Вы тут

Што ўдалося зрабіць прафсаюзам ў кірунку абароны правоў і інтарэсаў работнікаў


Дзейнасць Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму (далей прафсаюз) разнастайная і шматгранная. Але, бадай, самае галоўнае — абарона працоўных і сацыяльна-эканамічных правоў і інтарэсаў работнікаў. Што ўдалося зрабіць у гэтым кірунку пасля ІX з'езда галіновага прафасюза, пойдзе размова на чарговым пленуме, які адбудзецца 26 лістапада. Падрабязнасці расказала старшыня ЦК прафсаюза Таццяна Філімонава.


— Таццяна Васілеўна, прафсаюзы не маюць права, як дзяржаўныя органы караць штрафамі наймальнікаў, якія дапускаюць парушэнні. Перш за ўсё дзейнасць прававых інспектараў прафсаюза накіравана на тое, каб указаць на недахопы, каб яны былі своечасова ліквідаваны. Ці не так?

— Бясспрэчна, наша задача — кантроль і яшчэ раз кантроль. Сёлета з першага студзеня да трыццаць першага кастрычніка прававой інспекцыяй працы праведзены грамадскі кантроль у 270 арганізацыях сферы культуры, інфармацыі, спорту і турызму. Па яго выніках выдадзена 52 прадстаўленні, 50 даведак і 169 рэкамендацый. Выяўлена 541 парушэнне, выпраўлена 483 з іх.

За гэты час прававымі і галоўнымі прававымі інспектарамі працы дадзена 1525 кансультацый па прававых пытаннях, 215 на асабістым прыёме, 1194 — па тэлефоне, 112 падчас работы прамых тэлефонных ліній і круглых сталоў, 4 у глабальнай сетцы Інтэрнэт. Праведзена таксама 50 выязных прыёмаў у арганізацыях, установах, на прадпрыемствах рэгіёнаў. Усяго са сваімі праблемамі і пытаннямі звярнуліся да спецыялістаў 80 чалавек.

Акрамя таго, штомесяц праходзяць «гарачыя» лініі. Сюды па кансультацыю звяртаюцца работнікі арганізацый, якія з'яўляюцца членамі нашага прафсаюза.

— Таццяна Васілеўна, якія пытанні часцей за ўсё хвалююць заяўнікаў?

— Найбольш частыя — нізкі ўзровень заработнай платы ў арганізацыях галіны культуры, заключэнне, працяг і скасаванне кантрактаў, афармленне працоўных водпускаў. Актуальныя таксама — незахаванне дадатковых гарантый згодна з калектыўным дагаворам і пагадненнямі. Сярод агучаных — праблемы працаўладкавання ў сувязі з аптымізацыяй у працоўных калектывах, а таксама складанасці ў вядзенні ўліку грамадзян, што маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, працоўныя адносіны з асобамі, якія дасягнулі пенсійнага ўзросту, ільготы маладым спецыялістам.

— Назавіце, калі ласка, канкрэтныя прыклады дапамогі людзям.

— У Цэнтральны камітэт прафсаюза звярнулася Ксенія Шуша. Ксенія Валер'еўна працавала ў Міністэрстве спорту і турызму спартсменам-інструктарам нацыянальнай каманды Беларусі па тэквандо ў 1998—2002 гадах. Жанчына прасіла пасадзейнічаць ёй у атрыманні даведкі аб ільготнай пенсіі ад былога наймальніка. Ён абгрунтаваў адмову тым, што яна была прынята на работу па загадзе 4 студзеня 1998 года і 5-гадовы стаж, які патрабуецца, у яе адсутнічае.

Галоўны прававы інспектар працы Ала Ждановіч вывучыла ўсе дакументы кадравай службы пры прыёме на работу жанчыны, падрыхтавала і накіравала ў Міністэрства спорту і турызму пісьмо аб унясенні адпаведнага змянення ў загад аб прыёме яе на работу і выдачы ёй даведкі аб рабоце, якая дае права на пенсію за выслугу гадоў. У выніку былі ўнесены змяненні ў загад і ў працоўную кніжку.

На асабісты прыём да галоўнага прававога інспектара Гомельскай абласной арганізацыі прафсаюза Васіля Дзямчыхіна з пісьмовай заявай звярнуліся супрацоўнікі спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву № 3 па водным пола. Яны паскардзіліся, што не ажыццяўляецца даплата работнікам, якія маюць званне «Заслужаны трэнер Рэспублікі Беларусь» або «Заслужаны майстар спорту Рэспублікі Беларусь». Раней, калі ўстанова адносілася да сістэмы адукацыі, людзі гэтую даплату атрымлівалі. Пры пераходзе ў прафсаюз культуры, інфармацыі, спорту і турызму яна была скасаваная.

Прафсаюзнаму камітэту і наймальніку было прапанавана вывучыць пытанне і ўнесці яго ў калектыўны дагавор. Цяпер супрацоўнікам гэтай катэгорыі выплачваюць даплаты да заробку.

Старшынёй Гродзенскай абласной арганізацыі прафсаюза (галоўным прававым інспектарам працы) Дзянісам Малевічам аказана дапамога ў пераразліку заработнай платы бармену КУП «Дзятлавакінавідэасетка» ў сувязі з няправільным улікам рабочага часу на суму 105 рублёў. Супрацоўніку дзіцячай школы мастацтваў імя Тызенгаўза ў сувязі са знаходжаннем яго на медыцынскім абследаванні па накіраванні ваенкамата вярнулі 135 рублёў.

І такіх прыкладаў станоўчага вырашэння пытання на карысць работнікаў мноства.

— Таццяна Васілеўна, вельмі важна, калі чалавек мае дах над галавой. Тады і настрой у яго бадзёры і работа спорыцца. Вы агучылі, што грамадзяне звяртаюцца па дапамогу ў гэтым пытанні ў галіновы прафсаюз. І што далей?

— У арганізацыях, што знаходзяцца ў сферы дзейнасці прафсаюза, вядзецца кантроль за ўлікам грамадзян, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў у адпаведнасці з заканадаўствам.

Па інфармацыі прафсаюзных арганізацый, за 2019—2020 гады ў паляпшэнні жыллёвых умоў маюць патрэбу 753 чалавекі. Жылыя памяшканні камерцыйнага выкарыстання прадстаўлены 264 работнікам. Тым, хто стаіць на ўліку на паляпшэнне жыллёвых умоў, быў выдзелены 51 зямельны ўчастак для будаўніцтва і абслугоўвання аднакватэрных блочных жылых дамоў, 59 чалавек атрымалі накіраванне на ўзвядзенне жылых памяшканняў у складзе арганізацый-забудоўшчыкаў. Заключаны таксама шэсць дагавораў долевага будаўніцтва з дзяржаўнай падтрымкай, выдзелены пакоі ў інтэрнатах 169 работнікам.

У кастрычніку 2020-га Цэнтральным камітэтам прафсаюза накіравана пісьмо ў Мінгарвыканкам з просьбай пасадзейнічаць у магчымасці прымянення паніжальнага каэфіцыента 0,2 пры разліку арэнднай платы за карыстанне памяшканнямі камерцыйнага прызначэння ў жылым комплексе «Магістр» для работнікаў арганізацый сферы культуры і мастацтва і іншых бюджэтных арганізацый, якія тут пражываюць. На жаль, мы атрымалі адказ, што гэта немагчыма.

— Відаць, праблемы з жыллём уплываюць на прыцягненне і замацаванне маладых спецыялістаў у сферы культуры?

— Бясспрэчна, калі ў гарадах можна зняць кватэру або забяспечыць маладога спецыяліста інтэрнатам, то ў сельскай мясцовасці зрабіць гэта цяжка. Як правіла, жыллё не здаюць у арэнду, інтэрнатаў у вёсцы няма, кампенсацыі за арэнду жылля і праезд адсутнічаюць. Некаторыя маладыя сем'і гатовы застацца працаваць у сельскай мясцовасці пры ўмове выдзялення ім зямельнага ўчастка пад індывідуальнае будаўніцтва. Але ўчасткі не выдзяляюцца, а прадаюцца з аўкцыёну па высокіх цэнах.

У сувязі з тым, што многія суб'екты гаспадарання, дзе створаны пярвічныя арганізацыі прафсаюза не маюць ва ўласнасці жылля, мы рэкамендуем у калектыўныя дагаворы ўключаць нормы, якія абавязваюць наймальніка пры наяўнасці магчымасці кампенсаваць расходы па найме жылля работніку.

Жыллёвыя пытанні пастаянна ў полі зроку прафсаюза.

— Калектыўны дагавор — гэта, можна сказаць, лакальная канстытуцыя для кожнай прафсаюзнай арганізацыі. Наколькі ведаю, з кожным годам гэты дакумент удасканальваецца.

— Пытанні калектыўна-дагаворнага рэгулявання знаходзяцца пад пастаянным кантролем прафсаюза. Асаблівая ўвага надаецца таму, каб у дзеючых раённых пагадненнях, калектыўных дагаворах не зніжаліся нормы і гарантыі, устаноўленыя Генеральным пагадненнем паміж урадам Рэспублікі Беларусь, рэспубліканскімі аб'яднаннямі наймальнікаў і прафсаюзаў на 2019—2021 гады. Вынікі выканання калектыўных дагавораў падводзяцца не менш як адзін раз у паўгоддзе на прафсаюзных сходах, на пасяджэннях прафсаюзных камітэтаў пярвічак з удзелам адміністрацый. Аднак аналіз паказаў, што на адзін калектыўны дагавор прыходзіцца 22 нормы Генеральнага пагаднення. Прафсаюзу неабходна яшчэ папрацаваць у гэтым кірунку з тым, каб у сярэднім на адзін калектыўны дагавор прыпадала не менш як 30 нормаў Генпагаднення.

— Якія прапановы прафсаюза па падтрымцы ўстаноў падчас пандэміі каранавіруса?

— У сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй у краіне значна скарацілася, а дзесьці і прыпынена пазабюджэтная дзейнасць. Таму мы прасілі зменшыць або вызваліць ад падаткаабкладання даходы ўстаноў культуры і спорту ад пазабюджэтнай дзейнасці. Хоць бы на перыяд эпідэміялагічнай сітуацыі ў краіне і час выхаду з яе.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Загаловак у газеце: Дапамагаць — галоўная задача прафсаюза

Выбар рэдакцыі

Культура

Народная артыстка Беларусі Ніна Шарубіна: Не скупіцеся на добрыя словы!

Народная артыстка Беларусі Ніна Шарубіна: Не скупіцеся на добрыя словы!

Мы правялі ў кампаніі опернай дзівы ўсяго толькі адзін дзень, але так і не змаглі разгадаць яе таямніцу: дзе ж хаваецца ў яе сутках 25-я гадзіна?

Грамадства

Інтэрвальнае галаданне: чаканні і рэальнасць

Інтэрвальнае галаданне: чаканні і рэальнасць

Сваім вопытам з чытачамі «Звязды» дзеліцца вядомая беларуская тэлевядучая Марыя Лемешава

Грамадства

Дапамога — ёсць! Чым займаецца гэтай зімой Беларускі Чырвоны Крыж?

Дапамога — ёсць! Чым займаецца гэтай зімой Беларускі Чырвоны Крыж?

Людзі, у якіх няма даху над галавой, у першую чаргу маюць патрэбу ў падтрымцы ў экстрэмальных умовах надвор'я.

Спорт

Дзмітрый Ходас: Воля, характар і любоў

Дзмітрый Ходас: Воля, характар і любоў

Як не быць алімпійскім чэмпіёнам, але быць героем спорту.