Вы тут

Устойлівае развіццё без экалагічнага блока немагчымае


У Міністэрстве прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя адбылося пасяджэнне міжведамаснай экспертнай групы па экалагічным кірунку работы па дасягненні Мэт устойлівага развіцця. Эксперты абмеркавалі эфектыўнасць Нацыянальнай платформы прадстаўлення справаздачнасці па паказчыках МУР і іншыя пытанні.


Касмічныя тэхналогіі на службе МУР

У адпаведнасці з Мэтай № 13 да 2030 года нашай краіне трэба скараціць выкіды парніковых газаў на 30 %. Фота Анатоля КЛЕШЧУКА.

Платформа справаздачнасці па згаданых паказчыках размешчана на сайце Нацыянальнага статыстычнага камітэта (Белстат). Ён з'яўляецца каардынатарам маніторынгу дасягненняў Мэт разам з адказнымі за іх дзяржаўнымі органамі. Платформа распрацавана Белстатам пры падтрымцы Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ) і Праграмы развіцця ААН (ПРААН).

Як паведаміла намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення міжнароднага супрацоўніцтва і распаўсюджвання статыстычнай інфармацыі Белстата Анастасія Уельская, асноўныя кірункі развіцця сістэмы маніторынгу дасягнення Мэт — пошук новых крыніц даных і тэхналогій іх атрымання, удасканальванне метадалогіі разлікаў паказчыкаў.

На сёння даступны даныя па 222 паказчыках Мэт з 266-ці (у пачатку года ў доступе было 208). Глабальнаму ўзроўню адпавядаюць 160 з іх.

Створана рабочая група па выкарыстанні касмічных тэхналогій для маніторынгу дасягнення Мэт. У склад групы ўваходзяць дзевяць прадстаўнікоў дзяржаўных органаў, адзін з якіх — Мінпрыроды. Па дзевяці індыкатарах устойлівага развіцця распрацаваны метаданыя з прымяненнем касмічных тэхналогій і сістэм.

Мінпрыроды адказвае за рэалізацыю сямі Мэт устойлівага развіцця: № 6 «Чыстая вада і санітарыя»; № 9 «Індустрыялізацыя, інавацыя і інфраструктура»; № 11 «Устойлівыя гарады і населеныя пункты»; № 12 «Адказнае спажыванне і вытворчасць»; № 13 «Барацьба са зменай клімату»; № 15 «Захаванне экасістэм сушы» і № 17 «Партнёрства ў інтарэсах устойлівага развіцця».

Ацаніць дасягнутыя вынікі дапамагаюць індыкатары, размешчаныя як на глабальнай, так і на нацыянальнай платформе справаздачнасці па Мэтах. Як трапляюць даныя на глабальную платформу, растлумачыла начальнік упраўлення статыстыкі навакольнага асяроддзя галоўнага ўпраўлення статыстыкі сельскай гаспадаркі і навакольнага асяроддзя Белстата Кацярына Паляшчук. Адзін з найбольш распаўсюджаных метадаў — праз запаўненне рознага кшталту апытальнікаў ад міжнародных арганізацый. Кацярына Паляшчук адзначыла вялікую працу Мінпрыроды разам з Белстатам па індыкатарах для Мэты № 6.

«Зялёныя» прыярытэты

Паказчыкі МУР экалагічнага кірунку ўключаюцца ў праекты дзяржаўных праграм.

— Падрыхтаваны праекты Праграмы дзейнасці ўрада Рэспублікі Беларусь на перыяд да 2025 года і Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на 2021—2025 гады, арыентаваныя на экалагічную палітыку ў кантэксце ўстойлівага развіцця, — паведаміла начальнік упраўлення аналітычнай работы, навукі і інфармацыі галоўнага ўпраўлення экалагічнай палітыкі, міжнароднага супрацоўніцтва і навукі Мінпрыроды Алена Камінская. — Мінпрыроды будзе распрацоўваць і рэалізоўваць Нацыянальны план дзеянняў па папярэджванні дэградацыі зямель (уключаючы глебы), стратэгіі і Нацыянальны план дзеянняў па захаванні і ўстойлівым выкарыстанні біяразнастайнасці, Нацыянальны план дзеянняў па развіцці «зялёнай» эканомікі на наступную пяцігодку.

Абмеркавалі ўдзельнікі сустрэчы і ключавыя аспекты і прыярытэты па дасягненні МУР на наступныя гады.

Каардынатар партнёрскай групы па экалагічных пытаннях, дырэктар Цэнтра экалагічных рашэнняў Яўген Лабанаў парэкамендаваў узмацніць работу па вырашэнні праблем адходаў жывёлагадоўчых комплексаў, больш далучаць грамадскасць да кіравання воднымі рэсурсамі, актывізаваць пераход да рацыянальных мадэляў вытворчасці і спажывання. Ён звярнуў увагу на неабходнасць вырабу фарбаў без свінцу і памяншэння колькасці харчовых адходаў, а таксама выказаў пажаданне, каб Беларусь далучылася да Ротэрдамскай канвенцыі «Аб працэдуры папярэдняй абгрунтаванай згоды, датычнай асобных небяспечных хімічных рэчываў і пестыцыдаў у міжнародным гандлі».

У верасні 2015 года лідары 193 краін — членаў ААН (у іх ліку і Беларусь) прынялі Парадак дня ў галіне ўстойлівага развіцця на перыяд да 2030 года. Ён змяшчае 17 Мэт, накіраваных на захаванне квітнеючай планеты для наступных пакаленняў і забеспячэнне годных умоў жыцця для ўсіх.

Начальнік аддзела выкарыстання і аховы водных рэсурсаў галоўнага ўпраўлення прыродных рэсурсаў Мінпрыроды Вікторыя Воранава расказала, што ў наступнай пяцігодцы да трох басейнавых саветаў (Дняпроўскага, Заходне-Бужскага і Прыпяцкага), ужо створаных для комплекснага кіравання воднымі рэсурсамі, плануецца дадаць яшчэ адзін — Нёманскі. Спецыяліст заклікала грамадскія аб'яднанні далучацца да работы саветаў.

Мікалай Свідзінскі, начальнік упраўлення біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці Мінпрыроды, згадаў, што доля асабліва ахоўных прыродных тэрыторый складае 9,1 % ад агульнай плошчы краіны. Сетка ААПТ пашыраецца досыць інтэнсіўна. «Вельмі важна, — падкрэсліў ён, — захоўваць заказнікі мясцовага значэння, не дапускаць змяншэння іх тэрыторый».

У маі 2021 года плануецца пасяджэнне канферэнцыі бакоў Канвенцыі аб біяразнастайнасці. У яе межах будзе прынята глабальная рамачная праграма захавання біяразнастайнасці на перыяд пасля 2020 года. Яна арыентуецца ў тым ліку на дасягненні Мэт і будзе інтэгравана ў дзяржаўную Стратэгію па захаванні і ўстойлівым развіцці біяразнастайнасці.

Святлана ІШЧАНКА

Загаловак у газеце: Фарбы без свінцу і Нёманскі басейнавы савет

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Фарбы вайны. Пяць карцін мастакоў-відавочцаў

Фарбы вайны. Пяць карцін мастакоў-відавочцаў

Вайна — адна з тых тэм, якія нікога не пакідаюць абыякавымі. 

Грамадства

7 вершаў, напісаных на франтах Вялікай Айчыннай

7 вершаў, напісаных на франтах Вялікай Айчыннай

«І на кожным кургане, быццам яблыню, песню сваю пасаджу»