Вы тут

Тэкстыльныя творы расійскіх мастакоў прадстаўлены на выстаўцы ў Мінску


Выстаўка Усерасійскага музея дэкаратыўнага мастацтва «Эпоха, людзі, жыццё. Прастора мастацтва ХХ стагоддзя» працуе ў філіяле Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі — Музеі гісторыі беларускага кіно, піша БЕЛТА.


Выстаўка «Эпоха, людзі, жыццё. Прастора мастацтва ХХ стагоддзя» — гэта частка шматгадовай комплекснай праграмы «Спадчына Садружнасці. Традыцыі для будучыні», якая рэалізуецца Усерасійскім музеем дэкаратыўнага мастацтва на прасторы СНД з 2015 года. Аднак у Мінску прадстаўлена толькі частка экспанатаў. «Мы задумвалі выстаўку, якая была б прысвечана ўсяму ХХ стагоддзю ў дэкаратыўным мастацтве. На жаль, пандэмія ўнесла свае карэктывы. І мы зрабілі такую прэлюдыю, магчыма, да больш значнага праекта наступнага года», — сказала галоўны саветнік Усерасійскага музея дэкаратыўнага мастацтва Галіна Андрэева.

«На выстаўку мы прывезлі тэкстыльныя творы вядучых расійскіх мастакоў ХХ — ХХІ стагоддзяў. У асноўным гэта творы 1980-х гадоў, калі мы яшчэ былі аб’яднаны агульнай прасторай і агульнай дзяржавай. Творы прадстаўляюць розных мастакоў Расіі, якія атрымлівалі высокія прэміі на міжнародных і ўсерасійскіх выстаўках. Тут вы ўбачыце тканіны, напрыклад, якія ствараліся на знакамітай фабрыцы „Чырвоная Ружа“, заснаванай у канцы XIX стагоддзя французамі ў Маскве. На жаль, гэта прадпрыемства спыніла сваё існаванне ў канцы ХХ стагоддзя, але вядучыя мастакі фабрыкі на выстаўцы прадстаўлены выдатнымі эскізамі», — адзначыла Галіна Андрэева.

Экспазіцыя знаёміць з гатовымі работамі і контурнымі эскізамі хустак на кальцы Растана Тавасіева, узорамі тканін, вырабленымі па эскізах Ларысы Рубцовай і Таццяны Ціхаміравай. Для наведвальнікаў падрыхтавалі калекцыі ўбораў Вольгі Смірновай, размаляваных у тэхніцы халоднага і гарачага батыку. Уражваюць сукенкі і аксесуары Людмілы Вядзенскай, зробленыя з абрэзкаў розных тканін.

У сваім відэапаведамленні намеснік міністра культуры Расіі Ала Манілава акцэнтавала ўвагу на тым, што супрацоўніцтва з Беларуссю для іх з’яўляецца прыярытэтным. «Пандэмія змяніла планы ўсёй культурнай супольнасці, амаль усе мерапрыемствы перанесены ў анлайн-фармат, але нягледзячы на ўсе выпрабаванні, расійска-беларускае культурнае супрацоўніцтва застаецца бесперапынным і абсалютна прыярытэтным для нас. У гэтым годзе праграма „Спадчына Садружнасці. Традыцыі для будучыні“ адзначае сваё пяцігоддзе. Яе ядром з’яўляецца выставачная дзейнасць, якая прадстаўляе спадчыну і сучасны напрамак мастацтва краін Садружнасці», — рэзюмавала яна.

Дырэктар Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі Павел Сапоцька запэўніў, што ў наступным годзе выстаўка будзе арганізавана ў пашыраным фармаце. «Беларуска-расійскае ўзаемадзеянне ў сферы культуры заўсёды напоўнена рознымі праектамі. Усе праграмы па лініі Саюзнай дзяржавы прадаўжаюць рэалізоўвацца. Я хачу запэўніць, што ў наступным годзе ў нас будзе вялікая выстаўка, з выданнем каталога з міжнародна-практычнай канферэнцыі, таму што вельмі важны дыялог і абмен думкамі», — сказаў дырэктар музея.

Арганізатарамі выстаўкі выступаюць Міністэрства культуры Расіі, Міністэрства культуры Беларусі, Нацыянальны гістарычны музей Беларусі, Усерасійскі музей дэкаратыўнага мастацтва пры падтрымцы Фонду развіцця Усерасійскага музея дэкаратыўна-прыкладнога і народнага мастацтва і падтрымкі творчых ініцыятыў.

Наведаць яе можна па 10 снежня.

Прэв’ю: БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.