Вы тут

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў


Калі перамагае дружба, альбо… Жанчыны і футбол

Нельга сказаць, што сувязі тут ніякай, бо цяпер ёсць нават жаночыя футбольныя каманды. Мой жа аповед з тых даўніх часоў, калі іх не было, а жанчыны добра памяталі, што яны — менавіта жанчыны.

Выключэнні, праўда, здараліся і тады. Ад футбола, як кажа сённяшняя моладзь, проста фанацела мая каляжанка Таня. З ёй і яе мужам Косцем мы працавалі ў адной школе, разам, бывала, хадзілі ў кіно, адзначалі нейкія святы, сябравалі сем'ямі. Таму я зусім не здзівілася, калі неяк пасля работы муж сказаў:

— У гэту нядзелю наша «Дынама» гуляе з кіеўскім. Цікавы будзе футбол... Я чуў, што Косця (ён жа — настаўнік фізкультуры. — Аўт.) арганізуе паездку... Калі будзе магчымасць, — скажы, каб мяне запісаў.

Ну чаму б і не? Я на вялікім перапынку іду шукаць Косцю, а замест яго ў калідоры сустракаю Таню. Пытаюся:

— Не ведаеш, дзе твайго мужа знайсці?

Яна мне ў адказ:

— А навошта?

— Ды, — смяюся, — улюбілася, жыць без яго не магу!

— А я пра гэта ўжо ведаю, — кажа мне Таня, прычым — на поўным сур'ёзе.

— ?!

— ...Мне данеслі, што ты хочаш яго адбіць. Дык не будзе па-твойму! Не дапушчу... Нават не спадзявайся!

Я толькі рот адкрыла: не знайшла, што і адказаць — такая мне была аплявуха. А за ёю — адразу ж званок.

Іду я ў клас і думаю: а што гэта было? Трэба разумець, нехта ў нашай школе хоча нас пасварыць — плёткі ўзяўся разводзіць? А зрэшты...

У апошні час мы з Косцем мо калі-нікалі і сустракаліся: ён рыхтаваў мяне да раённых спаборніцтваў. Праўда, гэта заўжды на людзях... І для перамогі... А тут — я раптам адбіць збіраюся... Ды не смяшыце мае пантофлі, як той казаў! Было б каго! Мужычок-сераднячок... Ды і свой жа ў мяне — каханенькі-родненькі...

«Так, — думаю, — трэба ўсур'ёз пагаварыць з Таняй — усё ёй растлумачыць. А тую — ну як падмяніў хто: чужой-чужаніцай стала!.. Праўда, на футбол, я чула, ехаць збіраецца. Значыць, трэба і мне.

З такім вось настроем мы кіруем у Мінск (Таня па-ранейшаму трымае дыстанцыю). Амаль побач сядзім на трыбунах. Праўда, я там, можна сказаць, староннім вокам гляджу, як дарослыя дзядзькі ў сямейных трусах ганяюць па полі мячык (занятак сабе знайшлі!)... І чаго толькі вакол не чую! Гвалт, свіст, тупанне нагамі, крыкі «Куды?..», «Мазіла!», «Дай пас!..», «Дурыла!», «Справа заходзь!..»

Карацей — на трыбунах эмоцыі аж кіпяць! Але і ўнізе, на полі, як быццам таксама штось адбываецца?..

— Го-о-о-о-ол! — узрываюцца раптам трыбуны. І хтосьці балюча... б'е мяне па плячах.

Азіраюся і бачу, што чалавек той, відавочна, «не тут» — ён нічога не разумее... Як, дарэчы, і ўсе астатнія: муж мой абдымаецца з Косцем, Таня адбівае далоні, скача і вешаецца на іх... Карацей, нейкі з'езд вар'ятаў, а не стадыён! Палата нумар шэсць!

...Але ж — скажу вам — што пабывала я ў ёй недарэмна, бо пераканалася, што калі ў Мінску футбол, Мінск і ўсе, хто там ёсць, сапраўды разумнеюць.

Ва ўсякім разе са стадыёна мы выходзілі поруч з Таняй: яна па-сяброўску ўзяла мяне пад руку і нават сказала:

— Ты мне прабач. Я пра цябе дурное падумала. А тут, на футболе, убачыла: ты, каб і хацела, Косцю ў мяне аніколі не адаб'еш!

Мне аж цікава стала:

— Гэта, — пытаю, — чаму ж?

— А таму, што яго ніколі не прывабіць жанчына, якой нецікавы футбол.

Вось так. Засталося дадаць, што на раённых спаборніцтвах наша школа выйграла! Ну вядома ж, дзякуючы фізруку... Мне таксама, у пэўнай ступені. А калі наогул, то перамагла дружба.

Зоя Максімава, г. Віцебск


Язык у роце, як чорт у балоце

Не вам казаць: пры камуністах людзі жылі не вельмі багата, але ж неяк без Ракфелераў — больш-менш аднолькава. У многіх грошы былі ў запасе: нехта збіраў на машыну альбо дзецям на вяселле, на новы халадзільнік, а хтосьці і проста на чорны дзень...

Розныя меліся сумы ў людзей, розныя былі і схованкі: у некага — на так званай кніжцы ў ашчадным банку, у некага — у ложку пад матрацам...

І апошні, можа, нават выйграў, бо калі распаўся Саюз, грошы без агню без дыму згарэлі — укладчыкі ні з чым засталіся.

А жыць жа за нешта трэба: і машыны купляць, і вяселлі спраўляць... Вось і кінуўся люд хто куды: хто ў гандляры-перакупшчыкі, хто ў так званыя шабашнікі, а хто з рукамі ды з галавой, той уласную справу адкрыў.

...Задумаўся пра яе і вясковец Рыгор. А што — ён жа не зломак: і гаспадар, якіх пашукаць, і працаўнік, і цесля. На падворку — свой станок з цыркуляркай, лесу вакол — хоць вазамі вазі... Ды і не з нуля ж яму пачынаць было: выконваў заказы. І проста дошкі габляваў, і вокны людзям рабіў, і дзверы...

Труны таксама, здаралася. Як жа адмовіш, калі ў чалавека бяда? Тут нават бясплатна зробіш... Ці хіба натурай возьмеш колькі пляшак гарэлкі ды закусь, каб нябожчыка памянуць...

Дык чаму б, падумаў, не ўзяцца за вытворчасць, не паставіць яе на паток? Людзі ж і паміралі, і будуць паміраць, значыць, банкруцтва яму не пагражае. Канкурэнтаў паблізу таксама няма. Гэта цяпер на рытуальных паслугах людзі бізнес робяць, а тады...

Тады да Рыгора чарговы заказчык зайшоў — знаёмец з суседняй вёскі, папрасіў, каб для яго бацькі труну зрабіў. А яшчэ — каб заўтра а дзявятай раніцы прывёз яе, бо самому забраць — ну ніяк не выпадае.

Рыгор — чалавек слова: паабяцаў і тут жа, без адкладу, за работу ўзяўся.

...Раніцай, каб даставіць заказ, яшчэ ўпоцемках пагаліўся-прыбраўся — пайшоў заводзіць свой стары «Масквічок», а той, як на ліха — ні гуку! Гаспадар і так ля яго, і вось гэтак... Што ні рабіў, — толькі час змарнаваў: не завялася машына.

Ён тады (што рабіць?!) ускінуў дамавіну сабе на плечы (вечка, вырашыў, другім заходам вазьму) і пехам падаўся да вёскі, балазе гэта блізка было — напрасткі, узбоч могілак, недзе з вярсту...

І з палову яе вясковец ужо прайшоў, калі пачуў, што ззаду едзе машына, і ўбачыў (справа ў познюю восень была — толкам не развіднела), што яна — міліцэйская — ужо дагнала і абагнала яго, потым — спынілася, стала здаваць назад.

— Э-э, што нясеш? — спытаў у Рыгора іх новы, малады зусім участковы. — Труну?! Ты дзе яе ўзяў?

А Рыгору ж часу няма, каб з ім лясы тачыць: як ішоў, так ідзе ды скардзіцца:

— Ды вось жа... Пакрыўдзіла мяне радня: не там пахавала... Я ў іншае месца рашыў перайсці...

Той хлопец, як пачуў гэта, так на зямлю і аб'ехаў — знежывеў, бядак.

Рыгор тут жа труну з плячэй, да машыны яе прыставіў, нахіліўся да ляжачага, паляпаў рукой па твары, сказаў:

— Браток, мы ж так не дамаўляліся... Пажартаваў я... Прабач.

...Праўду кажуць, што з добрага смеху добрая і пацеха, а дурныя жарты часам стрэсу варты.

Мікалай Багданаў, Мёрскі раён


Дзень ружовых руж

Кажуць, колькі людзей, столькі меркаванняў. Аднак з гэтым можна паспрачацца, бо яны, тыя меркаванні, часта супадаюць, а вось лёсы — не: у кожнага чалавека ён свой, асабісты. Хтосьці, напрыклад, з першых дзён і да скону ў любові ды дастатку жыве, хтосьці — у хваробах ды горы: то з бацькамі не пашчасціла, то з мужам ці жонкай, то з дзецьмі, з работай, з начальствам... А найчасцей, відаць, і сапраўды жыццё «ў палосачку». Толькі палоскі гэтыя рознай шырыні і рознага колеру.

У маёй прыяцелькі Алёны светлых, дзякаваць богу, болей: вырасла ў поўнай сям'і, скончыла інстытут, выйшла замуж, нарадзіла дачку... Праўда, гадавала яе, можна сказаць, адна, бо муж — як цешча казала — «увесь час у камандзіроўках сядзеў», прычым доўжыліся яны не днямі і нават не тыднямі: па паўгода чалавека дома не было! Потым прыедзе, трохі пабудзе — і зноў няма.

Алёна, вядома ж, і злавала на яго, і крыўдавала, бо «все подружки по парам...», а яна ўсё адна ды адна... І ў будні — яшчэ палова бяды...

У іх якраз чакалася свята — дзесяцігоддзе сумеснага жыцця — бурштынавае вяселле. І без «жаніха»...

«Нічога не зробіш», — вырашыла «нявеста», і разам з дачушкай так, на ўсякі выпадак, прыбралі ў кватэры, напяклі бацькавых любімых пірагоў, зрабілі прыгожыя прычоскі, надзелі новыя сукенкі — схадзілі ў іх у парк пагуляць. А калі вярнуліся дамоў, адчынілі дзверы...

Алёна, што называецца, дзе стаяла, там і села: пасярод залы на століку красаваўся велізарны букет — ружы, яе любімыя, ружовыя.

— Татка прыехаў! — закрычала малая і, сарваўшыся з месца, пабегла шукаць яго па кватэры.

Азірнулася па баках і Алёна — нідзе аніякіх прыкмет: ні чамадана, ні плашча, ні абутку.

— У спальні яго няма, — тым часам дакладвала малая. — За шторай таксама няма. Можа, ён у кухні?..

Дзіця аббегла ўсе закуточкі, праверыла ўсе магчымыя хованкі і развяло рукамі: не прыехаў... Тады адкуль узяліся кветкі?

Не разумела гэтага і Алёна, пакуль пад вечар муж не пазваніў, не павіншаваў і не сказаў, што дастаўку падарунка (пры букеце была і каробачка з пярсцёнкам) разам з ключамі ад кватэры даверыў сябру, што быў сведкам у іх на вяселлі.

...Іншымі словамі, нягледзячы на адлегласць, свята ў гэтай сям'і адбылося! Што, напэўна, і не дзіва, бо яно заўжды адбываецца, калі двое па-сапраўднаму любяць.

Ірына Кулікова, г. Мінск

Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР

Ад яе ж заўсёднае: «Пішыце!» Конкурс на найлепшую вясёлую і праўдзівую гісторыю працягваецца, журы працуе. Шанцы на перамогу ёсць.

Прэв’ю: zstrela.ru

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Лепшы цюнінг для машын — правільны пратэктар шын»

«Лепшы цюнінг для машын — правільны пратэктар шын»

Менавіта пад такім слоганам будзе праводзіцца Рэспубліканская прафілактычная акцыя, якая ініцыяваная на нашых дарогах Дзяржаўтаінспекцыяй краіны. 

Грамадства

Зімовы асартымент. Колькі каштуюць «вітаміны» на «Лебядзіным»

Зімовы асартымент. Колькі каштуюць «вітаміны» на «Лебядзіным»

З якімі прыкметамі вы звязваеце набліжэнне зімы? 

Грамадства

Якiя нашы звычкi шкодзяць здароўю i знiшчаюць iмунiтэт?

Якiя нашы звычкi шкодзяць здароўю i знiшчаюць iмунiтэт?

Мы ў жыццi шмат чаго робiм, што пагаршае наша здароўе — або адразу, або ў аддаленай перспектыве.