Вы тут

Прыйшоў з Церабяжова. І туды вярнуўся


У палескай вёсцы шануюць памяць пра земляка — вядомага фалькларыста, даследчыка народнай культуры Васіля Ліцьвінку


Ля магілы Васіля Ліцьвінкі на вясковых могілках

З кандыдатам філалагічных навук, кіраўніком навукова-даследчай лабараторыі Беларускага дзяржуніверсітэта Васілём Ліцьвінкам (07.12.1941–12.07.2007) пазнаёміліся мы ў Мінску. Равеснікі з ім былі — я ж таксама родам з вогненнага 1941‑га. Мы абодва далучаныя былі з маленства да народнай палескай культуры, таму й разумелі адзін аднаго, як кажуць, з паўслова. Ён запрасіў мяне да сябе ў лабараторыю й прапанаваў новую, цікавую справу. Гаварыў, што вельмі важна далучаць моладзь да народных духоўных скарбаў, і што, на яго думку, трэба перадаваць досвед гэтай традыцыйнай культуры канкрэтным людзям — студэнтам філфака БДУ. Пагутарылі мы шчыра, прыгледзеліся адзін да аднаго. І ўрэшце я быў прыняты на працу: малодшым навуковым супрацоўнікам.

Спачатку, вядома ж, новая дзейнасць падавалася мне справай складанай: навуковыя канферэнцыі, студэнцкія семінары… Ці спраўлюся? Былі сумненні. Я ж да таго меў справу пераважна з самадзейнымі танцорамі з глыбінкі. Але з дапамогай, разумнымі парадамі Васіля Дзмітравіча паступова ўваходзіў у новы рытм жыцця. Станавілася ўсё лягчэй выконваць новыя абавязкі. Ды зусім не таму, што выкладчыцкі мой досвед раптам хутка прымножыўся. Проста я зразумеў: Тураўшчына, палешукі вельмі многаму мяне навучылі. Даў Бог шчасця з імі разам у суладдзі пажыць, шмат усяго пабачыць ды й паўдзельнічаць практычна ва ўсіх абрадавых дзеях, якія там ладзіліся. Бо адна справа — у кніжках нешта пачытаць, і зусім іншае — душою да народнай спадчыны дакрануцца. Знутры ў абрадах народных павібраваць іх жывою часцінкаю: у суладнасці з сабою, з людзьмі ды Сусветам. А такое ж ніяк не апішаш! І словамі-спевамі не перадасі. Вось была ў старажытных ведуноў, кажуць, такая патаемная дзея: ініцыяцыя. Пасвячэнне іншых, хто здольны веды ўмясціць, у вялікія таямніцы. То мяркую, што менавіта праз сам удзел у абрадах-містэрыях, праз жывое вібраванне ў той прасторы й адбывалася Пасвячэнне. Вядома ж, кожны браў з абрада нешта сваё: адны — толькі знешнія элементы, другія — у глыбіні светапоглядныя пранікалі. Кожнаму сваё…

Так і са студэнтамі ўніверсітэта было. У адных, помніцца, ад судакранання са скарбамі народнай культуры вочы адкрываліся, і яны вялікі свет па-іншаму пачыналі бачыць. А некаторыя высакамерна ўспрымалі палескія абрады толькі як нейкую танную забаўку-пацешку. Што, дарэчы, у нашым часе й не рэдкасць. Ды, мяркую, па вялікім рахунку мой палескі досвед быў карысны для многіх будучых філолагаў з Белдзяржуніверсітэта.

Мы з Васілём Дзмітравічам няшмат папрацавалі разам: 12 ліпеня 2007 года яго не стала. І ў мяне тады здарылася бяда — патрапіў я ў аўтааварыю, пасля якой працаваць ва ўніверсітэце ўжо было немагчыма. Засталіся ў душы маёй добрыя, светлыя ўспаміны пра цудоўнага чалавека, які прысвяціў жыццё вывучэнню й зберажэнню народных беларускіх традыцый, фальклору. З часам пры падтрымцы кіраўніцтва БДУ, выкладчыкаў і студэнтаў былі праведзены вечары памяці фалькларыста Васіля Ліцьвінкі. Мы згадвалі зробленае ім, гаварылі пра сучасны стан з вывучэннем, даследаваннем народнай культуры. Пры тым адзначалася, што ўдзячныя вучні (а жывуць яны і ў Расіі, Украіне, Польшчы) памятаюць жыццёвыя ўрокі свайго выкладчыка, улюбёнага ў народную культуру.

А гэтай восенню сябар фалькларыста, прадпрымальнік і пісьменнік Валеры Сарока ініцыяваў паездку на радзіму Васіля Дзмітравіча: у палескую вёску Церабяжоў Столінскага раёна Брэстчыны. Фотамайстар Васіль Кулікоў, тэлеаператар Аляксандр Гаварко разам са мной наведалі вясковую хату, дзе рос Васілёк, мясціны, па якіх бегаў рыбаліць з вудаю, ці з кошыкам у лес, ці дапамагаў матулі ўвосень капаць бульбу. Сустракаліся з ягоным дзядзькам Сашам, які вучыў Васіля спяваць. З добрымі словамі нас віталі вяскоўцы, прымалі-частавалі родзічы фалькларыста — Валянціна Аляксандраўна Грэчка з пляменнікам. Яны расказвалі-прыгадвалі, якім чулым, уважлівым да людзей чалавекам быў іх Васіль.

Сустрэча ў Церабяжоўскай сярэдняй школе

Яшчэ наведалі мы Церабяжоўскую сярэднюю школу, дзе вучыўся будучы навуковец Васіль Ліцьвінка. Гутарылі пра вядомага вучня з дырэктарам школы Вадзімам Мікалаевічам Шпакевічам, яго намесніцай па вучэбна-выхаваўчай рабоце Алёнай Васілеўнай Адамчук, настаўніцай рускай мовы й літаратуры Ларысай Фёдараўнай Лугіной. Нам паказалі й школьны музей. У ім ёсць матэрыялы пра землякоў, якія ваявалі за Радзіму, і пра старанных працаўнікоў з Церабяжова, пра былых вучняў, якія прымнажаюць славу сваёй малой радзімы. Ёсць аповеды й пра тых, хто па розных прычынах аказаўся за межамі Беларусі, але не парывае повязяў з Бацькаўшчынай, Церабяжамі — наведваецца дадому. На стэндах у музеі пабачылі здымкі Васіля Ліцьвінкі, ягоныя кніжкі, ягоны запавет маладзейшым: шанаваць родную зямлю, паважаць традыцыі продкаў.

Апошні спачын Васіля Ліцьвінкі — на вясковых могілках. На помніку надмагільным ён выяўлены ў саламяным брылі, у вышыванай кашулі. Мы ўсклалі кветкі на магілу, а высокія церабяжоўскія сосны церушылі паціху долу жоўтую восеньскую ігліцу.

Ён вярнуўся дадому, годна прайшоўшы свой зямны шлях. І памяць пра Васіля Ліцьвінку ў беларускім свеце — жывая.

Мікола Котаў, сябра, фалькларыст, аднадумца

Нумар у фармаце PDF

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.