Памiж украiнскiм лiдарам Уладзiмiрам Зяленскiм i Канстытуцыйным судом краiны разгортваецца маштабны канфлiкт. Яго прычынай стала рашэнне iнстанцыi абмежаваць паўнамоцтвы Нацыянальнага агенцтва па пытаннях прадухiлення карупцыi (НАПК). Гэта выклiкала рэзкую рэакцыю ў офiсе кiраўнiка дзяржавы. Упершыню ў гiсторыi краiны ў Вярхоўную раду быў унесены законапраект аб змене ўсяго судзейскага складу, паведамiў rt.com. Занепакоенасць пастановай КСУ выказалi i на Захадзе, прыгразiўшы прыпыненнем бязвiзавага рэжыму для ўкраiнцаў. Чаму ва Украiне паглыбляецца супрацьстаянне памiж Канстытуцыйным судом i офiсам прэзiдэнта краiны i да чаго гэта можа прывесцi?
Мяжа кантролю
У канцы кастрычнiка Канстытуцыйны суд Украiны квалiфiкаваў палажэннi закона «Аб папярэджаннi карупцыi» як неадпаведныя Канстытуцыi, тым самым пазбавiўшы многiх паўнамоцтваў Нацыянальнае агенцтва па прадухiленнi карупцыi. З такой iнiцыятывай да КС звярнулiся ў жнiўнi 47 народных дэпутатаў Вярхоўнай Рады, большасць з якiх — прадстаўнiкi «Апазiцыйнай платформы — За жыццё». Парламентарыi лiчаць немэтазгодным наступленне крымiнальнай адказнасцi за паведамленне заведама недакладных даных у дэкларацыi або наўмысную непадачу дэкларацыi.
Канстытуцыйны суд задаволiў патрабаванне дэпутатаў. Таксама суддзi вынеслi пастанову аб тым, што паўнамоцтвы НАПК парушаюць Канстытуцыю краiны, у якой замацаваны падзел заканадаўчай, выканаўчай i судовай галiн улады. Як адзначыў gazeta.ru кiраўнiк Украiнскага iнстытута аналiзу i менеджменту палiтыкi Руслан Бортнiк, антыкарупцыйная вертыкаль ва Украiне, якая дзейнiчала да гэтага рашэння КС, была запушчана яе заходнiмi партнёрамi. Увядзенне электроннага дэкларавання для ўсiх чыноўнiкаў фактычна дазволiла iм атрымаць кантроль над судовай сiстэмай. «Яны пачалi кантраляваць падачу дэкларацый, правiльнасць iх запаўнення i нават спосаб жыцця суддзяў Украiны. Рашэнне Канстытуцыйнага суда зводзiцца да таго, што электроннае дэклараванне суддзяў павiнна быць, але весцi яго мусiць не орган выканаўчай улады ў асобе НАПК, паколькi гэта ўмяшанне выканаўчай галiны ўлады ў дзейнасць судовай. На думку КС, гэтым павiнны займацца органы судзейскага самакiравання — Вышэйшы савет правасуддзя i Савет суддзяў», — тлумачыць эксперт. Гэта значыць, у рашэннi Канстытуцыйнага суда гаворка iдзе пра тое, хто будзе кантраляваць судовую сiстэму. «Яна будзе кантралявацца цi ўкраiнскiмi элiтамi, цi гэтай антыкарупцыйнай вертыкаллю, якая насычана людзьмi [экс-прэзiдэнта Украiны Пятра] Парашэнкi i нярэдка прадстаўляе iнтарэсы заходнiх партнёраў Украiны», — удакладнiў Руслан Бортнiк.
Знешнiя кiраўнiкi
Рашэнне суда справакавала рэакцыю Захаду. Кiраўнiк прадстаўнiцтва Еўрасаюза ва Украiне Мацi Маасiкас, а таксама часовы павераны ў справах ЗША ва Украiне Крысцiна Квiн у той жа дзень сустрэлiся з кiраўнiком Канстытуцыйнага суда Аляксандрам Тупiцкiм.
Рэпутацыя Украiны ў вачах заходнiх партнёраў апынулася пад пагрозай — стварэнне НАПК як агенцтва, якое павiнна займацца зборам i аналiзам электронных дэкларацый аб даходах дзяржаўных служачых, было адной з умоў бязвiзавага рэжыму з ЕС.
Стабiльнае функцыянаванне антыкарупцыйнай сiстэмы ў краiне — гэта па-ранейшаму адзiн з ключавых пунктаў для атрымання фiнансавых траншаў ад партнёраў Украiны. Еўрасаюз непасрэдна заклiкаў адмянiць рашэнне КС, адзначыўшы, што яно падрывае выкананне мiжнародных абавязацельстваў Кiева, неабходных для атрымання €1,2 млрд. макрафiнансавай дапамогi ад ЕС i захавання бязвiзавага рэжыму. «Рашэнне Канстытуцыйнага суда Украiны ад 27 кастрычнiка па шэрагу элементаў антыкарупцыйнага заканадаўства будзе мець самыя шырокiя наступствы для ўсёй антыкарупцыйнай iнфраструктуры ва Украiне», — адзначаецца ў распаўсюджанай заяве знешнепалiтычнай службы Еўрасаюза.
Мiж тым, дэпутаты, якiя звярнулiся ў Канстытуцыйны суд, абгрунтоўваюць сваё рашэнне неабходнасцю лiквiдаваць механiзм кантролю над усiмi ўкраiнскiмi чыноўнiкамi, якi вядзецца Захадам.
«Уся сiстэма так званых антыкарупцыйных органаў служыць выключна адной мэце: трымаць на кручку знешнiх кiраўнiкоў увесь палiтычны i кіруючы клас Украiны. Адсюль i ўсё выццё з нагоды сённяшняга рашэння Канстытуцыйнага суда, што пазбаўляе Захад часткi (далёка не ўсiх) iнструментаў татальнага кантролю над усiмi ва Украiне», — напiсаў у Facebook адзiн з аўтараў звароту ў КС дэпутат Алег Валошын.
Прэзiдэнт Украiны вырашыў наўпрост умяшацца ў сiтуацыю. Уладзiмiр Зяленскi сабраў экстранную нараду Савета нацбяспекi Украiны, каб абмеркаваць рашэнне КС. «Мы вымушаныя канстатаваць, што ў апошнi час з'явiлiся прыкметы таго, што асобныя суб'екты спрабуюць перагледзець ключавыя часткi грамадскай дамовы ва Украiне, якiя прадугледжваюць нулявую талерантнасць да карупцыi i любой формы непразрыстасцi ў дзяржаўным кiраваннi. Гэта недапушчальна», — заявiла прэс-служба прэзiдэнта па вынiках сустрэчы.
Не хапае паўнамоцтваў
У паведамленнi таксама адзначалася, што неабходныя законапраекты, якiя прадухiляць узнiкненне падобных крызiсных сiтуацый у далейшым, будуць распрацаваны i ўнесены прэзiдэнтам у Вярхоўную раду як неадкладныя. Пасля пасяджэння Зяленскi ўнёс у парламент законапраект аб звальненнi ўсiх членаў Канстытуцыйнага суда. Аднак праблема ў тым, што Рада не надзелена такiмi паўнамоцтвамi i, паводле Канстытуцыi, адпраўляць членаў КС у адстаўку могуць толькi самi суддзi шляхам галасавання.
Пасля прэзiдэнт апублiкаваў на сваёй старонцы ў Facebook пост, у якiм заявiў, што рашэнне Канстытуцыйнага суда накiравана асабiста супраць яго. «Я дакладна ведаю, што сённяшнi дэмарш Канстытуцыйнага суда — гэта публiчнае праяўленне змовы часткi старых элiт i алiгархаў супраць прэзiдэнта i супраць краiны. Нiяк iнакш», — напiсаў кiраўнiк краiны. Зяленскi растлумачыў, што суддзi сваiмi дзеяннямi фактычна «супрацьпаставiлi сябе дзяржаве i грамадству», iмкнучыся захаваць «касту недатыкальных». «Iнакш яны не ўмеюць. Як там кажуць — на Хэлаўiн усе чэрцi з палiтычнага пекла адкрываюць свае сапраўдныя твары. Так супала», — заўважыў прэзiдэнт Украiны. На яго думку, члены КС «доўга сядзелi ў засадзе», пакуль не пачалiся праверкi дэкларацый чыноўнiкаў. «I вось тут яны ўсе спалохалiся. Вельмi моцна. I адразу захацелася выйсцi з усiх дамоўленасцяў па стварэннi iншай, празрыстай рэальнасцi. Знойдзены фармальныя падставы. I раптам Суд у паскораным фармаце пачынае разглядаць i адмяняць фундаментальныя законы», — выказаў сваю версiю падзей Уладзiмiр Зяленскi.
Акрамя таго, прэзiдэнт прыняў удзел у ток-шоу «Свабода слова», у якiм зноў паўтарыў сваю пазіцыю, падкрэслiў, што не збiраецца адклiкаць законапраект, i нават дапусцiў роспуск парламента. Паралельна з гэтым, як паведамляюць мясцовыя СМI, Зяленскi сустракаўся з дэпутатамi сваёй партыi «Слуга народа», каб пераканаць iх падтрымаць законапраект аб звальненнi суддзяў. Аднак, паводле iнфармацыi strana.ua, у шэрагах кiруючай партыi iнiцыятыва прэзiдэнта выклiкала збянтэжанасць з-за яе неадпаведнасцi Канстытуцыi.
2 лiстапада ў ходзе пасяджэння пагаджальнага савета кiраўнiкоў фракцый i камiтэтаў парламента катэгарычна супраць падтрымкi законапраекта кiраўнiка дзяржавы выказалiся «Апазiцыйная платформа — За жыццё», «Еўрапейская салiдарнасць» Пятра Парашэнкi, «Бацькаўшчына» Юлii Цiмашэнкi i дэпутацкая група «За будучыню».
«Прапанаваны законапраект неканстытуцыйны. Ён супярэчыць iснуючым нормам заканадаўства ў частцы тэрмiнаў паўнамоцтваў суддзяў, якiя нельга ўзяць i вось так абмежаваць, фактычна пазбавiўшы суд гарантый незалежнасцi. Унясенне законапраекта ў такой рэдакцыi можа быць падставай для iмпiчменту прэзiдэнта. Што ж датычыцца дэпутатаў, тых, хто галасуе за прыняцце закона i найгрубейшым чынам парушае Канстытуцыю Украiны, то iх дзеяннi таксама можна разглядаць у рамках Крымiнальнага кодэкса, а менавiта як захоп дзяржаўнай улады i ўмяшанне ў работу Канстытуцыйнага суда Украiны», — заявiў strana.ua юрыст Расцiслаў Кравец.
Матыў для «майдана»
Як заўважыў намеснiк дырэктара Iнстытута гiсторыi i палiтыкi МПДУ Уладзiмiр Шапавалаў, паслы краiн G7 занепакоеныя адсутнасцю ва Украiне зрухаў у пытаннi барацьбы з карупцыяй. «На Захадзе прынята закрываць вочы на тыя карупцыйныя схемы, якiя ёсць ва Украiне, але гэтая сiтуацыя з Канстытуцыйным судом занадта скандальная», — растлумачыў эксперт.
Крынiца rt.com у прадстаўнiцтве Еўрапейскага саюза ва Украiне паведамiла: у ЕС усведамляюць, што ўкраiнскiя ўлады «гатовыя адмовiцца ад абавязацельстваў, якiя яны на сябе ўзялi па электронным дэклараваннi даходаў». I Еўрапейскi саюз сапраўды можа прыпынiць дзеянне бязвiзавага рэжыму ў тым выпадку, калi доступ да электронных дэкларацый будзе закрыты».
Як патлумачыў rt.com украiнскi палiтолаг Аляксандр Семчанка, заходнiя краiны, у прыватнасцi, членаў ЕС зусiм не хвалюе праблема карупцыi як з'ява, якая аслабляе патэнцыял развiцця Украiны. «Захад хвалюе карупцыя як iнструмент, пры дапамозе якога яны змогуць трымаць у руках нiткi кiравання ўкраiнскiмi палiтыкамi», — заўважыў аналiтык.
«Вынiк барацьбы з карупцыяй нулявы. Карупцыя перамагла ўкраiнскую ўладу, i для барацьбы з ёй не прымаюцца нават iмiтацыйныя меры», — адзначыў rt.com намеснiк дырэктара Iнстытута гiсторыi i палiтыкi МПДУ Уладзiмiр Шапавалаў.
«Зяленскi стаў чарговым расчараваннем для ўкраiнцаў, i гэта добра паказалi вынiкi мясцовых выбараў, якiя прайшлi ў мiнулыя выхадныя. Зяленскi расчароўвае заходнiх партнёраў, якiя разумеюць, што словы прэзiдэнта пакуль не супадаюць з яго дзеяннямi. Таму адказ ЗША i Еўрапейскага саюза будзе жорсткi. Адмена бязвiзавага рэжыму — i ў Кiеве пачнецца новы «майдан». Усё залежыць ад здольнасцi Зяленскага хутка вярнуцца на шлях, якi яму накрэсляць на Захадзе», — заўважыў rt.com прадстаўнiк «Еўрапейскай салiдарнасцi».
Рэальная ўлада
Як адзначыў Уладзiмiр Шапавалаў, «тая карумпаваная палiтычная сiстэма, што была характэрная для Украiны апошнiх гадоў, асаблiва пры Парашэнку, праiгрываецца цяпер у поўнай меры». «Менавiта карупцыя з'яўляецца рэальнай уладай ва Украiне, а не прэзiдэнт, якi фактычна стаў кульгавай качкай, якую выштурхвае сiстэма i якая атрымлiвае адну паразу за другой. I рашэнне Канстытуцыйнага суда — яшчэ адзiн таму доказ. Бо за iм, вiдавочна, стаiць вялiкi кланавы ўкраiнскi бiзнес, што карумпуе дзяржаву», — сказаў аналiтык.
Пры такiм раскладзе ўкраiнскiя ўлады «замест таго, каб выправiць правапрымяняльную практыку, прымаюць законы, якiя папросту не дзейнiчаюць», лiчыць Аляксандр Семчанка. Эксперт дапусцiў, што ў Вярхоўнай радзе можа з'явiцца чарговы законапраект па барацьбе з карупцыяй, за якi ў вынiку прагаласуюць. «Прэзiдэнт яго падпiша, ён стане часткай нарматыўна-прававога поля. Нiчога, праўда, на справе не зменiцца, карупцыi не стане менш, але Зяленскi зможа зноў расказваць, як ён перамагае карупцыйныя схемы», — заўважыў аналiтык.
Тым часам Венецыянская камiсiя Савета Еўропы прапанавала дапамагчы Украiне ў распрацоўцы канкрэтных рашэнняў па ўрэгуляваннi сiтуацыi. Еўрапейцаў занепакоiла паспешлiвае рашэнне Зяленскага адправiць у адстаўку поўны склад КС. На думку Венецыянскай камiсii, калi Канстытуцыйны суд усё ж такi будзе распушчаны, то гэта стане парушэннем Асноўнага закона краiны ў частцы падзелу ўлады. Па словах в. а. старшынi групы падтрымкi Украiны ў Еўракамiсii Катарыны Мацярновай, пакуль няма простых адказаў i простых рашэнняў для выхаду з сiтуацыi. Здаецца, канкрэтыкi становiцца ўсё менш.
Пётр ДУНЬКО
Сам будынак уражвае архітэктурай.
«Вышывала, калі за лямпы былі толькі керасінкі».