Вы тут

Цуды на вадзе. Раскрываем сакрэты сінхроннага плавання


Сінхроннае плаванне — казачны спорт. Чаму? Як мінімум, з-за таго, што спартсменкі вырабляюць на вадзе такое, што могуць толькі казачныя русалкі. Але калі ў казцы ўсё атрымлівацца само сабой ці з дапамогай магічных сіл, тут за выступленнем стаіць вялізная праца. Галоўны трэнер нацыянальнай зборнай па сінхронным плаванні Алена Святлічная раскрыла некаторыя сакрэты казачнага спорту.


Усё пачалося са школы

Сінхроннае плаванне развіваецца ў Беларусі з 1982 года, калі ў Мінску была сфарміравана спецыялізаваная дзіцяча-юнацкая школа. Запрошаныя спартсменкі і трэнеры-энтузіясты з усіх рэспублік СССР дапамагалі выхоўваць таленавітых беларускіх дзяўчынак. А ўжо ў 1983 годзе беларускі дуэт Святланы Шаставінай і Алены Бірук заняў другое месца на Спартакіядзе народаў СССР. У 1991 годзе беларуская каманда стала сярэбраным прызёрам у самым яркім відзе алімпійскай праграмы — групавых выступленнях розыгрышу Першынства СССР. Алімпійскія гульні 2000 года ў Сіднеі сталі першымі для беларускіх сінхраністак, з таго часу нашы дуэты ўдзельнічаюць у алімпійскіх спаборніцтвах. Па словах Алены Святлічнай, гучных поспехаў беларускія сінхраністкі пакуль не дасягнулі. І на тое ёсць шэраг прычын. «У нашым спорце вельмі цяжка пасунуць лідараў, якія многа гадоў займаюць першыя пазіцыі. Гэта патрабуе мноства рэсурсаў — чалавечых, фінансавых і іншых», — расказвае Алена Святлічная.

Аднак беларускім спартсменкам гэта не перашкаджае імкнуцца наперад да сваіх мэт, няхай і павольней, чым усім хацелася б. Пакуль медалі зарабляюцца толькі на юніёрскім узроўні. Першая ўзнагарода з'явілася чатыры гады таму на неафіцыйным сусветным першынстве — чэмпіянаце міжземнаморскіх краін, куды запрашаюцца спартсменкі з усяго свету. Першапраходцам стала Васіліна Хандошка. Яна ж паказала і добры вынік на чэмпіянатах Еўропы сярод юніёраў, у 2018 і 2019 гадах падымалася на п'едэстал. У 2019 годзе ўвесь п'едэстал у праграме «Фігуры» быў за беларускамі.

У сінхронным плаванні важна ўсё: акрабатыка, харэаграфія, агульная і спецыяльная фізічная падрыхтоўка. Пачынаць займацца гэтым спортам можна толькі з сямі гадоў, а з 12 спартсменкі ўжо пачынаюць выступаць на спаборніцтвах. Таму тут рады «перабежчыкам» з іншых відаў спорту, гімнастыкі ці плавання. Такія дзеці маюць спартыўную базу, і яны хутчэй засвойваюць навыкі, неабходныя для сінхроннага плавання.

«Як паказвае вопыт, у нашых спартсменак добрая тэхніка. Нам не хапае акрабатычнай і харэаграфічнай падрыхтоўкі. Для гэтага патрэбен моцны харэограф і крэатыўны пастаноўшчык, якія дапамагалі б нам ставіць праграмы. Гэта, як правіла, творчыя занятыя людзі, і таму цяжка знайсці такога спецыяліста», — расказвае Алена Святлічная.

Палёт фантазіі

Усяго ў сінхронным плаванні шэсць дысцыплін. Алімпійскія і самыя відовішчныя — дуэт і група ў складзе васьмі чалавек. Раней да алімпійскіх дысцыплін адносілася і сольнае выступленне, але яго палічылі нецікавым для публікі і замянілі дуэтамі. Сінхраністы выступаюць і ў змешаных парах — хлопец і дзяўчына, у камбінаванай групе ў складзе дзесяці чалавек. Добра сябе зарэкамендавала новая дысцыпліна — акрабатычная група, дзе, акрамя сінхроннасці, спартсмены паказваюць разнастайныя акрабатычныя элементы.

На вадзе спартсменкі дэманструюць тэхнічную і адвольную праграмы. У тэхнічнай галоўнае выканаць пяць асноўных элементаў, выстаўленых у пэўнай паслядоўнасці. Прамежкі паміж імі запаўняюцца харэаграфічнымі і акрабатычнымі элементамі. У адвольнай праграме прадстаўлены неабмежаваны палёт фантазіі трэнераў і саміх спартсменак. Толькі ў адвольнай праграме груп абмежавана колькасць акрабатычных падтрымак — іх павінна быць не больш як шэсць. Галоўнае ў абедзвюх праграмах — паказаць гісторыю і раскрыць вобраз. Таму да плавання, акрабатыкі і харэаграфіі далучаюцца артыстычныя таленты, музычны слых і пэўны настрой.

Сінхроннае плаванне — бадай ці не самы камандны від спорту. Больш нідзе спартсмены адначасова не выконваюць абсалютна аднолькавыя дзеянні. Алена Святлічная раскрыла сакрэт такой сінхроннасці: «Дзеля 30 секундаў выступлення трэба працаваць прыкладна два тыдні. А групавое выступленне доўжыцца чатыры хвіліны. Атрымліваецца, на пастаноўку і адпрацоўку адной праграмы патрабуецца тры месяцы манатоннай, тонкай працы па сем-восем гадзін кожны дзень».

Еднасць сінхраністак пацвярджаецца яшчэ і тым, што яны зусім не эгаісткі. Падчас выступлення дзяўчаты абавязаны глядзець на партнёрак і падстройвацца пад іх. Інакш не будзе ні каманды, ні сінхроннасці. З гэтым прасцей у дуэтах, бо трэба сачыць за адной партнёркай, а не за сямю. Але і элементы ў іх больш складаныя. З часам работа спартсменак у групавых праграмах даходзіць да аўтаматызму, і рабочы працэс ідзе хутчэй.

Вялікія маленькія хітрасці

Музыка — такая ж важная частка выступлення, як акрабатыка, харэаграфія і тэхніка. І чуць яе патрэбна нават пад вадой. Для гэтага ў басейн апускаецца спецыяльны падводны дынамік. Як расказала Алена Святлічная, часта падводную музыку чуваць лепш, чым над вадой. А некалі на трэніроўках сінхраністак абавязкова прысутнічала... доўгая металічная жэрдка. Прыстасаванне выкарыстоўваецца і сёння для адпрацоўкі пэўных элементаў. І не ў выхаваўчых, а ў пастановачных мэтах. Жалезнай палкай трэнер адбівае на ім рытм песні. Саму кампазіцыю чуе толькі трэнер, а спартсменкі — толькі рытм.

Шмат увагі аддаецца вонкаваму выгляду спартсменак. Купальнік павінен адпавядаць вобразу і ні ў якім разе не быць празрыстым. Калі ў спартсменкі на бачным месцы ёсць татуіроўка, яе трэба замазаць. Нягледзячы на тое, што сінхроннае плаванне — гэта своеасаблівае шоу, макіяж павінен быць звычайны і не пераходзіць у грым. Нават касметыка выкарыстоўваецца звычайная, неводаўстойлівая. Дзяўчаты плаваюць не больш за пяць хвілін, і за гэты час яна не паспявае змывацца.

«Знешні выгляд не з'яўляецца фактарам судзейства, за яго адзнакі не выстаўляюць. Але, як вядома, уражанне таксама важнае. Ацэньваюць, наколькі высока дзяўчаты падымаюцца над вадой. Таму значэнне маюць і асаблівасці фігуры, таму мы сочым за вагой спартсменак. У дзяўчат павінны быць тонкія галёнкі. Пры адборы звяртаюць увагу на абхват шчыкалаткі, на фігуры бацькоў, каб прыкладна разумець, якой вырасце дзяўчынка», — расказала Алена Святлічная.

Галоўны лайфхак сінхроннага плавання звязаны з прычоскамі спартсменак. Пасля выступлення прычоска выглядае гэтак жа, як і перад пагружэннем у ваду. Сакрэт, як і ўсё геніяльнае, просты — звычайны харчовы жэлацін. «Сінхраністкі заўсёды рабілі прычоскі з дапамогай жэлаціну. Яго нязначна размешваюць вадою да стану смятаны і ў два-тры этапы накладваюць на валасы. Ён падсыхае і за пяць хвілін выступлення не расцякаецца. Жэлацін вымываецца толькі гарачай вадой, а сярэдняя тэмпература вады ў басейне — 27—28 градусаў. Некаторыя спецыяльна не вымываюць яго з валасоў, каб два разы не наносіць... Раней валасы заколвалі невідзімкамі, але гэта лішні метал у галаве. Дзяўчаты плаваюць у цесным кантакце, таму гэта і небяспечна. А валасы намакаюць, галава становіцца цяжкай, што вельмі нязручна. Жэлацін — самы аптымальны і танны сродак для ўкладкі валасоў, які іх яшчэ і ўмацоўвае», — падзялілася Алена Святлічная.

Сінхроннае плаванне, як і мастацкая гімнастыка, заўжды лічылася жаночым відам спорту. Паступова ім пачынаюць займацца і хлопцы. На спаборніцтвах спартыўных школ і клубаў уводзяцца мужчынскія сола, яны могуць плаваць у групе. Па словах галоўнага трэнера нацыянальнай каманды, для развіцця спорту гэта добра. Публіка любіць усё новае і цікавае.

У адрозненне ад той жа мастацкай гімнастыкі, дзе вялікае значэнне маюць узрост і фізіялагічныя асаблівасці арганізма, сінхронным плаваннем можна займацца ў любым узросце. Усё залежыць ад стану здароўя спартсменкі. Расійская сінхраністка Наталля Ішчанка стала першай у гісторыі сінхроннага плавання спартсменкай, якая выйграла «золата» Алімпійскіх гульняў пасля нараджэння дзіцяці. Унікальны выпадак для ўсіх відаў спорту. Галоўнае, каб дазваляла здароўе і чалавек атрымліваў задавальненне, упэўнена Алена Святлічная.

Праз церні да зорак

Лідары сусветнага сінхроннага плавання — расійскія спартсменкі, якія збіраюць усё «золата» свету. «У Расіі культ сінхроннага плавання па ўсёй краіне. У іх вялізная канкурэнцыя, дзякуючы якой спорт і развіваецца. А ў нас усяго чатыры школы — дзве ў Мінску і па адной у Брэсце і Гомелі. Агульная колькасць спартсменаў па краіне — 600—700 чалавек. Да вышэйшага ўзроўню даходзіць прыблізна дзесяць-пятнаццаць чалавек, таму што від спорту найскладанейшы і не ўсе вытрымліваюць. Вялікая праблема і з трэнерамі, на ўсю Беларусь іх толькі 36 чалавек. Зразумела, што для вышэйшых дасягненняў гэтага недастаткова. Калі з'яўляецца магчымасць, запрашаем замежных спецыялістаў для майстар-класаў, кансультацый. Запрашаць спартсменаў-легіянераў пакуль немэтазгодна. Мы стараемся выхоўваць сваіх беларускіх дзяўчат», — расказала Алена Святлічная.

Зараз вядучы беларускі дуэт Васіліны Хандошкі і Дар'і Кулагінай супрацоўнічае з расійскімі трэнерамі Аленай Воранавай і Таццянай Данчанкай, якія рыхтуць алімпійскіх чэмпіёнак. Гэта выдатная магчымасць набрацца вопыту і ўдасканаліць майстэрства. Дзяўчаты рыхтуюцца да кваліфікацыі на Алімпійскія гульні ў Токіа. Іх старэйшыя калегі Ірына Ліманоўская і Вераніка Есіповіч збіраліся ў Токіа ўзяць рэванш за выступленне на Алімпіядзе ў Рыа, але яны ўжо скончылі спартыўную кар'еру і цяпер працуюць трэнерамі. Дарэчы, дапамагала Ірыне і Вераніцы пяцікратная алімпійская чэмпіёнка, расіянка Настасся Давыдава.

Галоўнай мэтай для сябе і сваіх вучаніц зараз Алена Святлічная называе адбор на Алімпіяду і выхад у алімпійскі фінал. У дуэта Дар'і Кулагінай і Васіліны Хандошкі ёсць шанцы наступным летам адправіцца ў Токіа. А вось групе трэба пачакаць яшчэ адзін алімпійскі цыкл. Пакуль дзяўчаты толькі пераходзяць з юніёрскага ўзроўню на дарослы. Калі ўсё будзе добра, на Алімпіядзе ў Парыжы ў 2024 годзе можа выступіць і беларуская група сінхраністак.

У сінхронным плаванні, акрамя пераадолення самой сябе, трэба пераадолець і прадузятыя адносіны суддзяў. «У міжнародных суддзяў ёсць нейкае незразумелае меркаванне, што ніхто не можа быць мацнейшы за пастаянных лідараў. Нават было такое, што суддзі прасілі прабачэння за нізкія адзнакі са словамі, што нашы спартсменкі былі лепшыя за прызёраў. Але пусціць на п'едэстал кагосьці новага яны не могуць. Таму мы рупліва ідзём наперад, паказваем, чаго мы вартыя. Нам трэба зламаць гэтыя ўстоі, што нялёгка, але святло ў канцы тунэля ёсць», — дзеліцца Алена Святлічная.

Галоўным сакрэтам сінхроннага плавання галоўны трэнер нацыянальнай каманды называе фанатызм усіх, хто ім займаецца: «Без фанатызму немагчыма праводзіць столькі часу ў вадзе і рабіць такі аб'ём працы. Сінхроннае плаванне немагчыма загнаць у рамкі, яно бязмежнае. Гэты спорт закранае некалькі плоскасцяў, спартсменкі працуюць пад вадой, над вадой, у вадзе. Гэта дае магчымасць пастаянна прыдумваць штосьці новае і грандыёзнае. Сінхроннае плаванне — спорт новых ідэй, якія ніколі не скончацца».

Валерыя СЦЯЦКО

Фота з асабістага архіва гераіні

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Беларуская Амазонка​. Ці стане Палессе аб'ектам сусветнай спадчыны?

Беларуская Амазонка​. Ці стане Палессе аб'ектам сусветнай спадчыны?

Адзін з найбуйнейшых рэгіёнаў, які захаваўся ў некранутым стане і які за разнастайнасць азёр, рэк і балот празвалі Еўрапейскай Амазонкай (ці морам Герадота), усё яшчэ застаецца невядомым шырокаму колу турыстаў

Грамадства

Рэктар БДМУ Рубніковіч: Набор на бюджэтную форму сёлета павялічым

Рэктар БДМУ Рубніковіч: Набор на бюджэтную форму сёлета павялічым

Вялікае інтэрв'ю з рэктарам БДМУ да 100-гадовага юбілею ўніверсітэта.

Грамадства

Дружалюбнасць да сем'яў і моладзі — важны крытэрый сацыяльна арыентаванай дзяржавы. Круглы стол

Дружалюбнасць да сем'яў і моладзі — важны крытэрый сацыяльна арыентаванай дзяржавы. Круглы стол

Нацыянальным брэндам Беларусі па праве лічыцца сацыяльная падтрымка сем'яў дзяржавай, і таму напярэдадні Міжнароднага дня сям'і прадстаўнік

Калейдаскоп

Хутка выпускны! Што выбраць, каб выглядаць годна на галоўным школьным свяце?

Хутка выпускны! Што выбраць, каб выглядаць годна на галоўным школьным свяце?

Пачнём, зразумела, з дзяўчынак, бо менавіта іх мамы ўжо цяпер ламаюць галаву над выпускным уборам дачок.