Вы тут

Адметны ў многіх адносінах момант


7 лістапада можна лічыць сімвалічным адкрыццём Беларускай атамнай электрастанцыі


Выбар быў аптымальным

Менавіта ў гэты дзень быў дадзены дазвол на падняцце электрычнай магутнасці першага энергаблока атамнай станцыі да 400 МВт. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, які прыняў удзел ва ўрачыстай цырымоніі, назваў БелАЭС «новым крокам у будучыню, да забеспячэння энергетычнай бяспекі дзяржавы» (толькі першы энергаблок будзе вырабляць каля 20 працэнтаў ад агульнай патрэбы краіны ў электрычнасці, столькі ж дасць і другі блок, які сёння ўзводзіцца), а таксама «імпульсам для прыцягнення ў краіну самых перадавых тэхналогій». І не толькі ў энергетыку, але і ў развіццё электратранспарту, стварэнне новых электраёмістых вытворчасцяў, інавацыйных напрамкаў у навуцы і адукацыі.

Само рашэнне аб узвядзенні АЭС, між тым, далося няпроста. А калі выбіраўся праект, былі вывучаны прапановы ўсіх сусветных лідараў у гэтай сферы, перагледжаны розныя варыянты — амерыканскі, кітайскі, французкі, карэйскі… Але спыніліся на расійскім. У тым ліку і таму, як падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, што на той перыяд гэта быў самы сучасны, самы бяспечны праект. А яшчэ аптымальны — з пункту гледжання кошту і якасці.

Перспектыва цікавых варыянтаў

Што атрымае краіна ад увядзення ў строй БелАЭС? Па словах міністра энергетыкі Віктара Каранкевіча, яе запуск дазволіць замяшчаць каля 4,5 млрд кубаметраў прыроднага газу ў год. Валютная нагрузка на бюджэт знізіцца больш чым на 500 млн долараў. Выкіды парніковых газаў паменшацца больш чым на 7 млн тон у год. Задзейнічанне атамнай станцыі адкрые новыя магчымасці для нацыянальнай эканомікі і дазволіць больш актыўна развіваць іншыя сферы, напрыклад, вытворчасць электратранспарту. У ліку прыярытэтных напрамкаў і падключэнне да электраэнергіі жылога фонду — для ацяплення і гарачага водазабеспячэння. Прывабнымі для гараджан стануць і хутары. Раней развіццё індывідуальнага домабудавання ў сельскай мясцовасці абцяжарвала адсутнасць камунікацый і цяжкасці з ацяпленнем. Але з уводам АЭС і з’яўленнем спецыяльнага тарыфу на ацяпленне гэты працэс будзе актывізаваны.

Перспектыўных варыянтаў, дарэчы, нямала. І ўсе для ІT-краіны прывабныя. Па словах генеральнага дырэктара дзяржкарпарацыі «Расатам» Аляксея Ліхачова, каля Беларускай АЭС мэтазгодна ўзводзіць энергаёмістыя вытворчасці накшталт цэнтраў апрацоўкі дадзеных, ІT-прадпрыемстваў, прадпрыемстваў нафтахіміі, металургіі, алюмініевай прамысловасці. Ну і калі ўжо адкрытая новая глава гісторыі Беларусі, трэба думаць пра тое, што ўпісваць у яе далей. Можа, яшчэ адну АЭС? Гэтае пытанне Кіраўнік дзяржавы, дарэчы, паспеў абмеркаваць і з Аляксеем Ліхачовым. Цікавіўся, дзе будаваць мэтазгодней: дадатковыя магутнасці тут жа ці новую станцыю ў іншай частцы краіны?

— На гэтай пляцоўцы будзе танней адназначна, — адказаў той.

Пытанне не марнае. Бо толькі будаўніцтва цяперашняй АЭС прыцягнула за сабой амаль сем мільярдаў долараў інвестыцый у нацыянальную эканоміку. Гэта добры стымул для яе развіцця. Лакаматыў, які дасць рух многім матэрыяльным сектарам.

Пакуль гэта будучыня. А вось — сучаснасць. Аляксандр Лукашэнка прывёў такі прыклад: дзякуючы цеснаму ўзаемадзеянню з расійскай дзяржкарпарацыяй «Расатам» у краіне ўжо цяпер з’явілася айчынная школа атамшчыкаў. Калектыў атамнай станцыі для пуску першага энергаблока, дарэчы, ужо сфарміраваны, навучаны і пацвердзіў сваю кваліфікацыю. Неўзабаве будзе завершана фарміраванне калектыву для пуску другога энергаблока. Усяго, дарэчы, на БелАЭС будуць працаваць звыш дзвюх з паловай тысяч чалавек.

І яшчэ адзін плюс. У сучасны і зручны горад ператварыўся раённы цэнтр Астравец. Пабудаваныя новыя жылыя дамы і ўся неабходная сацыяльная інфраструктура. На гэтыя мэты выдаткавана больш за мільярд рублёў. Увогуле, Астравец павінен стаць прыкладам далейшага развіцця раённых цэнтраў па краіне. Між іншым, ягонае насельніцтва вырасла на сем працэнтаў, а раён выйшаў у лідары вобласці па ўзроўні заработнай платы.

Бяспека — у першую чаргу

Атамныя электрастанцыі будуюцца ва ўсім свеце. Але што тычыцца БелАЭС, Кіраўнік дзяржавы, перш за ўсё, акцэнтаваў увагу на бяспецы. У краіне, якая значна пацярпела ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, паставіцца да гэтага пытання «праз рукавы» проста не маглі.

— Як я заўсёды казаў, мы ўсё роўна пабудуем гэтую станцыю, таму што мы не робім гэта бескантрольна, — адзначаў Аляксандр Лукашэнка. — Мы акружаны гэтымі энергаблокамі, і больш старымі блокамі. У нас дасканалы блок, самы сучасны. Мы чаму павінны баяцца чагосьці? МАГАТЭ тут кантралявала пастаянна, мы не адмаўлялі.

Таму Прэзідэнт Беларусі яшчэ раз звярнуўся да кіраўніцтва Літвы і Польшчы з заклікам спыніць канфрантацыйную рыторыку і вярнуцца да дыялогу:

— Давайце жыць дружна. Давайце будзем разам працаваць. Нашы народы калісьці былі ў адной дзяржаве, нармальна жылі, ды і да гэтага часу нармальна жылі. Не, на роўным месцы ўлезлі ў наш агарод. Ну добра, калі вы зразумелі, што памыліліся, сыходзьце з нашага агарода, давайце разам будзем працаваць: вы ў сваім агародзе, мы ў сваім. Давайце вырабляць электраэнергію, прадаваць яе, абменьвацца электраэнергіяй. Давайце жыць нармальна! Мы ж суседзі, а суседзяў не выбіраюць.

Калі выйсці на абагульненні

А вось як у размове з работнікамі і будаўнікамі АЭС Аляксандр Лукашэнка ацаніў сітуацыю ў краіне:

— Адбываецца змена пакаленняў, хочам мы гэтага ці не хочам. Я больш чым хто-небудзь гэта разумею. Давайце, як разумныя людзі, пройдзем гэты перыяд змены пакаленняў па-сапраўднаму прыгожа. Таму што зламаць проста, а потым аднавіць будзе вельмі складана ці, магчыма, не атрымаецца. Таму давайце не будзем ламаць.

У ліку прыкметных дасягненняў Прэзідэнт назваў стварэнне біятэхналагічнай карпарацыі, развітога ІT-сектара і сучаснай сельскагаспадарчай вытворчасці.

— Калі Еўропа сёння абрынецца па валавому ўнутранаму прадукту да 20 працэнтаў, мы цяпер, у няпростыя часы, змагаемся, каб ні на адзін працэнт не ўпаў. І мы можам не ўпасці, трохі грошай не хапае для гэтага. Але калі і звалімся, то каля аднаго працэнта. І нас ратуе сельская гаспадарка. Яна сёння працуе найбольш эфектыўна. Тыя прадукты, якія мы вырабляем, пастаўляюцца па ўсім свеце, — адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка рэзюмаваў:

— Нашаму пакаленню не сорамна, сыходзячы з палітыкі, эканомікі, перадаць вам, новаму маладому пакаленню, тое, што мы стварылі. Але самае галоўнае — мы перадаем нашым дзецям, унукам суверэнную, незалежную краіну. Упершыню ў шматвяковай гісторыі мы маем сваю дзяржаву з усімі атрыбутамі.

Алег Багамазаў

Фота БЕЛТА

Кампетэнтна

Намеснік генеральнага дырэктара МАГАТЭ Міхаіл Чудакоў:

— Дазвольце мне падзякаваць Беларусі, кіраўніцтву краіны за цеснае і актыўнае супрацоўніцтва з МАГАТЭ, за запрашэнне нашых шматлікіх місій і міжнародных праверак — добраахвотных праверак. З самага заснавання праекта было праведзена сем міжнародных місій. Як ні ў адной іншай краіне-пачаткоўцу, мабыць. Мы ўдзячныя Беларусі за тое, што ўсе рэкамендацыі міжнародных экспертаў успрымаюцца як абавязковыя да выканання.

Выбар рэдакцыі