Вы тут

Імклівы рост кіберзлачыннасці адзначаюць следчыя Гомельскай вобласці


У рэгіёне колькасць злачынстваў у сферы высокіх тэхналогій павялічылася амаль удвая ў параўнанні з мінулым годам. Так, сёлета за 10 месяцаў  зарэгістравана 2295 злачынстваў дадзенай катэгорыі, летась за аналагічны перыяд — 1177. Найбольшы рост злачынстваў у рэгіёне адзначаецца ў Гомелі, Жлобінскім, Мазырскім, Рэчыцкім і Светлагорскім раёнах.


Шырока распаўсюджана злачынная схема крадзяжу грошаў з карт-рахункаў па сродках вішынгу. Гэта калі зламыснік пад выглядам банкаўскага работніка праз псіхалагічныя маніпуляцыі ў тэлефонннай размове выведвае рэквізіты банкаўскіх карт грамадзян.

— Так, у жніўні бягучага года «кансультант» пераканаў 32-гадовага жыхара Гомеля ў тым, што з яго карты спрабуюць зняць сродкі, — адзначае афіцыйны прадстаўнік УСК па Гомельскай вобласці Марыя Крываногава. — Пры дапамозе псіхалагічнага ўздзеяння злачынец выведаў у мужчыны рэквізіты карт «Беларусбанка» і «Белгазпрамбанка», а таксама SMS-коды для пацверджання аперацый. У выніку гамяльчанін пазбавіўся зберажэнняў у нацыянальнай і замежнай валюце на суму 15 тысяч рублёў у эквіваленце.

У кастрычніку 62-гадовы жыхар Мазыра паведаміў зламысніку рэквізіты сваіх чатырох банкаўскіх карт і адной карты жонкі. Сям’я пазбавілася звыш 41 тысячы рублёў з карт-рахункаў.

— Распаўсюджаным спосабам крадзяжу грашовых сродкаў з карт-рахункаў грамадзян з’яўляецца фішынг — гэта дзеянні, накіраваныя на атрыманне канфідэнцыяльнай інфармацыі праз накіраванне спасылак на фэйкавыя інтэрнэт-старонкі, — тлумачаць у абласным упраўленні СК. — Часцей за ўсё такая схема прымяняецца да карыстальнікаў гандлёвых інтэрнэт-пляцовак.

Так, у пачатку лістапада жыхарка Жыткавічаў размясціла аб’яву аб продажы абутку. З ёй звязалася патэнцыйная пакупніца і папрасіла на ўмовах поўнай перадаплаты перадаць пакупку праз кур'ерскую службу. Пакупніца «скінула» жанчыне фішынгавую спасылку на сайт гандлёвай пляцоўкі для ўвядзення рэквізітаў банкаўскай карты. Пацярпелая паказала дадзеныя карты растэрміноўкі, з якой у далейшым былі спісаны амаль 2 тысячы рублёў.

У зоне рызыкі кіберзлачынных схем і грамадзяне, якія перадаюць свой мабільны сродак сувязі незнаёмым асобам. Зламыснікі падключаюцца да паслугі v-banking, атрымліваюць ад аператара сувязі хуткі крэдыт у памеры да 100 рублёў і пераводзяць грошы на свой рахунак.

— У вытворчасці следчага ўпраўлення УСК па Гомельскай вобласці знаходзілася крымінальная справа ў дачыненні да пяці непаўналетніх, якія на працягу паўгода падманвалі даверлівых жыхароў Гомеля, — адзначае Марыя Крываногава. — Зламыснікі прасілі тэлефоны ў гамяльчан ва ўзросце ад 10 да 18 гадоў. Пацярпелымі па справе прызнаныя 61 чалавек, 26 з іх былі ўсталяваныя ў ходзе следства.

Наталля КАПРЫЛЕНКА,

фота УСК па Гомельскай вобласці

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».