Вы тут

Доўгая дарога з Уральска


Парэшткі класіка беларускай літаратуры Змітрака Бядулі (Самуіла Плаўніка) перапахавалі ў зямлі Бацькаўшчыны праз 79 гадоў: на Усходніх могілках у Мінску


Здавалася б: ці не ўсё роўна, дзе хто пахаваны. І што будзе з нашымі парэшткамі пасля таго, як нас ужо не будзе. Прынамсі, не будзе ў гэтым свеце.

Магчыма, і сапраўды для некага тое часовае-тленнае, што цяпер пры нас, ніякай каштоўнасці не ўяўляе. Усё зямное — зямлі аддадзім, нібы зношанае адзенне, пераходзячы таямнічую мяжу паміж Быццём і Небыццём. Парэшткі людскія, пэўна, самі па сабе й не каштоўныя. Але памяць пра тых, хто быў да нас, цесным чынам спалучана й з шанаваннем іх магілаў, месцаў апошняга спачыну. З шанаваннем месцаў зямнога подзвігу: як, напрыклад, тое было ў Героя Савецкага Саюза Пятра Купрыянава — гл. тэкст “Даніна павагі Герою” ў гэтым нумары газеты. Беларусы так выхаваныя: паважліва ставімся да таго, што пасля нас і ад нас застаецца. Так заведзена ў народзе. Ёсць і цяпер, доўжыцца даўняя й моцная традыцыя. І сын класіка, 86‑гадовы мінчанін Яфім Самуілавіч Плаўнік, прызнаваўся журналістам, калі парэшткі роднага чалавека прывезлі сёлета 26 лютага ў Мінск: доўгія гады ён жадаў і марыў, каб такое сімвалічнае вяртанне бацькі дадому адбылося. Урэшце — так і сталася. Пра тое можна пачытаць у тэксце “З Уральска — дадому” (часопіс “Беларусь.Belarus”, 2020, № 3). Тэкст ёсць і ў інтэрнэце — на партале Выдавецкага дома “Звязда”: http://zvіazda.by/be/news/20200407/1586266911‑z‑uralska-dadomu.

У сакральную пару на пачатку лістапада мы спрадвеку, з часоў язычніцтва ўшаноўваем памяць пра Дзядоў — папярэднікаў нашых у гэтым свеце. Дзякуючы якім і мы ёсць тут. Па ўсёй Беларусі Дзяды адзначаюць, а многія беларусы й жывучы ў замежжы тое робяць. Менавіта ў такую пару — 3 лістапада вогненнага, суровага 1941‑га — у казахстанскім Уральску закончыўся раптоўна зямны шлях класіка беларускай літаратуры Змітрака Бядулі. А сёлета якраз у дзень ягонага сыходу парэшткі, прывезеныя на пачатку года з Уральска, перапахавалі на Усходніх могілках у Мінску — у сектары 26.

Дзяды — гэта пара, калі мы светла згадваем і ўшаноўваем тых, каго ўжо няма з намі. Таму й такія развагі — пра немінучы пераход — не лішнія. Бо калі ж яшчэ пра тое разважаць у мітусні паўсядзённай? Усё спяшаемся… Але куды? Нікому ж не хочацца першым дасягнуць нябачнае мяжы. А памятаць пра тое, КУДЫ ўсе мы ўрэшце прыйдзем, прывучае нас культурны досвед продкаў. Жорсткія законы Прыроды, як і нябачная матрыца народнай культурнай традыцыі, змушаюць жывых паважліва ставіцца да ўсяго, што звязана з Жыццём. І з вялікім Пераходам у іншасвет — таксама.

Кажуць: жыве чалавек, пакуль жывая памяць пра яго. Пра тое гаварылі, думалі, пэўна, усе, хто спрычыніўся да высакароднай справы вяртання парэшткаў Змітрака Бядулі на Бацькаўшчыну. Адбылося ж тое найперш дзякуючы Фонду імя Марыі Магдалены Радзівіл ды ягонаму кіраўніку Алесю Сапегу — беларусу, які жыве ў Швейцарыі. Ён, ураджэнец Бабруйска, да таго ж сябар Кансультатыўнага савета пры МЗС Беларусі па справах беларусаў за мяжой. У 2012‑м з падтрымкай айчынных дыпламатаў Алесь стварыў у Швейцарыі беларускую суполку. Паклон табе, зямляк, і ўсім тваім сябрам-аднадумцам — за вашыя добрыя справы на карысць Бацькаўшчыны. Раней, нагадаем, Алесь Сапега прыклаў шмат намаганняў, каб на Бацькаўшчыну вярнуўся прах Магдалены Радзівіл — знакамітай мецэнаткі, на грошы якой калісьці быў выдадзены ў тым ліку й паэтычны зборнік “Вянок” Максіма Багдановіча. Жаданае спраўдзілася гады тры таму, і прах княгіні Магдалены цяпер — у мінскім рымска-каталіцкім храме Найсвяцейшай Тройцы на Залатой Горцы (вядомы й як Касцёл Святога Роха). І помнік Тадэвушу Касцюшку ў швейцарскім горадзе Залатурне 21 кастрычніка 2017 года быў адкрыты ў многім дзякуючы Аляксандру Сапегу — з адметнаю шыльдай па-беларуску й па-нямецку: “Тадэвуш Касцюшка. 1746–1817. Ад Беларускага аб’яднання ў Швейцарыі. 2017 год”.

Сын пісьменніка Яфім Плаўнік

З прэс-рэліза, дасланага ў рэдакцыю з Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, мы даведаліся, што перапахаванне парэшткаў Змітрака Бядулі на Усходніх могілках адбылося дзякуючы й гэтай культурнай установе, а таксама аргпадтрымцы Урада краіны, Мінінфармацыі, Мінкультуры, Мінскага гарвыканкама, шэрагу прыхільнікаў таленту Змітрака Бядулі. На сайце музея http://bellіtmuseum.by/ у раздзеле “Навіны” змешчаны фотаздымкі, зробленыя ў часе грамадзянскага развітання з пісьменнікам у філіяле музея — “Беларускай хатцы”. Той самай, дзе Змітрок Бядуля жыў і працаваў з пачатку 1916 па канец 1918 года. І дзе ў яго некаторы час кватараваў Максім Багдановіч.

У часе грамадзянскага развітання са Змітраком Бядулем

…Вярнуўся на Бацькаўшчыну амаль праз 80 гадоў Змітрок Бядуля. І хай сабе толькі зямнымі парэшткамі, але ж мы ведаем: да таго часу жывы чалавек, пакуль жыве памяць пра яго.

Іван Ждановіч

Фотаздымкі з сайта Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры

Больш здымкаў глядзіце тут

Нумар у фармаце PDF

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.