Вы тут

Сучаснасць, заснаваная на традыцыях


Несумненна, захаванне традыцый, перш за ўсё, акадэмічнага майстэрства застаецца пераважнай рысай нацыянальнай мастацкай школы ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Разам з тым, тут імкнуцца смела пераасэнсоўваць вопыт, зыходзячы з сучасных патрабаванняў.


Міхаіл Баразна, рэктар БДАМ

Заняткі ў Беларускім дзяржаўным тэатральным інстытуце, папярэдніку Акадэміі, пачаліся 12 лістапада 1945 года. Менавіта гэты дзень у лістападзе і лічыцца сёння Днём акадэміі. Зрэшты, распараджэнні, якія сведчылі аб пачатку дзейнасці будучага інстытута, з’явіліся яшчэ ў чэрвені 1945‑га. Першым дырэктарам той навучальнай установы стаў вядомы дзеяч беларускага тэатральнага мастацтва М. Гурскі.

Але вернемся ў дзень сённяшні. Варта адзначыць, што нават дзесяцігоддзе капітальнага рамонту галоўнага корпуса не знізілі насычаны і прафесійны ўзровень падрыхтоўкі слухачоў Акадэміі. Так, гэта быў вельмі няпросты перыяд. Хоць бы таму, што ў гістарычным будынку працавалі найстарэйшыя факультэты (тэатральны і мастацкі), знаходзілася бібліятэка і галоўны «рухавік» навучальнай установы — вучэбны тэатр.

Усё, як вядома, пазнаецца праз дыялектыку. Сёння ў Акадэміі дзейнічае навукова-педагагічная школа мастацтвазнаўства і шэсць творча-педагагічных школ: жывапісу, манументальна-дэкаратыўнага мастацтва, графікі, скульптуры, майстэрства, графічнага дызайну, шрыфта. Усе яны атрымалі развіццё менавіта ў апошняе дзесяцігоддзе. Школы дэманструюць высокі ўзровень падрыхтоўкі спецыялістаў, забяспечваюць навуковае суправаджэнне працэсу навучання студэнтаў.

Не будзе перабольшаннем сказаць, што сучасны культурны ландшафт краіны шмат у чым вызначаецца працай былых выпускнікоў Акадэміі. Не здарма аснову беларускіх творчых саюзаў мастакоў, дызайнераў, дзеячаў тэатра, літаратурна-мастацкіх крытыкаў складаюць менавіта яны.

На што можна акцэнтаваць увагу, кажучы аб асаблівасцях працэсу навучання ў Акадэміі? Дарэчы, нельга не адзначыць, што апошнім часам тут рыхтуюць спецыялістаў па новым кірунку «Манументальна-дэкаратыўнае мастацтва (рэстаўрацыя)». Як пацверджана трывалай якасцю творчых работ, выпускнікі гэтага аддзялення становяцца прафесіяналамі найвышэйшага класа. Яшчэ студэнты, якія спецыялізаваліся ў галіне рэстаўрацыі, пад кіраўніцтвам дацэнта кафедры Юрыя Падоліна прымалі ўдзел у рэстаўрацыйных работах у музейна-замкавых комплексах у Нясвіжы і Міры. Падчас вытворчай практыкі студэнтаў таксама рэалізаваны і праект па стварэнні іканастаса, напісанні абразоў для храма аднаго з найстарэйшых манастыроў Беларусі — Свята-Вазнясенскага жаночага манастыра (ХVІІ стагоддзе) у вёсцы Баркалабава Быхаўскага раёна Магілёўскай вобласці.

Сярод дасягненняў мастакоў-манументалістаў — мазаіка Храма-помніка Усіх Святых у Мінску, унікальная бронзавая скульптура на месцы лагера смерці ў Трасцянцы. Прыкметнымі сталі нацыянальныя і міжнародныя поспехі ў станковай і кніжнай графіцы Паўла Татарнікава, двойчы ўладальніка прэміі «Залаты яблык» на біенале кніжнага мастацтва ў Браціславе, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі. Удзел у 54‑й Венецыянскай біенале ў 2011 годзе дазволіў вызначыць лідара творча-педагагічнага працэсу ў краіне — менавіта Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў. Як, уласна, і яго яркіх прадстаўнікоў — майстроў-педагогаў новага пакалення, якія не дасягнулі 40‑годдзя і атрымоўвалі сваю мастацкую адукацыю ў Беларусі ў новы перыяд развіцця суверэннай дзяржавы. Яны сёння прыйшлі на выкладчыцкія пасады не толькі ў Акадэміі, але і ў іншых ВНУ і каледжах.

Поспехі дызайнераў таксама ўразілі спецыялістаў. Выпускнікі гэтага кірунку БДАМ перамагалі ў прэстыжных міжнародных конкурсах, знайшлі прымяненне сваім здольнасцям у асяроддзі стварэння сусветных брэндаў.

Калі яшчэ казаць аб прызнанні заслуг, то трэба адзначыць, што спецыяльныя прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва ў 2010–2019 гадах былі прысуджаныя выпускнікам Акадэміі А. Фінскаму, А. Бельскаму, К. Касцючэнку (двойчы), У. Ганчаруку, Д. Чубукову, К. Орсіку, П. Амельяновіч, Г. Отчыку. Ганаровае званне «Заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь» у 2010–2020 гадах атрымалі чатыры выкладчыкі — В. Барабанцаў, В. Слаук, В. Нямцоў, В. Васільеў. Заслужанымі дзеячамі культуры Беларусі сталі Р. Смольскі і В. Салееў. Прафесарамі — сем чалавек: В. Слаук, Л. Манакова, У. Ганчарук, У. Слабодчыкаў, А. Арцімовіч, В. Альшэўскі, В. Нямцоў. Уладальнікам 1‑й Нацыянальнай прэміі ў галіне выяўленчага мастацтва стаў народны мастак Беларусі, прафесар, загадчык кафедры малюнка У. Тоўсцік.

У 2016 годзе дацэнт кафедры скульптуры К. Касцючэнка стаў уладальнікам Міжнароднай прэміі «Садружнасць дэбютаў», зацверджанай Саветам па гуманітарным супрацоўніцтве і Міжнародным фондам гуманітарнага супрацоўніцтва дзяржаў — удзельніц СНД. Майстар кафедры графікі Ф. Шурмялёў атрымаў гэтую ж прэстыжную прэмію ў 2019 годзе.

Творы манументальнага мастацтва, створаныя выкладчыкамі Акадэміі мастацтваў, шмат у чым вызначылі значны ўзровень манументальнай і манументальна-дэкаратыўнай пластыкі ў Беларусі. Сярод найбольш вядомых работ варта адзначыць фасадныя скульптуры і скульптурную ўваходную кампазіцыю для Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі ў Мінску — аўтары А. Фінскі, М. Шкробат сумесна з Г. Буралкіным. Высокую ацэнку і прызнанне таксама атрымала скульптурная кампазіцыя «Балет» у скверы ля Вялікага тэатра оперы і балета У. Слабодчыкава. Прыкметнымі з’явамі сталі манумент «Брама памяці» на месцы канцлагера «Трасцянец» у Мінску — аўтар К. Касцючэнка, помнік «Дзецям вайны» ў Магілёве — У. Слабодчыкаў, помнік Уладзіміру Мулявіну ў Екацярынбургу, выкананы С. Логвіным, помнік князю Ізяславу ў Заслаўі — А. Прохараў, Мемарыяльны комплекс памяці герояў і ахвяр Першай сусветнай вайны ў Смаргоні — А. Арцімовіч, памятны знак «Полацк — калыска беларускай дзяржаўнасці» — У. Піпін. Гэты пералік красамоўна сведчыць не толькі аб прафесійнай запатрабаванасці педагогаў Акадэміі, але ўяўляе для студэнтаў багаты практычны вопыт, з’яўляецца яркім прыкладам сталай творчасці.

Між тым, з працамі саміх студэнтаў Акадэміі можна было таксама пазнаёміцца на шматлікіх міжнародных, рэспубліканскіх конкурсах, фестывалях, выставах. Творчыя дасягненні студэнтаў мастацкага факультэта, факультэта дызайну і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва дэманстраваліся, напрыклад, у Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі на выставе «Зорка ўзышла над Беларуссю», на выставах манументальнага мастацтва ў галерэі «Лабірынт» Нацыянальнай бібліятэкі. У прыватнасці, В. Мельнік-Малахава атрымала прызнанне за дыпломную працу, менавіта — за роспіс плафона залы брыфінгаў у Міністэрстве замежных спраў Рэспублікі Беларусь. Яна ж разам з выкладчыкамі А. Вырвам і Г. Конанавай удзельнічала ў працы над дыярамай для Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, была ўдзельніцай трэцяй беларускай біенале жывапісу, графікі і скульптуры. Студэнт Д. Чубукоў распрацаваў і ўвасобіў сумесна са студэнтамі кафедры манументальна-дэкаратыўнага мастацтва мазаічнае і вітражнае пано для Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу.

Так, у апошнія гады як ніколі назіраецца рост міжнароднага прызнання вынікаў працы Акадэміі. Пра гэта сведчаць не толькі шматлікія выставы за мяжой, удзел у конкурсах і фестывалях. За дзесяцігоддзе ў Акадэміі прайшлі навучанне больш за 400 студэнтаў з Расіі, Сербіі, Украіны, Чэхіі, Літвы, Латвіі, Венесуэлы, Ірана, Сірыі, Лівана, Казахстана, Японіі, Паўднёвай Карэі, ЗША, Даніі, Аўстрыі, КНР, Германіі, Францыі, Грэцыі, Нарвегіі і іншых краін. У 2018 годзе на міжнародным форуме інавацый у прамысловым дызайне PUSHKA Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў прызнавалася лепшай ВНУ года ў СНД. На Еўрапейскіх Дэльфійскіх і Сусветных Дэльфійскіх гульнях у намінацыі «Выяўленчае мастацтва», «Фатаграфія», «Вэб-дызайн», «Дызайн адзення», «Жывапіс» студэнты БДАМ за апошнія 15 гадоў атрымалі больш за 20 узнагарод, з іх 8 залатых. Міжнародную прэмію Red Dot Desіgn Award 2020 (самая прэстыжная еўрапейская прэмія ў галіне прадметнага дызайну, прысуджаецца з 1955 года) атрымаў Ігар Салаўёў, выкладчык кафедры прамысловага дызайну Акадэміі.

Аб прызнанні Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў сведчыць і цэлы шэраг іншых фактаў, у ліку якіх удзел студэнтаў, магістрантаў, аспірантаў, прафесарска-выкладчыцкага складу ў важных міжнародных культурных, навуковых, адукацыйных падзеях. Канешне ж, узнагароды прэстыжных конкурсаў і фестываляў. Як і пастаяннае супрацоўніцтва з дыпламатычнымі прадстаўніцтвамі Рэспублікі Беларусь за мяжой па прэзентацыі сучаснага мастацтва краіны. Напрыклад, выстава «Belart.by. Маладыя мастакі Беларусі» была паказана ў Дзяржаўным музеі сучаснай гісторыі Расіі ў Маскве ў рамках Года культуры Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі. На выставе маштабна прадстаўляліся работы выкладчыкаў і студэнтаў Акадэміі. Выстава фатаграфічных работ студэнтаў Акадэміі «Рух святла» была паказана ў рамках V Міжнароднага фатаграфічнага конкурсу «Волжская біенале‑2012» (Ніжні Ноўгарад), мастацкі праект «Ілюзія руху» экспанаваўся на VІ Міжнароднай Ташкенцкай фотабіенале.

Пачынаючы з 2012 года, ажыццяўляецца абмен студэнтамі паміж БДАМ і Універсітэтам мастацтваў з аўстрыйскага горада Лінца. Адбыліся кароткачасовыя стажыроўкі студэнтаў факультэта дызайну і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Акадэміі ў Гжэльскім дзяржаўным мастацка-прамысловым інстытуце і студэнтаў гэтай расійскай ВНУ ў БДАМ. У 2015–2018 гадах лепшыя студэнты спецыялізацыі «Рэстаўрацыя» мелі магчымасць прайсці навучальныя стажыроўкі ў варшаўскай Акадэміі мастацтваў па лініі Нацыянальнай камісіі ЮНЭСКА Польшчы.

Несумненна, БДАМ фарміруе доўгатэрміновыя шырокія кантакты з вышэйшымі навучальнымі ўстановамі пераважна ў Еўропе. Першае міжнароднае пагадненне аб супрацоўніцтве Акадэмія заключыла ў 1996 годзе з Акадэміяй мастацтваў нямецкага Мюнстэра. Сёння ж БДАМ мае 60 дзеючых пагадненняў, мемарандумаў і дагавораў з вышэйшымі навучальнымі ўстановамі з іншых краін. Толькі на працягу некалькіх апошніх гадоў былі падпісаны дамовы з Расійскім дзяржаўным гуманітарным універсітэтам у Маскве, Санкт-Пецярбургскай дзяржаўнай мастацка-прамысловай акадэміяй імя А. Шцігліца і іншымі ВНУ.

Сярод найбольш значных выстаў і праектаў сучаснага мастацтва, якія экспанаваліся ў выставачных залах Акадэміі, нельга не адзначыць выставу выкладчыц Віленскай мастацкай акадэміі, экспазіцыю «Песня працы» ў рамках аўстрыйска-беларускага праекта, выставу выкладчыкаў мастацкага факультэта ўніверсітэта Мікалая Каперніка з Торуні (Польшча) «Іn Terra». Усе яны суправаджаліся аўтарскімі экскурсіямі, лекцыямі, майстар-класамі, конкурсамі.

Варта згадаць куратарскі выставачны праект «Пасланні», які стаў, па водгуках прэсы, самай буйной прэзентацыяй сучаснага мастацтва Беларусі ў Літве за апошнія гады, праекты «Горад|Urbs» (Аўстрыя, 2015), які карыстаўся ўвагай аўстрыйскай публікі, «У дарозе. У пошуках алфавіту» (Германія, 2015), высока ацэнены прафесійнай нямецкай супольнасцю, «Ода да радасці» (Аўстрыя, 2017), «Да зорак» (Польшча, 2017), які атрымаў прызнанне маладой польскай творчай супольнасці, «Дапоўненая рэальнасць» (Германія, 2018), колькасць гледачоў якога склала дзясяткі тысяч чалавек, выставы і праекты ў Харватыі, Венгрыі, Расійскай Федэрацыі, Аргенціне, рэалізаваныя пры падтрымцы дыпламатычных прадстаўніцтваў Рэспублікі Беларусь за мяжой.

Пятнаццаць гадоў таму ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў было створана творчае аб’яднанне «Студэнцкі цэнтр сучаснага мастацтва «Alla prіma». Аб’яднанне лічыць сваімі асноўнымі мэтамі прадстаўленне актуальных тэндэнцый, працэсу стварэння сучаснага дызайну з дапамогай новых мастацкіх формаў і сродкаў, падтрыманне прагрэсіўных і эксперыментальных мастацкіх традыцый акадэмічнай адукацыі. У 2014 годзе творчы калектыў студэнтаў тэатральнага факультэта БДАМ заваяваў Гран-пры VІ Міжнароднага маладзёжнага тэатральнага фестывалю дыпломных спектакляў творчых ВНУ «Апарт» (Санкт-Пецярбург, Расійская Федэрацыя) за спектакль «А калі заўтра не…».

Да знамянальных падзей у міжнародным, прафесійным і мастацкім жыцці Акадэміі варта аднесці ўдзел у выставе «Стужка часу» ў штаб-кватэры ААН у Жэневе. Яна праходзіла летась у красавіку на вялікай выставачнай пляцоўцы — у памяшканні, дзе адлюстраваны не толькі характар дзейнасці Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, але і сканцэнтраваны каласальныя калекцыі мастацтва.

— І на гэтай пляцоўцы нам быў аказаны гонар зрабіць вялікую выставу-рэтраспекцыю, на якой дэманстраваліся б работы выкладчыкаў і студэнтаў за некалькі дзесяцігоддзяў, — расказвае рэктар Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Міхаіл Баразна. — У выніку там была прадстаўлена не толькі акадэмічная школа, але і тое, што можна назваць сучасным мастацтвам. Гэта і медыя-праекты, і мультыплікацыя, анімацыя і інсталяцыі, плакат і фатаграфіі, эксперыментальныя працы. Гэтая падзея, напэўна, самая знакавая за апошнія гады, якая дазволіла нам убачыць рэтраспекцыі, дынаміку многіх працэсаў як у выяўленчым мастацтве, дызайне, так і ў развіцці самой філасофіі творчасці, якая культывуецца ў Акадэміі. Гэта — падзея, якая сведчыць аб прызнанні нашай школы.

Будынак Акадэміі мастацтваў у Мінску

Так, сёння важна не толькі вызначыць агульную накіраванасць развіцця мастацтва ў краіне, знайсці найбольш плённыя шляхі руху наперад, але і рэалізаваць мары, ідэі творчай моладзі, чаканыя грамадствам, упэўнены рэктар Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Міхаіл Баразна:

— Шлях нашай унікальнай творчай навучальнай установы, не баюся на гэты конт здацца нясціплым, з’явіўся лагічным працягам яго паспяховай дзейнасці на працягу 75 гадоў. І гэта дае надзею на плённае развіццё Акадэміі ў будучыні.

Веніямін Міхееў

Фота прадастаўлены Беларускай дзяржаўнай акадэміяй мастацтваў і БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».