Вы тут

У Гродне можна пабачыць выставу прыгожых габеленаў


Гэты год для майстра па ткацтве Алены Феліксаўны Шунейкі ўдвая юбілейны. Знакамітая мастачка ў красавіку адсвяткавала 70-годдзе. А родны для яе Гродзенскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці, дзе Алена Феліксаўна працуе ўсё жыццё, у снежні адзначыць 80! Дзве святочныя даты сталі важкай нагодай для адкрыцця персанальнай выстаўкі ўнікальнага майстра «Мой любы горад», наведаць якую ў метадычным цэнтры можна ўжо сёння.


Алена ШУНЕЙКА і пераемніца яе таленту Юлія БАРАДЗІНА.

Бацькава спадчына — выток творчасці

Калі да работы ставіцца з любоўю, яна адразу перастае быць цяжкай, пераканана Алена Шунейка. Ёй у жыцці выпала рэдкая ўдача — прафесійна займацца справай, якая прыносіць бясконцую асалоду і найвялікшае задавальненне. Кажуць, што такая лёсавызначальная ўсмешка фартуны дастаецца толькі людзям з вялікім сэрцам, якія сапраўды яе заслужылі...

Тварыць з душой, захапляць сюжэтамі і вобразамі, прыкмячаць у наваколлі багатую колеравую палітру — усе гэтыя ўменні майстрыха атрымала ў спадчыну ад бацькі. Галоўны ж бацькаў скарб — адзіны ў Беларусі вертыкальны ткацкі станок. Менавіта Фелікс Антонавіч у сярэдзіне мінулага стагоддзя заснаваў у метадычным цэнтры творчую ткацкую лабараторыю, якая на працягу ўжо амаль 40 гадоў з'яўляецца для яго таленавітай дачкі адначасова і рабочым кабінетам, і ўтульнай майстэрняй, і нават другім родным домам.

Экспазіцыя выстаўкі «Мой любы горад» налічвае каля 50 аўтарскіх работ, сярод якіх разнастайныя тканыя габелены, дэкаратыўныя пано і акварэльныя карціны. Трэба сказаць, што гэта далёка не поўная калекцыя твораў Алены Феліксаўны. Палотны майстрыхі сёння ўпрыгожваюць інтэр'еры храмаў, дыпламатычных прадстаўніцтваў, з'яўляюцца каштоўнымі экспанатамі музеяў. Патомная ткачыха вельмі ганарыцца сваім габеленам «Святая Тройца», які ў якасці харугвы выкарыстоўваецца падчас святочнай працэсіі ў сталічным касцёле Святога Роха.

Некаторыя творы Алены Шунейкі знайшлі сваё месца далёка за межамі Беларусі: у Польшчы, Расіі, Францыі і Эстоніі. Бацькава тэхніка падвойнага і пераборнага аднабаковага ткацтва, якой валодае майстрыха, унесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь.

Габелены — гісторыя, намаляваная ніткамі

Крыніца натхнення для Алены Феліксаўны — родны горад Гродна з яго архітэктурнымі жамчужынамі і прыродай, якая зачароўвае. Пра гэта сведчыць і красамоўная назва выстаўкі. Алена Шунейка — бадай, адзіная ў вобласці майстрыха, якая настолькі дасканала валодае ўсімі «таямніцамі» габеленавай ніткі, што здолела віртуозна перадаць у творчасці нават энергетыку старажытных гродзенскіх храмаў! Вытканыя Фарны і Бернардзінскі касцёлы яна па-мастацку ўдала аздобіла вобразнымі выявамі Святога Духа. Наогул, кожнае палатно — гэта цэлая гісторыя, напоўненая глыбокім ідэйным зместам, філасофскімі рэбусамі і творчай фантазіяй. Па прызнанні Алены Феліксаўны, тканыя акварэлі, напэўна, не былі б такія цэласныя і гарманічныя, каб у іх стварэнні не ўдзельнічаў яе брат, мастацтвазнавец Яўген Шунейка. Менавіта ён малюе эксклюзіўныя эскізы для габеленаў. У творчым тандэме ствараюцца неверагодныя рэчы: у жывых вобразах паўстае гістарычнае мінулае Гродна, сустракаюцца знакавыя постаці з розных эпох, адраджаецца Фара Вітаўта, Маці-радзіма набывае жаночае аблічча, а сярод велічных будынкаў вымалёўваецца родны дом майстрыхі...

Кожны наведвальнік выстаўкі «Мой любы горад» можа і палюбавацца экспанатамі, і самастойна папрацаваць за ткацкім станком. Майстар-клас для ўсіх ахвотных з задавальненнем прапануе Алена Феліксаўна і яе здольная вучаніца Юлія Барадзіна. Дарэчы, работы маладой пераемніцы, метадыста цэнтра народнай творчасці, сталі несумненным упрыгожваннем экспазіцыі. Падвойныя габелены, народныя лялькі, ажурныя карункі — рукатворныя цуды, выкананыя нашай сучасніцай па старажытных узорах, уражваюць і кранаюць за жывое.

Энергія — у прыродзе

Пачэснае месца на выстаўцы займаюць акварэльныя карціны Алены Шунейкі, напісаныя ў тэхніцы «a la prіma». Усе без выключэння работы — пленэрныя, пісаліся мастачкай у момант асаблівага ўражання, на хвалі натхнення. Ствараць «жывыя» акварэльныя замалёўкі з натуры — гэта таксама ўлюбёны занятак творчай сям'і Шунейкаў. Нёман, кветкі, лес, Каложа — знаёмыя з маленства мясціны знайшлі сваё адлюстраванне на жывапісных палотнах. Кожная работа носіць глыбока асабісты характар, вабіць асаблівай колеравай вобразнасцю, выявай шчырай творчай душы...

Наведвальнікаў выстаўкі «Мой любы горад» чакае не толькі знаёмства з цікавымі экспанатамі. Кожная работа майстра — гэта своеасаблівы... аўтапартрэт, углядаючыся ў які, можна выразна ўбачыць цэлую палітру пачуццяў, пашану да сямейных традыцый і роднага краю. Алена Шунейка — гродзенскі чалавек-легенда, які літаральна дыхае творчасцю. І ў кожным яе творы бруіць жыццё...

Ала БЯЛЬКЕВІЧ, рэдактар ДУК «Гродзенскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Калі дапамога патрэбна экстранна, яе заўсёды змогуць аказаць валанцёры Чырвонага Крыжа

Калі дапамога патрэбна экстранна, яе заўсёды змогуць аказаць валанцёры Чырвонага Крыжа

Гучны гул сірэны знянацку застаў пенсіянерку Веру Васільеўну дома.

Грамадства

Хормайстр Ніна Ламановіч: Можна выходзіць замуж, калі жыццё жанчыны пасля гэтага палепшыцца

Хормайстр Ніна Ламановіч: Можна выходзіць замуж, калі жыццё жанчыны пасля гэтага палепшыцца

Галоўнаму хормайстру Вялікага тэатра 27 жніўня споўнілася 70 гадоў. 

У свеце

У «чорнай» зоне. Чаму Літву захліснула пандэмія?

У «чорнай» зоне. Чаму Літву захліснула пандэмія?

Уся Літва трапіла ў «чорную» зону заражэння каранавірусам. 

Грамадства

Страшнае слова «генацыд»

Страшнае слова «генацыд»

Для тых, хто прысвойвае сабе права быць «выключнымі», гэта рана ці позна становіцца катастрофай у маштабах народа.