Вы тут

Чаму не ўсякi арнамент можна змяшчаць на джынсах і калi спалучэнне спрадвечных колераў не нясе ў сабе нiчога добрага


Падчас размовы з этнакультуролагам, кандыдатам фiлалагiчных навук i нашым пастаянным аўтарам Янкам КРУКАМ гэтым разам ледзь не самым папулярным словам было «фiласофiя». Хоць гаварылi мы пра рэчы больш, здавалася б, прыземленыя — пра сiмволiку народнага арнаменту i касцюма, пра спалучэннi асноўных нацыянальных колераў (апошняе ну вельмi модная па сённяшнiм часе тэма). Усё аказалася не так проста, i нашмат больш сур'ёзна, чым здаецца на першы погляд. Нехта адмахнецца скептычна: маўляў, зноў палезлi ў мiстыку. I ўсё-ткi вельмi раю пачытаць гэту гутарку ўсiм. Асаблiва тым, хто дбае пра захаванне сапраўды народных традыцый i народнай культуры (цi лiчыць, што дбае). А мiстыка... у кожнай, нават самай дакладнай навуцы мiстычны складнiк прысутнiчае, цi не так?..


Фота БЕЛТА

А пачалi мы гаворку з арнаменту. Шчыра: я пыталася адразу пра той, якi сёння на дзяржаўным сцягу. Але ж ключавым словам у нас была «фiласофiя». I пачаў Iван Iванавiч, як адразу падалося, здалёк:

— У апошнiя гады мы сталi актыўна гаварыць пра тое, што фрагменты нашага арнаменту павiнны быць прамаркiраваны на матэрыяльных рэчах, нiбыта такiм чынам мы паказваем сваю нацыянальную адметнасць i прыналежнасць. I арнамент пачалi ляпiць усюды — i на посудзе, i на адзеннi, i на печыве. З аднаго боку, гэта някепска, калi на майцы, на верхнiм адзеннi мы нанясём знакi нашага арнаменту. З другога — кепска тое, што мы не задумваемся пра сутнасць арнаменту як з'явы спрадвечнай народнай культуры, не стараемся зразумець яе сэнс, не задумваемся пра тое, што гэта не проста прыгожы малюнак. I, не задумваючыся, змяшчаем арнаментальны знак Сонца на кiшэню джынсаў цi на бялiзну.

— Давайце тады па-навуковаму, але зразумела растлумачым людзям, што такое нацыянальны арнамент.

— Гэта сфакусiраваная ў адпаведных знаках гiсторыя фармiравання i развiцця нашай этнанацыянальнай культуры. Калi ў 90-х гадах пачалi гаварыць пра гэта менавiта як пра гiсторыю, абмiнулi адзiн важны, на мой погляд, момант. Дакладней, асобныя публiкацыi на гэту тэму былi, але яна не атрымала належнага фiласофскага абмеркавання. Я маю на ўвазе мiфалогiю, менавiта ў ёй ляжаць архетыпы нашай падсвядомасцi, нашай культуры. I наш арнамент ёсць не што iншае як той самы метатэкст нашай мiфалогii. У iм закадзiраваны нашы багi, i ў iм адначасова закадзiраваны наш род. Тут i нашы легенды пра тое, што ляжыць у аснове стварэння нашай зямлi — галоўны бог Дажбог, бог Сонца Сварог i нiжнi гарызонт — Мацi-зямля, ад якой ужо пачынаецца культ Роду. Усё гэта простымi знакамi «запiсана» ў нашым спрадвечным арнаменце — «зорка» — гэта знак галоўнага Дажбога i яго сына Сонца (вось і думайце, ці варта гэты ўзор маляваць на джынсах ззаду), «ромб» — гэта не што iншае, як засеянае поле Мацi-зямлi i адначасова ўлонне Мацi, якая працягвае род, «рожкi» на ромбе — знак таго, што поле дасць ураджай, а новы чалавек народзiцца, i будзе працяг. Названыя элементы — «зорка», «ромб» i «рожкi» — гэта ключавыя элементы, якiя прысутнiчаюць на нашым нацыянальным арнаменце. Усё запраграмавана на дабрабыт i на перспектыву: пад спагадлiвым Небам вырастае ўраджай i нараджаюцца людзi. I так бясконца. I менавiта гэты арнамент, менавiта ў такiм спалучэннi, выкарыстаны як элемент нашага дзяржаўнага сцяга.

— Але, мне здаецца, на сцягу ён размешчаны не так, як на тым жа народным адзеннi — не гарызантальна, а вертыкальна...

— Вы маеце рацыю — стваральнiкi ўзялi арнамент з народнага адзення абсалютна правiльна, але размясцiлi яго не зусiм кiруючыся правiламi спрадвечнай культуры. Давайце звернемся да нашага традыцыйнага народнага касцюма — дзе i як на iм размешчаны арнамент, — на рукавах, ля шыi, на поясе, на падоле. Арнамент вышыты гарызантальна, а структураваны вертыкальна, бо такiх палосак у касцюме некалькi. Дамiнантныя на нашым сцягу два колеры. Чырвоны — адначасова i смерць (кроў) i нараджэнне — карацей, жыццё ва ўсiх яго праявах. Што датычыцца зялёнага колеру, i ў 1951 годзе, калi прыдумвалi сцяг БССР, i ў 90-х, калi прапаноўвалi абноўлены варыянт сцяга, тлумачэнне было такое: маўляў, трэць тэрыторыi займаюць лясы — гэткі сімвал нашай зялёнай зямлі. Трэба, праўда, заўважыць, што калi звяртацца да арнаменту — там зялёнага асаблiва не знойдзеш — раслiнная тэматыка (больш позняя, чым згаданыя элементы) прысутнiчае, але выканана больш традыцыйнымi колерамi: чырвоным i чорным... У любым выпадку, на сцягу атрымалася свайго роду карцiна — жыццё на зямлi. Тыя мастакi, якiя працавалi над кампазiцыяй, над структурай гэтага сцяга, знайшлi адзiна магчымы ход — звязаць два гарызонты — па сутнасцi, у сучасным разуменнi — нябесны i зямны, вертыкальнай паласой арнаменту. Не падзялiць, як пры гарызантальным выкананнi, а менавiта звязаць. Выйсце з пункту гледжання кампазiцыi было знойдзена. А калi пакласцi арнамент са сцяга гарызантальна — мы ўбачым, што фактычна ён наблiжаны да iдэальнага, да таго, пра што казалi дагэтуль.

— Арнамент у такiм яго сiмвалiчным напаўненнi — свайго роду абярэг на сцягу...

— Калi мы гаворым, што гэта абярэг, мы зноў спрашчаем фiласофiю гэтых знакаў да сённяшняга сацыяльнага прагматызму. Гэта не проста абярэг — калi мы напiшам дзесяць азначэнняў, абярэг будзе на дзясятым месцы. А на першым — гэта знак апазнавальны, гэта наш знак нябёсаў, пад якiмi мы жывём на нашай зямлi (бо напрыклад, у Аргенцiне абазначэнне неба i зямлi будзе зусiм iншае). Гэта факусiроўка нашай тэрыторыi, адлюстраванне нашага месца ў Сусвеце i ў свеце. Гэта наша фiласофiя, якая бярэ пачатак з мiфалогii, гэта наш радавод, гэта нашы паданнi, легенды i казкi, у якiх усё распiсана...

— Скептык скажа: хiба можна ўсё пералiчанае змясцiць у вузкай палосцы няхай сабе i сiмвалiчных узораў?

— З сямi нот у музыцы атрымлiваюцца вялiкiя найскладанейшыя сiмфонii, якiя з захапленнем слухае не адно пакаленне, — вось што можна адказаць на гэта скептыку. У нас увогуле скептыкi пераважаюць. А вось тых, хто мыслiць пазiтыўна, хоча зразумець сам i растлумачыць iншым не прагматыку, а менавiта фiласофiю, няшмат. Можа, таму апошнiм часам мы занядбалi нацыянальную культуру ў першапачатковым, спрадвечным яе ўвасабленнi, замянiўшы на прыдуманую мастакамi копiю, якая не мае сэнсавага прачытання. Перш за ўсё гэта датычыцца нiбыта народных сцэнiчных касцюмаў, якiя аздабляюцца «па матывах народнага арнаменту»...

— Але ж арнамент на сцягу зроблены не «па матывах»?

— Не. Гэта, хутчэй, эталон, як варта рабiць, гэта тое, што адпавядае моднаму сёння слову i вельмi важнаму заўжды паняццю — самаiдэнтыфiкацыя.

— Цяпер даволi часта даводзiцца чуць пра гэткую «геральдычную» мiстыку. Маўляў, пад гэтым сцягам краiне i народу шанцуе, пад гэтым — не. Як вы ставiцеся да гэтага?

— Пытанне насамрэч вельмi складанае — па iм асобна можна было б правесцi цэлую навуковую — менавiта навуковую — канферэнцыю, дзе гаварылася б i пра фiласофiю, i пра коды, i пра сiмвалы. Прачытаць, разгледзець пад мiкраскопам кожны сiмвал нашага сцяга i гэтаксама дэталёва разледзець гiсторыю нашай краiны, пачынаючы з таго ж 1951 года. I мы ўбачым, што сувязь вельмi цесная. I нiчога новага ў гэтым няма. Памятаеце: «Як ты лодку назавеш, так яна i паплыве». Якi ты знак (сцяг) абiраеш для сябе (для краiны), каб iсцi па жыццi, так гэта жыццё i складзецца. Хочаш цi не хочаш, зрабiўшы выбар, ты становiшся ў сiмвалiчнае, этнакультурнае i перш за ўсё — энергетычнае поле гэтага знака i iдзеш у рэчышчы гэтага знака... Яшчэ трыццаць гадоў таму я казаў i сёння гатовы паўтарыць, ведаючы, якую гэта ў пэўных людзей выклiча рэакцыю. Пад бела-чырвона-белым сцягам мы нiкуды не прыйдзем. Таму што такое спалучэнне колераў, хай сабе i спрадвечных беларускiх, абазначае адсутнасць перспектывы. Тлумачу, чаму. Белы — колер смерцi, так было спрадвеку ў народнай культуры, белая хустка — хустка жалобы. Чырвоны — колер жыцця. Смерць — жыццё — i зноў смерць — якая тут перспектыва? Калі размова ідзе пра жыццё аднаго чалавека — гэта лагічна. А калі пра цэлы народ...

— У народным касцюме, пра якi мы згадвалi, таксама чырвоны арнамент на белым полi...

— Калi вы разгорнеце наш традыцыйны ручнiк або бабулiн фартушок — увасабленне Родавага дрэва — вы ўбачыце, што кампазiцыйнае размяшчэнне iншае. Белы асноўны колер — прыйшлi з небыцця — чырвоны ў арнаменце — прайшлi палоску жыцця — белы ў арнаменце — адышлi ў нябыт — i зноў у арнаменце чырвоны (i ў гэтым прынцыповая рознiца!) — пакiнулi нашчадка. У гэтай суаднесенасцi, у гэтай паслядоўнасцi перспектыва, працяг ёсць.

— Цэлая навука. Як яе данесцi, як заахвоцiць тую ж моладзь яе спасцiгнуць?

— Наша моладзь сёння вельмi дапытлiвая, яна цiкавiцца i традыцыямi роднай зямлi, i яе гiсторыяй. Але ёй трэба расказваць, тлумачыць з самых малых гадоў. I перш чым прад'яўляць сённяшняй моладзi прэтэнзii ў няведаннi, у эмацыянальнай павярхоўнасцi, давайце гэтыя прэтэнзii адрасуем самiм сабе, старэйшым. Мы не дапрацавалi, мы вiнаватыя. А цяпер хтосьцi пляжыць адзiн сцяг, нехта ненавiдзiць iншы — i каму ад гэтага лягчэй? Не сцягi вiнаватыя, не колеры, Богам дадзеныя i продкамi ўпадабаныя, — людзi, якiя проста не разумеюць, не ведаюць, што да чаго.

Гутарыла Алена ЛЯЎКОВIЧ

Загаловак у газеце: Фiласофiя знакаў i колераў

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.