Вы тут

Фестываль мастацтва «Арт-Мiнск» стартаваў днямi ў сталiцы


Мiжнародны фестываль мастацтва «Арт-Мiнск» стартаваў днямi ў сталiцы. Сёлета ўдзел у iм прымаюць творцы як з Беларусi, так i з Эстонii i Славакii. Убачыць маштабную экспазiцыю фэсту з работамi каля 400 беларускiх мастакоў можна на розных пляцоўках горада. Увазе наведвальнiкаў таксама прадстаўлены работы I трыенале жывапiсу, графiкi i скульптуры Беларускага саюза мастакоў «VIVAT VITA», а таксама выставачны праект «Графiка года».


Фота БЕЛТА.

— Сёння мы больш гаворым пра хваробы, пра тое, што адбываецца з людзьмi, але абмiнаем увагай iншыя, не менш важныя, рэчы. Наш арт-фестываль — гэта вялiкая падзея ў краiне, хоць у гэтым годзе яна i своеасаблiвая. У адным фэсце аб'ядналiся тры вялiкiя праекты, якiя наведвальнiкi змогуць убачыць на працягу месяца да 16 снежня, — адзначыла першы намеснiк старшынi Беларускага саюза мастакоў Наталля Шаранговiч. — Вядома, мы не змаглi б змясцiць усе работы нашых мастакоў, якiх сёлета каля 400, таму пляцоўкi фестывалю з'явяцца не толькi ў Палацы мастацтваў, але i ў Нацыянальнай бiблiятэцы, i ў галерэi «Мастацтва», у галерэi «Беларт» i iншых месцах. Напрыклад, у «Беларце» пакажам пейзаж у работах мастакоў розных пакаленняў, а ў галерэi «Мастацтва» ладзiм выстаўку, прысвечаную творчасцi Сяргея Цiмохава, якому сёлета споўнiлася б 60 гадоў... Таксама нам вельмi хочацца, каб не засталiся ўбаку мастацтвазнаўцы, бо важна не толькi паказаць мастацтва, але i гаварыць пра яго. Мяркую, пачынаючы з гэтага фестывалю заснуём традыцыю абмяркоўваць нашы мерапрыемствы i праекты. I спадзяюся, што дыскусiя атрымаецца вострая, бо ёсць пра што спрачацца.

Так, у мастацкай галерэi твораў Леанiда Шчамялёва мiнчане могуць пазнаёмiцца з творчасцю Iвана Мiско, Васiля Шаранговiча, Льва Гумiлеўскага, Уладзiмiра Тоўсцiка i самога Леанiда Шчамялёва. Выстаўка станковай скульптуры i малюнкаў Анатоля Арцiмовiча «ХХI стагоддзе» чакае сваiх наведвальнiкаў у выставачнай зале iмя Андрэя Бембеля. Экспазiцыя графiкi Сяргея Цiмохава «Край святла» адкрылася ў галерэi «Мастацтва». Праект «Сiбiрская гарачка» ад мастакоў са Славакii чакае ў галерэi «Арт-Беларусь». У Нацыянальнай бiблiятэцы Беларусi наведвальнiкi змогуць пазнаёмiцца з творчасцю эстонскiх мастакоў. А з 24 лiстапада тут можна наведаць лiтаратурна-мастацкi праект «Княства вобразаў i сноў», прысвечаны 90-годдзю Уладзiмiра Караткевiча. Гэты сумесны праект Нацыянальнай бiблiятэкi i Саюза мастакоў Беларусi дае магчымасць як згадаць творчасць класiка, так i пазнаёмiцца з работамi графiкаў, што малявалi, натхняючыся творамi пiсьменнiка.

«Тыя работы, якiя з'яўлялiся ў кнiгах, павiнны ўспрымацца не проста як iлюстрацыя, яны iснуюць яшчэ i як самадастатковыя творы. Мы зрабiлi своеасаблiвы зрэз таго, як глядзелi на творы Караткевiча мастакi розных пакаленняў i светапогляду. На гэтай выстаўцы будуць унiкальныя рэчы, напрыклад, малюнкi Арлена Кашкурэвiча, якiя ён зрабiў яшчэ пры жыццi пiсьменнiка. Будуць работы Вiктара Мiкiты па матывах твораў класiка», — распавядае Наталля Шаранговiч.

Арганiзатары адзначаюць, што iмкнулiся кожны праект падрыхтаваць так, каб гэта было цiкава аўдыторыi. З самага пачатку задумвалiся i над арганiзацыяй навучальных мерапрыемстваў. Зразумела, зараз складана сабраць людзей, але ўсё ж такi ў межах I трыенале распачнецца праект мастацтвазнаўца Таццяны Бембель. Яна прапанавала цыкл лекцый, прысвечаных найлепшым скульптарам, знакавым постацям ХХ стагоддзя. Першая лекцыя, якая распавядзе пра Мiхаiла Керзiна, адбудзецца ў снежнi ў Выставачнай зале iмя Андрэя Бембеля. Гэта пачатак вялiкай праграмы, якая расцягнецца на паўгода. Калi характарызаваць работы сёлетняга фестывалю з пазiцыi тэм i сэнсаў, варта адзначыць, што стала менш пейзажаў, а павялiчылася колькасць тэматычных работ, дзе знаходзяць адлюстраванне ўзаемаадносiны памiж людзьмi, а таксама фiласофска-сацыяльная праблематыка.

— Хачу спынiцца крыху на праекце I трыенале, якi мы назвалi «VIVAT VITA», што ў перакладзе значыць «Вiтанне жыццё». На сёння — гэта найбольш актуальны пасыл у няпростых умовах. Час выбраў нас, мастакоў, i мы адказваем на ягоны выклiк. Творчасць i мастацтва зараз становяцца яшчэ больш актуальнымi i паказваюць, што жыццё ў любым выпадку пераможа любыя нязгоды, праблемы i перафармацiруе нас, дазволiўшы выйсцi на новы ўзровень, — кажа намеснiк старшынi па творчых i агульных пытаннях Беларускага саюза мастакоў Андрэй Басалыга. — Другi праект «Графiка года» праходзiць у нас ужо чацвёрты раз. Прыемна, што мастакi эксперыментуюць, i да графiкi, напрыклад, звярнулiся i жывапiсцы, скульптары.

Варта адзначыць, што ў канцы фестывалю журы, у склад якога ўваходзяць мастацтвазнаўцы, вызначыць пераможцаў сярод удзельнiкаў трыенале i праекта «Графiка года» ў такiх намiнацыях, як «Жывапiс», «Графiка», «Скульптура», i асобна ў намiнацыях «Графiка года» i Гран-пры. Убачыць творы i наведаць мерапрыемствы фестывалю можна кожны дзень да 16 снежня. Сачыце за раскладам у сацыяльных сетках фэсту.

Алена ДРАПКО

Загаловак у газеце: Жыццё насуперак i праз прызму вечнага

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Лепшы цюнінг для машын — правільны пратэктар шын»

«Лепшы цюнінг для машын — правільны пратэктар шын»

Менавіта пад такім слоганам будзе праводзіцца Рэспубліканская прафілактычная акцыя, якая ініцыяваная на нашых дарогах Дзяржаўтаінспекцыяй краіны. 

Грамадства

Зімовы асартымент. Колькі каштуюць «вітаміны» на «Лебядзіным»

Зімовы асартымент. Колькі каштуюць «вітаміны» на «Лебядзіным»

З якімі прыкметамі вы звязваеце набліжэнне зімы? 

Грамадства

Якiя нашы звычкi шкодзяць здароўю i знiшчаюць iмунiтэт?

Якiя нашы звычкi шкодзяць здароўю i знiшчаюць iмунiтэт?

Мы ў жыццi шмат чаго робiм, што пагаршае наша здароўе — або адразу, або ў аддаленай перспектыве.