Вы тут

​19 лістапада памёр заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі Валерый Шкаруба


19 лістапада 2020 года раптам абарвалася лінія жыцця Валерыя Шкарубы, заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі, ганаровага грамадзяніна Мінскай вобласці. У студзені гэтага года ён быў узнагароджаны ордэнам Францыска Скарыны, які ўручаецца «за асаблівыя заслугі ў гуманітарнай, дабрачыннай дзейнасці, поспехі на глебе нацыянальна-дзяржаўнага адраджэння».


Фота: sb.by

Валерый Шкаруба быў годны гэтай узнагароды. Ён умеў аддаваць. Атрымаўшы за серыю карцін «Спрадвечнае» Дзяржаўную прэмію ў 2002 годзе, на ўсе грошы купіў дзясяткі кніг — дарагіх альбомаў па мастацтве — для бібліятэкі Акадэміі мастацтваў, сваёй аlmаmаtеr. Разумеў, як важна студэнтам-мастакам, асабліва з глыбінкі, у якіх яшчэ няма сродкаў на падарожжы, ведаць сусветныя імёны мастацтва. Найлепшыя карціны Шкарубы знаходзяцца ў галерэі яго роднага Барысава. Барысаўчане нездарма абралі яго ганаровым грамадзянінам горада.

Ён ніколі не сумняваўся ў выбары прафесіі, маляваў з 4 гадоў, калі сям'я жыла ў ваенным гарадку. Пакуль не вылечыўся ад дзіцячага заікання, пазбягаў аднагодкаў, праводзячы час у адзіноце за маляваннем і ў студыі выяўленчага мастацтва Барысаўскага дома піянераў. З дзяцінства любіў працаваць адзін, не любіў пленэры, лічыў, што нічога сур'ёзнага на іх нельга зрабіць. Паступіў у Акадэмію мастацтваў у Мінску на факультэт дызайну і інтэр'ера толькі з чацвёртага разу. Працаваў па спецыяльнасці ў НДІ ЭВМ, але адчуў неадольную цягу да жывапісу. Пачынаў як усе — з кампазіцый і партрэтаў. Але ніколі не працаваў на заказ, не хацеў адчуваць сябе «як у клетцы».

Першую персанальную выстаўку адважыўся зрабіць толькі праз 10 гадоў пасля заканчэння Акадэміі, у 1991 годзе, у 34 гады, калі знайшоў свой вядомы стыль. Многія тады лічылі яго жывапіс дызайнерскім, занадта графічным, або фатаграфічным, называлі «фоташпалерамі». Але ён не рэагаваў на крытыку, упарта гнуў сваё, працаваў, перарываючыся толькі на абед, пазбягаючы залішняй мітусні. Нібы прадчуваў, што дзён яму адмерана няшмат. «Найлепшы дзень — калі ніхто не патэлефанаваў і не прыйшоў у майстэрню, — казаў ён. — Жывапіс нараджаецца ў цішыні».

Музеі яшчэ не куплялі яго твораў. Унучка Марка Шагала Мерэт Меер-Грабер, прыехаўшы ў Мінск, набыла карціну Валерыя для сябе, але, даведаўшыся, што яго жывапісу няма ў Нацыянальным мастацкім музеі, перадала карціну ў дар. Гэта карціна «Белае змярканне» 1991 года паклала пачатак калекцыі з 12 карцін майстра ў НММ РБ.

А ў 2005-м менавіта ён прадставіў Беларусь на першым Венецыянскім біенале. Ён шмат ездзіў на адкрыцці сваіх выставак па запрашэннях галерэй Кітая, Японіі, еўрапейскіх краін, выкарыстоўваючы гэты час для самаадукацыі — наведвання музеяў. У Кітаі яго жывапіс асабліва любілі за блізкае філасофіі будызму ўменне «адлюстраваць нябачнае», магчымасць акунуцца ў транс перад выявамі плыні вады, парываў ветру, снежных раўнін.

Валерый успамінаў, як збянтэжыўся, калі, прыляцеўшы ў Пекінскі аэрапорт, убачыў велізарны чырвоны транспарант, на якім вялікімі літарамі было напісана: «Кітай вітае знакамітага мастака Валерыя Шкарубу!»

Зрэшты, беларуская публіка таксама спаўна ацаніла яго «магічны рэалізм». І інтэлектуалы, і калегі, і людзі, далёкія ад мастацтва. Усіх зачаравалі вытанчанае, амаль рафінаванае майстэрства, стрыманая гама колераў і беларускі дух яго пейзажаў, настрой светлага суму і прасветленасці. Парадаксальна, але кожны пазнаваў свой куток зямлі, думаючы, што Валерый напісаў менавіта яго, прыязджаў на яго радзіму, у яго вёсачку. Хоць яму як мастаку дастаткова было бліжэйшых палёў і азёр, Цнянскага вадасховішча, дачных мясцін вакол Мінска, Браслаўскіх азёр і Слабодкі.

«Я вельмі люблю месцы, якія выклікаюць пачуццё настальгіі», — казаў ён у адным з інтэрв'ю. Яму ўдалося схапіць самую сутнасць, філасофію беларускага пейзажу і настрою — шэры бяссонечны дзень, бязлюддзе, пагоркі, першы снег, драўляныя хаты, бясконцыя дарогі, якія ўводзяць у невядомае... Беларусь на яго карцінах — сумная, чароўная невядомая краіна, месца, дзе час спыніўся.

На апошняй персанальнай выстаўцы да 60-годдзя мастака кніга водгукаў хутка распухла ад захопленых слоў, выказаных і ў вершах, і ў цэлых старонках прызнанняў у любові да яго творчасці. Валерый штодня прыходзіў на выстаўку, назіраў за рэакцыяй наведвальнікаў, знаёмых мастакоў. Яго пазнавалі, размаўлялі, задавалі пытанні, фатаграфавалі. Яму было важна ўбачыць зваротную сувязь з гледачом, зразумець, ці на правільным ён шляху. У апошні год жыцця ён публікаваў свае карціны ў сацыяльных сетках, атрымліваючы тысячы захопленых водгукаў.

У 2018—2019 гадах у Гранд-Пале адкрыўся павільён Беларусі для ўдзелу ў найбуйнейшай міжнароднай выстаўцы «Арт-капітал», якая праходзіць штогод пад патранатам прэзідэнта Францыі. У ліку экспанентаў быў і Валерый Шкаруба. Валерыю Фёдаравічу прапанавалі арганізаваць у парыжскай галерэі сваю выстаўку ў 2020 годзе, і ён актыўна рыхтаваўся да яе, практычна не выходзячы з майстэрні, стаўшы пустэльнікам. Ён стаяў ужо на парозе еўрапейскага прызнання. Перашкодзілі пандэмія і раптоўная хвароба...

Карціны Валерыя Шкарубы даўно ўжо прадстаўляюць Беларусь у свеце. У яго «магічных пейзажах» — рысы нашага нацыянальнага менталітэту: спакой, сціпласць, стрыманасць, простасць народа.

Надзея УСАВА

Загаловак у газеце: Лінія жыцця Валерыя Шкарубы

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.