Вы тут

Амаль 65 млн рублёў склала сума льгот і прэферэнцый


І гэта датычыцца толькі рэалізацыі Указа № 143 «Аб падтрымцы эканомікі» за дзевяць месяцаў бягучага года. Наогул, дакументаў, якія прынятыя на дзяржаўным узроўні і гарантуюць спрыяльныя ўмовы ў вядзенні бізнесу ў перыяд пандэміі, акрамя згаданага, яшчэ чатыры.


Так, асновай падтрымкі рэальнага сектара эканомікі, бюджэтных арганізацый і грамадзян разам з 143-м указам сталі яшчэ ўказы № 141 «Аб уплаце часткі прыбытку (даходу)», № 159 «Аб пераразліку кошту актываў і абавязацельстваў», № 178 «Аб часовых мерах дзяржаўнай падтрымкі наймальнікаў і асобных катэгорый грамадзян» і № 179 «Аб аплаце працы».

Што прадугледжвае гэты комплекс мер па падтрымцы эканомікі? Як паведамілі ў Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па эканоміцы, бюджэце і фінансах, названыя дакументы гарантуюць растэрміноўку гаспадарчым таварыствам для пераліку дывідэндаў у бюджэт, спісанне курсавых розніц (да 31 снежня 2022 года), неналічэнне амартызацыі асноўных сродкаў і нематэрыяльных актываў, растэрміноўку па аплаце мясцовых падаткаў і збораў. Акрамя таго, прадугледжваецца памяншэнне падатку на нерухомасць, зямельнага падатку, арэнднай платы за зямельныя ўчасткі, памяншэнне ў два (!) разы стаўкі адзінага падатку, выплата субсідый за кошт сродкаў ФСАН для даплат работнікам, якія не працавалі (ці працавалі, але ў рэжыме няпоўнай занятасці) з 1 мая да 1 жніўня.

Асновай падтрымкі, безумоўна, стаў указ № 143, які ўвабраў асноўныя прэферэнцыі і льготы. Па падліках, агучаных у профільнай камісіі, агульная сума падтрымкі за дзевяць сёлетніх месяцаў па гэтым дакуменце склала 64,4 мільёна рублёў. Амаль палова ад гэтай сумы — 30,8 мільёна — адтэрміноўка па аплаце арэнднай платы, якой скарысталіся 7349 суб'ектаў гаспадарання па ўсёй краіне. Наступным па аб'ёме вызваленых сродкаў стала памяншэнне сумы падатку на нерухомасць і зямельнага падатку — 16,1 мільёна агулам на 817 суб'ектаў. Амаль 46 тысяч суб'ектаў гаспадарання скарысталіся магчымасцю паменшыць арэндную плату за зямельныя ўчасткі на агульную суму амаль у 10 мільёнаў рублёў. Адтэрміноўкай і растэрміноўкай па аплаце мясцовых падаткаў скарыстаўся 361 суб'ект на 6,6 мільёна рублёў. І нарэшце, 222 суб'екты паменшылі сваю арэндную плату за зямельныя ўчасткі сумарна на 875 тысяч рублёў.

Цікавы «рэгіянальнае дзяленне» выкарыстання падатковых ільгот і прэферэнцый, прадстаўленых у 143-м указе, якімі скарысталіся 47 279 суб'ектаў на суму 33,6 мільёна рублёў. Самай вялікай па колькасці суб'ектаў стала Брэсцкая вобласць — 9615, але сума аказалася не надта вялікая — крыху больш за тры мільёны. А самая малая колькасць тых, хто далучыўся да такой магчымасці, аказалася ў сталіцы — 275 суб'ектаў. Аднак, нягледзячы на гэты факт, сталіца аказалася лідарам па агульнай суме выкарыстаных магчымасцяў — 14,8 мільёна рублёў.

Маштабы выкарыстання адтэрміноўкі і зніжэння сумы арэнды таксама паказваюць найбольшую актыўнасць мінчан: 2366 суб'ектаў на 16,2 мільёна рублёў.

Вольга АНУФРЫЕВА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.