Вы тут

Шэдэўры з-пад пілы і сякеры


Самабытнасць і адметнасць нашай архітэктурнай спадчыны мацуе аўтарытэт краіны. Пры гэтым усё часцей асобная ўвага акцэнтуецца на драўляным храмабудаўніцтве, а заходнепалескія ўзоры можна назваць музеямі пад адкрытым небам, якія заслугоўваюць уключэння ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.


Аднак калі справа дойдзе да канкрэтнага абгрунтавання такога важнага кроку ў справе захавання, папулярызацыі архітэктурнай спадчыны Беларусі, то ўзнікне шмат пытанняў у асяроддзі спецыялістаў. Гэта толькі на першы погляд падаецца, што гонар за шэдэўры нашых продкаў-цесляроў — рэч як быццам звыклая, усім зразумелая і нібыта не патрабуе пацвярджэння. З іншага боку атрымліваецца парадокс: да нядаўняга часу нават не было асобнага выдання пра такі адметны від айчыннага дойлідства, як драўлянае культавае. Зразумела, увагай яго не абыходзілі, але звычайна азначанай тэме прысвячаліся невялікія раздзелы ў калектыўных працах ці манаграфічных выданнях па гісторыі архітэктуры Беларусі. Ды і тут адзінства не заўважалася: адны даследчыкі сістэматызуюць архітэктурныя помнікі ў адпаведнасці з павелічэннем колькасці зрубаў, інакш кажучы, з эвалюцыяй ад простых да складаных, другія дзеляць збудаванні паводле праваслаўнай або каталіцкай канфесіі, ігнаруючы пры гэтым уніяцкае дойлідства, а розныя энцыклапедычныя і даведачныя выданні ўвогуле прытрымліваюцца алфавітнага ці геаграфічнага прынцыпу. Праз гэта скласці цэласную наглядную карціну беларускага манументальнага дойлідства досыць складана.

Але нарэшце сітуацыя змянілася: свет пабачыла грунтоўнае, багата ілюстраванае выданне «Драўлянае хрысціянскае храмабудаўніцтва Беларусі». Яго аўтар Тамара Габрусь — вядомы гісторык архітэктуры, доктар мастацтвазнаўства, і гэта вельмі ўдалае спалучэнне: як прафесійны архітэктар яна можа кваліфікавана разабрацца ў канструкцыі збудавання, а як мастацтвазнавец — належным чынам ацаніць яго эстэтычныя якасці. Не адзін дзясятак гадоў даследчыца прысвяціла паездкам па Беларусі, азнаёмілася з вялікім мноствам будынкаў. У выпадку, калі помнік не захаваўся да нашых дзён, аўтар рупліва адшуквала ў айчынных і замежных архівах і выданнях яго фотаздымкі, малюнкі, чарцяжы, а часам нават проста згадкі ці кароткія апісанні. У выніку атрымалася яркая і аб’ёмная панарама адметнай, але пакуль яшчэ малавядомай старонкі нашай архітэктурнай спадчыны — драўлянага хрысціянскага манументальнага дойлідства.

Падчас чытання перад вачыма разгортваецца багатая гісторыя «мастацтва пілы і сякеры». Вядома, дрэва не камень, і таму ўзораў драўлянага дойлідства раней ХVІІ стагоддзя папросту не захавалася, але Тамара Габрусь даволі пераканаўча аднаўляе карціну яго развіцця ад часоў усталявання на нашых землях хрысціянства. Каштоўная крыніца — малюнкі ў старадаўніх рукапісах, на чарцяжах і планах гарадоў, дзе можна бачыць, што першыя храмы мала чым розніліся ад традыцыйных жылых ці гаспадарчых пабудоў: прамавугольны ці квадратны зруб з гарызантальна ўкладзенага бярвення, накрыты двух-чатырохсхільным дахам, хіба толькі што не саламяным, а гонтавым. Яно зразумела, бо драўляныя храмы ўзводзіліся тымі ж мясцовымі майстрамі-цеслярамі, што будавалі жытло.

Ёсць яшчэ адна важная асаблівасць: бервяно выступала ў якасці модуля. Даўжыня яго абмежаваная, і таму калі для зруба хаты працягласці дастаткова, то для велічнага храма будзе малавата. Але майстры знаходзілі выйсце: напрыклад, крыжападобна ставілі чатыры зрубы, трывала злучыўшы іх вугламі. Канечне, схема крыжова-цэнтрычнага храма абумоўлена перш за ўсё яе сімвалічным зместам, але тут нельга не прызнаць арганічнага спалучэння сакральнасці і практычнасці. Зрубы маглі ставіць адзін за адным па прынцыпе так званай базілікальнай канцэпцыі, пры гэтым яны маглі быць рознай шырыні, накрывацца агульным дахам або асобнымі невысокімі шатрамі. Гэтыя асноўныя схемы зусім не стрымлівалі фантазію дойлідаў, у чым лёгка пераканацца, гартаючы кнігу: сярод соцень узораў храмабудаўніцтва адшукаць хоць бы два абсалютна аднолькавыя — марны занятак.

А да чаго ж гэтыя архітэктурныя помнікі прыгожыя! Праўда, прыгажосць някідкая, спакойная, цалкам у адпаведнасці з нашым менталітэтам, прыродай, ладам жыцця. Нават сціплая адназрубная цэркаўка пад гонтавым дахам, вертыкальна абшытая дошкамі з нашчыльнікамі, увянчаная адмысловым каваным крыжам на макаўцы, выглядае годна і велічна, здзіўляе суразмернасцю частак і цэлага. А што ўжо казаць пра ўніяцкія барочныя храмы, што ўзносяць высока ў неба стромкія вежы! Відавочна, што ўзорамі для мясцовых майстроў паслужылі мураваныя храмы ў стылі віленскага барока (якія аўтар вобразна называе «мураванымі хараламі»), але ж дакладнага капіравання не заўважаецца, ды майстры да гэтага і не імкнуліся, свядома ці несвядома ўносячы карэктывы ў адпаведнасці з іншым матэрыялам, уласнымі густамі і мясцовымі традыцыямі. Не дзіва, што гэтыя шэдэўры цяслярскага мастацтва гарманіруюць з наваколлем, з’яўляюцца сапраўдным упрыгажэннем паселішча, адметным і непаўторным арыенцірам на значнай прасторы. І як шкада, што большасць ілюстрацый у выданні дэманструюць нам узоры архітэктурнай творчасці, якія даўно (а то і адносна нядаўна) былі страчаны незваротна. Некаторыя — па натуральных прычынах, але пераважна праз разбуральную злачыннасць няўдзячных нашчадкаў колішніх майстроў-цесляроў…

Разабрацца ва ўсёй разнастайнасці і багацці архітэктурнай спадчыны, раскрыць самабытнасць драўлянага хрысціянскага дойлідства Беларусі, яго лакальныя і нацыянальныя адметнасці, вызначыць мастацка-стылявую трансфармацыю ў розныя гістарычныя перыяды, прааналізаваць генезіс і творчую эвалюцыю кампазіцыйных мадыфікацый драўляных храмаў — справа няпростая, але даследчыца, думаецца, справілася з ёй выдатна. Спыняцца падрабязна на кожнай праблеме не выпадае, ды і не варта, таму што спецыялісты ўдумліва прааналізуюць грунтоўную працу, а проста прыхільнікам нашай мастацкай спадчыны дастаткова пачытаць выданне, каб атрымаць дастатковае ўяўленне пра асноўныя асаблівасці беларускага народнага драўлянага дойлідства. Ды і як яго не заўважыць? Старасвецкія храмы, няхай сабе і значна перабудаваныя, а бывае, і асучасненыя, пры ўсёй сваёй кампазіцыйнай разнастайнасці і непаўторнасці, вызначаюцца элегантнай стрыманасцю і прастатой, маналітнасцю і пластычнасцю, пры гэтым захоўваюць годнасць і велічнасць. А вось праваслаўныя храмы ХІХ стагоддзя, узведзеныя па тыпавых праектах «в виду водворения и преобладания в Северо-Западном крае русской народности», ужо дэманструюць поўнае ігнараванне мясцовых цяслярскіх традыцый, карэнныя змяненні ў кампазіцыі, насычанасць эклектычным дэкорам і ў выніку — страту традыцыйнай гармоніі форм і аб’ёмаў, адсутнасць арганічнага спалучэння з мясцовай забудовай і ўсім наваколлем.

Аўтар не абыходзіць увагай і сучасны стан драўлянага культавага дойлідства, як колішніх узораў, так і ўзведзеных апошнім часам. Адносна першых зусім не цешыць сябе і чытачоў шырока дэклараванай ілюзіяй нашых дасягненняў у справе аховы гісторыка-культурнай спадчыны. З душэўным болем і абурэннем у кнізе гаворыцца пра непавагу і неразуменне эстэтычнай каштоўнасці традыцыйнага храмабудаўніцтва, непрафесійнасць і недасведчанасць у справе рэстаўрацыі ці асучаснівання, прыводзяцца канкрэтныя прыклады такога стаўлення да архітэктурнай спадчыны.

У выданні Тамара Габрусь спыняецца і на праблемах драўлянага дойлідства ў наш час, калі асабліва відавочнымі сталі супярэчнасці паміж імкненнем пэўнай канфесіі да семантычнай ідэнтыфікацыі і працэсамі рэлігійна-культурнай глабалізацыі, пры гэтым адначасова актуалізуецца неабходнасць выяўлення ўласных традыцый і іх творчага выкарыстання падчас праектавання і будавання новых аб’ектаў сакральнага прызначэння. Вядома, калі паўсюль працуюць з сучаснымі будаўнічымі матэрыяламі, узвядзенне храмаў з дрэва ўжо само па сабе можна лічыць працягам традыцыі. Толькі гэтага мала: звычаі нацыянальнага дойлідства павінны выяўляцца перш за ўсё ў архітэктурна-мастацкім вобразе новага храма. І ў гэтых адносінах многія ўзоры сучаснага храмабудаўніцтва выклікаюць вельмі неадназначныя пачуцці. Ці то сучасныя дойліды не лічаць патрэбным абапірацца на айчынныя традыцыі, ці то папросту ім не хапае дасведчанасці. І ў апошнім выпадку якраз істотна дапаможа выданне «Драўлянае хрысціянскае храмабудаўніцтва Беларусі».

Яўген САХУТА

Друкуецца ў газеце «Літаратура і мастацтва»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».