Вы тут

Дыпламатыя — справа адказная


Паслы шасці дзяржаў і апостальскі нунцый уручылі даверчыя граматы Прэзідэнту Беларусі


Зрабіць свет лепшым

Уручэнне даверчых грамат — не проста фармальная працэдура. Ужо ў назве гэтага дакумента выразна бачны яго сэнс: просьба верыць усяму, што будзе гаварыць і рабіць пасол ад імя кіраўніцтва сваёй краіны. На гэты раз такую просьбу выказалі апостальскі нунцый Антэ Ёзіч, пасол Венесуэлы Франклін Рамірэс Араке, пасол Ірана Саід Яры, амбасадар КНДР Зу Зен Бон, пасол Сірыі Махамад аль-Умрані, пасол Турцыі Мустафа Азджан і пасол Японіі Хірокі Такунага. Звяртаючыся да дыпламатаў, Прэзідэнт Беларусі заўважыў, што пачатак іх місій прыйшоўся на складаны і адказны перыяд. Чалавецтва сутыкнулася з другой хваляй каранавіруса, якая ў ліку іншага негатыўна ўплывае на сусветную эканоміку. Абвастрыліся міжнародныя канфлікты. З’явіліся новыя пагрозы ў інфармацыйнай прасторы. Акцэнтуючы на гэтым увагу, Прэзідэнт адзначыў:

— Менавіта таму цяпер час дыктуе неабходнасць перайсці ад пустой рыторыкі і гучных палітычных дэкларацый да рэальных спраў. Нам вельмі важна цвяроза ацаніць сітуацыю і захаваць усе дасягненні міжнароднага супрацоўніцтва.

Кіраўнік беларускай дзяржавы перакананы, што толькі ўзгодненыя дзеянні ўсіх краін, праява гуманізму і салідарнасці, умацаванне атмасферы ўзаемнага даверу здольныя нейтралізаваць гэтыя пагрозы і стварыць трывалую аснову для вырашэння праблем. Беларусь да такога ўзаемадзеяння гатовая.

— Нягледзячы на ўсе цяжкасці, звязаныя з распаўсюджваннем каранавіруса, наша краіна застаецца адкрытай свету. Ніякія адлегласці і межы не могуць перашкодзіць развіццю даверлівых, узаемавыгадных адносін з нашымі партнёрамі, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Адлегласці — не перашкода

Практычна для кожнага з паслоў праца ў нашай краіне — абсалютна новая старонка ў біяграфіі. І Кіраўнік дзяржавы ўпэўнены, што кожны адкрые для сябе сваю Беларусь: ветлівую, гасцінную, прадпрымальную і адказную, з багатай гістарычнай спадчынай, гатовую да дыялога з рознымі культурамі.

— Запэўніваю, кожны адчуе сябе ў нашай краіне як дома і ніколі не будзе расчараваны, — акцэнтаваў Прэзідэнт.

Так, сёння Беларусь перажывае няпросты перыяд. Калейдаскоп падзей гэтага года стаў экзаменам не толькі для дзеючай улады, але і для ўсяго беларускага грамадства. Аднак Аляксандр Лукашэнка не сумняваецца, што гэты экзамен будзе годна вытрыманы:

— Як Кіраўнік дзяржавы адказна заяўляю, што мы здольныя эфектыўна супрацьстаяць знешнім выклікам і пагрозам, забяспечыць унутрыпалітычную стабільнасць, не дапусціць грамадзянскага расколу і самавольства асобных радыкальных элементаў.

У той жа час краіна гатовая да супрацоўніцтва з усімі замежнымі партнёрамі, да абмеркавання любых пытанняў, уключаючы абмен думкамі аб сітуацыі ў Беларусі.

— Але толькі пры ўмове ўліку інтарэсаў бакоў і неўмяшання ва ўнутраныя справы, — падкрэсліў Прэзідэнт.

Звяртаючыся да ўсіх дыпламатаў, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што яны прадстаўляюць краіны, якія знаходзяцца на розных кантынентах. Але ўсіх нас аб’ядноўвае імкненне зрабіць свет больш бяспечным, эканоміку больш устойлівай, а жыццё простых людзей лепшым. У сувязі з гэтым яшчэ адно пажаданне ад Прэзідэнта Беларусі:

— Перакананы, што вы не проста будзеце добразычлівымі і непрадузятымі назіральнікамі за працэсамі, што адбываюцца, а будзеце аказваць усялякае садзеянне фарміраванню раўнапраўных, узаемавыгадных адносін з Беларуссю. У вашых сілах зблізіць і ўзаемна ўзбагаціць нашы культуры, дапамагчы пашырэнню гуманітарнага супрацоўніцтва.

Даслоўна

Адносінам паміж Беларуссю і краінамі, якія прадстаўляюць паслы, Прэзідэнт надаў асобную ўвагу. Аляксандр Лукашэнка звярнуўся па чарзе да кожнага і сказаў наступнае.

Апостальскаму нунцыю

— Асаблівыя адносіны звязваюць Беларусь і Ватыкан. На міжнароднай арэне мы разам паслядоўна прасоўваем такія важныя ініцыятывы, як барацьба з гандлем людзьмі, супрацьдзеянне гвалту ў дачыненні да дзяцей, абарона традыцыйных сямейных каштоўнасцяў. Асаблівае месца ў нашым двухбаковым парадку дня займаюць пытанні міжканфесійнага міру. Разлічваем на кансалідуючую, канструктыўную ролю каталіцкай царквы ў беларускім грамадстве. Пацвярджаю нашу зацікаўленасць у далейшым паглыбленні ўзаемадзеяння са Святым Пасадам.

Паслу Турцыі

— Важным саюзнікам для нас з’яўляецца Турцыя, якая першай прызнала незалежнасць Беларусі. Падчас майго візіту ў Анкару ў мінулым годзе мы з Прэзідэнтам Эрдаганам намецілі шэраг крокаў, якія закліканы ўмацаваць гандлёвыя і гуманітарныя сувязі, пашырыць кантакты паміж грамадзянамі нашых краін. Мінск і Анкара адзіныя ў меркаванні, што выніковы эканамічны дыялог — ключ да поспеху і прагрэсу. Таму важна, каб дасягнутыя намі дамоўленасці не засталіся на паперы, а ўжо ў найбліжэйшы час былі ўвасоблены ў жыццё.

Паслу Ірана

— Іран — гэта адзін са значных эканамічных і палітычных партнёраў Беларусі на Блізкім Усходзе. У нас вялікі патэнцыял, які, без сумневу, раскрыты далёка не цалкам. Мы вітаем прыпыненне шэрагу абмежаванняў у дачыненні да Ірана з боку ААН. Спадзяемся на далейшыя канструктыўныя крокі, накіраваныя на стабілізацыю ваенна-палітычнай абстаноўкі на Блізкім Усходзе. Удзячныя вашай краіне за падтрымку Беларусі на шматбаковых пляцоўках (мы таксама будзем адказваць узаемнасцю) і гатовыя да працягу ўзаемадзеяння з Іранам у міжнародных арганізацыях.

Паслу Сірыі

— Трывалыя сувязі, якія характарызуюцца высокім даверам і шчырай дружбай, устаноўлены паміж Мінскам і Дамаскам. Беларусь актыўна падтрымлівае суверэнітэт, тэрытарыяльную цэласнасць і выступае за неўмяшанне ва ўнутраныя справы Сірыі. Перакананы, што намаганні сірыйскага кіраўніцтва, накіраваныя на больш хуткае ўрэгуляванне ўнутрыпалітычнай сітуацыі, аднаўленне эканомікі і сацыяльнай сферы, будуць спрыяць актывізацыі ўзаемадзеяння паміж нашымі краінамі.

Паслу Венесуэлы

— З Лацінскай Амерыкай у нас напрацаваны значны вопыт двухбаковых адносін з Венесуэлай. Мы будзем і далей аказваць вашай краіне пасільную падтрымку. Вельмі спадзяюся, што новы пасол будзе ўсяляк садзейнічаць актывізацыі ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва ў гандлёвай, гуманітарнай сферах.

Паслу КНДР

— Беларусь разлічвае на ўмацаванне адносін з Карэйскай Народна-Дэмакратычнай Рэспублікай. Неапраўдана нізкі ўзровень адносін у нас з Карэяй… Нам трэба больш актыўна працаваць у гэтым напрамку. Мы ўважліва сочым за развіццём сітуацыі на Карэйскім паўвостраве, падтрымліваем усе намаганні па забеспячэнні міру і вырашэнні існуючых супярэчнасцяў у рэгіёне ў цэлым. Зацікаўлены працягваць канструктыўныя кантакты ў міжнародных арганізацыях. Просім новага кіраўніка дыпмісіі звярнуць увагу на такія сферы супрацоўніцтва, як вытворчасць лекаў, прадуктаў харчавання, прафесійнае навучанне і павышэнне кваліфікацыі кадраў.

Паслу Японіі

— Узаемадзеянне з Японіяй мае значныя рэзервы — у гандлі, прамысловай кааперацыі, інвестыцыйным супрацоўніцтве, у галіне навукі, тэхналогій. Мы вельмі высока цэнім навуковую і гуманітарную дапамогу ў ліквідацыі наступстваў Чарнобыля. Са свайго боку гатовыя і далей дапамагаць вашай краіне пасля аварыі на «Фукусіме» і прадоўжыць аздараўленне японскіх дзяцей у Беларусі. Я ўпэўнены, што маючыя адбыцца летняя Алімпіяда і Паралімпійскія гульні ў Токіа ў 2021 годзе стануць не толькі яркім святам спартыўных дасягненняў, але і будуць спрыяць згуртаванню народаў.

Пасля афіцыйнай цырымоніі Прэзідэнт Беларусі пагутарыў з пасламі ў нефармальнай абстаноўцы. Абмеркаваў з імі магчымасць кантактаў на вышэйшым узроўні. А праз апостальскага нунцыя Антэ Ёзіча (чалавека, які, між іншым, ведае дзевяць моў!) перадаў самыя добрыя пажаданні Папе Рымскаму Францішку:

— Я бясконца яго паважаю. Сустракаўся з яго папярэднікамі, але гэта лепшы Папа Рымскі.

А вось якімі бачацца перспектывы супрацоўніцтва са слоў саміх дыпламатаў:

Хірокі Такунага, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Японіі ў Беларусі:

— Я жыву ў Беларусі ўжо з 2016 года (з’яўляўся часовым павераным у справах Японіі ў Беларусі. — Аўт.). Магу сказаць, што мне вельмі падабаецца ваша краіна. Тут добрыя, спакойныя і прыязныя людзі. Хацелася б развіваць двухбаковыя адносіны, асабліва ў галіне эканомікі і ІТ-сферы. Японскія бізнесмены цікавяцца ІТ у Беларусі. А ўвогуле мы можам супрацоўнічаць у розных сферах.

Мустафа Азджан, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Турэцкай Рэспублікі ў Беларусі:

— Я нядаўна ў Мінску, але магу сказаць, што Беларусь — гэта цудоўная краіна, прывабная ва ўсіх сэнсах. Беларускія грамадзяне часта наведваюць Турцыю. Але нам, вядома, хацелася б, каб і грамадзяне Турцыі часцей наведвалі Беларусь. Што тычыцца эканамічных адносін, тут мы бачым вялізны патэнцыял. Я збіраюся шчыльна працаваць з турэцкімі бізнесменамі і іх партнёрамі ў Беларусі, каб развіваць эканамічныя, гандлёвыя і інвестыцыйныя адносіны ў розных галінах, разам выходзіць на новыя рынкі. Нас вельмі цікавіць індустрыяльны сектар, паколькі ў Беларусі вельмі добра развітая прамысловасць. Зусім хутка мы прадставім канкрэтныя прапановы па развіцці нашага гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва і прыступім да ажыццяўлення гэтых праектаў.

Антэ Ёзіч, апостальскі нунцый у Беларусі:

— Адносіны паміж нашымі краінамі заўсёды былі добрымі. Я адкрыты для працягу гэтых адносін. Мая праца і мая прысутнасць тут будуць спрыяць перш за ўсё ўмацаванню маральна-духоўных каштоўнасцяў.

Аляксей Фядосаў

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».