Вы тут

«Звязда» — газета дарагая. Як дарагое ўсё, што ты любiш


Такiм чынам, самае галоўнае дасягненне «Звязды» — гэта яе падпiсчыкi. Не з усiмi — вядома ж i на жаль — мы знаёмыя, што называецца, асабiста, аднак з асобнымi — нават сябруем i досыць даўно. Тут i цяпер — хiба адна такая гiсторыя адной асобы.


Ёй, спадарынi Кусянковай, жыхарцы старажытнай вёскi Лучын, якая раней размаўляла па-беларуску, вельмi крыўдна было, што людзi вяскоўцы, яе землякi пераходзяць на iншую — зракаюцца гэтай мовы. Каб неяк падтрымаць яе (для пачатку — хоць бы ў сабе), Соф'я Парфiр'еўна выпiсала беларускую газету.

Спачатку, як прызнавалася, проста чытала (праўда, шмат што — з задавальненнем), потым, убачыўшы ў адным выданнi здымкi «велiканаў» (нехта хвалiўся сваiмi памiдорамi, хтосьцi — гарбузамi...), узяла ды сфатаграфавала (а яна гэта ўмее — як i многае iншае) свае кавуны (яны ў той год на дзiва ўрадзiлi!) i даслала фота ў рэдакцыю.

Кадр, што прыемна, «Звязда» надрукавала. Разам з аповедам пра вопыт па вырошчваннi.

Што было далей?

Публiкацыя мела поспех: на адрас аўтара прыйшлi першыя водгукi — з пытаннямi, з просьбай падзялiцца насеннем... Знаная лучынская агароднiца нiкому не адмовiла i такiм чынам займела новых добрых знаёмцаў, а то i сяброў.

Кола iх пашырэла і пагатоў, калi на старонках газеты сталi з'яўляцца (ну чаму б i не?!) «вясёлыя i праўдзiвыя гiсторыi» за подпiсам «Соф'я Кусянкова, вёска Лучын...» У першай з iх маладзiца расказвала, як ехала з Рагачова ў новым, пашытым на заказ штроксавым пiнжачку, як лавiла на сабе, ну вядома ж, зайздросныя позiркi жанчын i цiкаўныя — мужчын, як чакала, што нейкi з iх вось зараз падыдзе i загаворыць (мо з усiмi адсюль наступствамi)... А падышла жанчына, сказала, што ў яе на плячах нейкая паперка... Як аказалася — квiтанцыя — з нумарам заказу i прозвiшчам...

Такiх вось кароткiх цi трохi даўжэйшых гiсторый — са свайго жыцця, з жыцця землякоў — за гады сабралася добрая сотня. А да ўсяго, дзякуючы «Звяздзе», з'явiлася патрэба запiсаць гiсторыю сваёй вёскi, сабраць мясцовыя тапонiмы i мянушкi людзей, стварыць адмысловы лучынскi слоўнiк з усiмi яго залацiнкамi...

Што прыемна, гэта работа была заўважана (у тым лiку Цэнтрам даследаванняў беларускай культуры, мовы i лiтаратуры Акадэмii навук). Нават больш за тое — усё сабранае ў рамках аднаго з праектаў Еўрапейскага саюза i пры садзейнiчаннi аддзела iдэалагiчнай работы мясцовага райвыканкама выйшла асобнай прыгожай кнiжкай, аўтарка якой у той год была ўдастоена штогадовай раённай прэмii «Залаты рог».

...Здабыткi можна пералiчваць далей, бо з цягам часу, «начытаўшыся любiмай газеты», Соф'я Парфiр'еўна стала нешта рыфмаваць i ўдзельнiчаць у конкурсе на найлепшы подпiс да фота, складаць вершаваныя байкi i прыпеўкi (на гармонiку яна iграе здаўна), з вялікім поспехам выступаць (хоць яна таго i не любiць) у мясцовым клубе, узначальваць у «Звяздзе» вялiкае чытацкае журы ў конкурсе на найлепшую вясёлую i праўдзiвую гiсторыю, трымаць сувязь з iншымi сябрамi газеты.

Адно, у чым спадарынi Кусянковай нiколi не шчасцiла — гэта звяздоўская латарэя. Не выйграўшы ў ёй нi трубкi шпалераў, нi парачкi парсючкоў (былi такiя прызы ў мiнулым стагоддзi), чытачка махнула рукой i сваiх картак на розыгрыш больш не пасылала — ну хiба гады ў рады... Раз на пяцiгодку...

А таму i спiсы шчаслiўчыкаў глядзела хiба краем вока: мо, там нехта знаёмы? I раптам...

Не, цуды ўсё-ткi здараюцца!

Хоць-нехаць паверыўшы ў iх, Соф'я Парфiр'еўна ўжо думала, як бы забраць той выйграны прыз: ехаць самой i далекавата i цяжкавата, кагосьцi абцяжарваць таксама не хочацца... А сушылка ж — рэч у гаспадарцы патрэбная: грыбы, шкада, адышлi, але яблыкi пасушыць яшчэ можна...

Зрабiць гэта цяпер нiшто не замiнае, бо прыз звяздоўцы прывезлi i перадалi, што называецца, з рук у рукi. Хай служыць на дабро i здароўе, хай радуе!

Валянцiна Доўнар

P.S. Спадарынi Кусянковай (як, дарэчы, i iншым нашым падпiсчыкам) не раз гаварылi, што «Звязда», маўляў, газета дарагая... Ёсць таннейшыя...

Яе адказ — у загалоўку, да якога застаецца, хiба, дадаць колькi слоў з яе ж прадмовы да кнiгi «Сто гiсторый пра Лучын»: «Па маiм глыбокiм перакананнi, гаварыць пра любоў да Радзiмы, спяваць пра яе трэба толькi на роднай мове. Iнакш — i няправiльна, i няшчыра, i непрыгожа, i непаважлiва — i да Радзiмы, i да сябе».


«Вам падарунак, Але за грошы»

Пра тое, што трэба асцерагацца данайцаў, якiя прыносяць дары, вядома здаўна i многiм. Але па сённяшнiм часе варта асцерагацца не толькi iх, але i асобных гандляроў.

Спытаеце, якая тут сувязь з данайцамi? Я раскажу.

Неяк пахмурным днём з вулiцы данёсся залiвiсты брэх сабакi. Такiм, звычайна, наш Рэкс «вiтае» чужынцаў.

Выйшла з хаты — i сапраўды — каля брамкi маладая незнаёмая мне жанчына з вялiкiм чорным пакетам «шчабеча» з маiм гаспадаром. Той, бачу, уважлiва (як тыя дзецi новую цацку) разглядае нейкiя нажы...

— I для вас таксама ёсць падарунак! — насустрач мне ўсмiхаецца маладзiца. — Набор крэмаў. Як толькi вы пачняце iмi карыстацца, твар стане — ну як пятая кропачка ў дзiцяцi: усе маршчынкi разгладзяцца!

— А навошта? — спытала я ў шчабятухi. — Мне яны не замiнаюць, маiм дзецям ды ўнукам таксама. Яны мяне i з маршчынкамi любяць.

— Тады вазьмiце казан, — тут жа пераключылася маладзiца i дастала з пакета нешта падобнае на звычайную патэльню. Гэта — у падарунак. Не сумнявайцеся, усе тавары найвышэйшай якасцi! Ваша суседка Людмiла Сяргееўна...

— Ёсць такая...

— Сабе ўзяла i крэмы, i казан, i так была задаволена, што мяне — аж расцалавала!

— Ды яна, — кажу, — цяпер мужа амаль не цалуе, бо вiрус... А вы ёй — чужы чалавек... Яшчэ i без маскi...

— Я не хворая, — кажа вiзiцёрка.

— Але ж кантактуеце з рознымi людзьмi, падарункi во па вёсцы разносiце... Няўжо i праўда задарма? — пытаецца мой гаспадар.

— Для вас, — падкрэслiла маладзiца (i чым ёй мой чалавек спадабаўся?) — ну амаль што... За чыста сiмвалiчную плату: два наборы i казан усяго за 400 рублiкаў.

— Ого!.. Дык дарагаватыя ж «падарункi», — здзiвiўся муж.

— ...I грошай такiх мы не маем, — дабавiла я.

— А пад матрацам? — паказала «дасведчанасць» гандлярка. — Ну быць не можа, каб нештачка не схавалi!

— Не, — засмуцiлi гандлярку мы, — усе нашы сумленна заробленыя грошы — на банкаўскiх картках, што выгадна... Ва ўсякiм разе такiя вось «данайцы» не адразу iх выманяць.

...На гэтым мы i разышлiся — скончылi размову з няпрошанай госцяй.

Потым даведалiся, што яна са сваiмi «падарункамi» абышла ў вёсцы ледзь не ўсе падворкi. Усiм расказвала, хто ў яе што купiў (у тым лiку i... мы), i як потым абдымалi ды цалавалi...

Праўда, людзi ў нас не такiя i дурныя: не клюнулi на гэтую рэкламу, а таму гандлярка з якiм пакетам у вёску прыехала, з такiм i ад'ехала: нiхто ў яе нiчога не купiў.

А назаўтра, як данесла мясцовае сарафаннае радыё, цэлы гандлёвы дэсант высадзiўся ў суседняй вёсцы. Там, праўда, «працаваў» па-iншаму: гаварыў, што хутка ў крамах нiчога не будзе. Значыць, трэба ўсё купляць у запас i менавiта ў iх.

...Варта гэта рабiць цi не, кожны вырашае сам. Як на мой погляд, дык наўрад цi... Каб потым не шкадаваць ды не плакаць.

Н. Б., Барысаўскi раён


З пажаданнем згоды i мiру, што патрэбныя нам як паветра, альбо У бежанцах, дзе бежанцы — гэта мы

...Вось толькi пабеглi, вядома ж, не самi: немцы прыгналi ў Сенненскi раён, у вёску Пальчыкi, i размеркавалi — па тры-чатыры сям'i ў адной хаце.

Размяшчалiся там, хто як мог, найчасцей — на падлозе, якую проста ўсцiлалi сеннiкамi — большымi цi меншымi мяшкамi, набiтымi сенам альбо саломай. Што нi кут — асобная сям'я. Але гэта — не вялiкая бяда. Яна была б, калi б нашы сем'i, крый бог, разлучылi, калi б пагналi ў Нямеччыну, калi б расстралялi. А так мы заставалiся жывыя... Ва ўсякiм разе — пакуль, бо галадалi страшэнна! У першыя днi мама яшчэ давала нам — мне, брацiку Геню i сястрычцы Зiне (пяць гадоў, два з паловай i паўтара) па сухарыку, змочаным у вадзе. Мы смакталi iх, старалiся надаўжэй расцягнуць асалоду, бо мама сказала, што больш у нас нiчога няма...

Есцi хацелася ўвесь час, хоць чаго-небудзь! Але мы не прасiлi больш за тое, што давала мама.

Так, паўтаруся, было ў першыя два днi. На трэцi — свой сухарык Зiначка не ўзяла. Яна перастала ўсмiхацца — проста ляжала i глядзела на нас.

Мама стала непакоiцца, паклiкала ў наш кут гаспадыню хаты. Тая прывяла да нас не тое знахара, не тое фельчара. Ён (я потым дазнаюся) сказаў, што ў Зiны адзёр, што хвароба цяжкая...

Залатыя беларускiя людзi: iм гэтае дзiця было чужое, яго трэцi дзень толькi бачылi, аднак гаспадары той хаты, дзе нас пасялiлi, аднекуль прынеслi для Зіны ложачак i так старалiся яе пакармiць...

Хоць тое было i марна, бо маленькая ўжо нiчога не ела. Мама пыталася: «Дачушка, што табе даць? Што ты хочаш?..»

Зiна неяк шапнула: «Мяса...»

А там, на ўсю вёску, нiводнай каровы, свiннi, авечкi цi нават кураняцi! Немцы стаялi ў суседняй вёсцы, у Пальчыкi тады — нi нагой, бо там гаспадарыў тыф, якi не перашкодзiў iм выграбцi ўсё: забраць з хлявоў апошнюю жыўнасць...

I зноў нашы людзi: неяк хутка ўся вёска ўжо ведала, што хворая паўтарагадовая дзяўчынка з бежанцаў хоча мяса. I праз тры днi аднекуль, можа, праз дваццатыя рукi, у хату ў палатнянай торбачцы прынеслi два яечкi i акрайчык хлеба. Там жа быў кавалачак (грам на 300) адваранага мяса. Зiна ўсё гэта бачыла, але нiчога не ела...

Хавалi яе ўсёй вёскай i так, як належыць: зрабiлi труну i крыжык, выкапалi магiлку... Прыехаў вазнiца з канём...

У Сенненскiм раёне, каля вёскi Пальчыкi, сярод бяроз i вечназялёных соснаў пахавана мая сястрычка.

Прайшло шмат часу. Можа, там ужо iншыя дрэвы? Але ж веру, што вясной, праслаўляючы жыццё, у iх па-ранейшаму залiваюцца-пяюць салаўi, летам — цвiтуць незабудкi, восенню — цёплым жоўтым лiсцем укрываецца зямля i блiскучай расой плачуць туманы, а зiмою галосяць мяцелiцы, засыпаючы даўняе гора бялюткiм снегам...

Хоць гэта i марна: не засыпаць яго нiякiмi снягамi!

...Пасялiўшы людзей у Пальчыках, немцы, вiдаць, разлiчвалi, што яны будуць адчуваць сябе трэскамi ў магутнай жыццёвай плынi i там жа загiнуць. Ну яшчэ б — у iх нi людскага жытла, нi адзення, нi абутку, нi хлеба — у матуль анiчога, каб даць з'есцi галодным дзецям...

Але ж самае страшнае з усiх тых «няма» — гэта «няма солi», бо калi не было бульбы — варылi лупiны, калi не было хлеба — хадзiлi жабраваць, калi надыходзiла вясна, — хоць крыху аджывалi, бо з'яўлялiся снiтка i крапiва, на полi можна было знайсцi крыху перамёрзлай бульбы i спячы з яе блiн...

Дарэчы, бульбу тую збiралi мы, малыя. Не ведаю чаму, але фашысты па нас тады не стралялi. А вось па дарослых...

У суседняй вёсцы, непадалёк, на вышцы заўсёды стаяў нехта з узброеных да зубоў немцаў, i яму, як выглядала, было ўсё роўна, што па варонах страляць, што па людзях... Якiя тады проста пухлi ад голаду, хварэлi i памiралi... Дарослыя — не толькi ад тыфу, дзецi — не толькi ад шкарлятыны i дыфтэрыi... У нас не было солi.

Мой брацiк (хоць мама i жабравала — прыносiла ад людзей то па лустачцы хлеба, то па бульбiнцы, а на Вялiкдзень, помню, па сапраўдным чырвоным яйку) таксама апух, мачыўся з крывёй i хто ведае, што было б далей, калi б не дзве сястры-манашкi, якiя жылi ў вёсцы. Яны, падобна, ведалi гаючыя ўласцiвасцi траў i ўзялiся паiць малога адварамi...

Аднекуль прынеслi дошкi ад бочкi, у якой калiсьцi трымалi соль, i варылi iх разам са стравамi.

А потым на тыф захварэла мама. I зноў сорак доўгiх дзён да нас прыходзiлi тыя манашкi, як маглi, чым маглi, ратавалi яе i выратавалi!

...Што здзiўляла яшчэ, апроч узаемавыручкi, дык гэта тое, што печ у хаце, дзе мы жылi, была адна на ўсе чатыры сям'i (гаспадары плюс бежанцы), але ўсе яны, калi было з чаго, умудралiся нешта згатаваць. I пры гэтым анiколi нiякiх спрэчак, нiякiх папрокаў цi, крый бог, мацюкоў... Заўжды яго вялiкасць разуменне, яе высокасць павага i дапамога. Для нас, малых, усе дарослыя былi проста ўзорам у зносiнах!

...Прайшлi гады. Нашы людзi даўно пазбавiлiся ад голаду, аднак дзецi вайны, iх нашчадкi, як мне здаецца, да скону не змогуць выкiнуць кавалачак хлеба. I нават рассыпаўшы соль, будуць збiраць яе да апошняй дробкi.

...Iмi, хлебам i соллю, мусiць, нездарма сустракаюць сяброў i маладых на вяселлях? Людзi тым самым выказваюць свае пажаданнi здароўя, згоды i мiру, якiя ва ўсе часы патрэбныя нам, як тое ж паветра.

Зоя Наваенка, г. п. Падсвiлле, Глыбоцкi раён

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Эканомім на касметыцы. Як мінімізаваць выдаткі на прыгажосць і маладосць

Эканомім на касметыцы. Як мінімізаваць выдаткі на прыгажосць і маладосць

Како Шанэль сцвярджала, што чым горшыя справы ў жанчыны, тым лепш яна павінна выглядаць.

Грамадства

«Сталінскі праспект мы называлі брадвеем». Як і чым жылі беларускія стылягі

«Сталінскі праспект мы называлі брадвеем». Як і чым жылі беларускія стылягі

Пасля смерці Сталіна «жалезная заслона», якая аддзяляла Савецкі Саюз ад навакольнага свету, прыадчынілася.