Вы тут

Як абысціся без цукру і солі


Новая хваля вірусных захворванняў прымушае кожнага задумвацца аб узмацненні імунітэту і стане найважнейшых сістэм свайго арганізма. Ну, а ворагі здароўя сучаснага чалавека (калі казаць аб харчаванні) — цукар і соль, дакладней, іх празмернае ўжыванне. Але ці можна ад іх адмовіцца?
І чым іх замяніць?


Салодкае жыццё

Цукар — галоўная «страшылка» сучасных аматараў правільнага харчавання. Звыкламу прадукту праспявалі рэквіем і дыетолагі, і эндакрынолагі, і імунолагі. Наўрад ці сёння хтосьці можа быць не ў курсе, што «белая смерць» спрыяе фарміраванню тлушчавых адкладанняў, зніжае імунітэт, павышае артэрыяльны ціск, пачашчае сэрцабіцце, паскарае працэсы старэння, пагаршае стан скуры, уплывае на дэфіцыт вітаміну В і скачкі глюкозы ў крыві, пагаршае функцыянаванне сардэчнай мышцы. Акрамя таго, цукар выклікае прывыканне, што ў канчатковым выніку прыводзіць да атлусцення, бяссонніцы, пастаяннага пачуцця трывогі і цукровага дыябету.

Вугляводы неабходныя нашаму арганізму як крыніца энергіі для ўсіх тканак, органаў і сістэм, у тым ліку сэрца і мозга. Але патрэбныя менавіта складаныя вугляводы, у той час як многія сучасныя гатовыя прадукты харчавання і паўфабрыкаты прапануюць арганізму простыя, лёгказасваяльныя. Простыя вугляводы максімальна вызваленыя ад мінеральных злучэнняў, вітамінаў, цэлюлозы, таму засвойваюцца арганізмам вельмі хутка, лёгка і амаль цалкам. Напрыклад, звыклы нам цукар-пясок, распадаючыся на глюкозу і фруктозу, засвойваецца арганізмам на працягу некалькіх хвілін.

Максімальная колькасць лёгказасваяльных (хуткіх) вугляводаў, якія можна без шкоды для здароўя ўжываць у суткі, — 50 г, кажуць дыетолагі. І сюды ўваходзіць не толькі цукар. «Пустыя» калорыі — гэта і кандытарскія вырабы, і салодкія напоі, і нават несалодкая выпечка з мукі вышэйшага гатунку. Відавочна, што гэты ліміт сучасны чалавек (нават той, хто не з'яўляецца аматарам салодкага) моцна перавышае. Расплата — хваробы сэрца і печані, рэзістэнтнасць да інсуліну. На гэтым фоне страта таліі выглядае найменшым злом...

Спрабуем замяніць

Ужываць замест цукру адэпты здаровага спосабу жыцця спрабуюць:

  • сухафрукты. Іх дадаюць у выпечку і запяканкі, п'юць з імі гарбату ўпрыкуску;
  • ягады. Летам — свежымі, зімой — замарожанымі;
  • садавіну. Яна спатольвае голад і насычае арганізм вітамінамі, павышаючы імунітэт;
  • мёд. Гэта ўпадабаны сродак народнай медыцыны, прыродны антыбіётык, акрамя таго, мёд сапраўды салодкі ў адрозненне ад вышэйпералічаных заменнікаў, якія, вядома, салодкія, але ўсё ж не такія, як цукар.

Ну а «спецыяльнай» заменай цукру лічацца модная стэвія і старая добрая фруктоза.

Пару гадоў таму стэвія была такім жа трэндам у дыеталогіі, якім крыху раней — ягады годжы. Атрымліваюць яе з так званай мядовай травы, якую тысячагоддзі вырошчвалі індзейцы Паўднёвай Амерыкі. Стэвіі прыпісваюць мноства станоўчых уласцівасцяў: на хвалі яе папулярнасці пісалі нават, што яна здольная спыняць развіццё ракавых клетак. Стэвія зніжае ўзровень цукру ў крыві, нармалізуе артэрыяльны ціск, пазбаўляе ад карыесу і запаленчых працэсаў у ротавай поласці, утрымлівае вітаміны А, Е, С і групы В, цынк, магній, фосфар, руцін, кальцый, селен, медзь, хром, калій. А салодкасці ў лісціках гэтага экзатычнага нізкарослага травяністага куста змяшчаецца ў 15 разоў больш, чым у цукры. Праўда, асалода прыходзіць нязвыкла павольна — спачатку вам доўга не салодка. Затое, калі становіцца салодка, гэтая слодыч адчуваецца даўжэй, чым слодыч звычайнага цукру. Адным словам, адразу прывыкнуць да спецыфічнага смаку стэвіі складана.

Каларыйнасць стэвіі — 18 ккал на 100 г. Дыетолагі называюць яе самым бяспечным заменнікам цукру. Але маюць на ўвазе ў першую чаргу сушанае лісце «мядовай травы», а не экстракты прамысловай вытворчасці. Суцэльнае або здробненае лісце прадаецца ў буйных супермаркетах, крамах здаровага харчавання або інтэрнэт-крамах. З лісця заварваецца настой, які дадаецца ў гарбату, каву, дэсерты. Ці ёсць мінусы ў «мядовай травы»? Некаторыя дыетолагі выказваюць меркаванне, што рэгулярнае ўжыванне стэвіі можа спрыяць зніжэнню палавой функцыі арганізма. Ну і, зразумела, як практычна любы прадукт расліннага паходжання, стэвія можа выклікаць алергію.

Фруктозу атрымліваюць з ягад і садавіны. Яе прынята лічыць дыетычным прадуктам, але на самай справе фруктоза неверагодна каларыйная. Калі дзесяцігоддзі таму, на світанку дыеталогіі, спецыялісты раілі ўжываць фруктозу замест цукру, меркавалася, што паколькі яна ў два разы саладзейшая за цукар, чалавек будзе ўжываць яе ў меншых дозах. Але чалавечая псіхіка такая, што калі мы прывыклі класці ў каву дзве лыжкі цукру, то і фруктозы пакладзём столькі ж. І такім чынам толькі павялічым утрыманне цукру ў арганізме. Каштоўнасць фруктозы — не ў яе каларыйнасці, а ў тым, што фруктозу могуць ужываць нават дыябетыкі: распад гэтага прадукту адбываецца так хутка, што не падвяргае арганізм людзей, якія пакутуюць на цукровы дыябет, небяспецы.

І ў гэтым соль

Соль для сучаснага чалавека — гэта агранка любога смаку. Без солі ўсё прэснае і мае невыразны смак. Наогул соль, а дакладней хлор і натрый, вельмі патрэбная чалавечаму арганізму. Соль падтрымлівае неабходны аб'ём крыві, стабілізуе абмен рэчываў, хлор незаменны для сінтэзу страўнікавага соку, а без натрыю не працуюць нервовыя клеткі і не скарачаюцца мышцы. Калі з рацыёну цалкам выключыць соль, мы атрымаем слабасць мышцаў, сутаргі, спазмы страўніка і парушэнне работы кішэчніка, пагаршэнне памяці, зніжэнне артэрыяльнага ціску, сухасць скуры і г. д. Але сучаснаму чалавеку недахоп солі не пагражае, нават калі ён наогул перастане саліць сваю ежу. Праблема ў тым, што ў нашы дні, нават імкнучыся скарачаць колькасць солі, вы ўсё роўна, хутчэй за ўсё, спажываеце яе значна больш дзённай нормы. Стагоддзі таму соль была рэдкасцю, дарагой прыправай. Сёння дыетолагі кажуць аб сур'ёзнай праблеме лішку солі ў рацыёне. Бо вельмі многія гатовыя прадукты — кансерваваныя, вяленыя і вэнджаныя вырабы прамысловай вытворчасці, паўфабрыкаты і фаст-фуд — утрымліваюць вялікую колькасць солі. Паводле апошніх даследаванняў, сучасныя жыхары буйных гарадоў у апошнія гады дэманструюць паніжэнне адчувальнасці да солі ў ежы. І, як следства, спажываюць солі ўсё больш і больш. А на перавышэнне нормы наш арганізм адказвае ацёкамі твару і канечнасцяў, зніжэннем працаздольнасці нырак, пастаяннай смагай, павышэннем унутрычарапнога і артэрыяльнага ціску, парушэннем работы нервовай сістэмы.

Сусветная арганізацыя аховы здароўя называе дакладную лічбу — не больш за 5 г солі ў суткі. Сюды ўваходзіць і так званая прыхаваная соль — у хлебе, сырах, вэнджанай і салёнай рыбе, каўбасах, соусах прамысловай вытворчасці і г. д.

Спрабуем замяніць

Соль замяніць больш складана, чым цукар. Але таксама магчыма.

  • Ламінарыя, яна ж марская капуста. У якасці заменніка солі яе выкарыстоўваюць у сухім здробненым выглядзе. Набыць сухую ламінарыю можна ў аптэцы, а перад ужываннем здрабніць у кавамолцы або ў ступцы. Перасаліць прадукт з дапамогай ламінарыі складана, але злёгку саланаватымі ваш суп або салата стане. Плюс карысць для здароўя (пра яе напісана столькі, што не будзем паўтарацца). Праўда, ламінарыя мае лёгкі ўласны смак, які не кожнаму падабаецца. Норма ўжывання парашку ламінарыі ў суткі — не больш за палову чайнай лыжкі. Існуюць супрацьпаказанні — туберкулёз, цяжарнасць, скурныя захворванні, парушэнні работы нырак і некаторыя іншыя.
  • Сельдэрэй. Фаварыт аматараў фітнесу змяшчае натрый у сваім складзе, і гэта забяспечвае яму салёны смак. У цёплы сезон у стравы дадаюць свежае лісце салеры, на зіму рэкамендуецца сушыць і здрабняць чаранкі. Дадаваць здробнены сельдэрэй раяць за дзве хвіліны да завяршэння гатавання стравы або «саліць» з яго дапамогай стравы парцыённа, што найлепш, бо так захоўваюцца ўсе вітаміны і мінералы. Салера змяшчае вітаміны A, B6, C, K, E і PP, дапамагае арганізму выводзіць таксіны і ўмацоўвае імунітэт.
  • Сумесі траў і высушанай, здробненай гародніны. Салёнай страву яны не зробяць, але дапамогуць «адцягнуць увагу» ад адсутнасці солі. Розныя коўчы правільнага харчавання прапануюць спалучаць паміж сабой у розных прапорцыях імбір, перац чылі і папрыку, цыбулю, часнок, корань хрэну. Сумесь траў для замены солі — базілік, кмен, эстрагон, каляндра, пятрушка, зіра, размарын, чорны і чырвоны перац. У салаты разам з гэтымі сумесямі можна дадаваць лімонны сок — кіслата таксама кампенсуе недахоп солі.

Калі падман не атрымаецца

Спробы падмануць смакавыя рэцэптары прыводзяць да пераядання, адзначаюць дыетолагі. Паколькі нізкакаларыйныя дэсерты без цукру не насычаюць, яны правакуюць з'есці іх пабольш. Вынік — «расцягнуты» страўнік і ўсё тая ж лішняя вага. Заменнікі солі ў ежы, у сваю чаргу, могуць справакаваць жаданне махнуць рукой на правільнае харчаванне і ад душы пасаліць мяса або суп. Самы дзейсны шлях скарачэння спажывання цукру і солі — гэта памяншэнне іх у рацыёне натуральным шляхам: праз сілу волі, не звяртаючыся да заменнікаў. Харчовыя звычкі змяніць складана, але магчыма. У сярэднім, адзначаюць спецыялісты правільнага харчавання, для гэтага патрэбны рашучасць і 3-4 тыдні. Прыкладна за такі тэрмін рэцэптары прывыкнуць да новых смакаў, а паляпшэнне самаадчування стане ўзнагародай за ўпартасць і стымулам не здавацца.

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Загаловак у газеце: Абыдземся без іх

Выбар рэдакцыі

Культура

Чаму на захадзе Беларусі «праклятыя салдаты» і сёння ўзгадваюцца з жахам?

Чаму на захадзе Беларусі «праклятыя салдаты» і сёння ўзгадваюцца з жахам?

Тэма антысавецкага падполля падчас ВАВ — складаная тэма ў гісторыі.

Палітыка

Крызіс на мяжы. Уся аператыўная інфармацыя на аўторак (абнаўляецца)

Крызіс на мяжы. Уся аператыўная інфармацыя на аўторак (абнаўляецца)

Аператыўная інфармацыя з беларуска-польскай мяжы.

Грамадства

Новы каранавірус. Што вядома пра штам «Амікрон»

Новы каранавірус. Што вядома пра штам «Амікрон»

 Яго знайшлі ў краінах Паўднёвай Афрыкі, у прыватнасці, у ПАР і Батсване.