Вы тут

Любоў Чаркашына: Мастацкая гiмнастыка — гэта цэлы свет


Мастацкая гiмнастыка — гэта любоў. У выпадку з беларускай гiмнастыкай можна сказаць, што гэта яшчэ i Любоў Чаркашына. У 2012 годзе яна — бронзавы прызёр алiмпiяды, цяпер — суддзя, трэнер, старшыня камiсii спартсменаў Мiжнароднай федэрацыi гiмнастыкi. Любоў Чаркашына пусцiла карэспандэнтаў «Звязды» ў прывабны i загадкавы свет мастацкай гiмнастыкi, гэтаксама як i ў свой уласны.


— Любоў, мастацкая гiмнастыка — вiд спорту, дзе значэнне мае кожны год. Як сёлета дзяўчаты-гiмнасткi праводзiлi час без спаборнiцтваў?

— Для гiмнастак, якiя планавалi алiмпiядай у Токiа скончыць кар'еру, перанос стаў вялiкiм ударам, а для маладых дзяўчат — добрай магчымасцю ўдасканалiць фiзiчную i псiхалагiчную форму. Мы старалiся максiмальна шукаць плюсы. Напрыклад, я, нарэшце, магла шмат часу праводзiць з дачкой, якая так хутка расце, i займацца любiмай справай. Галоўны трэнер зборнай Iрына Юр'еўна Ляпарская знайшла генiяльны выхад, каб дзяўчаты не страцiлi форму i заадно любоў да гiмнастыкi падчас вымушанага каранцiну. Спачатку яны самi прыдумвалi сабе практыкаваннi, а потым глядзелi выступленнi мiнулых гадоў i паўтаралi iх на iмправiзаваных спаборнiцтвах. Такi праект даказаў, што любым пакаленнем спартсменак варта захапляцца, таму што чэмпiёнкамi проста так не становяцца, за гэтым заўсёды стаяць унiкальныя элементы i вялiкая праца.

— Мастацкая гiмнастыка, якую вы паказвалi ў 2012 годзе, i сённяшняя значна адрознiваюцца?

— Мастацкая гiмнастыка развiваецца цыклiчна i да яе заўсёды былi розныя патрабаваннi. Калiсьцi патрабавалася больш прыгажосцi, i быў час, калi пераважала фiзiчная падрыхтоўка. Зараз найбольш увагi надаюць складанасцi прадмета. У мой час гiмнастка выходзiла, i нiхто не ведаў яе набор элементаў. А зараз прыблiзна можна прадугадаць, што менавiта яна пераносiць з выступлення ў выступленне. Раней гiмнасткi былi больш пластычныя i грацыёзныя, была неверагодная гармонiя цела i прадмет. Складанасць прадмета — гэта супер, за паўтары хвiлiны выступлення адзiночнiцы людзi няспынна захапляюцца, але яны стамляюцца ад гэтага, iм патрэбна адпачыць душой.

— Чым, на ваш погляд, абгрунтаваны такiя змены?

— Мастацкая гiмнастыка — гэта цэлы свет, дзе ўсё ўзаемазвязана: спартсменкi, федэрацыi, гледачы. З кожным цыклам з'яўляецца штосьцi новае. Неверагодную тэхнiку паказвалi расiянкi Маргарыта Мамун i Яна Кудраўцава, што дало вялiкi штуршок развiццю гэтага спорту. У 2000-х «выстралiла» Алiна Кабаева, яна паказала бязмежныя магчымасцi цела, i ўсе пачалi за ёй паўтараць, працягваць... Так мастацкая гiмнастыка i мяняецца, i развiваецца.

— Вам як суддзi спаборнiцтваў наколькi цяжка ацэньваць выступленнi, да якiх пастаянна прад'яўляюцца розныя патрабаваннi?

— Кожны, у тым лiку i суддзя, павiнен быць прафесiяналам на сваёй пасадзе, незалежна ад абставiн. Гiмнастка выконвае вялiзную колькасць элементаў, а суддзя — не камп'ютар i нельга поўнасцю выключыць чалавечы фактар. Таму суб'ектывiзм судзейства залежыць ад сумлення кожнага чалавека. Калi я сяджу за судзейскiм сталом, я проста назiраю за выступленнем i стаўлю адзнаку.

— Любоў, якiя самыя вострыя пытаннi сёлета прыйшлося вырашаць камiсii спартсменаў Мiжнароднай федэрацыi гiмнастыкi?

— У камiсiю ўваходзяць прадстаўнiкi ўсiх гiмнастычных дысцыплiн. Перш за ўсё нам прыйшлося вырашаць, як змянiць сваю работу, мы зарыентавалiся i цяпер працуем анлайн. Самым папулярным пытанням ад спартсменаў быў перанос Алiмпiйскiх гульняў. У гiмнастаў яшчэ ёсць час быць адабранымi на алiмпiяду на квалiфiкацыйных спаборнiцтвах. Але адна краiна поўнасцю закрыла ўсе спартыўныя залы, а ў iншай яны былi адкрытыя i спартсмены трэнiравалiся ў звыклых умовах. I гэта ўжо няправiльна, парушаецца спартыўны прынцып, людзi знаходзяцца не ў роўных абставiнах.

— Алiмпiйскiя лiцэнзii беларускай каманды ўжо чакаюць свайго часу?

— Так, дзяўчаты заваявалi поўны камплект лiцэнзiй. Усяго на краiну дзве адзiночныя лiцэнзiі i адна групавая. З-за таго, што пуцёўкi неiмянныя, увесь наступны сезон будзем выбiраць, хто паедзе ў Токiа. Наша легендарная тройка — Кацярына Галкiна, Алiна Гарнасько i Настасся Салас — будзе змагацца памiж сабой за месца пад сонцам у Токiа. «Групавiчак» таксама чакае барацьба. Iх шэсць чалавек, а на алiмпiйскiх спаборнiцтвах выступае група з пяцi дзяўчат. Але трэнiравацца ўпяцёх — амаль што самазабойства, абавязкова павiнен быць чалавек на замену.

— Як здароўе Кацярыны Галкiнай, прымы нашай мастацкай гiмнастыкi?

— Гiмнастка як жанчына, як чалавек хутка расце, яе арганiзм мяняецца. Вельмi цяжка пастаянна трымаць сябе ў жорсткiх рамках. На жаль, у Кацi праблемы з нагамi. Адну нагу амаль вылечылi, зараз займаемся другой. Спадзяёмся, што Кацi хопiць часу на рэабiлiтацыю i вяртанне ў алiмпiйскую гонку. Яе кар'ера заслугоўвае прыгожай канцоўкi. Канешне, цяжка праходзiць праз аперацыi i амаль што наноў нараджацца. Але, я думаю, гэта зробiць яе мацнейшай i яшчэ больш загартуе характар.

— Пачынаючы з 2000 года, алiмпiйскiмi чэмпiёнкамi па мастацкай гiмнастыцы нязменна становяцца расiйскiя спартсменкi. Што беларуская школа можа пераняць у расiйскай?

— Нi для кога не сакрэт, што расiйская каманда традыцыйна вельмi моцная. Вялiзная краiна, шмат талентаў i кожная чэмпiёнка — унiкальная асоба, якая задае пэўныя тэндэнцыi ў гiмнастыцы. Вельмi добра, што ў нас ёсць такiя сапернiкi, якiя дапамагаюць няспынна павышаць свой узровень. Так, у нас меншыя маштабы краiны, але гэта не перашкаджае беларускай школе трымаць марку. Усе ведаюць, што алiмпiйская чэмпiёнка Марына Лобач вырасла ў Беларусi. I зараз наша iмкненне iсцi наперад не згасае. Дрэнны той спартсмен, якi не iмкнецца да першага месца.

— Мастацкая гiмнастыка — своеасаблiвае шоу, дзе вялiкае значэнне мае знешнi выгляд. Цi можна сказаць, што iснуе гiмнастычная модная iндустрыя?

— Гаварыць пра iндустрыю будзе вельмi гучна. Але пэўныя кiрункi i тэндэнцыi ў купальнiкаў ёсць. Часта iх шыюць, гледзячы на сукенку ў модным часопiсе. I на гiмнастцы фасон можа выглядаць больш эфектна, чым на подыуме. Мне падабаецца, калi да купальнiкаў дадаюць спаднiчкi, гэта выглядае вельмi па-жаночаму i, калi трэба, хавае нюансы фiгуры. Нехта на купальнiках стварае карцiны. Напрыклад, у Алiны Гарнасько на купальнiку намалявана пыса пантэры. Найлепшыя купальнiкi заўсёды ў вядучых гiмнастак цi ў тых, хто можа сабе гэта дазволiць, бо справа нятанная. Але часам дзяўчынка, асаблiва маленькая, у купальнiку губляецца. Гiмнастка да дзесяцi гадоў павiнна вучыцца i паказваць сваю фактуру, а не фiнансавыя магчымасцi бацькоў.

— Як праходзiць выбар музыкi для гiмнастычных праграм?

— Перадусiм кампазiцыя павiнна пасаваць да ўзросту гiмнасткi. Калi дзяўчынка прапаноўвае кампазiцыю са словамi на замежнай мове, Iрына Юр'еўна патрабуе перакладу i разумення яе сэнсу. Падчас каранцiну дзяўчаты самi выбiралi музыку пад свае практыкаваннi. Больш за тое, пад яе яны пiсалi лiбрэта, гiсторыю, якую потым паказвалi ў выступленнi. Адна справа, калi ты тлумачыш, дзе i як трэба ўсмiхнуцца i якi позiрк паказаць, i iншая справа, калi гiмнастка сама гэта адчувае.

— Цi суадносiцца выбар кампазiцыi са спецыфiкай прадмета, з якiм прыйдзецца выступаць?

— Большасць выбiрае павольныя кампазiцыi пад мячы, хуткiя — пад скакалкi. Амаль няма «павольных» булаў. Кацi Галкiнай аднойчы ставiлi «павольныя» булавы, i ўсе скептычна да гэтага ставiлiся, але атрымалася добра. Стужка — гэта нешта ўзнёслае, як вальс. Абруч дастаткова ўнiверсальны прадмет. Некаторыя ўхiтраюцца ставiць праграмы пад рытмiчныя, дыскатэчныя кампазiцыi, i суддзi часам не разумеюць, як ацанiць такi нумар. Гiмнастцы трэба ўмець слухаць i разумець музыку, яна, як лiтаратура, у кожным узросце ўспрымаецца па-рознаму.

— Для таго каб удала раскрыць вобраз падчас выступлення, патрэбныя ўрокi акцёрскага майстэрства...

— Некалi Iрына Юр'еўна рэалiзавала амаль цэлы праект па акцёрскiм майстэрстве. Да дзяўчат прыходзiлi выкладчыкi сцэнiчнага маўлення. Спартсменак вучылi, як трымацца перад камерай, на людзях, даваць iнтэрв'ю. Былi ўрокi па макiяжы. Але канкрэтна акцёрскiм майстэрствам дзяўчаты займалiся няшмат, у выступленне кожная ўкладвае нешта сваё. Спартсменкi пастаянна працуюць над пластыкай. У iх ёсць харэограф, з якiм яны вучаць розныя вiды танцаў — ад лiрычных да хiп-хопа. Яны могуць адпрацоўваць адны i тыя ж рухi, але выказваць iмi розныя эмоцыi i станы. Гэта таксама своеасаблiвае акцёрскае майстэрства.

— Гiмнастка можа выдатна выступаць з усiмi чатырма прадметамi, цi ўсё роўна нечаму аддаецца перавага?

— Выступленне на Алiмпiйскiх гульнях судзiцца па асабiстым шматбор'i, таму патрэбна выканаць максiмум ва ўсiх практыкаваннях. Але калi паглядзець мiжнародныя спаборнiцтвы, у нашых адзiночнiц больш за ўсё медалёў з мячом. У мяне падчас спартыўнай кар'еры лепш за ўсё атрымлiвалiся практыкаваннi з мячом i булавамi. Самая складаная заўсёды стужка — то яна мокрая, то завязваецца, то ляцiць не туды... Сучасная гiмнастыка моцна амаладзiлася. I спартсменкi ў 16–19 гадоў вельмi смелыя, па-добраму самаўпэўненыя. Яны не баяцца рабiць тое, што раней здавалася немагчымым.

— У адным з iнтэрв'ю вас параўналi з Кацярынай Галкiнай, i тады вы сказалi, што яна — таленавiтая, а вы «зробленая» гiмнастка. Што гэта азначае?

— У Кацi ад прыроды ёсць адчуванне музыкi, цела, прыгажосцi, кацiная гнуткасць. Я з яе жартую, кажу: «Што б нi здарылася, ты заўжды падаеш на чатыры нагi». Мне ж прыходзiлася шмат чаго завучваць. Я цягавiты Казярог, таму мой талент — у працавiтасцi, упартасцi i цярплiвасцi трэнераў. Калi спытаць, што дапамагло Любе Чаркашынай, усе скажуць, што яна працавiтая, але не таленавiтая ад прыроды.

— Калi назiраеш за вашымi сацыяльнымi сеткамi, складваецца адчуванне, што дачка Вера пойдзе па мамiных слядах...

— Яна любiць праводзiць час у зале, паўтарае за дзяўчатамi, дома танцуе. Вера выдатна чуе музыку, у яе добрая каардынацыя — у мяне гэтага не было, гэта мужавы гены. У нас з Вiцем няма мэты аддаць яе ў гiмнастыку. Для мяне галоўнае — бачыць сваё дзiця шчаслiвым.

— Любоў, у мастацкай гiмнастыцы вы ведаеце ўсе ролi. Якая для вас самая камфортная i якая — самая цяжкая?

— Лепш за ўсё быць спартсменам, цэнтрам сусвету, для якога ўсе працуюць. Адзiнае, што прайграваць непрыемна. А далей ужо складаней, таму што гаворка iдзе не толькi пра тваё жыццё, трэба несцi адказнасць за чужыя лёсы. Працуючы трэнерам, я зразумела, наколькi гэта цяжка. Я захапляюся мудрасцю, вытрымкай i цярпеннем трэнераў, якiя прысвяцiлi гэтай справе ўсё сваё жыццё.


Алiмпiйскiм гульням у Токiа — быць!

Мiжнародны алiмпiйскi камiтэт задаволены тым, як iдзе падрыхтоўка да летнiх Алiмпiйскiх гульняў — 2021 у Токiа i зiмовых Алiмпiйскiх гульняў — 2022 у Пекiне.

Аб гэтым заявiў кiраўнiк арганiзацыi Томас Бах пасля пасяджэння выканаўчага камiтэта МАК, якое адбылося ў лiстападзе. Падрыхтоўка да летняй Алiмпiяды iмклiва iдзе наперад. Ужо ў сакавiку 2021 года адновяцца тэставыя спаборнiцтвы. Па словах арганiзатараў, плануецца вызвалiць спартсменаў i гледачоў Алiмпiйскiх гульняў ад двухтыднёвага каранцiну. Разам з тым бяспека кожнага чалавека — па-ранейшаму прыярытэтнае пытанне ў падрыхтоўцы i правядзеннi галоўных стартаў.

Падчас вiзiту ў Токiа 15—18 лiстапада Томас Бах заявiў, што ўпэўнены ў здольнасцi Токiа правесцi бяспечныя Алiмпiйскiя гульнi. Мiжнародны Алiмпiйскi камiтэт не выключае магчымасцi дапамогi ў набыццi вакцыны i прышчэпак ад каранавiруса ўдзельнiкам Гульняў. Але гэта пытанне яшчэ будзе абмяркоўвацца з нацыянальнымi алiмпiйскiмi камiтэтамi. Кiраўнiк МАК наведаў алiмпiйскiя аб'екты японскай сталiцы. Паводле Томаса Баха, на галоўным стадыёне ўжо адчуваецца дыханне галоўнай спартыўнай падзеi. Побач з будучым сэрцам Алiмпiйскiх гульняў размешчаны музей, дзе выстаўлена лампада з алiмпiйскiм агнём. Эстафета алiмпiйскага агню стартуе 25 сакавiка 2021 года з прэфектуры Фукусiма. Прэзiдэнт МАК высока ацанiў алiмпiйскую вёску, якая размешчана на насыпным востраве ў залiве Токiа. У вёсцы будзе пражываць каля 17 тысяч спартсменаў i прадстаўнiкоў дэлегацый каманд.

Падчас вiзiту ў Японiю Томас Бах выказаў упэўненасць, што XXXII летнiя Алiмпiйскiя гульнi больш пераносiцца не будуць. Ён спадзяецца, што гэта грандыёзнае спартыўнае свята стане сiмвалам салiдарнасцi ў посткаранавiрусную эпоху.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?