Вы тут

Алёна Паўлечка: «Важна быць карысным на сваёй працы»


Шчасце — паняцце мнагамернае. Для маёй суразмоўцы, старшыні Мазырскага райвыканкама Алёны Фёдараўны Паўлечка, яно заключаецца ў запатрабаванасці. У магчымасці прыносіць карысць сваёй малой радзіме і сваёй краіне. Займацца любімай справай. Шчасце — калі дома любоў і разуменне. Тады і праца ідзе на лад. Гэта важна для любога чалавека, але для жанчыны — асабліва.

Алёна Фёдараўна ўзначальвае адзін з самых вялікіх раёнаў на Гомельшчыне ўжо чатыры гады. Даводзіцца вырашаць самыя розныя пытанні: ад сур'ёзных вытворчых да сацыяльных і бытавых. Па выніках працы ў мінулым годзе Мазырскі раён быў занесены на Рэспубліканскую дошку гонару, а Алёна Паўлечка стала адной з пераможцаў XII Рэспубліканскага конкурсу «Жанчына года» ў намінацыі «Паспяховы кіраўнік».


— Ці складана жанчыне з яе абавязкамі перад сям'ёй быць паспяховым кіраўніком на «мужчынскай» пасадзе?

— Актыўныя жанчыны з лідарскімі якасцямі ўсё часцей сёння займаюць кіраўнічыя пасады. У нашых жанчын ёсць усе правы і магчымасці, каб паспяхова рэалізоўваць сябе і ў ролі маці, і ў ролі прафесіянала, і ў ролі грамадскага дзеяча. У нас вялікі запас энергіі і ведаў, мы можам скласці сур'ёзную канкурэнцыю мужчынам. Да любога пытання, звязанага ці то з сям'ёй, ці то з адукацыяй альбо медыцынай, мы ставімся па-гаспадарску, улічваем тыя дробныя дэталі, якія мужчыны заўважаюць не заўжды. Выдатны прыклад — наш Мазырскі раён, дзе добра відаць, што палескія жанчыны займаюць кіраўнічыя пасады і ў райвыканкаме, і ў школах, і паспяхова кіруюць бізнэсам.

— Але іншым разам, бадай, адным з галоўных выбараў у жыцці становіцца пытанне: кар'ера ці сям'я…

— Упэўненая, што для жанчыны галоўным з'яўляецца менавіта сямейны дабрабыт: калі дома будуць лад і згода — атрымаецца ўсё і на працы. Галоўныя ролі жанчыны — быць дачкой, жонкай, маці, гаспадыняй. Усё астатняе — вытворнае ад гэтых статусаў.

На жаль, сёння некаторыя бацькі не надаюць дзецям патрэбнай увагі. Але калі мы не надаём сямейным зносінам дастаткова часу, шчыра не размаўляем, не ўдзельнічаем у выхаванні, колькі б грошай мы ні зарабілі, будучыню сваіх дзяцей у поўнай меры не забяспечым. Бо не зможам даць дзецям бацькоўскую цеплыню і тыя маральныя арыенціры, на якія яны павінны раўняцца.

— Клопат пра сям'ю, дзяцей з'яўляецца адной з галоўных задач Беларускага саюза жанчын. Ведаю, што шматлікія акцыі праходзяць і ў вашым раёне.

— Не так даўно ў Мазыры адбылося выязное пасяджэнне Гомельскай абласной арганізацыі БСЖ. Мы абмяркоўвалі, як умацаваць сувязь бацькоў і дзяцей, даць магчымасць моладзі праявіць сябе. Мы бачым, што ў свеце ідзе жорсткая барацьба за інфармацыйны ўплыў праз інтэрнэт, сацыяльныя сеткі.

Наша задача — стварыць разам з сям’ёй умовы, каб маладыя людзі маглі атрымаць годную адукацыю і ў будучым паспяхова рэалізаваць сябе, свой творчы патэнцыял. Але пры гэтым важна, каб яны ведалі і шанавалі сваю гісторыю, культуру, традыцыі. Гэта дзяржаўная стратэгія: ад таго, як мы выхаваем дзяцей і падлеткаў, залежыць далейшае развіццё краіны. Менавіта таму сустрэчы моладзі і актыву Беларускага саюза жанчын мы арганізавалі ў школе і ліцэі. А пасля разам паўдзельнічалі ў рэспубліканскай акцыі па пасадцы дрэў «За Беларусь!». Новая алея ўпрыгожыла тэрыторыю сярэдняй школы № 14 горада Мазыра.

— Алёна Фёдараўна, вы нарадзіліся ў вёсцы, большую частку жыцця правялі там. Працаваць на зямлі зможа не кожны. Ці ёсць асаблівыя сакрэты ў кадравай сферы?

— Ганаруся, што я сялянка па нараджэнні і пакліканні, што рэалізавала сябе ў прафесіі ў блізкім і знаёмым для мяне асяродку. Менавіта досвед сельскай працы і каманда аднадумцаў дапамаглі мне стаць кіраўніком раёна.

У любой галіне, а ў аграрнай асабліва, падбіраючы каманду, глядзіш, каб чалавек быў працавіты, старанны, меў патрэбныя веды. У нас працуе шмат моладзі — ініцыятыўнай і хваткай. Штогод да нас прыходзяць сотні маладых спецыялістаў, 85% застаюцца пасля адпрацоўкі. Гарантыя добрага заробку, сваё жыллё — той падмурак, які патрэбны для прафесіянала, асабліва гэта важна для моладзі. Але не менш важна таксама быць карысным на сваёй працы і бачыць перспектывы.

— Для кожнай сям'і свой дом — гэта базавая каштоўнасць. У Мазырскім раёне даволі хутка з'яўляюцца новыя мікрараёны. Прычым не толькі звыклыя шматпавярховікі, але і сучасныя кварталы таўнхаўсаў.

— Штогод у нас будуецца не менш за 65 тысяч квадратных метраў жылля. З іх каля 40 тысяч шматкватэрныя і 25 тысяч — індывідуальныя. Як вы заўважылі, адным з новых, сучасных напрамкаў сталі таўнхаўсы. Часцей за ўсё гэта дом на дзве сям'і, у кожнай з іх кватэра з асобным уваходам і невялікай асабістай дваровай тэрыторыяй. У мінулым годзе пабудавана больш за 3 тысячы квадратных метраў такіх дамоў. Мы бачым попыт, таму такіх будынкаў будзе больш.

На дзяржаўную дапамогу ў вырашэнні жыллёвага пытання могуць разлічваць шматдзетныя сем'і. Прапануюцца розныя варыянты рашэнняў: ільготнае крэдытаванне, надзел пад індывідуальнае будаўніцтва. Усё робіцца дзеля таго, каб падтрымаць маладых бацькоў у імкненні не абмяжоўвацца нараджэннем аднаго-двух дзяцей толькі таму, што не дазваляе жылплошча.

— Перапіс насельніцтва паказаў: жыхароў у Мінску ўжо больш за два мільёны. Атрымліваецца, што кожны пяты беларус жыве ў сталіцы. Прывабнасць мегаполіса ніхто не адмяняў, але ўсё ж наўрад ці гэта добра.

— Канешне, сталіца ў кожнай краіне — гэта зусім іншы рынак працы, больш высокія заробкі, чым у рэгіёнах, нават на падобных пазіцыях. Вядома, жыццё ў сталіцы мае свае плюсы. Аднак у малых гарадах, вёсках лепшая экалогія, няма праблем з рухам на дарогах, больш магчымасцей адпачываць на свежым паветры, хадзіць у лес, на рэчку. Ды і жыллё ў правінцыі каштуе значна танней.

Лічу, што народная мудрасць: «Дарагая тая хатка, дзе нарадзіла цябе матка», — самае простае вызначэнне патрыятызму і любові да радзімы. Для мяне Мазыр — самы ўтульны і прыгожы. Кожны хоча бачыць сваю малою радзіму яшчэ больш квітнеючай, дагледжанай. Таму добраўпарадкаванне горада і раёна — наша паўсядзённая і планамерная праца. І суботнікі — добрая нагода сабрацца з калегамі або суседзямі і зрабіць разам карысную справу.

Мы ганарымся тым, што Мазыр з'яўляецца адным з самых азелянёных гарадоў у краіне. Толькі за апошнія гады пасаджана звыш 11 тысяч дрэў і кустоў, закладзены прыгожыя алеі, дзе сёння гуляюць сем'і з дзецьмі, адпачываюць моладзь і людзі старэйшага ўзросту.

— Сёлетні год паказаў, што альтэрнатыву адпачынку на замежных курортах трэба ствараць у сябе дома. Чым здзівіць Мазырскі раён турыстаў?

 — Наша зямля — з багатай гісторыяй. З гонарам адзначу, што горад Мазыр уключаны ў маштабны турыстычны праект «Залатое кальцо Гомельшчыны».

Захапляльныя пейзажы ў нас стварае ўзгорысты рэльеф Мазырскай грады, наша «спадчына» ад ледніковага перыяду. Сама града ўзвышаецца стромкім абрывістым уступам і мае вышыню да 30 метраў. Яна рассечана ярамі і кручамі рознай шырыні і працягласці. Толькі ўявіце сабе такую прыгажосць! Мясцовыя жыхары даўно прызвычаіліся да крутых паваротаў і пад'ёмаў па гарадскіх вуліцах.

Недалёка — галоўная палеская артэрыя, магутная рака Прыпяць, яшчэ адзін дарунак прыроды. Дарэчы, тры самыя вялікія па працягласці масты Беларусі знаходзяцца ў нас. Мы захоўваем, беражом і памнажаем культурную і духоўную спадчыну нашых продкаў. Прыязджайце ў наш дзіўны горад, каб пабачыць усё сваімі вачыма, — заўсёды рады гасцям!

Яніна КУРЫЛОВІЧ

Фота БелТА, sb.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».