Вы тут

У Гомелі распачата будаўніцтва ўнікальнай для рэгіёна школы


Школа, аналагаў якой не існуе на Гомельшчыне, будзе ўзведзена ў 96-м мікрараёне абласнога цэнтра.


Летась з просьбай пабудаваць новую школу на «Хутары», пад такой назвай больш вядомы сярод гамяльчан 96-ы мікрараён, мясцовыя жыхары звярнуліся да старшыні аблвыканкама Генадзя Салаўя. Навучальная ўстанова ў гэтым буйным раёне новабудоўляў — сапраўды вельмі неабходны сацыяльны аб'ект. Цяпер значная колькасць дзяцей з «Хутара» вымушана наведваць школы ў іншых раёнах Гомеля, дабірацца на заняткі зручна не ўсім. У самім жа 96-м мікрараёне дзейнічае толькі адна навучальная ўстанова, якая і так перапоўнена.

І вось сёлета, у жніўні, Генадзь Салавей прыехаў на «Хутар» з важнай навіной: новай доўгачаканай школе — быць. Старшыня аблвыканкама заклаў памятны камень на месцы будучага аб'екта і паабяцаў, — праектныя работы па новай школе завершацца ў лістападзе, а яе падмурак будзе закладзены да канца бягучага года. Абяцанне выканана! Але ж для таго, каб распачаць будаўніцтва, прыйшлося таксама правесці шмат работы, якая звычайна застаецца па-за ўвагай.

Перадпраектную дакументацыю выканаў інстытут «Гомельпраект». На пачатку бягучага года заданне на распрацоўку праекта аб'екта атрымаў інстытут «Дзіпражылмаш».

Між тым на гэтым этапе архітэктары сутыкнуліся з пэўнымі праблемамі. Усё звязана з геалогіяй тэрыторыі. Паклады торфу нагадваюць аб тых часах, калі ў гэтым месцы было возера, потым балота. Спецыялісты вырашылі — частку будынка школы паставяць на падмурак на сваях.

Сёння ўсё гатова для будаўніцтва аб'екта. Распачаты падрыхтоўчыя работы. Плануецца, што яны будуць завершаны ў снежні.

Намеснік генеральнага дырэктара па ідэалагічнай рабоце і сацыяльным развіцці ААТ «Будаўнічы трэст № 14» Дзмітрый Мурашка праводзіў журналістаў на тэрыторыю і расказаў аб тым, што трэба выканаць на аб'екце:

— Праектам узвядзення сярэдняй адукацыйнай школы ў 96-м мікрараёне прадугледжана пабудова трохпавярховага корпуса, які будзе складацца з чатырох блокаў. Заказчык аб'екта — абласное ўпраўленне капітальнага будаўніцтва.

Ужо вядома, што новая ўстанова адукацыі стане самай вялікай у Гомелі. Яе будынак зойме плошчу ў 25 тысяч квадратных метраў, а агульная тэрыторыя — тры з паловай гектары. Адначасова навучацца тут змогуць 845 школьнікаў, у тым ліку дзеці з абмежаванымі магчымасцямі — для іх на новым аб'екце забяспечаць безбар'ернае асяроддзе.

Пакуль уявіць, як у рэальнасці будзе выглядаць гэты маштабны праект могуць толькі спецыялісты. Але ўжо зараз можна даведацца аб унутранай арганізацыі кожнага корпуса новай школы.

— У першым запланаваны кабінеты адміністрацыі, настаўніцкая старэйшых класаў, медпункт, пост аховы, бібліятэка з чытальнай залай, кнігасховішча, гардэроб і (увага!) кінафоталабараторыя, — тлумачаць спецыялісты.

Другі корпус адвядуць пад навучальныя класы на 20 чалавек, пакоі адпачынку для першакласнікаў, а таксама пост аховы і гардэроб. Трэці блок — гэта класы, разлічаныя на 25 чалавек, кабінеты інфарматыкі, хіміі, фізікі, а таксама лінгафонныя класы.

Чацвёрты корпус адведзены пад буфет і школьную сталовую з дзвюма заламі на 250 месцаў.

Акрамя таго ў школе пабудуюць два басейны: для навучання плаванню (6,5 метра на 13 метраў) і для спартыўнага плавання (13 метраў на 25 метраў), футбольны стадыён са штучным пакрыццём, пляцоўкі для гульні ў баскетбол, валейбол, міні-футбол і тэніс. Прадугледжаны і спецыяльныя зоны для зарадкі мабільных тэлефонаў.

Будаўніцтва ўстановы адукацыі будзе праходзіць у два этапы. Цяпер актыўна праходзіць падрыхтоўчы. Ужо ўстаноўлена агароджа будаўнічай пляцоўкі, арганізаваны побытавы гарадок для будаўнікоў, вядуцца зямельныя работы ў катлаване.

Важным далейшым этапам стане мантаж інжынерных камунікацый: водаправода, каналізацыі, цеплавых і кабельных сетак, электрасувязі. Фінальная фаза падрыхтоўчага этапу — мантаж фундамента — запланавана на снежань, пасля чаго распачнецца  працэс будаўніча-мантажных работ: спецыялізаваных, сантэхнічных, апрацоўчых...

Дарэчы, нарматыўны тэрмін узвядзення новай школы ў 96-м мікрараёне — 15 месяцаў. Але прадпрыемства-генпадрадчык не выключае магчымасці скараціць заяўлены тэрмін здачы, у тым ліку за кошт прыцягнення дадатковых сіл і арганізацыі работы ў тры змены. Пакуль на аб'екце задзейнічана два дзясяткі рабочых. У далейшым будаўнікі будуць працаваць як вахтамі, так і кругласутачна.

Як паведаміў Дзмітрый Мурашка, менавіта гэтая школа стане для будаўнікоў Гомельшчыны ўнікальным аб'ектам і з пункту гледжання архітэктуры, і па шэрагу характарыстык. Важна, што пры будаўніцтве маштабнага сацыяльна значнага аб'екта будуць выкарыстоўваць самыя сучасныя матэрыялы з пазнакай «Зроблена ў Беларусі».

Наталля КАПРЫЛЕНКА, фота аўтара

Загаловак у газеце: «Хутаранцы», рыхтуйце ранцы...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?