Вы тут

Прэзідэнт прапанаваў парламенту ўзяць на сябе рашэнне па дарожным зборы


Напачатку нарады, прысвечанай удасканаленню збірання платы за допуск да дарожнага руху, Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў, што падобныя пытанні цяпер будуць вырашаць іншыя органы ўлады.


«Павінен вам сказаць: сёння мы не будзем разглядаць ніякіх падыходаў па ўдасканаленню гэтага парадку, як і шэраг пытанняў па вашай прапанове, якія выцякаюць з падобных тэм, — нечакана адышоў ён ад тэзісаў выступлення. — Чаму? Народ, грамадства хоча перамен і яны замкнуліся на Прэзідэнце і яго паўнамоцтвах. Як выхад з гэтага, Наталля Іванаўна і Уладзімір Паўлавіч (Качанава і Андрэйчанка — спікеры парламента. — «Зв.») — змяненні ў Канстытуцыі. Так? Мы з вамі нядаўна дамовіліся, з кіраўніцтвам парламента, што для таго, каб працэнтаў, напэўна на 70–80 перадаць паўнамоцтвы Прэзідэнта парламенту, ураду, іншым структурам, Канстытуцыю ламаць не трэба. Я ўжо гэта другі раз заяўляю. Таму ўсе пытанні, якія вы вынеслі на сотнях старонках Прэзідэнту, ляжаць у плоскасці парламенту і ўрада».

Ён прапанаваў ураду прапрацаваць гэтыя пытанні з улікам усіх абставін, «з улікам дзірак у бюджэце, калі яны ёсць, з падачай МУС, КДБ, губернатараў, мясцовых органаў улады, сельскіх саветаў» абмеркаваць у парламенце і прыняць рашэнне на ўзроўні закона.

«Я гатовы вас выслухаць. Гэта вельмі важнае пытанне, але прымаць рашэнне будзеце вы», — падкрэсліў Прэзідэнт.

Калі ўводзілі дзяржаўную пошліну, ставілася мэта прыцягнуць усіх карыстальнікаў дарог да фінансавання іх утрымання, нагадаў беларускі лідар. Ён паведаміў, што агульная працягласць дарожнай сеткі Беларусі дасягае амаль 90 тысяч кіламетраў, а шчыльнасць — самая высокая на тэрыторыі СНД і адна з самых высокіх у свеце.

«Дарэчы, за апошнія 10 гадоў на рамонт і ўтрыманне дарог мы ўбухалі больш за 10 мільярдаў рублёў, гэта толькі тое, што можна падлічыць, — праінфармаваў Прэзідэнт. — Але ў адрозненні ад суседніх краін нават найбуйнейшыя хуткасныя магістралі мы не зрабілі платнымі для беларускіх легкавушак».

Пры гэтым аўтамабілісты (у Беларусі зарэгістраваны больш за 4,5 мільёны транспартных сродкаў), па словах Аляксандра Лукашэнкі, цудоўна разумеюць: для ўтрымання добрых дарог і будаўніцтва новых патрэбны сродкі.

«Вывучэнне грамадскага меркавання таксама пацвярджае, што неабходнасць удзелу ў сумесным фінансаванні рамонту і будаўніцтва дарог спрэчак не выклікае. Іх выклікае сам механізм платы», — паведаміў ён.

Па словах кіраўніка дзяржавы, людзі лічаць, што характар збірання дарожнага збору не ўлічвае інтэнсіўнасць выкарыстання транспартнага сродку, а значыць, і частату эксплуатацыі дарог. Аднолькава плаціць і той, хто намотвае дзясяткі тысяч кіламетраў у год, і пенсіянер, які ў сезон раз на тыдзень ездзіць на дачу.

«Таму нам трэба вызначыцца па ключавым пытанні. Як абнавіць існуючы парадак, зрабіць яго справядлівым, каб прапанаваць людзям зразумелы, камфортны і, наколькі гэта магчыма, без вялікіх выдаткаў спосаб удзелу ў падтрыманні якасці і развіцця нашых дарог? — сфармуляваў задачу Прэзідэнт. — Мы можам загнуць такую цану, што людзі проста плаціць не змогуць, таму зразумела, што трэба ўсталяваць справядлівы парадак. З іншага боку, каб чалавек, які трымаецца гэтага справядлівага крытэрыю, мог нешта плаціць. Мы ж не можам у чалавека адабраць палову яго даходу або апошнія грошы — не. Хоць наўрад ці тыя, хто купляе аўтамабілі, асабліва дарагія, сёння маюць апошні кавалак хлеба на стале».

Калі пры прыняцці новага механізму частка даходаў у бюджэт выпадзе, трэба шукаць шляхі іх кампенсацыі, дадаў ён.

«Да Усебеларускага народнага сходу я абяцаю вам размеркаваць паўнамоцтвы шчыра, справядліва, без зыходу ад адказнасці, — дадаў Аляксандр Лукашэнка. — Таму што пытанняў вострых для грамадства ў нас няшмат. Мы ўжо прынялі, слухайце, усякія рашэнні. І вы цудоўна разумееце, што іх прымаў у асноўным Прэзідэнт, падстаўляючы сябе пад вострую крытыку грамадства. Але я разумеў, што без рашэння іх краіны быць не можа».

«У мэтах фарміравання стабільнай крыніцы фінансавання ў 2014 годзе была ўведзена плата за ўдзел у дарожным руху ў выглядзе дзяржаўнай пошліны — так званы дарожны збор з уладальнікаў транспартных сродкаў, — далажыў прэм’ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка. — Тым самым прыцягнулі грамадзян да фінансавання будаўніцтва дарог без залішняга інфляцыйнага ціску на эканоміку ў выглядзе павышэння падаткаў, увядзення новых — гэта значыць, гэты плацеж не меў і не мае падатковай прыроды. Для спрашчэння адміністравання дзяржпошліну прывязалі да праходжання тэхагляду аўтамабіля».

Сярэдні плацёж для фізічных асоб складае зараз 7,45 базавай велічыні або 201 рубель у год, дадаў прэм’ер. Сума плацяжу залежыць ад аўтамабіля.


Плацеж павінен быць просты, зразумелы, справядлівы і, самае галоўнае, зборны, пракаментаваў журналістам вынікі нарады прэм’ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка.

«Бо Беларусь як ніхто іншы інвеставала дастатковую колькасць сродкаў у стварэнне і мадэрнізацыю дарожнай сеткі, — сказаў ён. — Мы ўважліва прааналізавалі, як у розных краінах збіраецца гэты падатак, плацёж, пошліна. Практычна ва ўсіх краінах Еўропы і СНД у той або іншай форме такія плацяжы фарміруюцца грамадзянамі для частковага, падкрэсліваю, утрымання, мадэрнізацыі і рамонту дарожнай сеткі».

Прапановы ўрада будуць прааналізаваныя з удзелам парламентарыяў і грамадзян, каб абраць найбольш аптымальны варыянт, дадаў прэм’ер. Ён паведаміў, што работа гэта будзе праведзена дастаткова аператыўна.

Пытанне збірання дзяржаўнай пошліны на дазвол да ўдзелу ў дарожным руху не новае для парламентарыяў, заўважыў старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Уладзімір Андрэйчанка.

«У прынцыпе ставяцца два пытанні: адвязаць дзяржпошліну ад праходжання тэхнічнага агляду і ўключыць яе ў кошт маторнага паліва, — расказаў ён. — Нягледзячы на тое, што апошняе, здавалася б, мае вялікія плюсы, там будзе і шмат мінусаў».

Сярод станоўчых момантаў апошняга падыходу: прастата, справядлівасць, збіранне пошліны з замежнікаў. Сярод негатыўных Уладзімір Андрэйчанка назваў аднамомантнае рэзкае павышэнне цэн на паліва, што выклікае розніцу паміж коштам паліва ў Беларусі і Расіі і адаб’ецца на інфляцыі.

«Адназначна трэба ісці шляхам, каб адвязаць дзяржпошліну ад тэхнічнага агляду і знайсці іншы варыянт», — лічыць спікер.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».