Вы тут

Аляксандр Баршчэўскі, ён жа Алесь Барскі


Споўнілася 90 гадоў аднаму з адметных прадстаўнікоў беларусаў Польшчы


Імя Аляксандра Баршчэўскага вядомае сярод польскіх ды беларускіх літаратуразнаўцаў. Сам жа юбіляр, яшчэ й паэт, празаік, друкуецца пад псеўданімам Алесь Барскі. Які, дарэчы, лёгка ўтвараецца з рэальных, “зыходных” лексем, зберагаючы моцныя повязі з арыгіналам.

У аўтабіяграфіі Аляксандр Андрэевіч пісаў: “Мая родная вёска, Бандары, ляжыць над Нарвай у Беластоцкім павеце на ўскраіне Белавежскага масіва. Нарадзіўся я 2 лістапада 1930 года. Бацькі мае — сяляне, улюблёныя ў вёску і ў сваю гаспадарку. Зашчапілі й мне любоў да зямлі, выхоўвалі мяне ў тыповых для сялянскай псіхалогіі ўмовах. З ранняга, дашкольнага дзяцінства захаваліся ў маёй свядомасці так званыя “пярэпалахі”. Былі яны звязаны са станам маёй душы. Начамі ў часе сну наведвалі мяне ведзьмы, чэрці, разбойнікі. Усё тое вылівалася ў нервовыя спалохі”.

Цяпер вёска — у складзе Падляскага ваяводства Польшчы, а ў згаданым часе то было ваяводства Беластоцкае. У 1939‑м Беласточчына была далучана да СССР, а пасля вайны паводле Дагавора паміж СССР і Польскай Рэспублікай аб савецка-польскай мяжы ад 16 жніўня 1945 года тое ваяводства зноў апынулася ў складзе Польшчы.

Закончыўшы школу, Аляксандр паступіў вучыцца ў Лодзь, і ўніверсітэт закончыў там у 1955 годзе. А з 1956‑га ягоны лёс цесна спалучаны з Варшаўскім універсітэтам. Аляксандр Баршчэўскі прайшоў шлях ад выкладчыка да загадчыка кафедры беларускай філалогіі, доктара навук, прафесара. Без малога 30 гадоў кіраваў аддзяленнем Беларускіх даследаванняў пры ўніверсітэце, і кіраваў выдатна. Плённым склалася й шматгадовае кіраванне Беларускім літаб’яднаннем “Белавежа” пры Галоўным праўленні Беларускага грамадска-культурнага таварыства (БГКТ). Наш супляменнік рэалізаваў шэраг цікавых праектаў сумесна з калегамі з Люблінскага каталіцкага ўніверсітэта ды Універсітэта Марыі Складоўскай-Кюры.

27 гадоў таму Аляксандр Баршчэўскі папоўніў корпус ганаровых дактароў Беларускага дзяржуніверсітэта (Мінск). І звыш 25 гадоў ён узначальвае Цэнтральны камітэт Алімпіяды па беларускай мове ў Польшчы.

Ужо амаль што дзве трэці стагоддзя друкуецца творчая прадукцыя юбіляра, прычым вельмі разнастайная — як кажуць, на любы густ. Аматары паэзіі ведаюць вершы Алеся Барскага, і выйшла пяць паэтычных зборнікаў. Першыя два (“Белавежскія матывы” й “Жнівень слоў”) пабачылі свет у Беластоку ў 60‑я гады, трэці (“Мой бераг”) — у сталіцы БССР у часы брэжнеўскага застою. Чацвёрты зборнік (“Блізкасць далёкага”) выйшаў у Беластоку ў пару, калі ў Польшчы было ваеннае становішча, уведзенае Войцэхам Ярузельскім. Пяты зборнік (“Лірычны пульс”) з’явіўся ў разгар гарбачоўскае перабудовы, і ў другі раз месцам выдання стаў Мінск.

Даследчыкі паэзіі Алеся Барскага звяртаюць увагу прынамсі на дзве яе вартасці. Па-першае, у творах пераканальна гучаць “матывы вернасці роднай зямлі, мове”. Па-другое, па-майстэрску падаецца “складаны й супярэчлівы духоўны свет сучасніка”.

Літаратуразнаўцы падкрэсліваюць, што публікацыя артыкулаў юбіляра па гісторыі беларускай літаратуры на старонках штотыднёвіка “Ніва” й “Беларускага каляндара” спрыяла ўмацаванню іміджа гэтых выданняў. У кожным артыкуле ёсць відавочная навуковая навізна, выразна ставіцца навуковая праблема, фармулююцца нестандартныя шляхі яе вырашэнння. Тое ж можна сказаць і пра цыкл артыкулаў “Беларуская літаратура й беларускі фальклор” (друкаваліся з 1965 па 1988 год). Аляксандр Баршчэўскі — аўтар узорных ва ўсіх дачыненнях універсітэцкіх падручнікаў: “Гісторыя беларускай літаратуры — фальклор” (1976), “Гісторыя беларускай літаратуры — пісьменнасць Кіеўскай Русі ды Вялікага Княства Літоўскага” (1981).

За юбілярам замацавалася й рэпутацыя таленавітага перакладчыка беларускіх літаратурных твораў на польскую мову. У 1973 годзе ён пераклаў зборнік беларускіх народных казак “Д’ябальская скрыпка”, праз тры гады — зборнік казак Міншчыны, Гарадзеншчыны й Магілёўшчыны “Невычэрпны збан”. Аляксандр Баршчэўскі пераклаў на польскую мову паэму “Яна і Я” ды ўсе вершы, калі ў 1984‑м у польскай сталіцы выдавалася кніга Янкі Купалы “Выбраныя паэтычныя творы”. І ён жа напісаў прадмову, біяграфічны артыкул да кнігі, выступіў яе складальнікам.

30 гадоў таму выйшла кніга Аляксандра Баршчэўскага “Беларуская абраднасць і фальклор усходняй Беласточчыны”. У анатацыі чытаем, што яна “прысвечана даследаванням традыцый і абраднасці беларусаў, якія жывуць ва ўсходняй частцы Польшчы, на Беласточчыне. Самабытная культура народа асвятляецца праз прызму каляндарна-радзінных свят і абрадаў. Дакладна аналізуюцца захаванні і вераванні, традыцыі, рытуалы і забабоны, звязаныя з трыма асноўнымі этапамі жыцця чалавека — ад нараджэння, праз вяселле і да смерці. У кнізе сабраныя прыклады вуснай народнай творчасці, звязаныя з канкрэтнымі этапамі жыцця і з сямейна-родавымі святамі і ўрачыстасцямі. Змешчаны тут і парады, якіх прытрымліваліся многія пакаленні, ды зроблены аналіз чалавечых суадносін, захаванняў, рытуалаў. Кніга будзе цікавай як для спецыялістаў, так і для ўсіх, хто цікавіцца культурай і традыцыяй роднага краю”.

Алесь Барскі апошнім разам выдаваў кнігу ў Мінску дваццаць восем гадоў таму: то быў зборнік ягоных абразкоў, артыкулаў, дарожных нататак “3 пабачанага і перажытага”. Калі адзначалася 85‑годдзе нашага супляменніка, былі шматлікія публікацыі ў Польшчы й за яе межамі. “Прафесар Аляксандр Баршчэўскі карыстаецца беларускім словам вельмі асабліва, — разважаў ягоны колішні студэнт, а сёння дырэктар Беларускага ліцэя ў Бельску Падляшскім Андрэй Сцепанюк. — Здольнасць выкарыстання беларускага слова ў Алеся Барскага — аграмадная. Ён не толькі прафесар Аляксандр Баршчэўскі, але й пісьменнік Алесь Барскі. Гэта — наша гісторыя. Гэта нешта, што адыграла вялікую ролю тут, у нас, на Беласточчыне. Тое, што зрабіў прафесар Баршчэўскі, — вельмі важнае. Думаю, што цяпер трэба зычыць не 100, а 150 гадоў. Каб ён у добрым здароўі правёў гэтыя гады, і каб служыў надалей так, як ён служыць беларускай справе тут, у Польшчы”.

Прафесар кафедры беларускай філалогіі Варшаўскага ўніверсітэта Аляксандр Баршчэўскі ў 2015 годзе ўшанаваны ордэнам Францыска Скарыны. Так што гістарычная Бацькаўшчына ягоны вялікі ўнёсак у беларускую справу належным чынам ацаніла. Прыемна, што й чарговы юбілей слыннага беларуса Польшчы мае добры розгалас.

Міхаіл Стралец, прафесар, доктар гістарычных навук, г. Брэст

Нумар у фармаце PDF

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».