшым разрадзе — люстэркавая зала для заняткаў гімнастыкай, спартыўная зала са шклянымі сценамі, зімовы сад. У садзе нават фінікі з бананамі пладаносяць. Праўда, плады не выспяваюць. Вось і зараз на бананавым дрэве вісіць звязка зялёных бананаў, якія, кажуць, так і засохнуць, не набраўшы сіл.

Ёсць у Доме культуры і музей, дзе можна азнаёміцца з дзейнасцю выдатнага старшыні і гісторыяй вёскі. На сцяне вісіць фота 1944 года, калі Арлоўскі толькі прыехаў у Мышкавічы. Побач — яшчэ некалькі, дзе людзі галасуюць за старшыню. Погляд падае на зусім невялічкі чамадан.

— Кажуць, што з ім ён прыехаў падымаць калгас, — усміхаецца загадчыца Дома культуры. — Але дакладна невядома, прамых пацвярджэнняў няма.

Валянцiна Рудакова за сваю працу ў калгасе «Свiтанак iмя К. П. Арлоўскага» была ўзнагароджана ордэнам «Знак Пашаны».

Тут нават можна параўнаць, што было да таго, як у вёску прыехаў Арлоўскі, і што стала пасля. Мышкавічы павялічыліся амаль удвая, захапіўшы яшчэ тэрыторыю прылеглай Папоўшчыны.

Не менш цікавы музей у мясцовай школе. Тут наогул вельмі шмат рарытэтных рэчаў, якія калісьці належалі Арлоўскаму. Мяркуючы па тым паліто, што захавалася, ён быў мужчына сярэдняй камплекцыі, а вось туфлі насіў 37-га памеру. На сцяне вісіць фота, дзе Таццяна Васілеўна налівае Кірылу Пракопавічу гарбату. На заднім плане бачны сервант, на якім стаіць падобны на царскі гадзіннік. Гэтыя гадзіннік і кубачак з фота можна памацаць рукамі, бо яны таксама захоўваюцца ў школьным музеі.

— Большасць музейных рэчаў — гэта падарункі Кірылу Пракопавічу, — кажа настаўніца гісторыі Наталля Шчэрбіч. — Вось ваза, якую яму на 70-годдзе перадаў Магілёўскі аблвыканкам. Кнігі з яго дома. Вось гэтая наогул у адзінкавым экзэмпляры — называецца «Які можа быць калгас». Ён яе сам напісаў. Кніга была выдадзеная ў 1955 годзе і больш не перавыдавалася. Яшчэ адна вельмі рэдкая кніга належыць аўтару Якаву Цветаву — ён яе цалкам прысвяціў нашаму старшыні. Вось, паглядзіце, яго дароўны подпіс. А вось гэты камбайн з тэлевізарам таксама падарунак. Зараз ад яго толькі прыёмнік працуе.

Наталля Шчэрбiч: вось той кубачак, што i на фота.

Вельмі даражаць тут альбомам, у які ўклеены лісты і паштоўкі да Кірылы Пракопавіча. А пісалі яму з усяго Савецкага Саюза. Прасілі дапамогі, парады, проста віншавалі і дзякавалі.

— Наш Кірыла Пракопавіч быў чалавекам з вялікім сэрцам, — кажа Наталля Аляксандраўна. — У сям'і ён быў 11-м дзіцем. Бацька выхоўваў у яго любоў да працы. І хлопчык з дзяцінства збіраў кішэнныя грошы, каб пасадзіць яблыневы сад каля дома. А атрымалася не толькі сад пасадзіць, а калгас саюзнага значэння зрабіць. Для нашых дзяцей вельмі вялікі гонар, што яны нарадзіліся там, дзе жыў і працаваў Кірыла Арлоўскі.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Старшыня з вялікім сэрцам

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Лепшы цюнінг для машын — правільны пратэктар шын»

«Лепшы цюнінг для машын — правільны пратэктар шын»

Менавіта пад такім слоганам будзе праводзіцца Рэспубліканская прафілактычная акцыя, якая ініцыяваная на нашых дарогах Дзяржаўтаінспекцыяй краіны. 

Грамадства

Зімовы асартымент. Колькі каштуюць «вітаміны» на «Лебядзіным»

Зімовы асартымент. Колькі каштуюць «вітаміны» на «Лебядзіным»

З якімі прыкметамі вы звязваеце набліжэнне зімы? 

Грамадства

Якiя нашы звычкi шкодзяць здароўю i знiшчаюць iмунiтэт?

Якiя нашы звычкi шкодзяць здароўю i знiшчаюць iмунiтэт?

Мы ў жыццi шмат чаго робiм, што пагаршае наша здароўе — або адразу, або ў аддаленай перспектыве.