Вы тут

Музей — сховішча рарытэтаў ці месца сустрэчы?


Сёння музеі ўсяго свету спрабуюць знайсці адказ на пытанне, як выстройваць сваю работу, калі будучае цьмянае? Ужо сёння зразумела, што давядзецца ствараць новыя праграмы і прадукты, а магчыма, і кардынальна змяняць свае падыходы. У посткаранавірусны час, калі людзі адчуюць сябе ў бяспецы, яны захочуць нечага радаснага, аптымістычнага, новых знаёмстваў і адкрыццяў. Музеі і наогул установы культуры маглі б скарыстаць такую патрэбу. Уласна, адна з новых роляў гэтых інстытуцый можа быць ў тым, каб аднавіць узаемадзеянне і давер паміж людзьмі.


Сацыяльная пляцоўка

Музей — гэта прастора, дзе можна на нейкі час забыцца на штодзённыя клопаты. Некаторыя з іх дораць цеплыню, пачуццё ўтульнасці, нібы ты знаходзішся дома. А для асобных катэгорый гэта яшчэ і месца для сацыяльнай тэрапіі. Вы заўважылі, як актыўна ў апошнія гады грамадскія арганізацыі, што працуюць з людзьмі, якія маюць пэўныя праблемы са здароўем, стараюцца завабіць сваіх падапечных у музеі і тэатры? Дарэчы, гэта адзін з сусветных трэндаў, калі музеі ў супрацоўніцтве з грамадскімі арганізацыямі і прадстаўнікамі аховы здароўя распрацоўваюць спецыяльныя праекты для людзей з інваліднасцю (хваробамі нервовай сістэмы, з дэменцыяй і г. д.). У пэўных выпадках медыкі нават прапісваюць паход у музей як лекі. Сталыя людзі, калі дакранаюцца да культуры і гісторыі, захапляюцца, далучаюцца да дыялогу, вяртаюцца да жыцця, і важна, каб такія сустрэчы не былі адзінкавыя. Каб гэтыя людзі не адчувалі сябе выключанымі з грамадства, неабходна ствараць спецыяльныя праграмы, якія паспрыяюць вяртанню ў музеі па веды і станоўчыя эмоцыі. Але інклюзія — гэта толькі адзін са шляхоў прыцягнення ва ўстановы новай аўдыторыі.

Устойлівае будучае — за супрацоўніцтвам розных інстытуцый. Культура і мастацтва павінны стаць неад'емнай часткай выхавання дзяцей. Ужо сёння некаторыя беларускія музеі праводзяць для хлопчыкаў і дзяўчынак не толькі экскурсіі, але і майстар-класы, інтэрактыўныя праграмы. У Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны распрацаваны шэраг музейных заняткаў. Для вучняў старэйшых класаў супрацоўнікі праводзяць праз інтэрнэт урокі па тэмах, якія дзеці праходзяць у школе.

Нават у час пандэміі можна пашыраць ахоп аўдыторыі, умацоўваць адносіны, калі выкарыстаць для сувязі інтэрнэт. Натуральна, «лічба» не можа цалкам замяніць рэальнасць, але яна дае новыя магчымасці. Зацікаўленыя асобы нават у аддаленых кутках Беларусі атрымліваюць доступ да кантэнту, напрыклад, пэўнага сталічнага музея. Праз інтэрнэт можна падняць новыя тэмы, прыцягнуць валанцёраў, партнёраў, запусціць краўдфандынг для новых праектаў, знайсці аўдыторыю для сумеснай работы. Напрыклад, віртуальныя сябры могуць стаць аўтарамі кантэнту для музейных інтэрнэт-рэсурсаў, дасылаючы фатаграфіі і інфармацыю пра цікавыя рарытэты, што захоўваюцца ў сям'і, запісваючы фальклорныя творы і ўспаміны, звязаныя з нейкімі гістарычнымі падзеямі.

Людзям патрэбныя зносіны, і таму важна данесці да грамадскасці, што музеі таксама могуць стаць прасторай для сустрэч. Тэматычныя выстаўкі, прэзентацыі, імпрэзы — таму пацвярджэнне. Усё больш актыўна пачынаюць выкарыстоўвацца і тэрыторыі, што прылягаюць да музеяў. Узаемадзеянне з аўдыторыяй — вельмі важны складнік. Сёння музеі стараюцца прапаноўваць адкрытыя інтэрактыўныя пляцоўкі, дзе наведвальнікі могуць падзяліцца асабістымі гісторыямі, сваімі поглядамі. Апошнім часам у свеце пачало актыўна развівацца музейнае валанцёрства. Добраахвотнікі дапамагаюць рабіць разнастайныя праекты, прыводзяць новую аўдыторыю, ствараюць свежы кантэнт. Напрыклад, у сацыяльных сетках яны могуць расказваць пра любімыя экспанаты альбо запісваць гісторыі ад сведкаў Халакосту, якія сыходзяць з жыцця, і важна паспець як мага больш запісаць, бо менавіта жывая гісторыя, якую расказаў рэальны чалавек, — найлепшае папярэджанне, каб падобнае не паўтарылася.

Лічбавыя інструменты дазваляюць ствараць багата новых інфармацыйных прадуктаў, таму важна падключаць да гэтага работнікаў культуры, мастакоў, вучоных, ствараць спрыяльнае асяроддзе для навучання і сумеснага росту і развіцця.

Перазагрузка

Музеі назапашваюць веды, як працаваць з рознымі групамі насельніцтва, з рознымі аб'ектамі, тэмамі. Носьбіты культуры, захавальнікі спадчыны, яны здольныя даносіць інфармацыю аб тым, хто мы як грамадства, якія ў нас карані, традыцыі, памкненні.

Паступова ва ўсім свеце музеі становяцца пляцоўкамі для дыялогу, яны дапамагаюць аб'ядноўваць грамадства. Важна сачыць за тым, якія змены адбываюцца вакол нас, як той жа каранавірус паўплываў на наша жыццё, як яго змяняюць новыя тэхналогіі. Музеі ўсяго свету пачалі збіраць артэфакты бягучых дэманстрацый, наступстваў эканамічнага крызісу. Такім чынам яны фарміруюць калекцыю для будучага, каб пасля чалавецтва магло адрэфлексаваць, вывучыць і гэтыя старонкі гісторыі. Такім чынам музей становіцца інструментам, што дапамагае грамадству даследаваць сябе, асэнсоўваць новыя мадэлі развіцця, шукаць шляхі адаптацыі да змен.

І не варта лічыць, што музеі — з'ява кансерватыўная. Вы заўважылі, як мяняецца падача інфармацыі, вядзецца пошук інавацыйных падыходаў у адносінах да калекцый, іх інтэрпрэтацыі? Музеі не з'яўляюцца асобнымі астраўкамі, яны павінны быць упісаныя ў культуру, сістэму адукацыі і нават у жыццё і рытм горада. Свет змяняецца, у аўдыторыі з'яўляюцца новыя патрэбы, расце цікавасць да лакальных асаблівасцяў, гісторыі.

Сёння мала рабіць стаўкі толькі на турыстаў. У часы каранавіруса можна адчуць, наколькі неабходна для музеяў увага мясцовай супольнасці, асабліва ўстановам у невялікіх гарадах. Каб наладзіць цесныя ўзаемаадносіны з аўдыторыяй, важна падумаць аб тым, чым музеі будуць карысныя менавіта для мясцовага насельніцтва, як яны могуць быць інтэграваныя ў працэсы развіцця горада. Напрыклад, можна арганізаваць хаб для рамеснікаў і мастакоў на лакальным узроўні. Альбо наладзіць супрацоўніцтва з дамамі культуры ці нават мясцовымі фермерамі, якія гатовыя прадаваць свае прадукты падчас сумесных праграм.

Аб'ядноўваючы намаганні, музеі здольныя зрабіць жыццё пэўнай мясцовасці больш цікавым, насычаным, да таго ж яна стане магнітам для турыстаў. Трэба ўвесь час шукаць шляхі таго, як паслужыць жыхарам горада, як уцягнуць мясцовую публіку ў сваю работу. Гэта могуць быць не толькі праграмы для школьнікаў, але і, напрыклад, майстар-класы па рукадзеллі, варкшопы, ініцыятывы па рабоце з моладдзю і людзьмі сталага веку. А ўзровень даверу да невялікіх музеяў сярод публікі можа быць даволі высокі. Па сутнасці, яны становяцца лабараторыямі, якія напрацоўваюць вопыт, што пасля можа аказацца карысны і для больш буйных устаноў.

Трэба думаць і пра тое, чым нашы музеі могуць быць цікавыя свету, бо з пераходам у лічбавую прастору іх кантэнт можна будзе паглядзець з любой кропкі свету. Таму трэба ўважліва сачыць за якасцю інфармацыі, якую вы выкладваеце ў сеціва. Не трэба гнацца за яе колькасцю. Нашмат важнейшая ўнікальнасць артэфактаў, гісторый і ідэй.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».