Вы тут

Хвіліна маўчання


На якой вайне мы становімся і салдатамі, і ахвярамі


Учора акурат апоўдні здарылася са мной надзвычай непрыемная неспадзяванка. Камп'ютар на рабочым стале, на экране якога ўжо было наадкрывана з дзясятак «вокнаў» і для работы, і «паглядзець», раптам без аніякага папярэджання ўсе гэтыя «вокны» патушыў, заліў манітор валошкава-сінім колерам і здзекліва напісаў: «Не выключайце камп'ютар. Устанаўліваецца абнаўленне». Збянтэжана пасядзеўшы перад ім хвілін пятнаццаць і патыкаўшы ў розныя кнопкі, я зразумела, што чакаць давядзецца доўга: працэнт загрузкі абнаўленняў паказваў лічбу «два», і павялічвацца яна не спяшалася. Але на гэтым непрыемнасці не скончыліся. Узяўшыся за смартфон, я ўбачыла, што аператар вырубіў мне мабільны інтэрнет (забылася заплаціць). Гэту праблему можна было б лёгка вырашыць: праз сеціва аплаціць — дзве хвіліны. Але дзе ж тое сеціва — здзекліва-роўна свеціць васільковага колеру манітор. Не ісці ж па рэдакцыі прасіцца за чужы камп'ютар — людзі самі працуюць.

Я ўвогуле чалавек да панікі не схільны. Але тут нешта падобнае на некалькі хвілін адчула. Спачатку я не ведала, куды падзець рукі — яны ж звычайна ці на клавіятуры, ці на мышы. Праз колькі часу я ўжо не ведала, куды падзець саму сябе: пісаць трэба, пошту ўжо дзесяць хвілін не глядзела, а там жа навін колькі, напэўна, новых, а «Фэйсбук», а «Тэлеграм»... Карацей, некалькі разоў устаўшы, зноў сеўшы, зноў устаўшы, пахадзіўшы па калідорах, я рашыла пайсці на вуліцу. На сінім маніторы два працэнты змяніліся на чатыры, тым самым даючы надзею, што калі-небудзь ён усё-ткі запрацуе.

Пад пранізлівым сцюдзёным ветрам, які дзьмуў проста ў твар, я рушыла ў недалёкі парк Чалюскінцаў. Прайшла крыху ўглыб па алеях і раптам здзівілася цішыні, якая была вакол. Не было чуваць недалёкага праспекта, вецер згубіўся недзе ў верхавінах сосен. Людзей вакол не было — аніводнага чалавека. Прысеўшы на лаўку, я злавіла сябе на тым, што ўпершыню за доўгія-доўгія месяцы я ў разгар рабочага дня маўчу ў цішыні.

Спачатку ад гэтага ўзаемнага з наваколлем маўчання было неяк няёмка і нязручна. А пасля прыйшло разуменне, што гэта я сама перад сабой сапраўдная. Можна нарэшце прыслухацца не да некага — да сябе і зразумець, што насамрэч для мяне важна і што на самай справе мяне хвалюе ў гэтым жыцці. Уключыліся зусім іншыя эмоцыі, той настрой, які міжволі «нахапала» з раніцы з сацыяльных сетак і «Тэлеграма», знік, бо прыйшло разуменне, што гэта не мой настрой, а нечы, некага іншага, каго я нават не ведаю. І самым важным у жыцці, нашмат важнейшым, чым усё іншае, аказалася тое, што хросная дачушка нядаўна ляжала ў бальніцы, а я з-за каранавіруса не магу адвезці ёй купленую ляльку, якую яна так чакала. Што кошка сёння раніцай ледзь не пакалечыла лапу, бо бесталковая гаспадыня ўжо каторы вечар не можа пастрыгчы ёй кіпці — позна прыходжу, а яшчэ ж трэба навіны паглядзець, каментарыі напісаць, лайкі паставіць, настрой самой сабе сапсаваць. Што час шаткаваць капусту, а я так і не схадзіла на наш імправізаваны рынак, дзе дзядзька з-пад Турава кожны год пакідаў мне самыя крамяныя галоўкі. Я нарэшце змагла задумацца і прааналізаваць, ці падабаецца мне амаль дачытаны, модны сёння «Жэтон на метро», бо чытала, едучы ў тралейбусе, упохапкі, на смартфоне, паралельна гледзячы навіны, пішучы каментарыі, ставячы лайкі. І думаць, падабаецца ці не, не было часу, і чытала дзеля таго, каб быць у трэндзе, каб не выглядаць дурніцай, калі хтосьці спытаецца...

І ў гэту хвіліну маўчання і разваг прыйшла яшчэ вось якая думка. Многія з нас, асабліва жыхары гарадоў, перасяліліся з рэальнага жыцця туды, у віртуальную прастору. І пражываем там сваё жыццё — спачуваем тым, каго не ведаем і ніколі не ўбачым, клянём тых, хто нам асабіста не зрабіў нічога дрэннага, эмацыянальна рэагуем на тое, чаго на свае вочы не бачылі, на свае вушы не чулі, урэшце, робім тое, што, як думаем, хочам самі, а насамрэч тое, хто хоча хтосьці іншы. Прыгадайце: за апошнія месяцы быў жа нехта са знаёмых, хто казаў пра непрыбіраную некалькі тыдняў кватэру, засохлыя, забытыя кветкі, пакінутых без звыклых вечаровых гульняў дзяцей. Бо не да таго — бо мама ў «Фэйсбуку» піша каментарыі, рэпосціць «жудасныя навіны», бо тата, толькі прыйшоўшы з працы, завісае ў «Тэлеграме», а пасля злуецца, лаецца, становіцца зусім не падобны на сябе ранейшага. А можа, гэта не пра вашых знаёмых, а пра вас саміх?..

Цяпер многа гаворыцца пра тое, што супраць нашай краіны вядзецца гібрыдная вайна. Пэўна, так яно і ёсць, і гэта дрэнна. Але здаецца мне, што ёсць рэч значна горшая, з якой ніякі спецыяліст па барацьбе з кіберзлачыннасцю не справіцца. Гібрыдная вайна, якую кожны з нас аб'яўляе сабе сам. Уключаючы камп'ютар ці смартфон, мы з «гома сапіенс» ператвараемся ў «гома гаджэтус», у салдат і адначасова ў ахвяр гэтай самай вайны, у якой не можа быць пераможцаў. Але страшна не гэта, а тое, што з-за ўдзелу ў такой вайне мы псуём іншым людзям і самім сабе рэальнае жыццё — кароткае, якое не перазапусціш на абнаўленне.

Нам сёння ўсім вельмі патрэбна проста спыніцца і памаўчаць у цішыні. Прыслухацца не да кагосьці — да саміх сябе, расставіць не нечыя — свае ўласныя прыярытэты. Для гэтага дастаткова націснуць на «выключыць». Гэта часам вельмі складана і цяжка, але ж мы з вамі не шукаем лёгкіх шляхоў?..

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Прэв’ю: radio1.news

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Лепшы цюнінг для машын — правільны пратэктар шын»

«Лепшы цюнінг для машын — правільны пратэктар шын»

Менавіта пад такім слоганам будзе праводзіцца Рэспубліканская прафілактычная акцыя, якая ініцыяваная на нашых дарогах Дзяржаўтаінспекцыяй краіны. 

Грамадства

Зімовы асартымент. Колькі каштуюць «вітаміны» на «Лебядзіным»

Зімовы асартымент. Колькі каштуюць «вітаміны» на «Лебядзіным»

З якімі прыкметамі вы звязваеце набліжэнне зімы? 

Грамадства

Якiя нашы звычкi шкодзяць здароўю i знiшчаюць iмунiтэт?

Якiя нашы звычкi шкодзяць здароўю i знiшчаюць iмунiтэт?

Мы ў жыццi шмат чаго робiм, што пагаршае наша здароўе — або адразу, або ў аддаленай перспектыве.