Вы тут

Алімпійскі чэмпіён Камандар Маджыдаў: У мяне паўкраіны «сыноў»


«Я нарадзіўся ў Грузіі, там вучыўся, служыў у войску. Але дзеля спартыўнай кар'еры пераехаў у Беларусь, бо беларуская школа барацьбы была адной з найлепшых у СССР. І тут я сфарміраваўся як спартсмен. Дзякуючы беларускай школе, беларускім людзям я сябе рэалізаваў і стаў асобай», — расказвае алімпійскі чэмпіён 1988 года Камандар Маджыдаў. Яго імя і беларуская барацьба — паняцці непадзельныя. Сёння заслужаны майстар спорту СССР, заслужаны трэнер Рэспублікі Беларусь узначальвае Беларускую федэрацыю барацьбы. Легендарны барэц расказаў «Звяздзе», як гэта — быць героем спорту.


— Камандар Бафаліевіч, калісьці Васіль Рудніцкі, які адказваў за навуковую падрыхтоўку савецкіх барцоў, адзначаў, што ў вас дзіўны арганізм, здольны вытрымліваць вялізныя нагрузкі і хутка аднаўляцца. У чым сакрэт?

— Канешне, вялікі дзякуй бацькам за здароўе, за генетыку. Але нават самы дзівосны арганізм трэба пастаянна развіваць і над ім працаваць. Без працавітасці ў гэтым выпадку нельга. Неабходна пастаянна працаваць над фізічнай і псіхалагічнай формамі. Толькі ў гэтай звязцы можна дабіцца поспеху. Як казаў наш галоўны трэнер зборнай Генадзь Сапуноў: «Што такое талент? Ёсць здольнасці, а калі здольнасці развіваюцца, то гэта ўжо талент».

— Са спартыўнай гісторыі вядома, што трапіць у зборную Савецкага Саюза было вельмі складана. Азіраючыся назад, як вы лічыце, што вам дапамагло?

— У першую чаргу жаданне і ўпартасць. І вельмі дапамагала тое, што мы раўняліся на сваіх куміраў. У дзяцінстве я, можа, і мала ведаў пра барацьбу, але сачыў за ёй. Я нарадзіўся ў Грузіі, якраз тады ў росквіце была кар'ера легендарнага барца Рамана Руруа, алімпійскага чэмпіёна, чатырохкратнага чэмпіёна свету. Потым я даведаўся пра Мікалая Балбошына, ён і стаў маім галоўным кумірам. І, аказаўшыся з ім у адной камандзе, не мог паверыць, што гэта адбываецца на самай справе. На свой першы збор у Алушту я паехаў, калі яшчэ не ўваходзіў у зборную, мяне проста камандзіравалі павучыцца. І там я прывязаўся да Мікалая Фёдаравіча. Помню, бяжым крос, ён 100 кг, я — 62, але бяжым як роўныя. Дабеглі да мора, ён нырныў, я — за ім, а на вуліцы лістапад. Але і гэта не спыніла, так я цягнуўся за сваім кумірам, як і ўсе мае равеснікі.

— Як вядома, у 1984 годзе Савецкі Саюз байкатаваў Алімпійскія гульні ў Лос-Анджэлесе. Як гэта — спартсменам не паехаць на галоўныя спаборніцтвы?

— Навіна аб тым, што на Алімпіяду мы не едзем, заспела нас у Сочы на зборы, дзе мы старанна рыхтаваліся. Канешне, для любога спартсмена — гэта ўдар, асабліва для ўзроставых спартсменаў. У мяне гэта павінна была быць першая алімпіяда, што крыўдна. Але на альтэрнатыўных спаборніцтвах «Дружба-1984» барацьба была мацнейшая, чым на Алімпійскіх гульнях. Там перамаглі я і яшчэ тры беларускія барцы.

— Да Алімпійскіх гульняў 1988 года вы толькі аднойчы былі чэмпіёнам Савецкага Саюза, але ў Сеул паехалі і гэта пры высокай канкурэнцыі. Як так выйшла?

— У 1988 годзе на чэмпіянаце СССР я ўвогуле быў другі. Але ў галоўнага трэнера Генадзя Сапунова меўся свой крытэрый: на ўсіх турнірах ён уважліва назіраў, як мы выглядаем у схватцы з замежнымі барцамі. І вырашыў, што я дастойны выступаць на Алімпіядзе. А там ужо атрымалася, што «прыйшоў, убачыў, перамог». Я быў вельмі зараджаны на гэтыя Алімпійскія гульні і гатовы на 100 %. Кантрольны збор мы праводзілі ў Хабараўску, зразумела, што трэнер сачыў за нашымі трэніроўкамі. І аднойчы я сказаў яму: «Генадзь Андрэевіч, вы нас не чапайце, мы выйграем, а вы іншымі спартсменамі займіцеся». Ён заўжды называў нас сваім дэсантам, маўляў, «куды іх ні кіну, любое заданне выканаюць і жывымі вернуцца».

— Балгарын Жыўка Вангелаў быў вашым неразлучым сапернікам?

— Так, мы пастаянна з ім змагаліся ў вырашальных схватках, і на «Дружбе-1984», і на Алімпійскіх гульнях. Але, што цікава, я сябрую з усімі, з кім бароўся, у мяне ёсць сябры з усяго свету. Хоць мы пастаянна ў схватках, барацьба вельмі дружны спорт. Так заўсёды было: на дыване — сапернікі, за яго межамі — сябры. Гэта лагічна, выступленні рана ці позна заканчваюцца, а жыццё працягваецца. А як жыць без сяброў?

— Камандар Бафаліевіч, вы не лічыце, што рашэнне стаць галоўным трэнерам зборнай адразу пасля заканчэння спартыўнай кар'еры было своеасаблівай авантурай?

— Напэўна, пагаджуся, але так склаліся абставіны. У 1993 годзе ў канцы маёй спартыўнай кар'еры я стаў трэцім на чэмпіянаце Еўропы, другім — на чэмпіянаце свету. Трэба было вырашаць, што рабіць далей, і якраз ад Міністэрства спорту паступіла прапанова ўзначаліць зборную. Узяў два дні на падумаць і вырашыў, што варта паспрабаваць. Я прайшоў школу зборнай, са мной працавалі вялікія трэнеры, і пэўныя веды ў мяне былі. Канешне, былі моманты, калі я адчуваў нехватку вопыту. Але мне дапамагалі больш вопытныя трэнеры, і я многаму ад іх навучыўся. Ніколі не трэба баяцца вучыцца новаму. Ды і прыроджаная інтуіцыя значна дапамагала.

— У барацьбе патрэбна інтуіцыя?

— У барацьбе без інтуіцыі нікуды, асабліва трэнеру. Ён павінен быць не толькі настаўнікам, але і мамай, татам, ён замяняе ўсіх. Трэнер павінен ведаць усё пра сваіх падапечных і адчуваць наперад, што з імі будзе. У спорце, у быце, у хваробе — ён павінен ведаць свайго спартсмена, без гэтага не атрымаецца вывучыць яго характар і вырасціць чэмпіёна.

— Перад Алімпійскімі гульнямі ў Атланце 1996 года вы сталі гуляючым трэнерам, для барацьбы гэта распаўсюджаная практыка?

— Не сказаў бы, што трэнер часта пачынае сам бароцца, у мяне так здарылася. На той момант у нас была добрая каманда, але паступова пачалі здаваць пазіцыі, патрэбен быў лідар. І каля я вярнуўся на дыван, спартсмены за мной пацягнуліся, узбадзёрыліся. Я самастойна заваяваў ліцэнзію на Алімпійскія гульні ў катэгорыі 68 кілаграмаў. Перада мной не стаяла задача задавольваць свае амбіцыі, мне было важна ўзбадзёрыць каманду. Гэта было нялёгка, прыйшлося сагнаць амаль 10 кілаграмаў вагі, нагадалі аб сабе былыя траўмы... Даводзілася і самому трэніравацца, і за камандай сачыць, побач, канешне, былі іншыя трэнеры, але ўся адказнасць ляжала на мне. Памятаю, у Алушце на зборы бягу крос і думаю: «А навошта мне гэта трэба?» І адразу ўнутраны голас адказвае: «Калі ўзяўся, трэба давесці да канца». У мяне ўсе жыццё так — калі нешта пачаў, трэба закончыць, як бы цяжка ні было.

— А як вам пасада кіраўніка федэрацыі?

— Я прайшоў усе спартыўныя ступені: спартсмен, трэнер, цяпер старшыня федэрацыі. І з кожным этапам становіцца ўсё складаней. Добра быць спартсменам, адказваеш толькі за сябе. Трэнер адказвае за падрыхтоўку і стан спартсменаў. А старшыня федэрацыі — увогуле за ўсіх і ўся, гэта адказнасць за барацьбу ва ўсёй краіне.

— Камандар Бафаліевіч, пасля вас у гісторыі беларускай барацьбы не было алімпійскіх чэмпіёнаў. Як вы лічыце, чаму так атрымалася?

— Шмат фактараў, якія можна аналізаваць бясконца. Я сам мару, каб у нас з'явіўся новы алімпійскі чэмпіён. Бліжэй усяго да перамогі мы былі ў 1996 годзе, тады ў нашай каманды мелася два сярэбраныя і адзін бронзавы медалі. Каманда выступіла дастойна, але крыху не хапіла.

— Чым адрозніваюцца барцы вашага пакалення ад сённяшніх?

— У мой час у зборную траплялі самыя лепшыя, самыя таленавітыя барцы з 15 рэспублік, канкурэнцыя была вялізная. У кожнай школы мелася свая адметнасць і члены зборнай. Трэніруючыся круглы год разам, мы пастаянна вучыліся адзін у аднаго. У мяне не павернецца язык сказаць, што сённяшнія барцы горшыя, чым былі мы, гэта не так. Проста змены ў свеце змянілі людзей. Да іх трэба знайсці падыход, зразумець іх унутраны стан, жыць іх жыццём.

— У чым была адметнасць беларускай школы?

— Беларуская школа была адной з самых моцных, гэта факт. Яна славілася партэрнай барацьбой, у якой выкарыстоўваліся асаблівыя прыёмы.

— Камандар Бафаліевіч, назавіце, калі ласка, пяць найлепшых барцоў усіх часоў і народаў, на ваш погляд.

— Каварнае пытанне. На жаль, з сучасных барцоў амаль нікога не магу назваць. У мой час барцоў ведалі не па імёнах, а па каронным прыёме, у кожнага ён быў свой. Цяпер такога няма, таму цяжка супаставіць. Канешне, у спіс найлепшых барцоў неабходна ўключыць легендарнага Аляксандра Карэліна. Мы былі з ім у адной камандзе, ён толькі прыйшоў у зборную, а я ўжо выступаў. З тых часоў мы сябруем. Аляксандр — флагман грэка-рымскай барацьбы. Не магу не адзначыць Мікалая Балбошына, праўда, у яго была адна праблема — часта турбавалі траўмы. Без гэтага ён мог бы дасягнуць яшчэ большых поспехаў. Алега Караваева вылучу, я яго не застаў, але па расказах ведаю, што гэта быў унікальны спартсмен. Калі ўсё ж такі паспрабаваць вылучыць кагосьці з сучасных, то адзначу егіпцяніна Карама Габера. І ўключу ў гэты спіс найлепшых нашага Ігара Каныгіна — трохкратнага чэмпіёна свету, чатырохкратнага чэмпіёна Еўропы. На жаль, у яго не атрымалася стаць алімпійскім чэмпіёнам.

— Чым вы ганарыцеся больш за ўсё?

— Па ідэі, я павінен ганарыцца, што выйграў Алімпійскія гульні. Але я сфармулюю гэта інакш, там я атрымаў задавальненне, якое хацеў атрымаць. Я дасягнуў таго, да чаго імкнуўся шмат гадоў. І самае галоўнае — я даказаў самому сабе, што магу. Многія няправільна думаюць, што боруцца для кагосьці іншага. Але чалавек, у першую чаргу, усё робіць для сябе, а людзі потым гэта ацэньваюць.

— А калі вы былі больш за ўсё шчаслівы?

— Канешне, на алімпійскім п'едэстале. Калі б можна было штосьці ў сваім жыцці змяніць, пэўныя моманты я падкарэктаваў бы, але ўсё роўна выбраў бы барацьбу. Шчасце на алімпійскім п'едэстале — гэта адно шчасце, а ёсць жа яшчэ і сям'я, якая таксама шмат шчаслівых момантаў падарыла.

— Як ваша жонка ставілася да таго, што вы былі пастаянна ў раз'ездах?

— Іна стойка ўсё вытрымала, яна вельмі цярплівая і мудрая жанчына. Калі тылы прыкрыты, то ўсё будзе атрымлівацца, мне ў гэтым пашанцавала.

— Вы — бацька дачкі, але, напэўна, мужчыну заўсёды хочацца яшчэ і сына. Можна сказаць, што ў вас цэлая федэрацыя «сыноў»?

— У мяне не проста федэрацыя, у мяне паўкраіны «сыноў» — кожны хлопчык, які займаецца барацьбой, у пэўнай ступені мой сын.

— Камандар Бафаліевіч, які ваш галоўны жыццёвы прынцып?

— Я заўжды кажу, што трэба ісці па жыцці правільна, не рабіць гадасцяў. А жыццё ўжо само накіруе на патрэбны шлях.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота НАК Беларусі і з асабістага архіва героя

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Лепшы цюнінг для машын — правільны пратэктар шын»

«Лепшы цюнінг для машын — правільны пратэктар шын»

Менавіта пад такім слоганам будзе праводзіцца Рэспубліканская прафілактычная акцыя, якая ініцыяваная на нашых дарогах Дзяржаўтаінспекцыяй краіны. 

Грамадства

Зімовы асартымент. Колькі каштуюць «вітаміны» на «Лебядзіным»

Зімовы асартымент. Колькі каштуюць «вітаміны» на «Лебядзіным»

З якімі прыкметамі вы звязваеце набліжэнне зімы? 

Грамадства

Якiя нашы звычкi шкодзяць здароўю i знiшчаюць iмунiтэт?

Якiя нашы звычкi шкодзяць здароўю i знiшчаюць iмунiтэт?

Мы ў жыццi шмат чаго робiм, што пагаршае наша здароўе — або адразу, або ў аддаленай перспектыве.