Вы тут

Штотыднёвы спартыўны агляд «Звязды»


У традыцыйным аглядзе «Звязды» расказваем пра важныя спартыўныя навіны.


1. Беларускі тэнісіст Ілья Івашка перамог на турніры серыі «Чэленджар» у італьянскім Арцізеі. У вырашальным матчы ён абыграў саперніка з Францыі Антуана Аана з вынікам 6:4, 3:6, 7:6. Сустрэча працягвалася 2 гадзіны 20 хвілін. На шляху да фіналу турніру Ілья Івашка перамог італьянца Матэа Віолу — 6:1, 6:1, немца Ёханеса Хаертайса — 7:6, 6:3. Перамога засталася за беларусам і ў матчах з чэхам Томашам Махачам — 7:6, 7:5 і расіянінам Асланам Карацаевым — 6:4, 6:4.

Гэта другая перамога Ільі Івашкі за апошнія некалькі тыдняў. У кастрычніку ён узяў тытул на аналагічных спаборніцтвах у Стамбуле. Перамога ў Арцізеі падняла беларуса ў сусветным рэйтынгу з 113-й пазіцыі на 107-ю.

2. У Маскве прайшоў этап Гран-пры па фігурным катанні, удзел у якім узялі і беларускія спартсмены. Прадстаўніца Беларусі ў жаночым адзіночным разрадзе Вікторыя Сафонава скончыла спаборніцтвы на восьмым месцы. У суме дзвюх праграм яна набрала 184,57 бала. П'едэстал у гэтым відзе праграмы падзялілі паміж сабой расійскія фігурысткі Лізавета Туктамышава, Алёна Кастарная і Настасся Гулякова.

У спаборніцтвах мужчын-адзіночнікаў прадстаўнік Беларусі Аляксандр Лебедзеў заняў 12-ю пазіцыю. У суме суддзі ацанілі яго праграмы на 182,3 бала. Перамог расіянін Міхаіл Каляда, другое месца ў грузінскага фігурыста Морыса Квіцелашвілі, трэцяе — у расіяніна Пятра Гуменніка.

Сярод танцавальных дуэтаў прадстаўнікі Беларусі Вікторыя Семянюк і Ілья Юхімук занялі 10-е месца з вынікам 146,38 бала. Тры першыя месцы размеркаваліся паміж расійскімі танцорамі. «Золата» ў Вікторыі Сініцынай і Мікіты Кацалапава, «серабро» — у Ціфані Загорскі і Джонатана Гурэйра, «бронза» — у Настассі Скопцавай і Кірыла Алёшына.

У жніўні Міжнародны саюз канькабежцаў вырашыў правесці серыю Гран-пры па фігурным катанні з пэўнымі абмежаваннямі. У спаборніцтвах маглі ўдзельнічаць тры катэгорыі фігурыстаў: спартсмены, якія жывуць у краінах — гаспадынях спаборніцтваў; спартсмены, якія там трэніруюцца, і фігурысты, якія могуць прыехаць з выкананнем усіх правіл бяспекі ў перыяд пандэміі.

3. Плаўцы Ілья Шымановіч і Настасся Шкурадай перапісалі рэкорды Беларусі ў фінале Міжнароднай лігі плавання ў Будапешце. Дыстанцыю 100 метраў брасам Ілья Шымановіч праплыў за 55,49 секунды. Дзякуючы гэтаму выніку ён устанавіў новы рэкорд Беларусі на дыстанцыі і заняў другое месца. Настасся Шкурдай на дыстанцыі 100 метраў комплексам прыплыла да фінішу праз 57,59 секунды. Гэты вынік таксама стаў рэкордным для Беларусі і дазволіў Настассі заняць другое месца на п'едэстале.

4. Хакеісты мінскага «Дынама» ўступілі маскоўскаму ЦСКА ў матчы чэмпіянату Кантынентальнай хакейнай лігі. Матч, які праходзіў на «Мінск-Арэне», скончыўся з вынікам 5:1. Адзіную шайбу ў вароты апанента закінуў Брэндан Козун, які ўстанавіў клубны рэкорд. Дагэтуль ніхто з «зуброў» не закідваў шайбы ў шасці матчах запар. Варта адзначыць, што ў гэтым матчы мінчане гулялі ў меншасці. Дабавіла цяжкасцяў мінскім хакеістам і дысцыплінарнае выдаленне Дзмітрыя Знахаранкі, які пакінуў каманду ў меншасці на пяць хвілін.

Раней хакеісты «Дынама-Мінск» у дамашнім матчы ў авертайме перамаглі каманду «Сочы» з вынікам 3:2. У той сустрэчы за 11 секундаў да фінальнай сірэны кожная каманда мела па дзве закінутыя шайбы. У авертайме Брэндан Козун адправіў вырашальную шайбу ў вароты саперніка і тым самым атрымаў 250-ы бал у КХЛ.

Наступны паядынак хакеісты «Дынама-Мінск» правядуць 24 лістапада ў Мінску супраць яраслаўскага «Лакаматыва».

5. Футбалісты зборнай Беларусі прайгралі албанцам у заключным паядынку групавога этапу другога сезона Лігі нацый УЕФА. Вынік сустрэчы — 2:3. Мячы ў албанскія вароты адправілі беларусы Максім Скавыш, найлепшы бамбардзір чэмпіянату Беларусі, і Максім Эбонг. Раней у другім крузе турніру беларусы ўступілі албанцам ў Мінску з вынікам 0:2. Выніковае становішча ў турнірнай табліцы: Албанія — 11 балаў, Беларусь — 10, Літва — 8, Казахстан — 4. Такім чынам, у лігу В Лігі нацый УЕФА праходзіць каманда Албаніі.

Тым часам усе фаварыты футбольнага чэмпіянату Беларусі перамаглі ў матчах перадапошняга тура. Лідары першынства футбалісты БАТЭ з вынікам 5:0 абыгралі бабруйскую «Белшыну», пасля чаго бабруйскія футбалісты згубілі шанцы захаваць прапіску ў вышэйшай лізе. Салігорскі «Шахцёр», галоўны сапернік БАТЭ, у Брэсце перамог мясцовы «Рух» з вынікам 2:1. У Жодзіне футбалісты «Тарпеда-БелАЗ» абыгралі «Іслач» з вынікам 2:0, а ў Гродне «Нёман» перамог гасцей са «Слуцка» з мінімальнай перавагай — 1:0. Чэмпіён краіны — брэсцкае «Дынама» — аказаўся мацнейшы за «Гарадзею», вынік сустрэчы — 4:1. А мінскае «Дынама» перамагло сталічны «Энергетык-БДУ» з вынікам 3:2.

Тройка лідараў чэмпіянату Беларусі па футболе вызначыцца пасля матчаў 30-га тура, якія пройдуць 28 лістапада.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота з адкрытых крыніц

Загаловак у газеце: Калі перамагаюць фаварыты

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Бачаць вочы, што купляюць? Як спажыўцу абараніць свае правы, набываючы тавары на сайтах

Бачаць вочы, што купляюць? Як спажыўцу абараніць свае правы, набываючы тавары на сайтах

Продаж тавараў праз інтэрнэт у Беларусі актыўна развіваецца. 

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

АВЕН. На гэтым тыдні фартуна ўсміхаецца вам у многіх справах.