Вы тут

У рытме пілатэса


Як не нашкодзіць свайму арганізму, умацоўваючы здароўе? Адказ шукаем на… ложку, але незвычайным


На рэформеры

Мне падаецца, што папулярнае выслоўе «прыгажосць патрабуе ахвяр» паціху страчвае сваю актуальнасць. На першы план усё ж такі выходзіць тэма здароўя з усімі яго складнікамі… Калі прыгожы вонкавы выгляд — гэта найперш прыкмета добрага стану арганізма, зладжанай работы ўсіх нашых унутраных сістэм, правільнага ладу жыцця. Але і тут, бывае, знойдзецца лыжка дзёгцю. Здавалася б, што дрэннага ў тым, каб «цягаць жалеза» ў спартзале ці дома займацца ёгай? Альбо стаяць ля харэаграфічнага станка і круціць ронд дэ жамб партэр, робячы свае стопы вываратнымі, а постаць — гнуткай? Ды, аказваецца, можна няправільна трэніраваць, напрыклад, прэс, і тым самым перакрываць полую вену, якая знаходзіцца ў жываце. У выніку — як мінімум непрыемнае самаадчуванне, як максімум — медыцынскі дыягназ. А за лёгкія вываратныя скокі танцоўшчыцы, на жаль, плацяць з часам праблемамі ў тазасцегнавых суставах… Нават знаёмы ўсім бег у простых красоўках здольны нанесці шкоду арганізму больш чым «бясконцы адпачынак» на канапе. Вырашылі паплаваць у басейне? Глядзіце, не зарабіце сабе міжпазваночную грыжу!

«Што ж рабіць?», — збянтэжана, мабыць, падумаеце вы цяпер, як і я раней, калі пачынала шлях да здаровага ладу жыцця. Нічога не рабіць — нельга. Хоць бы і таму, што спрацоўвае «стадны рэфлекс»: здаецца, сёння кожны дзесьці чымсьці займаецца. І зразумела чаму: «меню» ў розных сталічных спартыўных комплексах вельмі прывабнае: stretchіng, ёга, петлі trx, contemporary, фітнэс-аэробіка, tabata, сквош… Увогуле, у адным толькі Мінску — 37 дзяржаўных аб’ектаў фізкультурна-спартыўнага прызначэння, дзе выкладаюцца 25 спартыўных дысцыплін (згодна інфармацыі на сайце галоўнага ўпраўлення спорта і турызму Мінгарвыканкама). А колькі прыватных клубаў?! У кожным раёне ёсць такі, і не адзін. У гэтай разнастайнасці лёгка заблытацца. Таму, лічу, па-першае, не трэба гнацца за рэкламай, якая прываблівае нечым новым ці абяцае хуткі вынік. Ну, сапраўды, «надутыя» хлопцы і занадта рэльефныя дзяўчаты ў спартзале не заўсёды такія моцныя і здаровыя, як тое падаецца на першы погляд. Па-другое, добра знайсці правадніка ў свет здароўя, і з ім крок за крокам пачынаць гэты нялёгкі, скажу я, шлях. Маім такім партнёрам стала інструктар Таццяна, якая дапамагае правільна выконваць практыкаванні на спецыяльным трэнажоры — рэформеры.

Крок у гісторыю

Поза «бярозка» на «кадзілаку»

Далёка не ўсе яшчэ ведаюць, што такое рэформер. Гэта спецыяльнае абсталяванне, якое прыдумаў 100 гадоў таму Джозэф Пілатэс. Той самы, чыім імем названа цяпер папулярная сістэма фізічных практыкаванняў. Сутнасць яе — у дынамічных нагрузках без празмернага напружвання і ў павольным тэмпе. У такім стане можна задзейнічаць глыбокія цягліцы, якія ў звычайным жыцці намі зусім не выкарыстоўваюцца ці вельмі рэдка. Напрыклад, калі чыхаем. Але ці часта мы тое робім?..

Дык вось, у гады Першай сусветнай вайны спартсмен Джозэф Пілатэс прыдумаў больш чым 50 розных практыкаванняў. Дзякуючы свайму ноу-хау ён дапамог многім людзям з сур’ёзнымі траўмамі, раненнямі і хваробамі вярнуцца да нармальнага жыцця. Спачатку ролю спецыяльных трэнажораў выконвалі звычайныя ложкі, да якіх прыкручваліся спружыны, рамні, вяровачныя петлі… З іх дапамогай можна было рэгуляваць амплітуду, інтэнсіўнасць практыкаванняў. Праца выконвалася за кошт уласнай масы цела, трымання раўнавагі, папераменнага напружвання адных цягліц і аслаблення іншых. Вось такім чынам у ваенныя часы хворыя і аднаўляліся без залішняй нагрузкі. Ну, а цяпер, у час гіпадынаміі сістэма Пілатэса, дапоўненая дзясяткамі новых практыкаванняў, набівае асаблівую актуальна, яна карэктуе анатамічныя ды фізіялагічныя адхіленні. Сёння ўжо ў абсталяваных спартзалах можна ўбачыць сапраўдныя, абкручаныя ўсялякімі прыбамбасамі трэнажоры, якія нагадваюць тыя самыя першыя ложкі. Хаця ёсць і «кадзілак», і «бочка», і яшчэ шмат іншых цікавых прылад для работы са сваім целам.

Канцэнтрацыя на максімуме

Скрутка вакол плечавага сустава

Калі я прыйшла на першы занятак, Таццяна адразу павяла мяне да «стула»: гэты трэнажор сапраўды падобны на стул — нерухомую платформу з сядушкай. Але пры ім ёсць прыступак, на які мне патрэбна было апусціць сваю ступню. Ды так апусціць, каб вялікі палец на назе застаўся некранутым, то бок высунуўся наперад, а ступня стаяла перпендыкулярна прыступку. Пад каленам мне прыйшлося знайсці некую лагчынку-ямку, якую трэба было прыціснуць да сядушкі, а самой стаць роўна, каб тазасцегнавыя косткі былі паралельныя адна другой. Рукі высунуць наперад і пачаць павольна націскаць прыступку ступнёй. Думаеце я, у мінулым гімнастка, адразу справілася?! Не ведаю, колькі хвілін мы патрацілі на падрыхтоўку, але ў якісьці момант я ўжо знервавалася, бо вываратныя мае стопы не хацелі стаяць «як прырода наказала» — роўна. Сцёгны ўвесь час вывальваліся то ўправа, то ўлева. Хутка я забылася пра рукі, якія трэба было высунуць наперад у вызначанай позе. І ўсё трымаць пад кантролем!.. Так, гэта вам не «шматзадачнасць» на звычайнай рабоце, гэта куды цяжэй!

Сяк-так мы з Таццянай справіліся з маім непаслухмяным (хто б мог падумаць! Я ж ёгай займалася!) целам і пачалі прыводзіць у рух ступню. Раз, два, тры — ужо ягадзіца гарыць, хоць стаяла я амаль нерухома, з вялікім напруджаннем кантралюючы ўсе свае цягліцы. А разам са мной і Таццяна, яна сачыла не толькі за правільнасцю выканання маіх рухаў, але і за маім дыханнем. Удых — робім рух да сябе, выдых — ад сябе. «Ну, як там наша цягліца паміж рэбраў?» — Таццяна звяртае маю ўвагу на адчуванні ў жываце, пакуль я, лежачы на рэформеры, працую з унутранай паверхней сцёгнаў. «Увесь час кантралюю, каб ступні былі самкнутыя, — робячы чарговы выдых, кажу я. — Нешта не адчуваю…» — «Калі не адчуваеце, значыць, штосьці робім не так. Давайце паспрабуем інакш». Таццяна не адстае. Яна, як гнуткая кобра, поўзае пада мной, правяраючы, каб кожны пазванок атрымаў асобную нагрузку. Каб цягнуўся, але не перагружаўся.

Пасля работы з «артыкуляцыяй пазваночніка» (вывучыла новыя словы!), мы пераходзім да скрутак вакол плечавага сустава. Гучыць жудасна, але на практыцы атрымліваеш цікавыя адчуванні, калі патрэбна за адзін раз левыя рэбры сціснуць, правыя раскрыць, руку так, сяк, потым гэтак павярнуць і пра ўдых-выдых не забыцца. Паглядзелася ў люстраную сцяну — прыгожа я выглядаю! Нечым падобная на знак бясконцасці.

Тры ў адным

Трэнажор «бочка»

Пасля першага занятка думала, што не ўстану з «чароўнага ложка», які пратрэніраваў усё маё цела. Але ногі бадзёра саскоквалі па лесвіцы ўніз ва ўнісон добраму настрою. Адчуванне ў целе было незвычайнае! Быццам я ў лазні папарылася, у басейне паплавала, а потым мяне добранька масажам «патапталі». Прама тры ў адным! А дыхаецца як лёгка! У пару каранавіруса тое адчуваць асабліва прыемна.

Так, на сваім досведзе ўпэўнілася, што трэніроўка на рэформеры, ды і не толькі на ім, спрыяльна ўздзейнічае на цела, здымае болі, выпраўляе асанку. Кажуць, і сон паляпшае. А яшчэ мне паабяцалі новую хаду… Цікава, як яна будзе выглядаць? Паглядзім.

Аліса Гюнгер

Фота аўтара

Каментарыі

Сяргей Пусцюльга, кансультант па ЗЛЖ, фітнес-трэнер:

Пілатэс (Мат, Рэформер, Кадылак і інш.) дае прыстойную фізічную нагрузку на цягліцавую, нервовую і дыхальную сістэмы, станоўча ўплывае на працу ўнутраных органаў і энергетычны абмен, дазваляе эфектыўна рэгуляваць вагу, паляпшаць паставу, дазваляе эканомна кантраляваць рухі ў паўсядзённым жыцці… Для тых, хто аддае перавагу іншым заняткам (спорт, бег, плаванне), гэты кірунак дазваляе выправіць дэфекты паставы, дысгарманічнае развіццё груп цягліц, паляпшае кантроль рухаў і дзейнічае як сродак адпачынку.

Алена Ліхтаровіч, рэабілітолаг:

З узростам усе мышцы ды сухажыллі людзей становяцца менш эластычнымі. Практыкаванні на рэформеры — самыя бяспечныя для іх, каб вярнуцца ў ранейшы стан, бо няма вагавай нагрузкі. Суставы схільныя да абмежаванасці ў рухомасці. Заняткі на рэформеры дазваляюць гуманна развіваць гэтую рухомасць, акуратна адкрываць сустаўную сумку, каб паверхня сустава прамывалася сустаўнай вадкасцю. Акрамя таго, максімальна адчуць стан цягліц і сухажылляў можна седзячы альбо лежачы, калі не трэба трымаць раўнавагу па вертыкалі і кампенсаваць скажэнні ў целе, якія з’яўляюцца з узростам.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.