Вы тут

Якія сакрэты хавае Музей валуноў


Як за некалькі гадзін прайсці ўсю Беларусь, пабываць на Мінскім моры і на Нарачы, патрапіць на берагі Нёмана і Заходняй Дзвіны, забрацца на Ашмянскае і Навагрудскае ўзвышшы? Для гэтага трэба толькі наведаць самы незвычайны музей Мінска, што знаходзіцца ва Уруччы.


Тут размешчана самая вялікая карта Беларусі, яна выкладзена камянямі. Прычым паказаны не толькі межы краіны, але і асноўныя формы рэльефу, сцежкі імітуюць галоўныя рэкі, вадаёмы. Адзін ваш крок тут будзе роўны прыкладна двум кіламетрам.

Па гэтай карце можна чытаць і дзе «спыняліся» апошнія ледавікі — межы паказаны ланцужкамі з невялікіх валуноў. Размешчаны камяні згодна з геаграфічным прынцыпам.

Помнік прыроды рэспубліканскага значэння «Парк камянёў» займае плошчу больш за сем гектараў. На жаль, гэты ўнікальны не толькі для Беларусі, але і для ўсёй Еўропы (дзе няма «каменных» музеяў такіх маштабаў і з падобнымі ідэямі) аб'ект пакуль застаецца не раскручаны. Сёння сталічныя экскурсаводы спрабуюць выправіць такую недарэчнасць і найперш знаёмяць з гэтым аб'ектам жыхароў, што жывуць побач з незвычайным музеем.

Па звезеных сюды з усёй Беларусі экспанатах можна чытаць гісторыю нашай краіны, прычым перанесціся на ўяўнай «машыне часу» на мільёны гадоў назад.

Сучасны выгляд паверхні зямлі, на якой мы жывём, звязаны з яе развіццём за апошнія два мільёны гадоў. 1760 тысяч гадоў таму тэрыторыя ўяўляла сабой раўніну, якая павышалася з захаду на ўсход. У музеі камянёў можна даведацца, як на нашы землі ледавікі наступалі са Скандынаўскага паўвострава і пяць разоў пакрывалі тэрыторыю Беларусі. Самым магутным было Дняпроўскае зледзяненне, якое, як мяркуюць вучоныя, адбылося 350—280 тысяч гадоў таму. У тыя часы ледавік пакрываў усю тэрыторыю нашай краіны.

А вось Сожскае зледзяненне ахапіла толькі палову тэрыторыі. Падчас свайго панавання гэты ледавік «збудаваў» Гарадзенскае, Ваўкавыскае, Слонімскае, Навагрудскае, Капыльскае, Ашмянскае, Мінскае і Аршанскае ўзвышшы. Менавіта гэты і апошні — Паазерскі — ледавікі пакінулі на нашай тэрыторыі вялікую колькасць валуноў.

Калі вы будзеце гуляць па парку, звярніце ўвагу, як на жывой карце ўзгоркі, аздобленыя камянямі, мяжуюць з роўнай і чыстай паверхняй. Толькі людзям, якія мала падарожнічалі па сваёй краіне, можа здавацца, што яна паўсюль аднолькавая. Калі палешукі прыязджаюць на Міншчыну, ім, што прывыклі да жыцця на раўніне, тутэйшы рэльеф можа падацца нязручным. Проста да іх не дайшоў ледавік, які пашчыраваў на тэрыторыі цэнтральнай і паўночнай Беларусі.

На поўдні краіны камянёў вельмі мала, небагата іх і на ўсходзе. А вось на захадзе такога багацця аж занадта. Напрыклад, Смаргонскі раён працэнтаў на 40 «засеяны» камянямі, што стварае праблемы для сельскай гаспадаркі. Ледніковая спадчына ўплывала на гісторыю і культуру. Згадайце, колькі замкаў з камення было на захадзе — тое ж Крэва. А на ўсходзе такога будаўнічага матэрыялу не хапала, цэгла была дарагая, а драўляныя пабудовы не дажылі да нашых часоў.

Асобныя экспазіцыі ў музеі пад адкрытым небам прысвечаны форме і структуры камянёў. Даследчыкі па іх могуць вызначаць, адкуль і якім чынам прыбылі на нашы землі гэтыя «госці». Асобныя камяні ў целе ледавіка падчас падарожжа траплялі ў расколіны, збіваліся, сціраліся, растрэскваліся, станавіліся гладкімі, а іншым удалося праехацца «верхам», яны да сёння нагадваюць кавалак скалы. Дарэчы, адзін з самых буйных такіх вось «абломкаў» спачывае каля Ракава на трасе, як ехаць на Гродна і ён з'яўляецца помнікам прыроды.

На каменнай карце яўна не хапае шыльды, прысвечанай аўтарам ідэі аб стварэнні музея валуноў, яна павінна з'явіцца там, дзе выкладзена тэрыторыя Магілёўшчыны, Мсціслаўскі раён, дзе ў вёсцы Малая Багацькаўка нарадзіліся браты Максім і Гаўрыла Гарэцкія. Першы стаў пісьменнікам, другі — геолагам. Гаўрыла, як і Максім, прайшоў праз рэпрэсіі 30-х гадоў, цудам змог выжыць, хоць яму і быў вынесены смяротны прысуд, і ў 60-х гадах вярнуцца на радзіму, стаць ганаровым акадэмікам НАН Беларусі, зрабіць шэраг навуковых адкрыццяў.

Не ўсе ідэі, якія прагучалі яшчэ ў 80-я гады, у музеі былі рэалізаваныя. Тут планавалася яшчэ паставіць скульптуру маманта: у Мінску багата знойдзена парэшткаў гэтых жывёл:  напрыклад, пры будаўніцтве станцыі метро «Барысаўскі тракт», на «Аўтазаводскай» і нават калі капалі катлаван пад узвядзенне Палаца Рэспублікі. Дарэчы, пабачыць косткі мамантаў можна ў Геалагічным музеі, што знаходзіцца побач з паркам камянёў. Ён размешчаны ў будынку Навукова-практычнага цэнтра па геалогіі. Музей створаны на базе калекцыі Інстытута геахіміі і геафізікі НАН Беларусі, РУП «Белгеалогія» і Рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства «Беларускі навукова-даследчы геолагаразведачны інстытут». Яшчэ тут размешчаны ўзоры мінералаў і горных парод з розных краін і кантынентаў, а таксама з дна чатырох акіянаў. Палеанталагічная калекцыя ўключае косткі жывёл, якія вымерлі, адбіткі і акамянеласці старажытных рыб, раслін, шыкоўная калекцыя метэарытаў.

Але вернемся ў музей валуноў пад адкрытым небам. Асобная яго экспазіцыя распавядае пра камень у жыцці чалавека. Тут вы ўбачыце валуны з малюнкамі і надпісамі, аб'екты, якім пакланяліся нашы продкі, напрыклад знакаміты камень «Дзед», да якога яшчэ ў мінулым стагоддзі людзі хадзілі, каб пазбавіцца ад хвароб і няшчасцяў. Ён ляжаў на беразе Свіслачы. Сёння на тым месцы размешчана таблічка, што гэта помнік гісторыі. Па адной з версій, тут было апошняе паганскае капішча на тэрыторыі Еўропы. Нехта Севасцей праводзіў тут службы, рытуалы, рабіў для жанчын свістулькі (маўляў, калі ў іх свістаць, муж, якога забралі на вайну, павінен вярнуцца). Хоць экскурсавод Цімох Акудовіч лічыць гэтага Севасцея тагачасным «стартаперам», людзі да каменя і так хадзілі, прыносілі ахвяры, а чалавек вырашыў гэта ўжыць на сваю карысць і проста прапанаваў пэўны «комплекс паслуг», на чым нядрэнна зарабляў. Святыню раскідалі ў 1905 годзе.

Ахвяры да каменя носяць і ў наш час. Калі-нікалі вы можаце пабачыць на валуне цукеркі ці манеткі. Увесну дзяўчаты-этнографы нават аднавілі старадаўні абрад: за ноч саткалі ручнік, аб'ехалі з ім вакол горада, а пасля павязалі на камень «Дзед». У даўніну нашы продкі такім чынам спрабавалі спыніць эпідэміі.

Таксама ў экспазіцыі вы пабачыце камяні-следавікі — адбіткі на іх па старых павер'ях пакінула Божая Маці. Маўляў, некалі яна басанож хадзіла па зямлі, а камяні тады былі яшчэ мяккія. Вада ў адбітках лічылася гаючай. Ёсць тут і памежныя камяні (іх клалі, каб пазначыць свае надзелы), каменныя жорны ХVІІІ—ХІХ стагоддзяў, і крыж з выявай рыцара ў кароне і літарамі RSB (верагодна, надпіс расшыфроўваецца як «Кароль Стэфан Баторый»). Ляжаў тут раней і яшчэ адзін незвычайны экспанат, які па форме нагадваў жаночую фігуру. Гэты каменны ідал быў перанесены ў Геалагічны музей. Там жа захоўваюцца і барэльефы, на якіх паказаны народныя паданні, звязаныя з камянямі. Планавалася, што яны будуць размешчаны на алеі з вялікіх валуноў з больш роўнымі краямі. Так, нашы продкі верылі, што ў камянях жывуць чорт, змей, цмок альбо што ў іх ператвораны людзі. Напрыклад, у Беларусі асобныя групы камянёў спрадвеку завуцца  «Быкі», ці «Аратыя». Быццам яны так пакараныя Богам за работу на Вялікдзень ці ў нядзелю альбо за сквапнасць.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.