Вы тут

Як студэнты ў Гродне дапамагаюць змагацца з каранавірусам


У сувязі з пагаршэннем эпідэміялагічнай сітуацыі ў Гродне з 14 лістапада ўведзены абавязковы масачны рэжым. Аб гэтым у эфіры тэлеканала «Гродна Плюс» паведаміла намеснік галоўнага ўрача Гродзенскага занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Ірына Тупік. Індывідуальныя сродкі аховы абавязковыя не толькі для работнікаў, якія кантактуюць з людзьмі, але для ўсіх наведвальнікаў грамадскіх месцаў і транспарту. За невыкананне спагнанне будзе з кіраўнікоў аб'ектаў.


Для будучых урачоў — шасцікурснікаў лячэбнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта — такія меры перасцярогі не здаюцца жорсткімі. Ад распаўсюджвання інфекцыі трэба засцерагацца ўсімі спосабамі.

Арцём Сергель.

Арцём Сергель, які працуе медбратам у аддзяленні гемадыялізу ў Гродзенскай універсітэцкай клініцы, тлумачыць: людзі з хранічнымі хваробамі — першыя ў групе рызыкі. Таму ў аддзяленні была падрыхтавана асобная палата з некалькімі апаратамі для гемадыялізу. Калі чалавек з ныркавай недастатковасцю захварэў на каранавірус, яго шпіталізуюць у «ковіднае» аддзяленне.

— Зараз многія аддзяленні перапрафіляваныя на работу с «ковід»-пацыентамі. У вызначаны тэрмін такія хворыя праходзяць сваю працэдуру ў нашым аддзяленні. Мы апранаем спецыяльны касцюм і працуем па сваім кірунку. Напрыклад, мая змена доўжыцца сем гадзін, — расказвае Арцём.

У Веранікі Манюк змена доўгая і складаная — цэлыя суткі ў аддзяленні рэанімацыі Гродзенскай гарадской бальніцы медыцынскай рэабілітацыі. Прызнаецца, што сама шукала такую работу, бо ў будучым гэты кірунак бачыць сваім профільным.

Работы хапае, кажа дзяўчына, рэанімацыя (а гэта 12 ложкаў) запоўнена, некаторыя хворыя падключаны да апаратаў ШВЛ. Ім — асаблівая ўвага. Трэба сачыць за параметрамі, пры неабходнасці карэктаваць ці клікаць урача. Усім пацыентам робяць аналіз на сатурацыю — колькасць кіслароду ў крыві.

Уся рэанімацыя лічыцца «бруднай» зонай. Адпаведна, і ўваход у яе асобны: праз шлюз з кварцавымі лямпамі медыкі ідуць у «брудную» зону на змену, якая доўжыцца суткі. Разам з Веранікай працуюць яшчэ пяць студэнтаў-шасцікурснікаў, без пяці хвілін урачы. І гэта добрая дапамога для бальніцы.

Вераніка Манюк.

— Напачатку бацькі былі ў шоку, што я там засталася працаваць, мама прасіла звольніцца. Але ў нас вельмі добры калектыў, і мы, студэнты, набіраемся вопыту. Праз некоторы час бацькі нават пачалі ганарыцца, што я не пакінула ў такой сітуацыі сваё аддзяленне, — канстатуе Вераніка.

Яна, між іншым, адна з тых, хто гатовы пасля размеркавання ехаць працаваць у раён. Медыкі там заўсёды запатрабаваныя.

У тым, што масачны рэжым абавязковы, будучы ўрач Ілья Сергель можа запэўніць каго заўгодна. Ён працуе фельчарам 2-й падстанцыі хуткай дапамогі і ўсе 12 гадзін свайго дзяжурства ў раз'ездах. Як і патрэбна, брыгада Ільі выязджае ў спецыяльным адзенні.

Арцём Аганесян

— Кожнае дзяжурства я кантактую з «ковід»-пацыентамі. Выклікаюць з сімптомамі, якія характэрныя для гэтага захворвання:  кашаль, задышка, высокая тэмпература, — падрабязна пералічвае Ілья. — Першай справай робім сатурацыю — норма ад 95 да 100 %. Калі 93 %, мы слухаем хрыпы, тэлефануем старшаму доктару, каб накіраваць у стацыянар. Калі паказана шпіталізацыя, вязём адразу на КТ; калі на здымку «матавое шкло» — прымета «ковіднай» пнеўманіі — тады ставяць дыягназ і вязуць у аддзяленне.

Андрэй Болтач, дэкан лячэбнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта:

—- У ВНУ створана сем валанцерскіх атрадаў ва ўсіх паліклініках Гродна. Іх задача — работа ў кол-цэнтры, абзвон кантактаў першага ўзроўню, пацыентаў з «ковідам» аб выніках аналізу, разнос рэцэптаў па дамах. Плюс работа памочнікамі ўрача на прыёмах. Такіх валанцёраў у нас больш за 70 чалавек. Яшчэ амаль 150 студэнтаў працаўладкаваны фельчарамі і медсёстрамі. Зараз патрэба ў дапамозе вырасла. У кожнай паліклініцы яшчэ працаўладкавана па два чалавекі і дзесяць студэнтаў — у першай паліклініцы. Плюс у нас у рэзерве 100 чалавек, якія хочуць уладкавацца. Калі будзе неабходна, зможам узмацніць нашы медыцынскія ўстановы. Студэнты падрыхтаваны для работы з «ковіднымі» хворымі. На базе ўніверсітэта імітуем сітуацыю шлюза, каб навучыць усіх карыстацца сродкамі індывідуальнай аховы.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Пасля заняткаў — на дзяжурствы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».