Вы тут

Няма слоў — адны эмоцыі!


У Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі не баяцца эксперыментаваць. Доказам таму з’яўляецца пластычны спектакль “Бетон”. 


teart.by

Вам калі-небудзь сніўся вельмі вузкі калідор альбо тунэль, можа нават шчыліна, праз якую абавязкова трэба пралезці? Калі так, то вы напэўна памятаеце адчуванні, як з вялікай эмацыйнай напругай прасоўваеце спачатку адну руку, потым другую, спрабуеце прасунуць галаву, і вось — ужо бачыце «новы свет», але ногі яшчэ заціснутыя якой-небудзь плітой. Прыкладна так пачынаецца спектакль без слоў «Бетон», які паставіў Яўген Карняг — вядомы беларускі рэжысёр, двухразовы лаўрэат V Нацыянальнай тэатральнай прэміі.

У шэрай маналітнай сцяне, якая заняла практычна ўсю сцэну, раптам з’яўляецца невялікая прамавугольная прастора, з якой у залу ўрываецца святло люмінесцэнтнай лямпы. Яна свеціць вельмі ярка, прама б’е ў вочы. Гэтая прамавугольная дзірка ўся запоўненая акцёрамі. Яны шчыльна ляжаць адзін на адным у хаатычным парадку, і цяжка зразумець, дзе чые рука, нага, валасы… Месца катастрафічна мала, і мы бачым, як кожны з іх пачынае рухацца, спрабуючы «выціснуцца» вонкі літаральна па частках. Вось чыёсьці калена з рукой вылезла, чыесьці голыя сцёгны з’явіліся… Эротыка?! Зусім не! Магчыма, з‑за бесперапыннага гулу — нібы працуе няспраўная лямпа — залішняя фантазія не можа разгуляцца. Ды гэта і не самае важнае: уся ўвага сканцэнтравана на тым, калі ж нарэшце «забетанаваныя» людзі змогуць выбрацца.

І раптам — цішыня. Абсалютная. На паўцёмнай сцэне акцёры ўжо стаяць у шэраг і моўчкі глядзяць у залу, доўга глядзяць. Усе — у чорнай бялізне і чорных ахоўных масках. Усе, акрамя аднаго — Дзмітрыя Давідовіча, яго твар адкрыты. Ён іграе ў спектаклі галоўную ролю Арфея, які па сюжэце вядомага старажытнагрэчаскага міфа закахаўся ў Эўрыдыку, жанчыну незямной прыгажосці. Нічым добрым, як мы ведаем, тая любоўная гісторыя не скончылася: каханую Арфея ўкусіла атрутная змяя. Ён доўга гараваў і нават спусціўся ў царства мёртвых да Аіду, каб забраць адтуль Эўрыдыку. У сцэнічным апавяданні гэтай «візуальнай паэзіі» (такі жанр спектакля) Арфей у рэшце рэшт кідаецца ўніз: саскоквае з таго самага чорнага прамавугольніка, заяўленага яшчэ на пачатку пастаноўкі. І гіне.

Не скажу, што старажытнагрэчаская фабула лёгка прачытваецца ў спектаклі. Яго візуальны шэраг з першай мізанцэны і да апошняй вытрыманы ў сучасным стылі: на сцэне мы бачым напаўраспранутых «па апошняй модзе» герояў, пазбаўленых індывідуальнасці; паныла-шэрыя дэкарацыі (як нагадваюць яны паўсядзённае «офіснае» жыццё чалавека ў панэльна-бетонных блоках!), адны і тыя ж тыповыя для нас сітуацыі, дзе хтосьці з кімсьці, а потым з іншым… І сярод усіх іх — «белая варона», «іншасветны» чалавек са сваімі адметнымі ўяўленнямі пра жыццё. Ці ёсць яму месца сярод астатніх? Рэжысёр сцвярджае, што не. «Безвыходнасць кіруе светам» — такі слоган можна напісаць на афішы РТБД пад назвай спектакля «Бетон».

Ёсць пэўная разыначка ў пастаноўках без слоў. У такіх сцэнічных дзеях можна знайсці мноства дадатковых сэнсаў. Прычым у кожнага гледача яны будуць свае. Тым не менш, пластычны спектакль, на мой погляд, — вельмі правільны і актуальны сёння спосаб звярнуцца да душы распешчанага візуальнай карцінкай гледача, абмінаючы кантроль яго розуму, які не любіць складанасці ў сэнсах. Ды яшчэ ў спалучэнні з гукавым шэрагам, што моцна ўздзейнічае на эмоцыі (музыкай у традыцыйным разуменні назваць гэта не атрымліваецца). Гукавы фон для спектакля стварыў кампазітар Мікіта Залатар. І светлавое афармленне асабіста на мяне зрабіла велізарнае ўражанне! Назвала б яго нават асобным удзельнікам: яно грае сваю ролю, акцэнтуючы ўвагу гледача на нюансах. Гэта, мяркую, творчая ўдача мастачкі Таццяны Нерсісян — лаўрэата нацыянальнай тэатральнай прэміі Беларусі (2012, 2018 гг.), лаўрэата расійскай нацыянальнай тэатральнай прэміі «Золотая маска» (2016 г.).

Дык пра што ж гэты эксперыментальны спектакль, прызнаны лепшым адразу ж у год яго стварэння — 2017‑ы? З якой думкай звяртаецца рэжысёр да ўсіх нас, «заліваючы» свой «Бетон» у нашы душы? Калі перастварыць эмоцыі ў словы, то можна казаць пра паэзію кахання, пра мужчынскае і жаночае, пра адзіноту ў натоўпе, пра страты, пра безвыходнасць… Яўген Карняг «спатоліў» спектакль досыць дэпрэсіўнымі настроямі, калі «ўсё дрэнна і выйсця няма». Мяркую, такое не кожнаму спадабаецца. Абмяркоўваючы дзею потым з гледачамі, я зразумела, што камусьці яна здалася зацягнутай, а камусьці ўвогуле незразумелай. Былі і тыя, хто, не чакаючы канца, уставаў і сыходзіў. Мне ж было ўсё ясна і празрыста, як вада, якая перыядычна з’яўлялася то ў адным, то ў іншым эпізодзе. Асабліва запомнілася сцэна з балерынай (яе ролю выконвае Гражына Быкава) у ізумруднага колеру дзелавым касцюме і з белым вэлюмам. Яна вельмі хацела спадабацца Арфею, дэманструючы сваю «усепаспяховасць». Выконваючы на пуантах круазэ, гераіні прыходзілася яшчэ і трымаць кубак, каб злавіць ім брую вады, што лілася зверху з чайніка. Потым з’яўляўся другі кубак, і балерыне даводзілася паспяваць ужо за двума бруямі вады, якія ліліся з двух чайнікаў. А затым быў і трэці кубак… Лёгка пераскокваючы з нагі на нагу, яна кружылася, ловячы бруі, і… не паспявала, вядома. Вэлюм станавіўся мокрым, дзелавы касцюм губляў выгляд, а прыгожа выкладзеныя валасы распаўзаліся па твары. (Як жа гэта нагадвае многіх з нас — сучасных супер-жанчын, якія імкнуцца ўсё паспець і ўсіх здзівіць!) У канцы гэтай глыбока сімвалічнай сцэны на балерыне не было ўжо «ні выгляду, ні велічы», але ўсё роўна яна танцавала свой танец, потым пакланілася, асвятліўшы залу сваёй няшчырай «прафесійнай» усмешкай і, паслаўшы паветраны пацалунак Арфею, з выглядам пераможцы сышла са сцэны, пакідаючы за сабой мокрыя сляды. Клас!

Не магу пакінуць па-за ўвагай і актрысу Марыну Здаранкову. Яе знешнасць не зусім «уціскаецца» ў стандарт прыгажосці 90–60–90. Тым не менш, рэжысёр вырашыў надзець менавіта на гэтую артыстку абцягваючую ярка-ружовую сукенку, і такім чынам стварыў яшчэ адзін тыповы вобраз гераіні нашага часу. Жадаючы прыцягнуць увагу Арфея, яна праходзіла міма сваёй нялёгкай хадой «ад сцягна». Потым, не знайшоўшы ў яго водгуку, сыходзіла да іншых: тых, хто аплачваў яе паслугі. А ў другую змену, не паспеўшы зняць з сябе «працоўную» ружовую сукенку, мыла падлогу. «Хочаш жыць — умей круціцца!» — тое можна было прачытаць у яе паводзінах.

rtbd.by

Наўрад ці я змагу назваць спектакль «новым словам» у беларускім тэатральным мастацтве. Бо і раней на айчыннай сцэне выступалі калектывы, якія «размаўлялі» з гледачом праз цела. Успомніць хоць бы, да прыкладу, беларускі тэатр пантамімы «Рух», вядомы ў свой час далёка за межамі СССР. Тым не менш нешта змянілася ў тэатральным жыцці з прыходам скандальнага, як яго называюць у нашай прэсе, рэжысёра. І гэтае нешта гледачоў падахвочвае задумвацца, акцёраў — адкрываць у сабе новыя творчыя грані.

А змены — заўсёды да лепшага! І нягледзячы на тое, што «Бетон» прымушае адчуць душэўны холад і сусветную абыякавасць (напэўна, каб мы задумаліся, што «так жыць нельга»), я сышла з тэатра ў добрым настроі. Па-першае, мой эстэтычны голад, звязаны з абмежаваннямі з‑за пандэміі, быў спаўна задаволены. А па-другое, я ўсвядоміла, што ў маім асабіста жыцці «бетонных» праблем становіцца ўсё менш. І гэта выдатна!

Аліса Гюнгер

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».