Вы тут

Спявачка Влада: Вялiкае шчасце, калi ў цябе ёсць сям'я


Упершыню яна выйшла на сцэну ва ўзросце шасцi гадоў. Тады, у далёкiм 1991-м, маленькая дзяўчынка стала пераможцай у вядомым тэлевiзiйным конкурсе «Тэлебом», пасля чаго будучую зорку заўважыў Васiль Раiнчык i запрасiў у ансамбль «Верасяты». Сёння сольная кар'ера спявачкi прыносiць ёй шматлiкiя ўзнагароды, выходзяць новыя сiнглы i клiпы, яе песнi гучаць у рэйтынгавых тэлепраграмах i на радыёстанцыях. За плячамi вакалiсткi — вялiкi тур па гарадах Беларусi, якi яна паспела здзейснiць да пачатку пандэмii. Але, нягледзячы на шматлiкiя дасягненнi ў кар'еры, самым каштоўным для сябе яна лiчыць сям'ю. Пра гэта i не толькi мы паразмаўлялi з таленавiтай зоркай беларускай эстрады, жонкай, мацi i проста прыгажуняй спявачкай Владай.


Фо­та Аляк­сея КАН­ДРА­ЦЮ­КА.

Жыццё падчас самаiзаляцыi

— 2020 год унёс свае карэктывы, таму можна сказаць, што мы нанава адчулi радасцi сямейнага жыцця. Калi ў сакавiку «селi» на самаiзаляцыю, я ўвогуле адчула тое ж, што i ў дэкрэце — быццам пражываеш «дзень сурка», усё паўтараецца... Гэта спачатку было настолькi нязвыкла, часам нават крыўдна, таму што я ўсё сваё жыццё прысвяцiла песнi, а тут, калi нават i вельмi захацела б паехаць з канцэртам, проста ўжо фiзiчна не можаш гэтага зрабiць. Аднак гэты час, мне здаецца, я правяла з карысцю: пачала запiсваць песнi, адна ўжо ў рабоце, паралельна працуем над новым праектам разам з выканаўцам Alen Hit, аўтарам многiх маiх песень. Менавiта ў гэты цяжкi для ўсiх нас перыяд мы i ўвялi традыцыю сямейных вячэр на прыродзе, каля вогнiшча. Дачцэ Iларыi вельмi падабаецца смажыць на агнi, я нават жартую, што хутка будзем запякаць якога-небудзь парсючка на ражне, бо нам так падабаецца працэс прыгатавання (смяецца). Сямейнае жыццё настолькi мяне змянiла, што я ўжо не ўпэўнена, што хачу бегчы ў тым рытме, у якiм знаходзiлася апошнiя два гады. Тады я выступала з вялiкiм турам па гарадах Беларусi, дзе сама з'яўлялася i арганiзатарам, i артысткай, гэта была вельмi вялiкая, напружаная праца. I вось менавiта 2020-ы дазволiў зразумець, што вялiкае шчасце, калi ў цябе ёсць сям'я — твой тыл, твая падтрымка.

Пра дзяцiнства i мацярынскi клопат

— Я з самага дзяцiнства заўсёды была занятая, марыла стаць спявачкай, i дзякую бацькам, якiя, не маючы вялiкага дастатку, дапамагалi i падтрымлiвалi. Рада, што маё дзяцiнства прайшло менавiта так: не было часу нi на гульнi, нi на бяздумнае бадзянне з дрэннымi кампанiямi. Я спявала, была ўвесь час занятая, бо iснавала мэта — сцэна, нават з хлопцамi не сустракалася, бо не было на гэта часу (смяецца). Але для дачкi такога лёсу, шчыра, не хацела б. Быць спявачкай — гэта сапраўды цяжкi хлеб: сёння ў цябе ёсць работа, ты запатрабаваны, заўтра — з'явiцца новая спявачка, i пра цябе могуць забыць. Вось ужо другi год займаемся фiгурным катаннем — гэта было яе жаданне. Пяць разоў на тыдзень у нас трэнiроўкi, нагрузка вельмi вялiкая, гэта я магу сказаць усiм матулям. Яшчэ наведваем мадэльную школу. Аказалася, у Iларыi для гэтага ёсць усе даныя, тым больш там развiваюць цудоўныя навыкi, якiмi варта валодаць любой дзяўчынцы.

Падтрымка мужа

— Мяне вельмi падтрымлiвае муж. Ён займаецца аўтабiзнесам i не хоча публiчнасцi, гэта яго права, якое я, дарэчы, паважаю i падзяляю думку, што шчасце любiць цiшыню. Мы даўно вырашылi, што ў нашай сям'i толькi адна «зорка» — я (смяецца). Увогуле, залог добрых сямейных адносiн — каб мужчына ўдзельнiчаў ва ўсiх сямейных мерапрыемствах, гэта вельмi важна. Муж любiць бавiць час разам, аднак урокамi займаюся выключна я. Лiчу, што да чацвёртага класа з дзiцем трэба рабiць урокi, i гэта справа выключна жанчыны — дзесьцi растлумачыць, дапамагчы лiтарку прыгожа напiсаць (усмiхаецца). Бывае, думаю, калi б мяне аднойчы паставiлi перад выбарам (а я вельмi люблю сцэну): умоўна кажучы, не нараджай, спявай песнi, i ты атрымаеш «Grammy» — я разумею, што не трэба мне гэтая ўзнагарода (смяецца). Усё роўна я за сям'ю, мне здаецца, гэта самае важнае, што ёсць у чалавека.

Фінансавы складнік

— За фiнансы ў нас адказвае галава сям'i. Наогул, у мяне ёсць класiчная мадэль разумення сям'i, у якой мужчына — здабытчык, ахоўнiк, лiдар. Тры важныя якасцi. У нас ёсць такое паняцце, як «жаночыя» грошы. Дабiцца гэтага насамрэч складана, бо ведаю вялiкую колькасць сем'яў, дзе разышлiся менавiта з-за фiнансавай недамоўленасцi. Я не жонка мужчыны-мiльярдэра, якой няма чаго рабiць. Я артыстка i павiнна выпускаць якасныя песнi, а гэта, вядома, патрабуе вялiкiх выдаткаў. Таму на ганарары ад канцэртаў я набываю, напрыклад, канцэртныя сукенкi, здымаю клiпы — такiм чынам акумулюю свае грошы, зноў жа, у творчасць. А ўсё, што датычыцца побыту, — гэта на мужчыне. Мы так дамовiлiся, i пакуль спрэчак на гэты конт не было.

Падарункi i агульныя iнтарэсы

— Для мяне каштоўныя адносiны мужа, што выклiкаюць асаблiвыя пачуццi, а не нейкiя там матэрыяльныя рэчы, якiх, вядома, хапае. З iм я адчула сябе па-сапраўднаму жанчынай, зразумела, што такое «моцнае плячо», гэта насамрэч крута, асаблiва калi прывыкла заўсёды разлiчваць толькi на сябе.

На маю думку, у сужэнцаў павiнны быць агульныя iнтарэсы, бо як толькi кожны пачынае глядзець у свой бок — гэта вядзе да астывання i расстання. Пажадана iсцi побач адно з адным, а яшчэ лепш разам, узяўшыся за рукi. Напрыклад, у нашай сям'i агульнае захапленне — гэта вандроўкi. Мы доўгi час па розных прычынах не маглi сабе гэтага дазволiць. Актыўна пачалi падарожнiчаць толькi апошнiм часам, у нас ужо ёсць свой «спiс»: акрамя Турцыi i Егiпта, наведалi Дамiнiкану i некаторыя iншыя краiны. Абавязкова стараемся наведваць беларускiя санаторыі. Увогуле, сямейныя традыцыi прыдумваю я. Вось яшчэ адна з iх — рабiць калажы з фотаздымкамi i подпiсамi пра тое, што адбывалася з намi за пэўны перыяд. Гэта вельмi важна i, мне здаецца, цудоўна, калi пра дарагiя сэрцу моманты ў жыццi нам нагадвае вось такi самаробны сямейны летапiс!

Мамы i дочкi

— Са сваёй сям'i я прынесла разуменне таго, што трэба дапамагаць дзiцяцi ва ўсiх яго пачынаннях — так было ў маiм жыццi. Цяпер я хачу, як у свой час мая мама, падтрымаць i сваю дачушку. Строгая мацi — гэта зусiм не пра мяне (смяецца). Як i ўсе, я раблю памылкi, аднак ужо цяпер, калi майму дзiцяцi восем гадоў, разумею, што я менавiта мама-сяброўка. Так склалася, што мая матуля Ларыса Iванаўна для мяне таксама блiзкая сяброўка, а яшчэ добры псiхолаг — калi што здараецца, адразу ж тэлефаную ёй (усмiхаецца). Яна нам вельмi дапамагае i вырашае шмат пытанняў. Калi з'язджаю на гастролi цi здымкi, Iларыю адпраўляем да яе, таму дачка вельмi прывыкла да бабулi, нават iмёны ў iх сугучныя. У сям'i мы часам называем дачушку Ларай, i ўсе, хто чуе, думаюць, што гэта iмя Ларыса. Мы адказваем, што Ларыса — гэта Лора (так у блiзкiм коле называюць маю матулю). Таму ў сям'i ў нас — Лора i Лара. Такое незвычайнае iмя для дачкi я знайшла ў «Энцыклапедыi маладой сям'i» за 1978 год, яно неяк адразу спадабалася, падалося падобным да мамiнага. Там жа я некалi знайшла i свой творчы псеўданiм — Влада. Звычайна, калi iду па вулiцы i чую iмя Вiка, нiколi не азiраюся: так ужо прызвычаiлася, што мяне ведаюць менавiта як Владу. Вiкай мяне называюць толькi самыя блiзкiя людзi.

Вла­да з дач­кой Iла­ры­яй. Фо­та Маi НО­ВI­КА­ВАЙ.

Берагчы тое, што маеш

Для многiх дзяўчатак важна проста выйсцi замуж, надзець белую сукенку, бо хочацца свята. Можа, гэта не зусiм правiльна, аднак у нейкiм сэнсе гэта датычылася i мяне, калi я выходзiла замуж першы раз. Цяпер жа скажу, што шлюб не павiнен быць самамэтай. Я, напрыклад, не магу быць адна, i сёння знаходжуся побач з чалавекам, з якiм камфортна iсцi па жыццi, з якiм весела i цiкава. У мяне былi знаёмыя, якiя ўвесь час сварылiся, нават звярталiся да псiхолага, аднак у iх было адно захапленне — яны вельмi любiлi збiраць грыбы, а пасля сушыць, варыць, салiць i г. д. I атрымлiваецца, што ў перыяд з лiпеня да позняй восенi яны жылi душа ў душу, а ўвесь астатнi час — не. Павiнен быць нейкi агульны iнтарэс. Мая парада маладым сужэнцам — трэба знайсцi тое, што вас аб'ядноўвае. Зразумела, калi з'яўляюцца дзецi, у жанчыны змяняецца вектар, гэта натуральна — дзiўна, калi было б неяк па-iншаму. I не сакрэт: дзесьцi трэба ладзiць рамантычныя вечары, пабыць удваiх, пайсцi ў кiно цi проста дома разам паглядзець фiльм. Знайдзiце бабулю-памочнiцу, да якой з радасцю паедзе ваша дзiця, i вы будзеце разумець, што яму там добра. I, вядома, раю доўга не сварыцца. Мы таксама не iдэальная пара, зразумела, калiсьцi можам i паспрачацца, але ў нас няма доўгага перыяду маўчання. Неабходна цанiць, любiць i берагчы тое, што маеш, i няхай цацкi параскiданыя па ўсёй кватэры, аднак галоўнае, што вам класна разам — i вялiкае шчасце, што вы ёсць адно ў аднаго!

Запiсала Надзея ЗУЕВА

Фота з асабiстага архiва спявачкi

Выбар рэдакцыі

Культура

Акцёр РТБД — пра прызванне, ахвяры дзеля ролі і місію тэатра

Акцёр РТБД — пра прызванне, ахвяры дзеля ролі і місію тэатра

«Я разумеў, які цяжкі матэрыял трэба будзе ўвасобіць на сцэне».

Гараскоп на тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Цяльцам лепш не прымаць паспешлівых рашэнняў.

Спорт

Галоўны дырэктар Дырэкцыі тэлеканала «Беларусь 5» распавёў «Звяздзе», чым жыве «спартыўны холдынг»

Галоўны дырэктар Дырэкцыі тэлеканала «Беларусь 5» распавёў «Звяздзе», чым жыве «спартыўны холдынг»

«Галоўная задача „Беларусь 5“ — паказваць беларускаму гледачу беларускі спорт».