Вы тут

Пяць беларускіх дзён у Сібіры


Беларускі арт-­тыдзень прайшоў у Новасібірску з вялікім розгаласам


Беларусы Новасібірска

“На працягу пяці дзён вы з галавой паглыбіцеся ў атмасферу беларускай творчасці й мастацтва!” Такімі словамі мы, супрацоўнікі Новасібірскага цэнтра беларускай культуры, анансавалі Беларускі арт-тыдзень у Сібіры. У сувязі з няпростымі эпідэміялагічнымі абставінамі большая частка падзей прайшла, вядома ж, у анлайн-фармаце. Але ад таго не стала менш цікавай! А ў фінале мы ўсё ж такі сабралі сібірскіх беларусаў на рэальнай арт-сустрэчы!

Чаму вырашылі мы правесці Беларускую арт-нядзелю ў Сібіры? Пачалося ўсё з ідэі змясціць некалькі рознабаковых творчых івэнтаў у адзін восеньскі тыдзень. Захацелася выйсці за рамкі звыклых форм арганізацыі нашых імпрэзаў, захаваўшы пры тым беларускі каларыт.

І тыдзень наш стартаваў! З інтэрнэт-акцыі беларускіх песень #налавочке. Умовы ўдзелу былі простыя: запісаць беларускую песню, седзячы на лавачцы. Акцыя праходзіла ў анлайн-фармаце, што стала вялікім плюсам: сярод удзельнікаў былі прадстаўнікі як Новасібірскай вобласці, так і з іншых рэгіёнаў Расіі. Бо ў інтэрнэт-прасторы, вядома ж, адлегласць не мае значэння! У выніку народнага галасавання быў вызначаны пераможца, які набраў найбольшую колькасць галасоў. Музычным жа экспертам выступіў Вячаслаў Статкевіч, мастацкі кіраўнік заслужанага калектыва Беларусі: Беларускага дзяржансамбля народнай музыкі “Свята”, уладальнік медаля Францыска Скарыны.

Анлайн-прэзентацыя фільма “Новасібірскі цэнтр беларускай культуры: 20 год” адбылася на другі дзень. Так, нам ужо 20! Можна сказаць пра чалавека ў такім узросце: малады, але ўжо асоба — са сваім светапоглядам і характарам.

Яшчэ два дзесяцігоддзя таму толькі зараджаўся беларускі рух у Сібіры, а сёння ўжо актыўна дзейнічае Культурны цэнтр! Колькі фестываляў праведзена, семінараў і конкурсаў зладжана, выстаў аформлена, песень і танцаў выканана!.. І ўсё гэта БЕЛАРУСКАЕ, ды на зямлі сібірскай!

Як беларусы апынуліся ў Сібіры? Хто стаяў ля вытокаў беларускага руху? Як развіваўся наш цэнтр? Пра гэта й не толькі даведаецеся з фільма, які можна паглядзець у нашых сацсетках і на афіцыйным ютуб-канале Дома нацыянальных культур імя Г. Д. Завалокіна.

Артыстка Марыя Белакурская на арт-сустрэчы

Наступная падзея — арт-мост “Зрабі выцінанку”. І прайшоў ён у змешаным анлайн-афлайн фармаце. Сумесна з Магілёўскім абласным метадычным цэнтрам народнай творчасці й культурна-асветніцкай работы ўдзельнікі рабілі выцінанку (ажурны ўзор, выразаны з чорнай, белай ці каляровай паперы). У фармаце прамога эфіру майстры Беларусі дзяліліся тэхналогіяй традыцыйнага беларускага мастацтва. Сібірскія ж іх калегі, што прыехалі да нас у цэнтр, стараліся выконваць парады настаўнікаў. А працавалі з намі Наталля Мікалаеўна Бярнадская, сябар Саюза майстроў Беларусі, выкладчыца Дзіцячай школы мастацтваў горада Крычава, ды Любоў Аляксандраўна Гарбар, сябар Саюза майстроў Беларусі, настаўніца з Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Росквіт” горада Бабруйска. Увесь творчы працэс трансляваўся на ютуб-канале ДНК імя Г. Д. Завалокіна, что дазволіла тым, хто не змог прыехаць у Беларускі цэнтр, далучыцца да семінара-практыкума дыстанцыйна.

Яскравым завяршэннем тыдня стала “Арт-сустрэча: беларускі фармат”. З вітаннем выступілі намеснік Міністра культуры Новасібірскай вобласці Рыгор Мілагулаў і дарадца, кіраўнік аддзялення Амбасады Беларусі ў Расіі ў Новасібірску Андрэй Гасюк. На сустрэчы былі старшыня Новасібірскай рэгіянальнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі беларусаў Надзея Санцэвіч і старшыня Сібірскага рэгіянальнага Саюза “Чарнобыль” Уладзімір Драздоў.

Быў і прэм’ерны (не анлайн!) паказ фільма “Новасібірскі цэнтр беларускай культуры: 20 год”. Дарэчы, многія госці сустрэчы аказаліся героямі фільма, яны маюць непасрэднае дачыненне да станаўлення беларускага руху ў Сібіры.

Прэзентацыі фотапраекта “Гісторыі беларусак у асобах” была нададзена асаблівая ўвага. Хто яны, беларускі Сібіры? У кожнай — сваё жыццё, свой лёс, свая гісторыя… Праект пра беларусак, якія жывуць у Новасібірскай вобласці, створаны ў выніку творчага супрацоўніцтва з фатографам Андрэем Чардаковым.

Атмасферныя фотаздымкі можна было зрабіць у фотазоне “Беларускі фармат”, а медыя-арт Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусь дазволіў здзейсніць віртуальны экскурс па экспазіцыі музея.

Разам ствараем маляваны дыван

Калабарацыя “Маляванка” аб’яднала ўсіх у калектыўнай творчасці й дазволіла кожнаму адчуць сябе сапраўдным мастаком. Мы ўсе разам стваралі маляваны дыван!

Музычную нотку сустрэчы надало жывое выкананне беларускіх песень. Марыя Белакурская, беларуска з Мінска, салістка Новасібірскага акадэмічнага тэатра оперы й балета, парадавала гасцей прэм’ерай песні “Крылатае сэрца”. А такія любімыя й знаёмыя “Бялявая, чарнявая…”, “Зачарованая мая” гучалі ў выкананні Яўгена Чэрнікава — мастацкага кіраўніка ансамбля беларускай песні “Завіруха”.

Фінальнай ды пранізлівай нотай арт-сустрэчы стала песня “Белая Русь” — музычны падарунак ад Анастасіі Дзяменцьевай, кіраўніцы Цэнтра беларускай культуры. Кампазіцыя заўсёды адгукаецца ў душах беларусаў, таму нядзіва, што ў многіх на вачах з’явіліся слёзы. У іх была й настальгія па Бацькаўшчыне, і гонар звацца беларусам, і радасць, што арт-сустрэча змагла сабраць разам сібірскіх беларусаў і проста неабыякавых да беларускай культуры людзей. А значыць, ідэя правядзення беларускага арт-тыдня ў Сібіры з’явілася невыпадкова. І, хочацца верыць, будзе мець працяг.

Таццяна Нялюбіна, метадыстка Цэнтра беларускай культуры Дома нацыянальных культур імя Г. Д. Завалокіна, г. Новасібірск.

Фота: Аляксандр Іваноў

Нумар у фармаце PDF

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».