Вы тут

Што можна ўбачыць на фотавыстаўцы Аляксандра Ласмінскага


Чарговая экспазіцыя ў гарадской выставачнай зале прымеркаваная да 70-гадовага юбілею вядомага на Гродзеншчыне тэлежурналіста і фатографа.


У аўтара выстаўкі шмат рэгалій. Ён заслужаны журналіст Беларускага саюза журналістаў, акадэмік Еўразійскай Акадэміі тэлебачання і радыё, кіраўнік заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь народнага фотаклуба «Гродна». Яго творчасць высока ацэнена дзяржавай. Сярод узнагарод — медаль Францыска Скарыны, знак «За асабісты ўнёсак у развіццё культуры Беларусі». Імя Аляксандра Ласмінскага ўнесена ў Кнігу Гонару горада Гродна. Многія гродзенцы ведаюць юбіляра як дэпутата гарадскога Савета, на гэту пасаду ён выбіраўся ажно тры разы і змог рэалізаваць не адну грамадскую ініцыятыву.  

Як прызнаецца сам Аляксандр Ласмінскі, усё, што робіць, ён прысвячае свайму роднаму гораду, усяму Прынёманскаму краю. У экспазіцыю ўвайшлі фотаздымкі самага шырокага дыяпазону — ад рэпартажных і пейзажных фота да партрэтаў. Самыя першыя кадры зроблены яшчэ ў 1967 годзе. Нямала і эксклюзіўных кадраў, якімі аўтар асабліва ганарыцца. Напрыклад, яму ўдалося зрабіць партрэты вядомых гродзенцаў — пісьменніка Васіля Быкава і гімнасткі Вольгі Корбут.

Многія ведаюць Аляксандра Ласмінскага па фатаздымках з вышыні птушынага палёту, якія ўваходзяць у цыкл «Сэрца зямлі маёй». Выстаўка пабывала ў Маскве, Парыжы, Варшаве, Славакіі, Літве. Адзін з кадраў стаў брэндавым — гэта здымак ляснога масіву ў форме сэрца.

— Гэты цыкл я задумаў, калі пачаў рыхтаваць першую кнігу «Гродзеншчына». Хацелася пабачыць нашу вобласць менавіта з вышыні птушынага палёту. Мне пайшлі насустрач, і ў выніку мы абляцелі ўсе 17 раёнаў. Такім чынам восем год таму з’явіўся гэты альбом. А ўсяго зроблена каля васьмі тысяч кадраў з вышыні. Вядома, гэты палёт не адзіны. Толькі над Гродна ўдалося праляцець больш за 20 разоў. Прыемна было бачыць, якой прыгожай і дагледжанай выглядае наша зямля. І вось, у чарговым палёце, сярод поля паміж аэрадромам і ГЭС я зрабіў здымак лесу ў форме сэрца. Гэты кадр аб’явілі брэндам нашай краіны, — дзеліцца аўтар.

Многія здымкі ўвайшлі ў склад фотаальбомаў. А іх за шматгадовую працу журналіста і фотааматара выдадзены дзясяткі. Усе яны адлюстроўваюць адметнасць Прынёманскага краю, удала ўбачаную фотамастаком. У ліку значных альбомаў — «Аўгустоўскі канал», «Возера Свіцязь», «Гродзенская зямля з вышыні птушынага палёту», «Летапіс Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур», «Каложская царква». А вось здымкі любімага горада выйшлі ў выдавецтве «Беларусь» ажно ў пяці варыяцыях і маюць статус прэзентацыйных альбомаў. Фотаработы аб’яднаны ў зборнік з ёмістай назвай — «Гродна».

Маргарыта УШКЕВІЧ

фота Яна ХВЕДЧЫНА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.