Вы тут

Гродзенец наводзiць парадак на зямлi i аднаўляе старажытны млын


Гэтыя мясцiны Яўген Дарагуш памятае з дзяцiнства. Сюды ён часта прыходзiў з гарадскога мiкрараёна, каб парыбачыць цi праплыць на аўтамабiльнай камеры па рэчках Татарцы i Ласасянцы. Не забыўся пра гэты куток прыроды i тады, калi стаў дарослым. Яму, можна сказаць, пашанцавала. Мясцовыя ўлады выдзелiлi фермеру ўчастак зямлi з вадаёмам. А старажытны млын, што стаiць каля возера, гаспадар выкупiў для турыстычных мэт.


З Яўгенам ад дарогi iдзём праз поле да гэтага самага млына. Па дарозе ён расказвае, што яшчэ са старадаўнiх часоў тут былi адны ўзгоркi. А наогул мясцовасць адметная. Захавалася нават гiстарычная дарога, першая згадка пра якую адносiцца да сярэдзiны XVII стагоддзя. Як, дарэчы, i возера з млынам. Яшчэ тут былi карчма i мытня. Дарога, злучала дзве дзяржавы. Там, дзе цяпер фермерская зямля, была тэрыторыя Прусii, а каля млына — Расiйскай iмперыi. Менавiта сюды гродзенскi стараста i рэфарматар Антонiй Тызенгаўз стаў перавозiць мануфактуры з Гродна. Адна з iх якраз i была размешчана ў млыне.

Па прафесii Яўген Дарагуш — праграмiст, але вельмi цiкавiцца гiсторыяй. Перачытаў нямала артыкулаў пра гэтыя мясцiны, пазнаёмiўся з архiўнымi матэрыяламi. Такiм чынам даведаўся, што тут знаходзiлася да трох дзясяткаў млыноў на штучных вадаёмах i найблiжэйшых рэчках — Татарцы i Ласасянцы. А яшчэ Яўген расказаў, што ў гэтых мясцiнах павiнен быў прайсцi знакамiты Аўгустоўскi канал. Месца было перавалачнае i для воднай транспарцiроўкi грузаў. Але канал усё ж такi пабудавалi крыху далей, бо не змаглi дамовiцца з уласнiкамi зямлi.

— Я бачыў, як гэтае месца паступова ператвараецца ў сметнiк. Калi з'явiлася магчымасць, я з таварышам выкупiў млын i стаў займацца фермерскай гаспадаркай. У планах было аднавiць вадаём i займацца аграэкатурызмам, фермерствам, — растлумачыў суразмоўнiк.

Прайшоўшы праз поле, падыходзiм да старажытнага млына. З-за шума вады здаецца, што ён у рабочым стане. Яго прызначэнне вiдавочнае яшчэ i таму, што захавалiся многiя старыя механiзмы. У прыватнасцi, кола, якое калiсьцi прыводзiла ў рух вада. Гродзенец мяркуе, што спачатку тут быў драўляны млын, i толькi ў часы Тызенгаўза пабудавалi каменны. На будынку бачны пласты некалькiх эпох. Напрыклад, арка i частка сцяны захавалiся з XVIII стагоддзя. Ёсць кладка савецкага часу, аб чым сведчыць адпаведны раствор. А ёсць i больш сучасны рамонт.

Абыходзiм будынак з iншага боку. На тарцы добра вiдаць лiчбы — 1894. Па словах Яўгена, гэта дата апошняй рэканструкцыi млына. Такiм ён дайшоў да нашых часоў.

— Апошняй рэканструкцыяй займалася яўрэйская сям'я, якая зладзiла тут вытворчасць панчох. Але падрабязных звестак аб гэтым я амаль не знайшоў, хоць прагледзеў архiўныя дакументы, магчыма яны ёсць у Вiльнюсе, — расказвае Яўген. — Гаспадар з сям'ёй жыў тут да 1938 года, а потым вытворчасць i свой дом прадаў паляку i з'ехаў у ЗША. Млын працаваў да пачатку 50-х гадоў. Пры iм была лесапiлка, дзе выраблялi гонту. Але неўзабаве ўласнiка асудзiлi, а млын забралi ў калгас. Дарэчы, ён яшчэ некаторы час працаваў па сваiм прызначэннi.

Таму захаванасцi будынка паспрыяла не толькi яго зацiшнае месца, але i сама канструкцыя. Большая частка сцяны складзена з бутавых камянёў. Iх i даставаць цяжка, i выкарыстаць потым асаблiва няма дзе. Новы ўласнiк мяркуе стварыць тут цiкавы турыстычны аб'ект. Нараджэнню такой iдэi потым паспрыяла наяўнасць вадаёма. Сапраўды, побач з млынам раскiнулася маляўнiчае возера, на якое падчас нашай гутаркi прыляцеў лебедзь. Аказалася, гэтыя птушкi жывуць тут пастаянна, а сёлета ў пары было заўважана шэсць птушанят. Гэта цяпер Яўген з гонарам паказвае свае ўгоддзi, а спачатку нават не ведаў, з чаго пачынаць.

Перш-наперш была праведзена татальная ачыстка тэрыторыi — лiтаральна па ўсiм участку. Асаблiва праблемнае аказалася возера. Дарэчы, яно таксама прысутнiчае на карце XVIII стагоддзя. А вось смецце ад навакольных дач i катэджаў — на жаль, прыкмета нашага часу. Фермер ачысцiў возера i плануе яго зарыбiць. Увогуле на гэты аб'ект у яго вялiкiя планы.

Але асноўныя спадзяваннi Яўген Дарагуш звязвае менавiта з млыном. Яго мэта — паказаць унiкальныя старажытныя механiзмы ў дзеяннi. Падобны музей можа стаць адзiным такiм у Гродзенскiм рэгiёне. Сёе-тое тут ужо зроблена. Па-першае, адноўлены дах, ачышчаны турбiна i наогул уся тэрыторыя.

Фермер праводзiць невялiкую экскурсiю па гiстарычным аб'екце i расказвае аб далейшых планах. На сённяшнi дзень iдуць работы па наладжваннi электрыкi, каб зрабiць падсветку пад экспанаты.

— На другiм паверсе мы бачым машыну для раздзялення зерня ад прымесяў. Ёсць тут стары вальцовы станок, прыстасаванне для атрымання крупы з зерня. Дапоўняць музей цiкавыя экспанаты, знойдзеныя з дапамогай металашукальнiка, — тлумачыць Яўген. — Усё жалезнае тут даўно вывезена, а драўлянае абсталяванне засталося з-за яго вялiкiх памераў. Напрыклад, ёсць станок на тры тоны, яго можна вывезцi толькi з кранам. Быў яшчэ жалезны механiзм, яго выбiвалi ломам...

З набыццём млына ў фермера-праграмiста раптам прачнуўся вялiкi iнтарэс да падобных аб'ектаў. Ён настолькi зацiкавiўся iмi, што нават стаў удзельнiкам мiжнароднага сiмпозiума па малiналогii — навуцы, якая займаецца вывучэннем млыноў i iх механiзмаў. Кожныя чатыры гады ў розных краiнах збiраюцца такiя ж аматары i расказваюць, хто што аднавiў, якiя правёў даследваннi. На апошнiм такiм сiмпозiуме ў Берлiне, дзе сабралася каля 400 удзельнiкаў, гродзенец быў першы (!) прадстаўнiк з Беларусi за ўвесь час iснавання гэтага аб'яднання. Паездка аказалася цiкавая менавiта з пункту гледжання рэканструкцыi млына. Яўген даведаўся, як весцi гэтую работу са старымi механiзмамi, тым больш што гродзенскi аб'ект аказаўся ўнiкальным з-за гарызантальнай турбiны. Але i такiя цiкавыя аб'екты знiкаюць з-за iх незапатрабаванасцi, альбо iх прыстасоўваць пад асабiстыя патрэбы. Праз гэтыя разважаннi прайшоў i сам Яўген.

— Былi прапановы зрабiць з млына жылы дом, але я лiчу, што гэта вар'яцтва, — лiчыць фермер. — Да таго ж, пабудаваць новае жыллё значна танней — нават аграсядзiбу. Таму я вырашыў аднавiць гэты аб'ект у яго першапачатковым выглядзе. На жаль, старыя млыны пацiху знiкаюць, i гэта не толькi ў нас, але i ва ўсiм свеце. У найлепшым выпадку iх выкарыстоўваюць як турыстычныя аб'екты, частку з iх перабудоўваюць пад жыллё. У Германii i Галандыi такiх безлiч. Але многiя стаяць закiнутыя. Гэта сусветная тэндэнцыя. Калi яны не рэнтабельныя, нiхто не будзе iмi займацца.

Яўген не тоiць, што ў яго ёсць жаданне давесцi справу да канца. Паралельна развiвае i сваю фермерскую гаспадарку. На выдзеленым участку вырошчвае ягады годжы. Каля возера мяркуе пабудаваць домiк рыбака, праект якога ўзгоднены з мясцовымi ўладамi. Тады з'явiцца дадатковы камфорт для тых, хто жадае адпачыць на беразе возера, парыбачыць, зрабiць шашлыкi. Фермер не забараняе гэта рабiць i цяпер. Галоўнае, кажа ён, каб не пакiдалi пасля сябе смецця. Аб чым папярэджваюць i шыльдачкі з адпаведным подпiсам. Праход да млына таксама вольны. Дарэчы, гэты аб'ект мяркуецца ўключыць у турыстычны маршрут «Шляхам Тызенгаўза», рэалiзацыя якога вядзецца ў рамках трансгранiчнага праекта.

Маргарыта Ушкевiч, фота аўтара

Загаловак у газеце: Збылася мара, цi Навошта фермеру стары млын?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».