Вы тут

Правы i абавязкi непаўналетнiх. Iнфармацыйная бяспека, стыгматызацыя, прадухiленне злачынстваў


Дзецi асоб без грамадзянства, якiя нарадзiлiся i пастаянна пражываюць у Беларусi, змогуць пры жаданнi i наяўнасцi заявы ад бацькоў атрымаць беларускае грамадзянства. Гэты законапраект у другiм чытаннi быў прыняты напярэдаднi Сусветнага дня дзiцяцi, 20 лiстапада. Пра iншыя правы дзяцей i iх абарону ў краiне падчас прэс-канферэнцыi расказалi спецыялiсты.


mrb-shatura.mo.muzkult.ru

Малыя — самастойныя асобы

Дзяржава прызнае дзяцiнства важным этапам жыцця чалавека i зыходзiць з прынцыпаў прыярытэтнасцi падрыхтоўкi дзяцей да паўнавартаснага жыцця ў грамадстве, развiцця ў iх грамадска значнай i творчай актыўнасцi, выхавання ў iх высокiх маральных якасцяў, патрыятызму i грамадзянскасцi, абазначыла прыярытэты Людмiла ЗДОРЫКАВА, член Пастаяннай камiсii па правах чалавека, нацыянальных адносiнах i сродках масавай iнфармацыi Палаты прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу.

— У аснову беларускага заканадаўства пакладзены найважнейшыя мiжнародныя прававыя дакументы ААН, дзе ўтрымлiваюцца асноўныя патрабаваннi дзяржаўнай палiтыкi ў дачыненнi да сям'i i дзяцей. Гэта Дэкларацыя правоў дзiцяцi, падпiсаная ў 1959-м, i Канвенцыя аб правах дзiцяцi ад 1989 года. Згодна з апошнiм дакументам, яшчэ ў 1993-м у Беларусi быў прыняты Закон аб правах дзiцяцi, якi вызначае прававы статус малога як самастойнай асобы i ўстанаўлiвае асноўныя гарантыi правоў i iнтарэсаў дзяцей, — растлумачыла дэпутат.

У 1996 годзе ў краiне створана Нацыянальная камiсiя па правах дзiцяцi, якая актыўна ўзаемадзейнiчае з псiхолагамi, юрыстамi i грамадскiмi арганiзацыямi. Склад членаў гэтай камiсii зацвярджаецца кiраўнiком краiны.

— Сярод прыярытэтных задач дзейнасцi камiсii — кантроль за захаваннем правоў i iнтарэсаў дзяцей, якiя замацаваны Канвенцыяй аб правах дзiцяцi i iншымi нарматыўнымi прававымi актамi, падрыхтоўка навукова абгрунтаваных прагнозаў i вызначэння стратэгiй прадухiлення рызык сацыяльна небяспечнага становiшча дзяцей i iх мiнiмiзацыя, павышэнне адказнасцi бацькоў за выхаванне сваiх дзяцей, зацвярджэнне нацыянальных дакладаў, якiя аддаюцца на разгляд у Камiтэт па правах дзiцяцi, створаны ў адпаведнасцi з Канвенцыяй, — акрэслiў Анатоль ГЛIНСКI, загадчык лабараторыi праблем выхавання асобы навукова-даследчага цэнтра «Нацыянальны iнстытут адукацыi» Мiнiстэрства адукацыi.

Асабiстыя даныя пад аховай закона

У 2017-м Закон аб правах дзiцяцi дапоўнiлi главой «Абарона дзяцей ад iнфармацыi, якая наносiць шкоду iх здароўю i развiццю», дзе абазначана, у прыватнасцi, якiя звесткi здольныя стаць шкоднымi для фiзiчнага, маральнага i духоўнага развiцця малых у пэўных узроставых катэгорыях. А таксама акрэслены ўмовы распаўсюджвання прадукцыi i аказання шэрагу паслуг па доступе да iнфармацыi.

— У прыватнасцi, устаноўлена забарона на распаўсюджванне на тэрыторыi Беларусi iнфармацыйнай прадукцыi, у тым лiку створанай за межамi краiны, якой не прысвоены знак узроставай катэгорыi, за выключэннем выпадкаў, калi наяўнасць такога знака для прадукцыi не абавязковая. Створаны грамадска-кансультатыўны савет па абароне дзяцей ад iнфармацыi, якая прычыняе шкоду iх здароўю i развiццю, — заўважыла Наталля ТАРАСЕНКА, член Пастаяннай камiсii па правах чалавека, нацыянальных адносiнах i сродках масавай iнфармацыi Палаты прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу. 1 снежня 2018 года ўступiлi ў сiлу папраўкi да Закона аб СМI. Забаронена распаўсюджваць iнфармацыю аб непаўналетнiх, якiя пацярпелi ў вынiку супрацьпраўных дзеянняў цi бяздзеяння (iх прозвiшча, iмя, iмя па бацьку, фота- i вiдэавыявы малых, iх бацькоў цi законных прадстаўнiкоў, аўдыязапiс голасу, дату нараджэння, месца жыхарства, вучобы цi работы). Любыя звесткi, якiя прама цi ўскосна могуць дапамагчы ўстанавiць асобу непаўналетняга, можна распаўсюджваць толькi са згоды законных прадстаўнiкоў пацярпелых малых.

Забаронена таксама распаўсюджваць iнфармацыю аб спосабах стварэння выбуховых прылад i выкарыстання гаручых рэчываў, звесткi, скiраваныя на прапаганду вайны цi экстрэмiсцкай дзейнасцi, парнаграфii, насiлля i жорсткасцi, у тым лiку той iнфармацыi, што падахвочвае да самазабойства.

Крадзяжы i флiкеры

Не абышлi ўвагай i тэму злачыннасцi дзяцей. За апошняе дзесяцiгоддзе падлеткавая злачыннасць зменшылася больш як у чатыры разы — з 5,5 тысячы да 1,5 тысячы выпадкаў на год. Сёлета на 20 % знiзiлася колькасць падлеткавых злачынстваў, а колькасць непаўналетнiх, прыцягнутых да адмiнiстрацыйнай адказнасцi, зменшылася амаль удвая. Змянiўся таксама i вектар супрацьпраўных дзеянняў, расказаў Васiль ДЗЕМIДОВIЧ, старшы iнспектар па асаблiвых даручэннях аддзела па арганiзацыi работы iнспекцый па справах непаўналетнiх Мiнiстэрства ўнутраных спраў:

— Значна ўзрасла колькасць злачынстваў супраць iнфармацыйнай бяспекi i крадзяжоў з выкарыстаннем камп'ютарнай тэхнiкi. Аднак амаль палова злачынстваў, якiя здзяйсняюцца дзецьмi, як i раней, — крадзяжы. Прычым цяпер гэта робяць не толькi малыя з сем'яў, якiя лiчацца нешчаслiвымi. Прадметы крадзяжу розныя: ад аўтазапчастак i гаруча-змазачных матэрыялаў да мабiльнiкаў i прадуктаў харчавання.

Змяняюцца i падыходы да арганiзацыi прафiлактычнай работы з падлеткамi. У 2017 годзе ў Закон «Аб асновах сiстэмы прафiлактыкi безнагляднасцi i правапарушэнняў непаўналетнiх» унесены шэраг змен. Яны дазваляюць перш за ўсё выключыць празмерную стыгматызацыю дзяцей i ўдзяляць больш увагi тым, хто можа здзейснiць сур'ёзныя правапарушэннi, правiльна расстаўляць прыярытэты, удакладнiў ён.

— Так, было выключана паняцце «ўлiк», устаноўлены мiнiмальны ўзрост, з якога праводзiцца iндывiдуальная прафiлактычная работа, — дзесяць гадоў. Акцэнт органы ўнутраных спраў зрабiлi ў бок грамадска небяспечных правапарушэнняў. За такiя нязначныя парушэннi, як пераход дарогi ў неабазначаным месцы цi знаходжанне без флiкера, iндывiдуальныя прафiлактычныя размовы не прадугледжаны.

Абарона ад сваякоў i крымiнальнай адказнасцi

Важнай задачай у органах лiчаць i абарону дзяцей ад супрацьпраўных замахаў, якiя часта сыходзяць ад самых блiзкiх. Штогод у краiне больш за сем тысяч непаўналетнiх прызнаюцца пацярпелымi ад злачынных замахаў, i гэтая колькасць за апошнiя пяць гадоў амаль не мяняецца. 70 % з iх — дзецi, якiя пацярпелi ў вынiку ўхiлення бацькоў ад утрымання непаўналетнiх або ад пакрыцця расходаў, якiя выдаткоўваюцца на ўтрыманне малых, што знаходзяцца на дзяржаўным утрыманнi.

— Летась зарэгiстравана 127 выпадкаў насiлля ў быце, у тым лiку сексуальнага, у дачыненнi да дзяцей. Сёлета такiх злачынстваў ужо 86, — удакладнiў прадстаўнiк МУС. — Улiчваючы латэнтнасць гэтай праблемы, мы праводзiм неабходную iнфармацыйна-тлумачальную работу, ранняе выяўленне дрэннага сямейнага становiшча, насiлля ў дачыненнi да дзяцей. У краiне працуе тэлефонная лiнiя — 8-017-372-73-87 — па пытаннях дрэннага сямейнага становiшча, якая створана МУС.

Дзякуючы супрацоўнiцтву з Дзiцячым фондам ЮНIСЕФ у галiне прафiлактыкi правапарушэнняў запушчаны iнфармацыйны рэсурс http://kids.pomogut.by/. Гэты сайт створаны з мэтай прадухiлення супрацьпраўных паводзiнаў непаўналетнiх i аказання дапамогi дзецям, якiя ўжо знаходзяцца ў канфлiкце з законам.

— Крымiнальныя нормы ў дачыненнi да непаўналетнiх таксама маюць сваю спецыфiку, — падкрэслiў падпалкоўнiк мiлiцыi. — У Крымiнальным кодэксе iснуе шэраг артыкулаў, дзе вызначаецца прававы статус падлеткаў на розных стадыях крымiнальнага працэсу. Мы прапануем пашырыць падставы для вызвалення дзяцей ад крымiнальнай адказнасцi. Вызваленне гэтай катэгорыi ад крымiнальнай адказнасцi — спецыяльны вiд вызвалення, якi базiруецца на наяўнасцi магчымасцi выпраўлення падлетка без прыцягнення яго да крымiнальнай адказнасцi.

Пакуль канцэпцыя ўдасканалення юстыцыi для непаўналетнiх у Беларусi працягвае распрацоўвацца.

Iрына СIДАРОК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».