Вы тут

Што чакае жыхароў Бараўлянскага сельсавета?


Апошнім часам тут шмат зроблена для стварэння камфортных умоў для пражывання грамадзян. У Бараўлянах уладкаваны аўтастаянкі для транспарту, дарожныя развязкі, тратуары, дваровыя тэрыторыі жылых дамоў, устаноўлены святлафоры. За пяцігодку пабудаваны дзве сярэднія школы — у Лескаўцы і Копішчы. Узведзена шэсць дзіцячых садкоў: у Копішчы, Лескаўцы і Бараўлянах. Гэта дазволіла разгрузіць чаргу з тых, хто мае патрэбу ў месцах у дзіцячых дашкольных установах. Шмат чаго з'явілася, а зрабіць трэба яшчэ больш. Абмеркаванне генеральнага плана, удзел грамадзян у вырашэнні найважнейшых пытанняў рэгіёна былі разгледжаны падчас сустрэчы кіраўніцтва Бараўлянскага сельвыканкама з мясцовымі актывістамі. Сустрэча прайшла пад дэвізам «Улада чуе людзей і прымае рашэнні, зыходзячы з меркавання большасці».


Ініцыятыва знізу

Зоны адпачынку – ініцыятыва мясцовых жыхароў.

Якімі будуць населеныя пункты Бараўлянскага сельсавета ў перспектыве, у многім залежыць ад саміх жыхароў, іх творчага, крэатыўнага падыходу да справы.

— Нашы грамадзяне праяўляюць усё больш клопату, зацікаўленасці, каб у населеных пунктах быў належны парадак, выказваюць свае прапановы па добраўпарадкаванні вёсак, — расказвае старшыня Бараўлянскага сельвыканкама Жанна Варабей. — Менавіта мы падтрымалі іх ініцыятыву па ўладкаванні зон адпачынку ў населеных пунктах. Напрыклад, такія месцы з удзелам грамадзян з'явіліся ў раёнах прыватнай забудовы ў Лескаўцы, Вопытным, Чарцяжы. Тут устаноўлены лаўкі, альтанкі, спартыўнае абсталяванне, створаны дзіцячыя пляцоўкі. Жыхары пасёлка Вопытны прапанавалі ўладкаваць зону адпачынку на лужку каля ляснога масіву, дзе раней планавалася пабудаваць дзіцячы садок і школу. Ініцыятыву знізу мы падтрымалі. Праект узгоднены з упраўленнем архітэктуры Мінскага райвыканкама. Тут будуць адпачываць розныя катэгорыі насельніцтва: дзеці, дарослыя, пенсіянеры. Таму вельмі важна, каб яны захоўвалі чысціню, не засмечвалі лес, дапамагалі спецлясгасу падтрымліваць парадак. Менавіта да гэтага мы іх заклікаем.

Практыкуецца на тэрыторыі сельсавета і прыватна-дзяржаўнае партнёрства. Дзякуючы гэтаму тандэму з'явіліся добрыя дарогі. Жыхары за свае сродкі зрабілі падсыпку вуліц у Дроздаве, Лескаўцы, Чарцяжы і часткова ў пасёлку Вопытны, а з раённага бюджэту былі выдаткаваны сродкі на асфальтавае пакрыццё.

— Такія здаровыя ініцыятывы грамадзян мы падтрымліваем і прыцягваем іх да добраўпарадкавання населеных пунктаў. Добраўпарадкаванне, вядома, вядзецца круглы год службамі горада. Але добрай падмогай для навядзення парадку на зямлі становяцца месячнікі, сумесныя суботнікі. У Вопытным, Каралёвым Стане, Курганах разам з людзьмі выходзяць наводзіць глянец у месцах агульнага карыстання жыхары. Глядзяць яны таксама, каб у падворках, на прылеглых тэрыторыях было чыста.

Садок і школа ў новым месцы

— Жанна Аляксандраўна, доўгі час працягвалася грамадскае абмеркаванне генеральнага плана забудовы Бараўлян. У прыватнасці, бацькі былі нязгодныя з тым, што школа і дзіцячы садок будуць змешчаны ў лесе ў раёне вуліцы Жамчужнай, дзе дрэвы часткова падлягалі высечцы. Чым закончылася справа?

— Сапраўды, абмеркаванне ішло тры гады, было праведзена шмат сустрэч жыхароў з прадстаўнікамі ўлады розных узроўняў. У 2018 годзе генплан зацвердзілі, але жыхары былі супраць узвядзення ўстаноў адукацыі ў лясным масіве. Ды сітуацыя вырашылася станоўча. Старшыня Мінаблвыканкама Аляксандр Турчын, старшыня Мінскага райвыканкама Уладзімір Юргевіч з разуменнем паставіліся да меркавання людзей і звярнуліся да кіраўніка дзяржавы. Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка падтрымаў прапанову грамадзян аб пераносе будаўніцтва дзіцячага садка і школы ў іншае месца.

А яшчэ раней, у 2019 годзе, Прэзідэнт узгадніў адвод дзевяці гектараў доследнай зямлі, якая належала Беларускаму аграрнаму ўніверсітэту. На гэтым участку акрамя дзіцячага садка на 240 месцаў за сродкі сталічнага бюджэту прадугледжана ўзвядзенне шматкватэрных дамоў для шматдзетных сем'яў усяго Мінскага раёна — для іх створана адзіная чарга. Будоўля павінна пачацца ў 2021 годзе.

Новая кацельня сэканоміць валюту

У сувязі з будаўніцтвам жылля, сацыяльных аб'ектаў у абнаўленні і рэканструкцыі маюць патрэбу інжынерныя сеткі.

— Мы даведаліся пра будаўніцтва новай кацельні, калі каля нашых дамоў пачалі пракладваць камунікацыі і высякаць дрэвы, — кажуць жыхары вуліцы 40 гадоў Перамогі. — Нас супакоілі, што замест іх будуць праведзены кампенсацыйныя пасадкі пасля пракладкі камунікацый і завяршэння земляных работ. Месцы азелянення ўзгодняць з мясцовымі ўладамі. Мы, канешне, не супраць будаўніцтва гэтага аб'екта, які жыццёва неабходны Бараўлянам. Паколькі з кожным годам з'яўляюцца новыя сацыяльныя аб'екты, жыллё, населены пункт прырастае жыхарамі.

Такія дарогі ўладкаваны ў населеных пунктах сельсавета.

— Праект рэалізуецца з удзелам сродкаў Міжнароднага банка рэканструкцыі і развіцця. Цяпер у Бараўлянах працуюць дзве цеплакрыніцы на газе. А газ — дарагое задавальненне, закупляецца за валюту, — кажуць будаўнікі, якія шчыруюць на пляцоўцы. — Гэтая кацельня будзе працаваць на мясцовых відах паліва. Будуць задзейнічаны тры катлы новага ўзору па сем мегават кожны. Работы на аб'екце падыходзяць да лагічнага заканчэння. У найбліжэйшай перспектыве яго ўвядуць у дзеянне.

Канкурэнцыя падштурхоўвае да спаборніцтва

На выездзе з Бараўлян на трасе М3 Мінск — Віцебск таксама кіпіць работа. Тут з'явіцца вялікі функцыянальны цэнтр NOVAMALL. Гэта будзе звышсучасны гандлёвы аб'ект, дзе прадугледжаны супермаркет, аб'екты сферы паслуг, грамадскага харчавання, адпачынку, прадугледжана таксама аўтастаянка на 220 месцаў. Плошча цэнтра амаль што 6000 квадратных метраў.

Аб'ект удала размешчаны з пункту гледжання лагістыкі — прамы заезд з аўтатрасы. Ды і кліентаў, мяркую, будзе дастаткова — на тэрыторыі сельсавета пражывае 65 тысяч чалавек. А ў навакольных населеных пунктах няма буйных сучасных аб'ектаў такога плана.

— Я жыву на вуліцы Малінаўскай. І вельмі чакаю яго адкрыцця, паколькі будучы цэнтр знаходзіцца побач з маім домам і мне будзе зручна яго наведваць. Буду хадзіць сюды з унукамі, кажуць, шмат цікавых забаў будзе тут арганізавана і для малых, — радуецца Ганна Іванаўна.

— А я вось аддаю перавагу невялікім крамам, — уступае ў размову яе сяброўка. Часта наведваюся на мясцовы рынак, дзе заўсёды свежыя прадукты.

Сапраўды, у цэнтры населенага пункта на агароджанай заасфальтаванай пляцоўцы стаяць некалькі невялікіх крамаў — рыбная, мясныя, дзе асартымент тавараў здзівіць нават гарадскога жыхара — сасіскі, каўбасы вэнджаныя, вараныя, вяндліна, свініна, ялавічына. Пра тое, што гэтыя гандлёвыя пункты карыстаюцца попытам сярод мясцовых жыхароў, сведчыць чарга.

Колькасць гандлёвых аб'ектаў на тэрыторыі сельсавета перавышае сацыяльныя стандарты. Але тое, што з'яўляюцца новыя, гэта добра. Канкурэнцыя падштурхоўвае да лепшага абслугоўвання пакупнікоў, новых формаў работы. І спажыўцам ёсць магчымасць з лепшага выбіраць найлепшае.

Пасля наведвання рынку кіруюся ў цэнтр. Тут уладкаваная пляцоўка для адпачынку, арганізацыі канцэртаў з крытай сцэнай. Абапал яе ўпрыгожваюць газоны, маладыя туі. На лаўцы гутараць дзве пажылыя жанчыны.

— Чаго не хапае вам у Бараўлянах? — звяртаюся да іх.

— Нам, пенсіянерам, хацелася б далейшага развіцця медыцынскай дапамогі — часта здароўе падводзіць, — гучыць у адказ.

Дарэчы, у наступным годзе павінна пачацца будаўніцтва раённай паліклінікі на 800 наведванняў у змену.

А ў Новай Баравой запланавана ўзвядзенне паліклінікі на 1330 наведванняў у змену. Гэты раён дынамічна развіваецца. Згодна з інвестдагаворам, да канца 2029 года тут павінна быць пабудавана 830 тысяч квадратных метраў жылля, восем дзіцячых садкоў і чатыры школы.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Загаловак у газеце: Зыходзячы з меркавання большасці. Толькі так вырашаюць пытанні ў Бараўлянскім сельсавеце, што пад Мінскам

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».