Вы тут

Лукашэнка: Міжнародная сітуацыя застаецца няпростай і справа не толькі ў пандэміі


Пра гэта Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў падчас нарады, прысвечанай знешняй палітыцы.


«Міжнародная сітуацыя застаецца няпростай і справа не толькі ў пандэміі. Пастаянна ўзнікаюць новыя выклікі і пагрозы, звязаныя і з эканамічнай бяспекай. Мы вымушаны на іх рэагаваць», — адзначыў кіраўнік краіны.

На гэты раз на прасторы былога СССР запалала зноў у Нагорным Карабаху. На думку Аляксандра Лукашэнкі, гарачы канфлікт, які завяршыўся там паміж нашымі блізкімі партнёрамі Арменіяй і Азербайджанам, зараз будзе разгортвацца ў дыпламатычнай плоскасці.

«Вы бачыце, пасля таго, як Расія сябе актыўна там павяла (будзем казаць шчыра, Турцыя таксама не была ўбаку, проста ў асобных СМІ гэта не вельмі падаецца), на Захадзе занепакоіліся сустаршыні так званай Мінскай групы (група краін АБСЕ па пошуку шляхоў мірнага ўрэгулявання карабахскага канфлікту — «Зв.»). Акрамя Расіі, там Францыя і ЗША. Яны забегалі: «І мы гатовыя разглядаць, што будзе потым і чаму там адны міратворцы Расіі, а няма нас?», — сказаў Прэзідэнт.

Па яго словах, там да сапраўднага міру, спакою, засваення земляў, з якіх калісьці сышлі, адчування бяспекі меншасцяў яшчэ далёка.

Як дадаў Прэзідэнт, да гэтага часу не спыніліся войны на Блізкім Усходзе і ў Паўночнай Афрыцы (Егіпет, Лівія, Алжыр), дзе ў Беларусі таксама ёсць эканамічныя інтарэсы.

Выклікаюць занепакоенасць, на думку Аляксандра Лукашэнкі, пратэстныя настроі ў нашым еўрапейскім доме, якія ўзмацняюцца на фоне абмежавальных мер у барацьбе з каранавірусам і тэрарыстычнымі нападамі ісламістаў.

«Хаця вы ведаеце, Францыя, Германія, іншыя краіны, вы ж паклікалі гэтых ісламістаў да сябе. Вы ж адкрылі межы і іх паклікалі: «Прыходзьце». Зразумела, працоўнай сілы не хапала. І чаму вы цяпер крычыце гвалтам? Вы іх паклікалі, ведалі іх культуру, адзінства, веру. Дык вы паважайце іх, калі пазвалі. Таму справа не ў ісламістах, а ў тых кіраўніках, якія ўзначальваюць цывілізаваныя дзяржавы ў Еўропе», — дадаў Прэзідэнт.

Ён таксама падкрэсліў, што прэзідэнцкія выбары, якія прайшлі ў ЗША, пакуль не вызначылі будучую палітыку Вашынгтона.

«І наша краіна практычна стала аб'ектам непрыхаванай агрэсіі, пакуль не гарачай вайны»

Аднак самае важнае, па словах Прэзідэнта, цяпер гэта абстаноўка вакол Беларусі — пасля заканчэння выбарчай кампаніі наша краіна ператварылася ў арэну супрацьстаяння чужых інтарэсаў.

«Тут перасякаюцца чужыя інтарэсы. Я пра гэта папярэджваў актыў, па ўсёй краіне выступаючы. Папярэджваў, што мы можам ператварыцца ў тэатр ваенных дзеянняў. Пачнецца вайна, не наша вайна і ў гэтай вайне нашых інтарэсаў не будзе. Пакуль ідзе супрацьстаянне. І наша краіна практычна стала аб'ектам непрыхаванай агрэсіі, пакуль не гарачай вайны», — выказаўся кіраўнік краіны.

Але і ў гэтых умовах Беларусь, як і раней, нацэлена на ўмацаванне ўзаемавыгадных сувязяў з усімі сваімі замежнымі партнёрамі, запэўніў Аляксандр Лукашэнка.

«Беларусь заўсёды гатова да супрацоўніцтва з тымі, хто выконвае прынцыпы ўзаемапавагі. Прама скажу — з тымі, хто нас паважае і лічыцца з нашымі інтарэсамі, хто вытрымлівае прынцыпы шчырасці і прыстойнасці. Сумна, што некаторыя нашы так званыя партнёры раптам аказаліся не гатовыя да працы на такіх умовах», — дадаў ён.

Гаворка ідзе пра шэраг заходніх дзяржаў. Па словах Лукашэнкі, з імі ў апошнія гады паступальна, настойліва выбудоўвалі ўзаемавыгадныя кантакты, асабліва з нашымі бліжэйшымі суседзямі Польшчай і Літвой.

«На жаль, занятая імі пазіцыя ў адносінах да Беларусі можа перакрэсліць калі не ўсё, то многае з дасягнутага. Супраць нас зноў уводзяць санкцыі. Прашу праінфармаваць, якія крокі намі распачатыя ў адказ? Якія планы ў дачыненні да Польшчы і Прыбалтыкі? Як мы плануем задзейнічаць патэнцыял міжнародных арганізацый для абароны сваіх інтарэсаў? Бо гэтыя структуры закліканы абараняць мір і бяспеку, а не быць арэнай супрацьстаяння дзяржаў», — задаў пытанні Прэзідэнт.

«Экспарт нам неабходна забяспечваць палітычна і дыпламатычна. Вось і ўся шматвектарнасць»

Прэзідэнт адзначыў, што пры беспрэцэдэнтным знешнім ціску Беларусі была аказана шырокая падтрымка нашымі традыцыйнымі саюзнікамі. Найбольш адчувальную дапамогу ў гэты час атрымалі ад Расіі і Кітая.

«Тым самым яшчэ раз пераканаліся, што сябры спазнаюцца ў бядзе», — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.

Ён пацікавіўся, якія маюцца намеры далейшай пабудовы адносін з гэтымі сяброўскімі краінамі, як выконваюцца дамоўленасці па выніках кантактаў на вышэйшым узроўні, а таксама пасля візітаў у 2020 годзе ў Беларусь кіраўніцтва расійскіх рэгіёнаў?

Лукашэнка сказаў, што бачыць у расійскіх СМІ, што Беларусь пачынаюць трапаць у сувязі са шматвектарнай знешняй палітыкай. «Я здзіўляюся і не зусім разумею, чаму так супраць нашай шматвектарнасці падскочылі нейкія сілы ў Расійскай Федэрацыі. Нам бы хацелася, каб яны сказалі, якія ў сувязі з гэтым яны маюць прэтэнзіі. Мы ж дакладна заявілі, што самы бліжэйшы нам саюзнік, родная нам краіна — гэта Расія і расіяне», — заявіў Прэзідэнт.

Ён дадаў, што Беларусь ніколі не адварочваліся ад Расіі.

Ён паведаміў, што шматвектарнасць — гэта не шлях адварочвання ад Расія, а магчымасць забяспечыць экспартаарыентаваную эканоміку.

«У нас сёння палова экспарту нашай прадукцыі экспартаарыентавай эканомікі прадаецца на знешніх рынках, далёка ад нас і ад Расіі. Ды гэта ж вектар эканамічны, экспарт нам неабходна забяспечваць палітычна і дыпламатычна. Вось і ўся шматвектарнасць», — растлумачыў Аляксандр Лукашэнка.

Ён папрасіў МЗС раскрыць сэнс беларускай шматвектарнасці для партнёраў, каб яны разумелі, што ляжыць у яе аснове.

«Мы павінны размаўляць з усімі, хто хоча з намі размаўляць і хто нас паважае»

Пандэмія каранавіруса нанесла значны ўрон сусветнай эканоміцы, аднак па словах Прэзідэнта, пасля крызісу заўсёды надыходзіць уздым.

«Таму нам трэба вельмі дакладна злавіць момант ажыўлення сусветнай вытворчасці і годна выкарыстаць кан’юнктуру, якая склалася. Курс на падтрымку рознабаковых міжнародных кантактаў застаецца нязменным. Мы павінны размаўляць з усімі, хто хоча з намі размаўляць і хто нас паважае», — канстатаваў кіраўнік краіны.

Ён пералічыў, што з’яўляецца залогам нашай эканамічнай бяспекі — захаванне традыцыйных і засваенне новых рынкаў.

Прэзідэнт даручыў разгледзець, ці маюць патрэбу ў карэкціроўцы тыя падыходы па дыверсіфікацыі экспарту, з якімі ўжо вызначыліся.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што з сёлетнім добрым ураджаем трэба распарадзіцца з найбольшай выгадай. Гэта задача ў тым ліку і МЗС, на якое ўскладзены абавязкі па знешнеэканамічнай дзейнасці.

«Я хачу нагадаць сённяшняму прэм’ер-міністру, што галоўнае для дыпламата за межамі нашай краіны заключаецца ў тым, каб прасоўваць нашы тавары на сусветны рынак. Экспарт — галоўнае для работы дыпламатычнага корпуса», — заявіў Прэзідэнт.

«Мінск у могілкі ператвараць нельга»

На пачатку ж нарады Аляксандр Лукашэнка зрабіў адступленне ад тэмы і выказаўся аб грамадска-палітычнай сітуацыі ў краіне.

Ён зачытаў каментарыі «на злобу дня», якія з’явіліся ў некаторых СМІ.

«“Паводзіны сілавікоў (гэта частка цытаты) паказваюць рост страху і боязі дзяржаўнай улады ў адносінах да беларускага народа”, — гэта адзін са святароў піша. Другі паўтарае: «Не разумею, навошта гэта здзекаванне над партрэтамі загінуўшых, над кветкамі ў іх памяць, навошта гэта сатанінскае зневажанне над лампадамі і іконкамі, барацьба з імправізаваным мемарыялам у двары яго дома, абапал дарог, у чым сэнс?” Таму я хацеў бы проста адказаць у чым сэнс», — абазначыў нагоду для свайго адступлення Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт расказаў пра тыя задумы, якія, як ён лічыць, маюць і мелі пратэстоўцы. Пасля няўдалага «бліцкрыгу» ў дзень выбараў яны прапанавалі пералічыць галасы, потым пачаліся мірныя маршы.

«І калі яны атрымалі сігнал, што мы можам правесці паўторныя выбары, наступнае патрабаванне — дабравольная здача ўлады. То бок здача краіны», — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.

Па яго словах, на этапе патрабавання дабравольнай здачы ўлады, пратэсная актыўнасць стала сыходзіць у дваровыя тэрыторыі.

«Яны бачаць, што на вуліцах нічога не атрымліваецца. Пратэсныя акцыі пачалі сыходзіць. Што рабіць? Заклапаціліся ў Польшчы, Літве, Украіне ў гэтых цэнтрах, што далей рабіць?  — працягнуў Прэзідэнт. —  Можа затухнуць увогуле, а трэба ж пратрымацца да цёплых дзён, быццам цёплыя дні іх падымуць. Таму сталі заклікаць сыходзіць у двары.  Яны, не атрымаўшы вуліцу, пайшлі ў двары, а заўтра прыйдуць у вашы кватэры».

Насцярожвае кіраўніка краіны наступнае: навошта ісці ва двор і навошта ў Мінску ствараць мемарыялы пад відам могілак?

«Могілкі і мемарыялы — гэта псіхалагічнае ўздзеянне на насельніцтва.  У чалавека, што праходзіць міма могілак, у выдатным Мінску, які будзе настрой яшчэ на фоне панікі ад пандэміі?», — задаў рытарычнае пытанне Прэзідэнт.

«Але што самае небяспечнае— пачаўся працэс радыкалізацыі. Гэта ўжо ўсе адзначылі. І гэтыя пункты, двары становяцца, ужо сталі, месцам разборак. Хтосьці чапляе прафашысцкія стужачкі, хтосьці, ненавідзячы гэта, прыходзіць іх зразаць. Пачынаюцца бойкі. І, як вынік, тое, што адбылося на адной са спартыўных пляцовак», — канстатаваў кіраўнік краіны.

Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што такія пункты супрацьстаяння могуць стаць месцам пачатку грамадзянскай вайны.

«Гэта галоўная мэта, калі нічога не атрымліваецца, як яны пішуць, мірна — значыць трэба зладзіць грамадзянскую вайну», — сказаў кіраўнік краіны.

Ён звярнуў увагу на тое, як гарадскія службы паступілі са стыхійным мемарыялам у Мінску.

«Мы акуратным чынам вывезлі гэтыя мемарыялы туды, дзе яны павінны быць, — на могілкі. І там акуратна (такое было маё распараджэнне) усё прывесці ў парадак, каб людзі бачылі, што мы не варвары. Яны (дэструктыўна настроеныя грамадзяне — «Зв.») ж гэта напэўна ведаюць. Але ім не трэба тое, як дыктатар да гэтага ставіўся, і тыя, хто выконваў — “рабы”. Яны іх рабамі назвалі. Ім гэта не трэба. Ім трэба паказаць, што гэта — варвары. А мы пакажам, як мы гэта рабілі на самай справе. І трэба, каб праваахоўныя органы далі ім ацэнку. Хопіць трываць гэты здзек! Мы рот нікому не закрываем. Але кажыце праўду! Сказаў няпраўду — адказвай», — пазначыў Прэзідэнт.

Ён канстатаваў, што Мінск  могілкамі не будзе. «Мінск у могілкі ператвараць нельга. Такое меркаванне 99,9  працэнтаў мінчан. Таму мемарыялаў,  пра якія яны заяўляюць, як і будучай грамадзянскай вайны, у Мінску не будзе», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

У Мінгарвыканкаме па даручэнню Прэзідэнта распрацуюць пастанаўленне па навядзенню парадку ў сталіцы.

«На гэтым тыдні парадак павінен быць наведзены ў Мінску. І я папрашу прэм’ер-міністра і кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта  зарыентаваць усе рэгіёны, каб паступілі такім чынам».

Прэзідэнт заклікае падтрымліваць парадак і ў грамадстве, каб не было больш супрацьстаяння і ачагоў канфлікту. «Справімся з гэтымі пытаннямі, да нас ніхто не будзе мець прэтэнзій, перад усім наш народ», — заявіў Прэзідэнт.

Беларусь паменшыць сваё прадстаўніцтва ў ініцыятыве «Усходняга партнёрства» да ўзроўню эксперта

Прычына такога рашэння — умяшальніцтва ва ўнутраныя справы Беларусі і спробы палітызаваць рэалізацыю шэрагу праектаў у рамках гэтай ініцыятывы. Пра гэта расказаў міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей.

«У прынцыпе, мы заўсёды былі і будзем настроены на тое, каб санкцыйная рыторыка сыходзіла з нашага парадку дня. На жаль, дзеянні нашых партнёраў не пакідаюць нам нічога іншага, як адэкватна рэагаваць на гэтыя негатыўныя крокі ў адносінах да Беларусі. Не мы былі ініцыятарамі гэтых крокаў, мы толькі адэкватна рэагуем на негатыўныя заявы і канкрэтныя дзеянні нашых заходніх партнёраў», — выказаўся Уладзімір Макей.

Таксама МЗС прыпыніць працу каардынацыйнай групы Беларусь — ЕС, у рамках якой абмяркоўваліся пытанні сумеснай дзейнасці.

Кіраўнік МЗС расказаў, што на нарадзе абмяркоўваліся меры Беларусі ў адказ пры выпадку пераходу ЕС ад персанальных санкцый да эканамічных.

Марыя ДАДАЛКА

Фота: БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».