Вы тут

Трэцi раз замужам


Калi адзiн знаёмы калега аформiў шлюб трэцi раз, у размовах ён любiў праводзiць розныя аналогii i цытаваць вядомых людзей. Маўляў, што Дастаеўскi быў тры разы жанаты, i амаль вывеў тэорыю, нiбыта трэцi шлюб бывае самы ўдалы. Дыпламатычны Кабзон наогул любiў выказацца прыгожа, ну i пры гэтым, з сэнсам. Вядомае яго: «Я тры разы быў жанаты i кожны раз шчаслiвы». Вiдаць, гэта i праўда, не так рэдка здараецца з мужчынамi.


А вось калi жанчына, не спявачка, не актрыса, не паспяховая бiзнес-лэдзi, а звычайная працаўнiца тры разы выходзiць замуж, такое, бывае, i насцярожвае. Асаблiва тых, хто лепей за ўсiх ведае, гатовы ўсiх асуджаць i ўсiм ярлыкi вешаць. Выходзiць, не варта на iх зважаць, наогул грамадская думка — не лепшы дарадца, асаблiва ў такiх пытаннях. Пра гэта не так даўно гаварылi з цiкавай жанчынай, якую давялося сустрэць у адной з маiх экспедыцый па маленькiх вёсках. Яна, яшчэ даволi маладая, мiлавiдная жанчына, стараста вёскi, працаўнiца, якiх пашукаць.

Аб чым шкадуе ў жыццi, дык толькi аб тым, што адукацыю добрую ў свой час не атрымала. Так сталася, што Людмiлу мацi адна гадавала. Зусiм нядрэнна вучылася, але паступаць у ВНУ нават не стала, бо пабаялася ехаць у сталiцу, каб не выглядаць белай варонай. Яе аднакласнiкi, дзецi калгасных спецыялiстаў ды i проста больш забяспечаных бацькоў, у 90-я гады мелi модныя джынсы-курткi, грошы на кiшэнныя расходы. А яна прасiць у мацi не пасмела б, бачыла, як тая жыве, ды i пайшла на работу пасля школы, добра, за некалькi кiламетраў была птушкафабрыка. Ну, а там хутка закахалася ў маладога майстра, замуж выскачыла зусiм маладая. Сын нарадзiўся, жылi здаецца, i нядрэнна, але ж муж любiў выпiваць. I гэтыя яго вечныя паляваннi-рыбалкi з сябрамi, з якiх яго прывозiлi амаль у «непад'ёмным» стане, спачатку цярпела. Потым стала сварыцца, яго бацькам скардзiцца. Нiчога не дапамагала. Цвярозы, ён прасiў прабачэння, абяцаў выправiцца, больш нiколi ў рот не браць. «Нiколi» канчалася ў наступныя выхадныя, калi навязлiвыя сябрукi зноў падбухторвалi на выезд. I невядома, як было б далей, але аднойчы такi вось выезд скончыўся трагедыяй. Той, што быў за рулём, таксама нецвярозы, зусiм амаль не пацярпеў, а ён адразу — насмерць. Так засталася ўдавою.

Яе, старанную гаспадыню, руплiвiцу на рабоце, праз колькi гадоў прыкмецiў чалавек з суседняй вёскi. Таксама як быццам працавiты: усё ў дом. Працаваў у калгасе кiроўцам, прыязджаў у сваты некалькi разоў, маляваў перспектывы сумеснага жыцця, вялiкi дом абяцаў пабудаваць. Яна неяк усё раздумвала, нiбы чаго пабойвалася. Але ўся вясковая грамада ў адзiн голас раiла: не марудзь, дзеўка, не лавi варон, такiя на дарозе не валяюцца. Ну i згадзiлася. Справiлi вяселле, сцiплае, для самых блiзкiх. Праз некаторы час дачушка нарадзiлася. Дом, як i абяцаў, пабудаваў. А яна ўжо старалася, каб было i чыста, i прыгожа, i нагатавана, i напрасавана. Але муж часцей быў незадаволены, усё прыдзiраўся па дробязях. А калi здаралася выпiць, стаў руку падымаць. Далей — болей. Стала падумваць пра развод, дома шкада было, столькi ўкладзена душы i працы. Але ж калi зрабiлася зусiм невыносна, прыняла рашэнне. Праўда, да гэтага столькi было выплакана i выпакутавана. «Нiколi не думала, што так можа быць у жыццi, раней толькi чытала пра хатнi гвалт, — расказвае Люда. — А тут бывала, спаць клалася ў куртцы, каб хутчэй выбягаць, калi холадна на вулiцы». Ну i адважылася. Сышла раз i назаўсёды. Узяла крэдыт на рэканструкцыю старой хаты, яшчэ бабулiнай. Сын падрос, ужо вучыўся ў каледжы. З дачкой ягады-грыбы летам збiралi, каб яе ў школу адправiць. Неяк выкручвалiся.

З Васiлём пазнаёмiлася выпадкова, у палiклiнiцы. Стаў заязджаць. Тут ужо вясковая грамада выказала рашучую непрыязь. Ну як жа, яна такая станоўчая, нацярпелася ў сваiм жыццi, а ён сядзеў у турме. На жаль, было такое ў яго бiяграфii. Трапiў па маладосцi ў непрыемную гiсторыю. Але ж яна ўжо не юная, каб у людзях не разбiрацца. Ён расказаў, як яго падставiлi, як сутыкнуўшыся з людской подласцю, разгубiўся i па сутнасцi адседзеў за чужое злачынства. I яна верыла. Але думала, сумнявалася. На святы ён часам дарыў прыгожыя глянцавыя часопiсы. У адным з iх прачытала iнтэрв'ю з Iрынай Хакамадай. Тая гаварыла, што не вельмi верыць сацыёлагам, якiя сцвярджаюць, што людзi зараз не хочуць жанiцца, выходзiць замуж. Проста яны не знайшлi пакуль свайго чалавека — сцвярджала медыйная персона. «Вось гэта i стала тады вырашальным, я згадзiлася. Зараз нарэшце адчула душэўны спакой, якога раней не мела. Дадому iду з ахвотай. Што можа быць лепшым за гэта?» — казала мая суразмоўнiца.

I праўда, сустрэць свайго чалавека вялiкае шчасце, не кожнаму выпадае. I хоць жыве яна цяпер не ў прасторным доме, а ў невялiкай утульнай бабулiнай хаце, ружы ў яе на падворку ў лiстападзе цвiтуць. Iншыя ўжо даўно зрэзалi ссохлыя бутоны, укарацiлi галiнкi, укрылi кусты апалым лiсцем да вясны. А ў яе каля ганка распусцiлiся жоўта-аранжавыя шыкоўныя кветкi i раскошна блiшчаць пад цяжкiмi кроплямi расы. Даглядаць умее цi сарты ведае?

Святлана ЯСКЕВIЧ

Фота: informburo.kz

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.