Вы тут

Повязі нашага братэрства Беларусы, якія апынуліся ў розныя часы ў Казахстане, робяць значны ўнёсак у яго развіццё


Запомнім гэтыя імёны

У моцных і загартаваных людзей, якіх мы называем залатым фондам Рэгіянальнага Беларускага культурнага цэнтра ў Алматы — былы малалетні вязень фашысцкіх канцлагераў Уладзімір Міхайлавіч Дзенісюк, а таксама выпускнікі Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі (сёлета Беларуская дзяржаўная сельскагаспадарчая акадэмія ў райцэнтры Горкі на Магілёўшчыне, адна з найстарэйшых ВНУ краіны, адзначае 180‑годдзе. — Рэд.), якія прыехалі ў Казахстан асвойваць цалінныя ды абложныя землі. У розныя гады, мы падлічылі, прыбыло ў стэпавы край амаль 340 выпускнікоў гэтай знакамітай ВНУ, і ў ліку першых былі Яўген Міхайлавіч Дуброўскі ды Яўген Анатолевіч Юрыкаў. І Павел Атрушкевіч, пра якога я ўжо распавёў, і Яўген Паўлавіч Іваноў — таксама з тых, чыё дзяцінства й юнацтва прайшлі ў пасляваеннай Беларусі.

Мы памятаем, што і Леў Ісаевіч Падольскі (1937–2001) быў таксама з той жа слаўнай кагорты цаліннікаў. Доктар эканамічных навук, прафесар, акадэмік Міжнароднай акадэміі “Экалогія” закончыў БСГА ў 1959‑м, потым — аспірантуру Дзяржуніверсітэта па землеўпарадкаванні ў Маскве — там і абараніў пазней кандыдацкую (1973) і доктарскую (1992) дысертацыі. У Казахстане пачынаў працаваць землеўпарадчыкам у складзе Сяміпалацінскай землеўпарадкавальнай экспедыцыі, вырас да начальніка атрада, партыі, экспедыцыі. Пазней узначальваў Сяміпалацінскі філіял “Казгипрозем”, комплекснае вышукальнае аддзяленне гэтага інстытута ў Алматы. Быў дырэктарам Навукова-вытворчага цэнтра зямельных рэсурсаў і землеўпарадкавання (ГосНПЦзем) і там жа намеснікам гендырэктара па навуцы.

Гонар усім беларусам, што зямляк наш стаў прызнаным спецыялістам, можна сказаць, міжнароднага ўзроўню. З 1994 года Леў Ісаевіч як буйны спецыяліст у галіне землеўпарадкавання, зямельных адносін, зямельнага кадастру, кіравання зямельнымі рэсурсамі, маніторынгу й ацэнкі зямель стаў чальцом Міждзяржаўнага навуковага праблемнага Савета краін СНД па зямельных адносінах і землеўпарадкаванні. Гэта ён распрацаваў тэорыю ўчасткавага землеўпарадкавання. Гэта ён вылучыў ды абгрунтаваў сістэму Уладкаванасці Зямлі (зямельны лад) як важнейшы складнік грамадска-эканамічнай фармацыі (спосабу вытворчасці). А ў апошнія гады жыцця Леў Падольскі працаваў і над філасофскім кірункам у землеўпарадкавальнай навуцы. У прыватнасці, ён абгрунтаваў грамадска-эканамічную тэорыю землеўпарадкавання, якая ва ўмовах свабоды, разнастайнасці форм уласнасці ды рынкавай эканомікі, на думку аўтара, павінна стаць найважнейшай тэарэтычнай асновай землеўпарадкавання XXІ стагоддзя. І што радуе: і на беларускую дзейнасць у прызнанага спецыяліста знаходзілася часу. Актыўны ўдзельнік распрацоўкі заканадаўчых, нарматыўных, інструктыўных і навукова-метадычных дакументаў па зямельнай рэформе ды стварэнні новага зямельнага ладу ў Казахстане, Леў Ісаевіч быў актывістам нашага культурнага цэнтра, шчодра перадаваў свой багаты жыццёвы досвед маладзейшым супляменнікам.

Калі над стэпам узыходзіў маладзік

Некаторыя беларускія паэты ў маладосці пабывалі на цаліне ў складзе студэнцкіх будаўнічых атрадаў. Папрацаваўшы ў далёкім краі, яны вярталіся дадому не проста з новымі ўражаннямі — з падборкамі патрыятычных і рамантычных вершаў. А казахстанская кніга Рыгора Барадуліна “Маладзік над стэпам” і ўвогуле ў свой час атрымала высокую ацэнку на Усесаюзным літаратурным конкурсе, прысвечаным Сусветнаму фестывалю моладзі й студэнтаў у Маскве (1957). (У 2010‑м у мінскім выдавецтве “Мэдысонт” да 75‑годдзя Рыгора Барадуліна пабачыла свет рэпрынтнае выданне, падрыхтаванае паводле экземпляра, які захоўваўся ў аўтара — народнага паэта Беларусі. У ім прыводзіцца аўтограф з арыгінальнага выдання 1959 года: “Дарагой маёй матулі шчыра дзякую і долу кланяюся, што нарадзіла, узгадавала, на правільны шлях наставіла. Твой сын Рыгор Барадулін. 30.VІІ.59 г.”. — Рэд.)

Сярод іншых падзей беларуска-казахскага пабрацімства ў сферы культуры варта згадаць і Дні літаратур народаў СССР, якія праводзіліся ў Беларусі (1972) ды Казахстане (1974), Тыдзень беларускай літаратуры ў Казахстане (1974). А ў пару, калі нашыя дзяржавы ўжо сталі незалежнымі, праходзілі Дні Мінска ў Астане (2007), форумы культурнай ды навуковай інтэлігенцыі Беларусі й Казахстана ў Мінску (2008, 2009, 2011). Яшчэ згадваю, што на Першым з’ездзе беларусаў свету у Мінску ў 1993 годзе наш цэнтр прадстаўляў паэтычную кнігу Любові Шашковай “Дыялогі з надзеяй” (выдавецтва “Жазушы”, 1991).

Гартавалася дружба ў агні

Мы памятаем і свята зберагаем памяць аб тым, што менавіта ў Казахстане ў суровую пару знайшлі прытулак і працу амаль 11 тысяч працоўных і служачых, эвакуяваных у ваенныя гады з Беларусі, ды іх сямейнікі. У Казахстан, як вядома, былі эвакуяваныя калектывы Беларускага тэатра оперы і балета, Віцебскага драмтэатра (ён тады называўся Другі Беларускі Дзяржаўны тэатр (БДТ‑2) і быў створаны 21 лістапада 1926 года. У гады вайны тэатр з 1941 года працаваў ва Уральску, а затым (1943–44) — у Арэхава-Зуеве. У 1944‑м вярнуўся ў Віцебск, і ў тым жа годзе яму было надалзена імя Якуба Коласа. — Рэд.), многія кінематаграфісты. З архіўных дакументаў вядома, што толькі за перыяд з 4 верасня 1941‑га па красавік 1942 года віцебскія артысты далі 8 шэфскіх канцэртаў, 12 спектакляў і 21 канцэрт у вайсковых шпіталях.

У Алма-Аце знаходзілася ў эвакуацыі знакамітая салістка Беларускага тэатра оперы й балета Ларыса Александроўская. Яна выступала з вядомай казахскай спявачкай Куляш Байсеітавай у завадскіх цэхах і клубах Алма-Аты й Караганды, у вайсковых шпіталях і на прыфрантавой паласе. На алма-ацінскай кінастудыі ў 1942 годзе рэжысёр, ураджэнец Масквы Уладзімір Корш-Саблін стварыў першыя беларускія фільмы перыяду Вялікай Айчыннай вайны, так званыя “Белорусские новеллы”: “Пчёлка” і “Боевые друзья”. Першая кінастужка прысвечана барацьбе народных мсціўцаў на акупаванай беларускай зямлі, другая распавядае пра экіпаж танка “Беларусь”, які быў зроблены на ахвяраванні работнікаў тылу.

Праз казахстанскія стэпы ехаў у эвакуацыю пісьменнік Якуб Колас. А ва Уральску на гарадскіх могілках знайшоў у той жа крывавы год свой апошні прытулак вядомы беларускі пісьменнік Змітрок Бядуля — Самуіл Яфімавіч Плаўнік (1886–1941). (Сёлета дзякуючы намаганням многіх людзей нарэшце ўдалося на пачатку года перавезці ў Беларусь з Арала (так цяпер называецца горад па-казахску) парэшкі пісьменніка. Урачыстае перапахаванне Змітрака Бядулі адбылося дзякуючы аргпадтрымцы Мінінфармацыі, Мінкультуры Беларусі, намаганням актывістаў Фонду імя Марыі Магдалены Радзівіл, супрацоўнікаў Мінгарвыканкаму, Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры ды прыхільнікаў таленту пісьменніка. Цырымоніі грамадзянскага развітання й перапахаванне прайшлі ў Мінску 3 лістапада: у дзень смерці класіка. Ён цяпер спачывае на Усходніх могілках (26 сектар).

Вучоны­-фізік Леанід Гульніцкі ды яго нашчадкі

Леанід Гульніцкі

Многія з эвакуяваных у Казахстан і накіраваных у рэспубліку на працу й засталіся потым у стэпавым краі працаваць: бо часта ж у разбураную вайной Беларусь і вяртацца не было куды. Сярод іх і Леанід Вікенцевіч Гульніцкі (1908–1991) — доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар, заслужаны дзеяч навукі Казахскай ССР. Вядомы вучоны ў галіне логіка-тэарэтычных асноваў сучаснай фізікі, акцінаметрыі (навукі пра фізіку прамяністага абмену ды трансфармацыі прамяністай энергіі ў атмасферы Зямлі), рацыянальнай метралогіі, навукі аб метадах вымярэння розных відаў цеплавой радыяцыі. Адзначу, што прафесар Гульніцкі да вайны ўзначальваў геафізічную абсерваторыю ў Мінску, затым — у Алма-Аце. Ягоная сястра Зінаіда, завяршыўшы перад самай вайной вучобу ў медінстытуце, была гвалтоўна вывезена ў Германію для працы ў канцлагеры. Яна выжыла, вярнулася дадому з цяжкай формай туберкулёзу. Змагла пераадолець хваробу й выйшла замуж. Яе муж, інжынер-праекціроўшчык Вішнеўскі, прымаў удзел у праектаванні Капчагайскай ГЭС.

Нам вядома, што нарадзіўся Леанід Вікенцевіч 4 красавіка 1908 года ў Беларусі (цяпер Дзятлаўскі раён Гродзенскай вобласці) у сям’і сельскага настаўніка. (Паводле звестак у інтэрнэце, будучы вучоны нарадзіўся ў Баранавічах, што ў той час былі ў Наваградскім павеце Мінскай губерні. Цяпер Баранавічы — у Брэсцкай вобласці. — Рэд.) Закончыў Беларускі дзяржуніверсітэт імя У. І. Леніна ў 1930 годзе, выкладаў у адной з сярэдніх школ Віцебшчыны. Потым працаваў у Мінскім медінстытуце, сумяшчаючы педагагічную працу з навуковай: у галіне цеплафізікі. Першыя важныя для акцінаметрыі работы былі распачатыя ў 1934‑м у Мінскай геафізічнай абсерваторыі. У 1934–41 гадах ужо шмат было зроблена: яму ўдалося атрымаць і прааналізаваць вынікі сістэмных назіранняў над акцінаметрычнымі элементамі. А тое дало магчымасць маладому навукоўцу адкрыць шэраг новых заканамернасцяў у працэсах трансфармацыі прамяністай энергіі ў атмасферы ды зрабіць каштоўны ўнёсак у кліматалогію БССР. Матэрыял быў абагульнены ў кандыдацкай дысертацыі.

З 1941 года Леанід Гульніцкі выкладаў у Казахскім сельскагаспадарчым інстытуце, адначасова быў намеснікам дырэктара й загадчыкам сектара акцінаметрыі ды атмасфернай оптыкі Астрафізічнага інстытута АН КазССР. З 1945‑га беларус загадваў кафедрай фізікі Казахскага політэхнічнага інстытута. Вучоны зрабіў важкі ўнёсак у распрацоўку логікі фізікі, новую галіну навукі, адкрыўшы шэраг фундаментальных прынцыпаў і законаў фізікі (прынцыпы абсалютнай рэальнасці, першаснай лінейнасці, фарміравання мікрасвету, сіметрыі абсалютнага поля й законы існавання элементарнай часціны, сутнасці інэрцыі, абсалютнага часу ды іншыя). Ім выбудаваны й распрацаваны логіка-канцэптуальны курс фізікі.

На прыкладзе сям’і Леаніда Гульніцкага цікава назіраць, як зменьваюцца пакаленні казахстанскіх беларусаў. Сын вучонага Валеры прыехаў у Алма-Ату ўслед за бацькам, у 1956‑м закончыў геолага-разведачны факультэт Казахскага горна-металургічнага інстытута. І гэта быў трэці выпуск спецыялістаў па геафізічных метадах пошуку й разведкі радовішчаў карысных выкапняў. Валеры Леанідавіч стаў кандыдатам навук, прафесарам, членам-карэспандэнтам Міжнароднай акадэміі інфарматызацыі. Выкладаў доўгія гады ў Казахскім політэхнічным універсітэце, Казахска-Брытанскім тэхнічным універсітэце. 13 гадоў кіраваў геолага-разведачнымі партыямі. У Казахскім філіяле Усесаюзнага інстытута разведачнай геафізікі (ВИРГе) быў і старшым навуковым супрацоўнікам, і начальнікам партыі. Супрацоўнікі інстытута ажыццяўлялі ўкараненне ў геолага-разведачную вытворчасць прыкладной навукі. Да таго ж Валеры Леанідавіч добра ведаў беларускую мову, гісторыю, літаратуру й культуру Бацькаўшчыны, памятаў і чытаў на памяць вершы беларускіх паэтаў, сам пісаў вершы.

А цяпер у колах беларусаў Казахстана ўжо вядомы й Станіслаў Валер’евіч Гульніцкі, выпускнік геафізічнага факультэта Політэхнічнага інстытута. Абапіраючыся на вынікі працы бацькі ў бытнасць яго кіраўніком геафізічных партый, ён займаецца сейсмаразведкай нафты й газу ў Казахстане.

Леанід Піталенка, кіраўнік Рэгіянальнага Беларускага культурнага цэнтра, г. Алматы

Нумар у фармаце PDF

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».