Вы тут

Як зменіцца жыццё


Дзякуючы запуску Беларускай АЭС перад краінай адкрываюцца новыя гарызонты для прымянення электрычнай энергіі. І справа тут не толькі ў зніжэнні экалагічнай нагрузкі і эканоміі на імпарце прыроднага газу — энергія з БелАЭС дазволіць па-новаму зірнуць на многія віды дзейнасці.


Колькасць электрамабіляў у Беларусі за апошнія паўгода вырасла ўдвая і перавысіла 1200. Далей лічба, безумоўна, будзе расці ў геаметрычнай прагрэсіі: развіццё электратранспарту — агульнасусветны трэнд. Адно толькі СЗАТ «БелДжы» ў 2021 годзе плануе выпусціць амаль 1000 электрамабіляў у коштавай катэгорыі не больш за 30 тысяч долараў ЗША. Першыя ўзоры такой тэхнікі ўжо праходзяць выпрабаванні. Паралельна развіваецца інфраструктура для гэтага віду транспарту: да прыкладу, «Беларуснафта» плануе ў наступным годзе павялічыць колькасць зарадных станцый да шасцісот. Прапрацоўваюцца і дадатковыя меры па стымуляванні куплі электрамабіляў.

Што яшчэ? Адзін з рэзідэнтаў Кітайска-Беларускага індустрыяльнага парка «Вялікі камень» рэалізуе праект па выпуску электравеласіпедаў. Электробусы ў Мінску ўжо сталі звыклым відам гарадскога грамадскага транспарту, не за гарамі іх з’яўленне і ў іншых гарадах. На гэтым развіццё дадзенага сегмента сродкаў перамяшчэння наўрад ці спыніцца. Ва ўсялякім выпадку, Аляксандр Лукашэнка падчас цырымоніі адкрыцця новых станцый мінскага метро даў даручэнне паступова пераводзіць сталіцу на электратранспарт.

Адзін з перспектыўных напрамкаў — будаўніцтва шматкватэрнага электрыфікаванага жылля. У такіх будынках электрычнасць выкарыстоўваецца для ацяплення, гарачага водазабеспячэння і прыгатавання ежы. Падобныя прыклады ў Беларусі ўжо ёсць. Стымуляваць прымяненне электраэнергіі ў жыллёвай сферы ў будучыні павінна будзе адпаведная тарыфная палітыка.

Канцэпцыя «разумных гарадоў» прадугледжвае комплекснае прымяненне сучасных рашэнняў у сферы ЖКГ, будаўніцтве і тэрытарыяльным планаванні, транспартнай інфраструктуры, ахове здароўя, адукацыі. Функцыянаванне дадзенай сістэмы прадугледжвае наяўнасць разгалінаваных сетак, датчыкаў, сэнсараў, выканаўчых прывадаў і механізмаў — электрычнасць тут проста неабходна.

З дапамогай электраэнергіі можна выпрацоўваць вадарод. Пакуль, праўда, у гэты кірунак больш укладваюць, чым атрымліваюць. Аднак многія эксперты мяркуюць, што вадароднае паліва — вельмі перспектыўны від энергіі.

Праект БелАЭС — гэта платформа для шырокага ўкаранення ў эканоміку самых перадавых тэхналогій і стварэння на іх аснове інавацыйных вытворчасцяў. Гэта пераход на новы тэхналагічны ўклад у энергетыцы на карысць экалогіі і канкурэнтных тарыфаў.

Дарэчы, Беларусь заявіла пра намер узяць на сябе безумоўнае абавязацельства да 2030 года скараціць выкіды парніковых газаў не менш чым на 35 працэнтаў у параўнанні з 1990 годам. Праца атамнай электрастанцыі, кажуць у Мінэнерга, будзе спрыяць дасягненню гэтай мэты. У Міністэрстве падлічылі, што два энергаблокі АЭС будуць пакрываць 40 працэнтаў патрэбаў краіны ў электраэнергіі, а выкіды парніковых газаў будуць змяншацца больш чым на 7 мільёнаў тон у год.

Аляксей Фядосаў

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».