Вы тут

Будуючы — расцём, альбо Ёсць традыцыя добрая


Шэраг новых аб’ектаў здадзены ў строй у Беларусі ў восеньскую пару. Найбольш знакавыя падзеі — гэта ўключэнне турбагенератара першага энергаблока атамнай электрастанцыі ў адзіную энергасістэму Беларусі, а таксама пуск шэрагу станцый трэцяй лініі Мінскага метрапалітэна


Аляксандр Лукашэнка наведвае Беларускую АЭС

Хто будуе — той дбае пра будучыню. Праўда, у народзе ёсць таксама іншая показка: хто будуе, той бядуе… Але ж, пэўна, яна склалася ў даўнюю пару, можа й пасляваенную, ці яшчэ раней, калі продкі нашыя, можа й пагарэльцы, усе сілы й здароўе ўкладвалі, каб мець хоць які дах над галавою. Цяпер жа — зусім іншы час на Бацькаўшчыне. Мы не бядуючы будуем, а з упэўненасцю ў дні заўтрашнім. І ўсе нашыя новабудоўлі, што па добрай традыцыі ўступілі ў строй да Кастрычніцкіх святаў, — таму сведчаннем. Як адзначыў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка, наведваючы 7 лістапада Беларускую АЭС у Астраўцы, у Беларусі штогод адкрываюць важныя, прарыўныя аб’екты, якія спрыяюць якаснаму росту айчыннай эканомікі ды павышэнню ўзроўню жыцця людзей. Хоць шматгадовая традыцыя дарыць знакавыя падарункі жыхарам Беларусі мае яшчэ й савецкія карані, але ж яна жывая й цяпер дзякуючы мэтанакіраванай падтрымцы Кіраўніка дзяржавы.

І ў гэтую восень — вельмі добры “ўраджай” новых аб’ектаў. Тэлежурналісты рабілі з іх святочныя рэпартажы — ёсць у сацсетках, і калегі з БелТА падрыхтавалі цікавую падборку “Новыя аб’екты восені-2020 у фотаздымках”. Сярод іх, вядома ж, — Беларуская атамная электрастанцыя, а таксама трэцяя лінія Мінскага метро ад станцыі “Кавальская Слабада” да “Юбілейнай плошчы”. Згадаем яшчэ Экалагічны рынак у Валер’янаве пад Мінскам, вытворчасць халоднакатанага ліста на заводзе ў Мёрах (на заводзе будзе працаваць каля 650 чалавек), радыелагічны корпус у Мінскім гарадскім клінічным анкадыспансэры, Цэнтр электронна-прамянёвых тэхналогій у НАН Беларусі, мост цераз Дзвіну пасля рэканструкцыі ў Полацку. Трохі меншыя па капіталаўкладаннях, але ж таксама важныя: трэці дзіцячы дом сямейнага тыпу ў Маларыцкім раёне, дзіцячы сад з сэнсарным пакоем і арт-студыяй у Смалявічах, дзіцячы сад на 190 месцаў у Мінску (мікрараён Брылевічы), пажарнае дэпо ў Петрыкаве. І яшчэ — новыя дамы, басейны, месцы адпачынку з’явіліся па ўсёй краіне.

Вядома ж, найбольш грамадскае ўвагі скіравана й сёння на БелАЭС. Як адзначаў гендырэктар дзяржкарпарацыі “Росатом” Аляксей Ліхачоў, паступленне першых “атамных” кілават-гадзін электраэнергіі ў адзіную энергасістэму Беларусі — гэта з’ява гістарычная. Бо яна знамянуе пачатак атамнай эры. А такое стала магчымым для Беларусі дзякуючы доўгай і прадуктыўнай супрацы беларускіх і расійскіх спецыялістаў. Дарэчы, Аляксей Ліхачоў звярнуў увагу: да ўводу блока ў прамысловую эксплуатацыю давядзецца выканаць яшчэ шмат работы. І далейшае развіццё падзей — у некаторы момант не справіліся з узрастаючай напругай трансфарматары, турбіну давялося спыніць — тое пацвердзілі. Што ж: рабочы момант, як кажуць у такіх выпадках. І ўсё ж можна смела казаць пра поспех праекта Беларускай АЭС. Гэта, нагадаем, першая атамная станцыя пакалення ІІІ+, створаная па расійскіх тэхналогіях за межамі Расіі. Для Беларусі ж гэта, як заявіў Аляксандр Лукашэнка, выступаючы перад працоўным калектывам і будаўнікамі БелАЭС, новы крок у будучыню, да забеспячэння энергетычнай бяспекі: “Наша краіна сёння становіцца ядзернай дзяржавай, гэта велізарны поспех, гэта вянок, калі хочаце, можа быць, этап суверэнітэту й незалежнасці нашай краіны. Ён сведчыць аб тым, што ў нас ёсць мазгі, людзі кемлівыя, і ёсць надзейныя сябры, якія дапамаглі стварыць гэты ўнікальны аб’ект, які будзе служыць нам вельмі доўга. Мы, людзі старэйшыя, сыдзем з гэтага жыцця, а такі аб’ект будзе прыносіць карысць людзям”.

Прэзідэнт падкрэсліў, што “на першым энергаблоку будзе вырабляццца каля 20 % ад агульнай патрэбы краіны ў электрычнасці. Столькі ж нам дасць праца другога блока. Далей — больш (і я ўжо адкрыта сказаў, што такое больш). (Перад тым Аляксандр Лукашэнка выказаўся так: “Я так ужо не жартам, а паўжартам кажу пра тое, што калі навучыліся, то трэба й другую станцыю пабудаваць. Да таго часу мы ўбачым, наколькі эфектыўная цяперашняя станцыя, наколькі яна бяспечная і не будзе выклікаць столькі нараканняў не толькі ў нашых суседзяў, але і ў тых асобных, хто сумняецца ў нашай краіне.” — Аўт.) Запуск станцыі паслужыць імпульсам для прыцягнення ў краіну самых перадавых тэхналогій, і не толькі ў энергетыку, але і ў развіццё электратранспарту, стварэнне новых электраёмістых вытворчасцяў, інавацыйных напрамкаў у навуцы й адукацыі”. Вельмі важна, лічыць Прэзідэнт, што дзякуючы цеснаму ўзаемадзеянню з карпарацыяй “Росатом” у часе будаўніцтва БелАЭС у Беларусі з’явілася айчынная школа атамшчыкаў — спецыялістаў, якія асвоілі асноўныя тэхналагічныя аперацыі: “Мы павінны былі навучыцца гэта рабіць. Гэта самыя сучасныя тэхналогіі, “касмічныя” тэхналогіі, — і мы гэтаму навучыліся”. Лістападаўскі дзень, упэўнены Прэзідэнт, назаўжды ўвойдзе ў гісторыю: бо з яго пачынаецца новая старонка летапісу Беларусі: сучаснай, інтэлектуальнай, высокатэхналагічнай — такой, як мы ўсе разам яе будуем.

Адкрылася новая станцыя метро “Кавальская Слабада”

Яшчэ вельмі важна, звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка, што беларуская дзяржава стварыла ўсе неабходныя ўмовы для працы й камфортнага побыту тых, хто будзе працаваць на АЭС: “Астравец пераўтварыўся ў сучасны й зручны горад, новы горад атамшчыкаў. Пабудаваны новыя жылыя дамы і ўся неабходная сацыяльная інфраструктура. На такія мэты мы выдаткавалі больш за адзін мільярд рублёў”. Па словах Кіраўніка дзяржавы, Астравец павінен стаць прыкладам для далейшага развіцця раённых цэнтраў: “Па гэтым узоры мы будзем развіваць іншыя паўтары сотні райцэнтраў. Яны дагледжаныя, прыгожыя, але ў нечым ужо састарэлыя. Мы нічога не будзем разбураць, а створым там сацыяльную, вытворчую інфраструктуру — як у Астраўцы”.

Іван Ждановіч

Фота БЕЛТА

Нумар у фармаце PDF

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Бачаць вочы, што купляюць? Як спажыўцу абараніць свае правы, набываючы тавары на сайтах

Бачаць вочы, што купляюць? Як спажыўцу абараніць свае правы, набываючы тавары на сайтах

Продаж тавараў праз інтэрнэт у Беларусі актыўна развіваецца. 

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

АВЕН. На гэтым тыдні фартуна ўсміхаецца вам у многіх справах.